«Яна гадамі цярпела, а пасля адзін раз ударыла мужа нажом — гэтага хапіла, каб забіць»
Гісторыі беларусак, якія былі вымушаныя абараняцца, але трапілі за краты за забойства.
Беларуская міліцыя штогод фіксуе ў сярэднім каля 80 тысяч паведамленняў пра сямейны гвалт — многія з іх сканчваюцца трагічна. А сам Лукашэнка разыгрываў здзіўленне, калі ў 2024 годзе даведаўся пра жанчыну, якая атрымала шэсць гадоў за забойства мужа-агрэсара: «Навошта яе ўвогуле пасадзілі?»
Пры дапамозе экс-палітзняволеных «Наша Ніва» сабрала некалькі гісторый беларусак, якія апынуліся за кратамі на шмат гадоў, не вытрымаўшы здзекі партнёраў-агрэсараў і нават бацькі. Жанчын, якія ў роспачы вырашыліся самі вырашыць «праблему» самым жорсткім спосабам, не пабачыўшы іншых шляхоў.

Адвакат: вельмі часта следчыя аддаюць перавагу паказчыку ўласнай эфектыўнасці, а не лёсу людзей
Па словах адваката, які спецыялізуецца ў крымінальных справах, спецыяльны закон аб сямейным гвалце моцна палепшыў бы жыццё ўсім удзельнікам працэсу, але нават у дзейным заканадаўстве закладзеныя ўсе механізмы для абароны таго, хто абараняўся сам, толькі б было жаданне будаваць такую лінію ў следчых.
«Заўсёды пры наяўнасці доказаў можна перакваліфікаваць «забойства» ў перавышэнне межаў неабходнай абароны. Ці калі мы кажам пра канфлікт, які доўга тлеў, калі жанчыну збівалі працяглы час, існуе такая фармулёўка як нанясенне шкоды ў стане афекту. Але нягледзячы на наяўнасць такога артыкула ў нашым КК я ні разу не чуў сам, каб ён прымяняўся».

Людзей на свабодзе пасля фізічнага сутыкнення ў канфліктах магло б заставацца і больш, але, па словах суразмоўцы, вельмі часта следчыя аддаюць перавагу паказчыку ўласнай эфектыўнасці, а не лёсу людзей.
У яго практыцы было ўсяго два кейсы з неабходнай абаронай, якія скончыліся для кліентаў паспяхова:
«У першай гісторыі мяне прызначылі абаронцам у межах дзяжурства. Мой кліент піў з таварышам — узнік канфлікт, завязалася бойка. У працэсе кліента скруцілі ў локцевы заціск і пачалі душыць. Ён, у сваю чаргу, схапіў нож і пачаў наносіць ім удары, трапляючы мужчыне ззаду ў вобласць плячэй, лапатак і галавы».
У гэтым выпадку атрымалася даказаць неабходную абарону, бо кліент рызыкаваў быць задушаным, яму трэба было выжыць. А нанесеныя ім самім пашкоджанні аказаліся неглыбокімі. Да таго ж не былі закранутыя жыццёва важныя органы.
Яшчэ адзін паспяховы кейс адваката быў звязаны акурат з тэмай хатняга гвалту.
«У дарослай сямейнай пары выбухнула побытавая спрэчка. Нечакана яна вылілася ў тое, што муж, з боку якога раней ніколі не былі заўважаныя прыступы агрэсіі, кінуўся збіваць жонку і пагражаць завезці яе на лецішча, каб закапаць. У выніку ў гематомах у яе было не толькі ўсё цела, але і галава. У момант замяшання кліентка падхапілася, знайшла маленькі кухонны ножык і пачала ім абараняцца — такім пікавым ударам».
Падчас следства шмат пытанняў выклікала, чаму пранікненне нажа прыйшлося на вобласць лапаткі — выглядала, нібыта ён сам збягаў, а значыць і размова пра самаабарону магла скончыцца.
«Але муж сам пацвердзіў, што пагражаў жонцы забойствам. Яго паказанні дапамаглі пацвердзіць нашы. Акрамя таго, не хачу быць сэксістам, але дапамагла і змена следчага: калі на месца мужчыны прыйшла жанчына. Яна нібыта больш салідарызавалася з маёй кліенткай і паверыла ў тое, што яна не проста так усадзіла мужу нож у спіну, а была вымушаная зрабіць гэта ў працэсе абароны. Па выніку яе пакінулі на свабодзе».
