Украінскае выданне патлумачыла сутнасць прэтэнзій да галоўнакамандуючага Сырскага
Звальненне міністра абароны Украіны Міхаіла Фёдарава стала каталізатарам беспрэцэдэнтнай хвалі крытыкі галоўнакамандуючага УСУ Аляксандра Сырскага. Пра тое, чаму многія ўкраінцы і вайскоўцы лічаць, што ён павінен пакінуць пасаду, піша The Kyiv Independent у аналітычным артыкуле журналіста Фрэнсіса Фарэла.

«Фёдараў = больш расійскіх страт, Сырскі = больш украінскіх страт». Такія плакаты з'явіліся на акцыях пратэсту ў Кіеве і іншых гарадах пасля таго, як прэзідэнт Уладзімір Зяленскі звольніў міністра абароны Міхаіла Фёдарава.
Першапачаткова прычынамі адстаўкі называлі палітычныя матывы або барацьбу з карупцыяй. Але найбольш верагоднай версіяй стаў асабісты і прафесійны канфлікт паміж Фёдаравым і галоўнакамандуючым УСУ Аляксандрам Сырскім.
Зяленскі фактычна пацвердзіў існаванне канфлікту. Ён прызнаў, што не змог прымусіць двух кіраўнікоў працаваць разам і ў такой сітуацыі вымушаны быў выбраць адзін з бакоў.
Да звальнення Фёдарава адкрыта крытыкавалі галоўнакамандуючага толькі адзінкі — пераважна тыя, хто ўжо пакідаў службу або не залежаў ад вайсковага кіраўніцтва. Аднак пасля таго, як Зяленскі стаў на бок Сырскага, незадаволенасць ім, паводле аўтара, выйшла далёка за межы вайсковага асяроддзя і ахапіла значную частку ўкраінскага грамадства.
Генерал старой школы
Аляксандр Сырскі — выпускнік Маскоўскай вышэйшай вайсковай навучальнай установы, артылерыст, які пачынаў службу яшчэ ў савецкай арміі. На момант поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў 2022 годзе ён ужо быў адным з топавых украінскіх генералаў.
Найбольш вядомыя яго поспехі прыпалі на першы год вайны. Сырскі кіраваў абаронай Кіева, а восенню 2022 года — паспяховым контрнаступленнем украінскіх войскаў у Харкаўскай вобласці.
Аднак падчас працяглых баёў за Бахмут ягоныя рашэнні сталі прадметам крытыкі. Хоць расійскія войскі панеслі вялікія страты, абарона горада таксама каштавала Украіне значных чалавечых рэсурсаў, асабліва пасля таго, як вясной 2023 года расіяне амаль атачылі Бахмут.
У лютым 2024 года, пасля таго як ва Уладзіміра Зяленскага назапасіліся прэтэнзіі да тагачаснага галоўнакамандуючага Валерыя Залужнага, Сырскі ўзначаліў УСУ. Да таго часу ён ужо меў рэпутацыю генерала старой школы з савецкім мысленнем, які, тым не менш, быў военачальнікам з ясным тактычным розумам і вялікім досведам.

