Следчы камітэт паведаміў пра завядзенне крымінальнай справы пасля пажару, які адбыўся ўначы 19 ліпеня ў Гродзенскім абласным клінічным цэнтры «Псіхіятрыя-наркалогія» на вуліцы Абухова. Таксама следчыя расказалі пра некаторыя падрабязнасці гэтай справы.

Паводле звестак следства, каля 3:35 узгаранне ўзнікла ў адной з палат псіхіятрычнага аддзялення. Ратавальнікі, выкарыстоўваючы сродкі абароны органаў дыхання, эвакуявалі з небяспечнай зоны шасцярых пацыентаў.
Усіх пацярпелых шпіталізавалі ў рэанімацыю з тэрмічнымі апёкамі цела, дыхальных шляхоў, галавы, верхніх і ніжніх канечнасцяў, а таксама з атручваннем прадуктамі гарэння. Паводле медыкаў, іх стан ацэньваецца як стабільна цяжкі.
Следства ўстанавіла, што асяродак узгарання знаходзіўся на адным з бальнічных ложкаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, адзін з пацыентаў пранёс у палату крыніцу адкрытага агню, імаверна запалкі, і падпаліў матрац. У выніку агонь хутка распаўсюдзіўся, а памяшканне моцна задымілася.
У дачыненні да мужчыны Гродзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам»).
Каментары