«Вялікая колькасць асуджаных жанчын паўтарала жыццёвы сцэнар уласнай сям’і»
Дар’я Афанасьева ў Беларусі займалася асветніцкай працай, расказваючы ў аўтарскім блогу пра сэксізм і фемінізм. Калі яна апынулася ў жаночай калоніі за ўдзел у пратэстах з нагоды фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў-2020, то вырашыла паставіцца да гэтага месца як да прасторы для даследавання ў цікавым ёй кірунку сямейнага гвалту:

«Мне трэба было неяк перажываць несправядлівасць выраку, і гэта было адным са спосабаў. Усё ж складана ўявіць, калі яшчэ б у адным месцы сабралася б так шмат жанчын з падобным жыццёвым досведам. І я пачала браць інтэрв’ю ў тых, хто гатовы быў дзяліцца са мной сваёй гісторыяй».
Значная частка жанчын, якія патрапілі за краты за забойства партнёра (ці яго намер) і з якімі пазнаёмілася Дар’я, былі з маргіналізаваных груп. Нехта з іх сам меў праблемы з алкаголем ці наркотыкамі. У іншых злоўжываў партнёр, і гэта станавілася вугалем у распальванні канфліктаў.
Дар’я таксама звярнула ўвагу, што вялікая колькасць асуджаных паўтарала жыццёвы сцэнар уласнай сям’і.
«Некаторыя жанчыны нават не ўсведамлялі, што знаходзіліся ў аб'юзіўных стасунках, бо іх бацькі жылі па такім самым патэрне. Яны з дзяцінства, гадамі, назіралі, як іх маці б’юць. Гэта было нормай у дэструктыўнай сям’і, таму адкуль было ўзяцца разуменню, што канфлікты могуць вырашацца размовамі. Адна жанчына мне неяк сказала: «Ну, блін, а калі я да яго дакалупалася, і ён мне даў аплявуху, як яшчэ мяне было спыніць? Я рэальна бываю вельмі эмацыйнай».
Гісторыя Людмілы, якая 20 гадоў цярпела пабоі ад мужа
Не ўсе разглядаюць вырашэнне справаў кулакамі як штосьці асаблівае і працягваюць апраўдваць мужа-агрэсара, нават сеўшы ў турму.
«Людміле (імя змененае — НН) было каля 53 гадоў, калі мы пазнаёміліся ў калоніі. Яе асудзілі на тры гады пазбаўлення волі па 147‑м артыкуле КК (нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў — НН) за тое, што пакалечыла мужа нажом. Прытым што ён сам прысутнічаў на судзе і прасіў не караць жонку. Яна ж пасля гэты факт абагаўляла — маўляў, «які ў мяне цудоўны муж! Я ж яго не першы раз нявечыла, а ён мяне ў судзе абараняў!»
Тое, што яна больш за 20 гадоў цярпела пабоі тырана, у выніку якіх у яе амаль не функцыянавала правая рука, апускалася. Гэта былі проста «сямейныя спрэчкі», а яна «няправільна закрылася».
Гісторыі Марыі, муж якой выжыў пасля спробы забойства
Далёка не кожная ўвогуле гатовая расказваць, што забіла. У калоніі лёс звёў Дар’ю з беларускай, якую асудзілі за спробу забойства мужа.
«Марыі (імя змененае — НН) было 48 гадоў. Муж збіваў яе гадамі. Сітуацыя ў іх была досыць тыповая: ажаніліся, а пасля «яго як падмянілі». Горш стала пасля нараджэння дзяцей (у тым ліку таму, што Маша стала яшчэ больш залежнай ад мужа і фінансава, і маральна). Пры гэтым яна казала, што імкнулася ўсё дараваць, не заўважаць, але градус агрэсіі толькі павялічваўся. Пакуль ужо яна не была вымушаная абараняць сябе і дзіця з кухонным нажом у руках».
Марыі прысудзілі сем гадоў зняволення, нягледзячы на тое, што муж, які выкараскаўся з комы і змог прысутнічаць на судзе, прасіў пакінуць жонку на волі. У тым ліку спасылаючыся на тое, што сам не дасць рады з дзецьмі.