Ад мікракіравання да «Мясніка»
На думку аўтара, у 2024—2025 гадах Сырскі не здолеў прыстасаваць украінскую армію да вайны на знясіленне, у якой галоўнай задачай павінна было стаць нанясенне максімальных страт праціўніку пры мінімальных уласных. Замест гэтага, сцвярджаецца ў артыкуле, войскі нярэдка атрымлівалі загад утрымліваць пазіцыі або вяртаць страчаныя любым коштам.
Гэта прыводзіла да вялікіх страт, ад якіх пасля бракавала людзей, каб заняць і ўтрымліваць больш выгадныя абарончыя рубяжы. Менавіта пасля баёў за Бахмут частка вайскоўцаў дала Сырскаму мянушку «Мяснік».
Сітуацыю яшчэ больш пагаршалі іншыя элементы так званай савецкай культуры камандавання, якую ўвасабляў Сырскі. Камандзіры, баючыся пакарання за страту пазіцый, нібыта часта дакладвалі наверх не пра рэальны стан спраў. У выніку Генштаб прымаў рашэнні на падставе недакладнай інфармацыі, а брыгады і батальёны атрымлівалі неэфектыўныя загады, якія фактычна не маглі аспрэчыць.
Яшчэ адной прычынай крытыкі называюць схільнасць Сырскага да мікракіравання, калі загады з Генштаба паступалі ажно да ротнага ўзроўню.
У якасці прыкладу аўтар прыводзіць аперацыю ў Курскай вобласці Расіі. Пачатковы наступ называецца смелым і добра арганізаваным, аднак пазней утрыманне плацдарма ператварылася ў стратэгічную праблему. Як і раней у Бахмуце і Аўдзееўцы, зацягванне з адыходам, паводле аўтара, прывяло да страт, якіх можна было пазбегнуць.
«Крызіс мабілізацыі»
Зацяжная вайна на знясіленне, піша The Kyiv Independent, паглыбіла не толькі дэфіцыт асабовага складу ва ўкраінскай арміі, але і грамадскае незадавальненне мабілізацыяй. Да сярэдзіны 2024 года амаль ніхто з добраахвотнікаў не падпісваўся на службу ў пяхоце, а прымусовая мабілізацыя стала значна больш прыкметнай.
Палітычнае кіраўніцтва імкнулася не закранаць гэтай тэмы, а камандаванне на чале з Сырскім не здолела больш эфектыўна выкарыстоўваць новых мабілізаваных. Замест папаўнення загартаваных брыгад ствараліся новыя, а падраздзяленні нярэдка перакідвалі паміж участкамі фронту, каб закрыць прагалы ў абароне.
Тактыка ўтрымання пазіцый любой цаной прыводзіла да высокіх страт у пяхоце. Пры гэтым у апошнія гады, з распаўсюджаннем беспілотнікаў, выжываць пяхоце стала значна цяжэй. На думку аўтара, ва ўмовах, калі Украіна не можа дазволіць сабе такіх жа страт, як Расія, захаванне жыццяў вайскоўцаў становіцца ключавой умовай для ўтрымання фронту.
«Скелягейт»
Яшчэ адной падставай для крытыкі Сырскага стала яго стаўка на штурмавыя палкі. Паводле The Kyiv Independent, яны нярэдка былі большыя за цэлыя брыгады, атрымлівалі непрапарцыйна вялікую колькасць мабілізаваных і выкарыстоўваліся для штурмавых аперацый на самых складаных участках фронту пад непасрэдным кіраўніцтвам галоўнакамандуючага.
Асаблівую ўвагу аўтар надае 425‑му штурмавому палку «Скеля», які, паводле шматлікіх сведчанняў, меў рэпутацыю падраздзялення, дзе былі распаўсюджаныя гвалт, злоўжыванні і вялікія страты асабовага складу. У чэрвені выданне Babel паведаміла пра 26 смерцяў падчас базавай падрыхтоўкі ў гэтым палку. Пасля расследавання камандзіра адхілілі ад пасады, але, як адзначаецца ў артыкуле, шырэйшай адказнасці ён пакуль не панёс.
Неўзабаве пасля гэтых публікацый быў арыштаваны былы начальнік штаба «Скелі», які на той момант камандаваў 155‑й механізаванай брыгадай. Яго абвінавацілі ў тым, што ён аддаў загад забіць двух вайскоўцаў сваёй брыгады.
Публікацыі пра «Скелю» супалі з рэформамі экс-міністра абароны Міхаіла Фёдарава, які прапаноўваў істотна павысіць аплату службы пяхотнікаў і штурмавікоў, што выглядала процілеглым падыходам.
Двум у лодцы стала цесна
Калі ў студзені 2026 года Міхаіл Фёдараў узначаліў Міністэрства абароны, многія чакалі канфлікту паміж ім і галоўнакамандуючым Аляксандрам Сырскім. Паводле выдання, Фёдараў імкнуўся правесці рэформы, зрабіць сістэму больш эфектыўнай, прааналізаваць страты войска і ўзяць пад кантроль крызіс з асабовым складам.

На сваёй прэс-канферэнцыі пасля звальнення Фёдараў заявіў, што галоўнымі праблемамі лічыць перакладанне адказнасці на ніжэйшыя ўзроўні, атмасферу хлусні, неэфектыўную працу шэрагу армейскіх карпусоў, частыя змены камандзіраў брыгад і адсутнасць аналізу панесеных страт.
Фёдараў сцвярджаў, што быў гатовы працаваць разам з Сырскім, але той адмовіўся ад супрацоўніцтва і, скарыстаўшыся сваімі адносінамі з Уладзімірам Зяленскім, дамогся яго звальнення. Аўтар адзначае, што многія ўкраінцы бачылі ў рэформах Фёдарава процівагу савецкаму стылю кіравання, які звязваюць з Сырскім.
Сырскі ўсё ж пойдзе ў адстаўку?
Пасля звальнення Міхаіла Фёдарава крытыка Аляксандра Сырскага выйшла далёка за межы вайсковага асяроддзя. Да патрабаванняў адправіць галоўнакамандуючага ў адстаўку далучыліся некаторыя валанцёры, некаторыя ветэраны, аналітыкі, дэпутаты, і нават некаторыя дзейныя вайскоўцы і камандзіры. Пры гэтым іншыя вайскоўцы адкрыта выступілі ў яго абарону.
Пакуль пратэсты набіралі абароты, з'явіліся паведамленні, што Зяленскі разглядае магчымасць звальнення Сырскага. На гэтым фоне прэзідэнт сустрэўся не толькі з галоўнакамандуючым і Фёдаравым, але і з іншымі вядучымі генераламі, у тым ліку з Міхаілам Драпатым, якога часта называюць магчымым пераемнікам галоўнакамандуючага.
На думку аўтара, цяперашні крызіс можа стаць каталізатарам больш глыбокіх зменаў у ваенным кіраўніцтве.
Супрацьстаянне паміж Сырскім і Фёдаравым, лічыць аўтар, стала сімвалам барацьбы паміж дзвюма мадэлямі ўкраінскай арміі. Адна абапіраецца на традыцыйную вайсковую сістэму, якую яе крытыкі называюць «савецкай», другая — на рэформы, сучасныя тэхналогіі і прынцыпы кіравання, запазычаныя з бізнесу і ІТ.
З артыкула The Kyiv Independent можна зрабіць выснову, што людзям «звонку» цяжка сказаць, які падыход больш эфектыўны ва ўмовах жорсткай вайны.
Ад канчатковага рашэння Зяленскага можа залежаць далейшы ход вайны.
Зяленскі адстаўляе папулярнага маладога міністра абароны. У таго не было ўзаемаразумення з Сырскім
Зяленскі правёў кансультацыі з камандзірамі карпусоў і доўга размаўляў з Фёдаравым. Фёдараў: Дыялог ёсць, веру, што ўсё ўдасца
Статкевіч аб пратэстах ва Украіне: Калі вы абралі з такой перавагай прэзідэнта і адначасова Вярхоўнага галоўнакамандуючага, то дайце яму кіраваць
Каментары