«Для мяне паказальная розніца, як проста ў нашай дзяржаве можна забраць заяву аб сямейным гвалце і ніяк не караць хатняга «баксёра» і як складана спыніць працэс пакарання, калі пашкоджанні мужчыне нанесла жанчына», — заўважае Дар’я.
«Плюс на вырак ніяк не ўплываюць факты знятых з жанчын пабояў, далучаныя да справы. Ці сведчанні, што яны ўжо звярталіся ў міліцыю па дапамогу. Алгарытм пакарання ў нас аднолькавы для «простых» забойцаў і тых, хто рашыўся на такі страшны крок у мэтах самаабароны».
На момант знаёмства Дар’і з Марыяй тая сядзела ў гомельскай калоніі пяты год са сваіх сямі і чакала пераводу ў калонію-паселішча. Гэта такая форма паслаблення рэжыму для асуджаных. На жаль, разлічваць на яго можна пад самы канец тэрміну ці ў выпадку шчыльнага супрацоўніцтва з адміністрацыяй калоніі.
Гісторыя Крысціны, якая арганізавала забойства бацькі
«Крысціна Карнеева дасядзела свой тэрмін 14 гадоў ад званка да званка, бо адмаўлялася ад любога супрацоўніцтва з калоніяй», — пераходзіць да расказу яшчэ адной драматычнай гісторыі Дар’я.

З Крысцінай Дар’я апынулася ў адным атрадзе. Спачатку яна не магла зразумець, адкуль ёй знаёмы твар гэтай дзяўчыны. Потым жа згадала, што бачыла Крысціну ў дакументальным фільме аўтарства Галіны Адамовіч «Харошых дзяўчынак не б’юць». Стужка выйшла на «Беларусьфільме» ў 2019 годзе, калі ў краіне яшчэ працавала сховішча «Радзіславы» для жанчын і дзяцей, што пацярпелі ад хатняга гвалту.
Бацька Крысціны збіваў яе маці. Калі ж тая вырашыла схавацца ад агрэсара ў сваякоў, то забіў бацьку жонкі і спаліў яго дом. Мужчыну пасадзілі на 11 гадоў, але пасля вызвалення ён не спыніўся. З прагай помсты мужчына пагражаў забіць цяпер ужо былую жонку за тое, што тая завяла новую сям’ю, пакуль ён сядзеў. Быў ён пакрыўджаны і тым, што родная дачка ўзяла сабе прозвішча айчыма. Зафіксавана, што Крысціна з маці звярталася ў міліцыю з просьбай абараніць іх, але сілавыя структуры не ўспрымалі новыя пагрозы на словах усур’ёз.
«У выніку Крысціна вырашыла абараніць сябе сама. Папрасіла дапамагчы сяброў. За тое, што забойства бацькі было спланаванае і здзейсненае групай асоб, ёй прысудзілі жорсткія 14 гадоў. Яна адсядзела ўсе 14. Дзяржава пакарала яе за тое, што не змагла своечасова абараніць».

Праваабаронца Наста Лойка пры гэтым дадае, што невядома, што чакае такіх жанчын па сканчэнні тэрміну:
«Жанчыны вызваляюцца, а дома іх чакаюць тыя ж мужчыны. Нічога не мяняецца. Далёка не ўсе рашаюцца на развод і перамены і пасля калоніі. Псіхалагічную працу ні з асуджанай, ні з пацярпелым ніхто не праводзіць, таму часта жанчыны зноў трапляюць за краты ўжо за рэцыдыў. Не раз я чула ў калоніі пагрозы: «Я выйду і даб’ю».
Рэзанансная справа сямейства Таратутаў
Трагедыя ў доме Аляксандра і Анастасіі Таратутаў прагрымела, здаецца, на ўсю Беларусь. За катаванне і забойства трохгадовага сына бацьку прысудзілі смяротнае пакаранне, маці — 25 гадоў зняволення.
Згодна з матэрыяламі справы, п'яныя муж з жонкай «на глебе непрыязнага стаўлення да свайго сына рукамі, нагамі ды цвёрдым тупым прадметам нанеслі яму не менш за дзевяць удараў». Большая частка з іх прыйшлася на галаву, ад чаго дзіця памерла на месцы.

Наста Лойка апынулася з Анастасіяй Таратута ў адной камеры СІЗА. Пазней яны пэўны час знаходзіліся ў адным атрадзе калоніі.
«Яна расказвала, што пятае дзіця нарадзілася з разумовым адхіленнем, таму часта крычала. Муж пачаў на гэта псіхаваць, збіваць сына. Збіваў ён і партнёрку. Насця казала, што пісала на мужа заяву ў міліцыю, але справа скончылася штрафам. Зафіксавана было і тое, што ў снежні 2022‑га яна звярнулася ў сацыяльную службу з просьбай неяк дапамагчы, каб яна ў тым ліку змагла разысціся з мужам. На што псіхолаг параіла ёй памірыцца з партнёрам, бо «ў вас жа столькі дзяцей!»
Праз месяц здарылася вядомая трагедыя. На судзе сужэнцы вінавацілі адно аднаго. У размове з Настай Лойкай Таратута сцвярджала, што, калі муж пачаў збіваць дзіця, яна ўвогуле знаходзілася ў суседнім пакоі:
«Яна была ніякая, разгубленая і дэзарыентаваная. Да таго ж, калі яе сыну, які прысутнічаў на кухні падчас трагедыі, споўнілася 14 гадоў, да яго прыйшлі з вобшукам, а Насці сказалі прызнаць віну — інакш, маўляў, саўдзельнікам у справе стаў бы і сын. Яна падпісвала ўсё, не чытаючы, каб выратаваць сына».
Наста Лойка верыць гэтым словам Таратуты і лічыць, што насамрэч яна не забойца, а ахвяра.
«Яна павінна была стаць пацярпелай, калі б гвалтам у іх сям’і заняліся б раней. Для мяне яна ні разу не саўдзельніца на роўных, як гэта выглядала па прысудзе», — перакананая Лойка.
Гісторыя Тамары — чыноўніцы з сельсавета
Экс-палітзняволеная, актывістка і блогерка Ірына Шчасная пазнаёмілася з Тамарай (імя змененае), калі яе этапавалі з Валадаркі ў магілёўскі СІЗА.

«Гэта быў 2021 год, палітычных жанчын у СІЗА Магілёва амаль не было, і я трапіла ў камеру, у якой дзве дзяўчыны сядзелі за распаўсюд наркотыкаў і яшчэ адна жанчына, амаль перадпенсійнага ўзросту, была арыштаваная за забойства мужа».
Тамара расказала Ірыне, што ўсё жыццё адпрацавала ў адным з сельсаветаў Магілёўскай вобласці.
«Праз тое, што яна была навідавоку, мела публічную пасаду, ёй сорамна было выносіць з дому ўсё тое, што адбывалася. А адбывалася тое, што муж тыраніў, стабільна падымаў на яе руку, абражаў. Яна гэта ўсё гадамі цярпела, а адным днём у іх узнікла спрэчка і, па яе словах, ён пачаў яе «люта матлашыць». Абараніць не было каму — дарослыя дзеці з імі даўно не жылі. Яна казала, што не вытрымала, узяла нож і адзін раз ударыла ім мужа — гэтага хапіла, каб яго забіць».
Ірына згадвае, што ўвесь час знаходжання ў камеры Тамара плакала і шкадавала аб зробленым.
«Яна плакала, баялася за ўласны лёс. Гэта вельмі такая прыстойная жанчына, адукаваная, але з нейкімі савецкімі маркерамі, што варта было вось трываць да канца, бо «а што суседзі скажуць».
Тамары прысудзілі восем гадоў. Па словах Ірыны, суд ніякім чынам не ўзяў пад увагу шматлікія сінякі на целе жанчыны, якія трымаліся на ёй, пакуль ішло следства.
Як мусяць працаваць з сямейным гвалтам?
Праваабаронца Наста Лойка ўпэўненая, што спрацуе толькі комплексны падыход.
«Па-першае, патрэбнае шырокае інфармаванне. Ужо ў школах варта пачынаць тлумачыць дзяўчынкам і хлопчыкам, што такое хатні гвалт і асабістыя межы. Сучаснае пакаленне ўжо больш прасунутае ў гэтым на кантрасце з больш сталымі людзьмі. Па-другое, абавязкова павінны існаваць профільныя грамадскія арганізацыі, незалежныя шэлтары, гарачыя лініі. Тое, што рабіла «Радзіслава» ў свой час, было неацэнным — у іх можна было і жыць, і атрымаць псіхалагічнае і юрыдычнае суправаджэнне. Вельмі важна, каб жанчыне ва ўразлівым стане было куды пайсці».
Толькі потым, лічыць суразмоўца, у гульню мусіць уводзіцца прававая абарона.
«Калі ахоўныя ордары, то каб іх можна было выдаць нават сталкерам, не дацягваючы да страшных рэчаў. Людзей трэба матываваць далучацца да праграм псіхалагічнай рэабілітацыі — яны павінны быць даступныя, а за ўдзел у іх мусяць прапаноўвацца бонусы (напрыклад, зняццё з уліку). Закон жа мусіць быць толькі прававой рамкай, каб паўнамоцтвы міліцыі не пашыраліся да той ступені, каб гэтым можна было злоўжываць. Дадаткова павінна існаваць магчымасць грамадскага кантролю за дзеяннямі міліцыі».
Пагаджаецца з гэтым і юрыст:
«Глабальна тут дапамаглі б прафілактычныя меры. Каб на этапе першай адміністратыўкі за скандалы і збіццё людзей разводзілі па розных кутах і працавалі б з імі».
Псіхолаг і траўматэрапеўт, які ў свой час вёў групу для мужчын-агрэсараў, якія стаялі на ўліку і якіх прымусілі наведваць сустрэчы з тэрапеўтам у межах прафілактыкі, упэўнены, што ў такой складанай з’яве сапраўды няма аднаго выратавальнага дзеяння.
«Гвалт — гэта ўжо вынік шэрагу акалічнасцяў, якія прывялі да таго, што менавіта гвалт стаў асноўнай формай камунікацыі ў чалавека. Таму я лічу, што праца па гэтым кірунку павінна пачынацца са школы. Важна распрацоўваць праграмы, дзе паняцце гвалту, агрэсіі, здаровай агрэсіі, спартовай злосці і здаровай канкурэнцыі будуць выразна апісаныя і размежаваныя. Трэба тлумачыць дзецям, што траўматызацыя, булінг могуць прывесці да прыступаў агрэсіі, але важна данесці, што існуюць метады пераадолення падобных станаў».
З гэтай задачай, акрамя бацькоў, на думку спецыяліста магло б даць рады Міністэрства адукацыі. У МУС жа, на яго погляд, павінны больш якасна сканцэнтравацца на перавыхаванні людзей.
«Для гэтага, вядома, павінны рыхтаваць спецыялістаў. Важная будзе любая праца, якая дапамагае людзям кантраляваць свае эмоцыі і дзеянні — ці тое група рэгуляцыі гневу, ці тое праграмы адаптацыі пасля зняволення, а таксама праца з пацярпелымі ад гвалту для аднаўлення адчування сваіх правоў, магчымасцяў і межаў.
У нармальнай прававой дзяржаве, я думаю, не было б праблем з сінхранізацыяй усіх структур, зацікаўленых у паляпшэнні сітуацыі з сямейным гвалтам».
***
Па дадзеных Міністэрства працы і сацабароны, у тэрытарыяльныя цэнтры сацабслугоўвання штогод звяртаецца па дапамогу каля 12 тысяч пацярпелых ад хатняга гвалту, з іх 2500 — гэта жанчыны з дзецьмі.
Па краіне працуе 130 дзяржаўных крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту. Але па факце палова ахвяр туды не звяртаецца праз страх, няведанне ці няўпэўненасць, што ім дапамогуць. Яшчэ частка сутыкаецца з прапановай сямейнага «прымірэння». Усе ж незалежныя ініцыятывы ў краіне, у тым ліку тыя, якія спецыялізаваліся на тэме сямейнага гвалту, былі разгромленыя ў 2021 годзе разам з іншымі НКА.
Да інфармацыі
Кругласутачныя тэлефоны крызіснай дапамогі:
+37529 367-32-32,
+37529 317-32-32.
На Афоне адшукалі тры невядомыя раней асобнікі Астрожскай Бібліі. Для яе стварэння друкар Іван Фёдараў, выхадзец з Беларусі, выкарыстоўваў тэксты Скарыны
Каментары
Складанна паверыць у афект пасля шматлікіх гадоў талеравання гвалту, а не калі самаабараняецца адразу.