Дзюдзя, кока, лёля, буба і з таго ж шэрагу — папа. Прычым колішняя папа — зусім не цяперашні
Анатоль Сідарэвіч у сябе ў фэйсбуку апублікаваў успаміны пра сваё дзяцінства — і чыста дзіцячыя словы.

Аднаго разу на сайце я напісаў нейкі каментар і ўжыў у ім слова «дзюдзя». Якое ж было маё здзіўленне, калі нейкі маладзён на поўным сур’ёзе спытаўся: а што гэта такое — дзюдзя? Хлопец той быў, трэба думаць, ад нараджэння гарадскі. Давялося патлумачць яму, што дзюдзя на «дзіцячай» мове вёскі — і свіння, і парася, і падсвінак.
Дзіцяці мае задубенцы казалі: ох, і вымурзаўса ты, Іванко, як дзюдзя; дай-но ўмыю твой від. (У дужках патлумачу: від — гэта твар. Так кажуць і ў Задуб’і, і, як сведчыць Леанід Дранько-Майсюк, у адлеглым ад нашага сяла Давыд-Гарадку. Як бачым, слова даволі распаўсюджанае. Ох, і вымурзаўся ты, Іванка, як дзюдзя; дай жа я ўмыю твой твар.)
Прачытаўшы пытанне таго маладзёна з сайту, я пагаратаў слоўнік беларускай мовы акадэміка Мікалая Бірылы і беларуска-расійскі слоўнік пад рэдакцый акадэміка Кандрата Атраховіча (Крапівы) — і не знайшоў тае (таго) дзюдзі. Мусіць, «дзіцячыя» словы акадэмікі палічылі не вартымі ўвагі.
Не скажу, што ў камунікаванні дарослых з малымі дзецьмі, а таксама дзяцей між сабою, задубенцы маюць нейкі адметны лексікон. Задубенскае дзіця ляльку і малое дзіця называла, як і ўсюды ў Беларусі, ляляй. Ляля хадзіла ў лёлі. Так звычайна называлі сукеначку (па-задубенску сукенечка; ад слова сукенька), але лёляю была і кашуля, у якой малыя хадзілі гадоў да чатырох, калі хлопчыкам ўжо мусілі шыць першыя нагавіцы, а дзяўчаткам — сукенечкі. Ведама, добрая ляля — заўсёды цаца.
Цацай называлі і цацку, і якую іншую прывабную рэч, але цацай называлі і паслухмянае дзіця і пры гэтым гладзілі яго па галоўцы або давалі яму буську: ой, якая ты цаца, Надзечко. (Ніколі не забуду, як адна дзяўчынка, пачуўшы ад мамы слова «цаца», але не дачакаўшыся пяшчотнага дотыку да галавы, пагладзіла сябе сама.)
Калі дзіця хацела вады, то прасіла піпы. Магло дзіця папрасіць і прасіла ў мамы ко́ко (яйка называлі «кока» і ўсцяж у Беларусі, як і ўсе словы, успомненыя спадаром Сідарэвічам, ужываліся ад Ашмяны, ад Вільні да Чачэрска і Бранска — НН). Коко таму, што курачка «кажа»: ко-ко-ко. Добра ўлетку. Тады курачкі сама нясуцца. Улетку дзецям многа ўсякіх бубаў — ягад: і чорныя, і лахачы́ (у іншых мясцінах буякі, дурніцы, лухіны), і брусніцы. А ўжо ўвосень — журахвіны. На журахвіны дзеці не надта квапіліся: кіслыя, не салодкія. Не памятаю, каб у Задуб’і культывавалі агрэст і парэчкі — смуродзіну і ўласна парэчкі (чырвоныя). Гэтыя культуры я ўбачыў першы раз у 1957 годзе ў Малкавічах. Ад таго часу люблю чорныя парэчкі і агрэст.
Парэчкі і агрэст задубенцы не культывавалі мо і таму, што ў сталінскую пару кожны куст абкладаўся падаткамі. У згарэлым (1938), а потым і спаленым Задуб’і да сярэдзіны 1950‑х практычна не было і садоў, калі не лічыць слівак і вішэнь. Сады са шчэпамі, як мне помніцца, былі ў той час у Івана Паўлавіча Сідарэвіча (Русецкага па-вулічнаму), у Васіля Паўлавіча Маляўкі (Буліча) і ў Сідара Малышкі на хутары Востраве. Яблыні былі звычайна дзікія.
Калі дзіця цягнула руку да агню ці да жару, яго засцерагалі: «Не чапай: жыжа!». Значна пазней я даведаюся, што быў у нашых прашчураў бог агню і кавальскай справы Жыжаль і што словы «жыжа», «жэжа» — гэта трошкі перайначанае імя таго божышча. Значна пазней я даведаюся, што быў у нашых продкаў і Зюзя — бог холаду і марозу, якім у маім Задуб’і палохалі дзяцей: «Не йдзі на двор — там зюзя». Калі ж дзіця ўпала, выцялася, укалолася, у яго на целе магла з’явіцца ва́ва. Зрэшты, вава — не толькі болька, але і боль. Ну, а слова кака вядомае і самым урбанізаваным сучасным дзецям.

Мае равесніцы і равеснікі, старэйшыя і маладзейшыя дзяўчаты і хлопцы былі не надта каб распешчаныя бацькамі (пра сірот маўчу). Келька (цукерка) перападала ім хіба толькі на свята. Нярэдка дзеці былі радыя скібцы ці акрайцу хлеба. Даўно я не чуў, каб дзеці прасілі ў бацькоў папы.
«Папа» — менавіта так адвеку на «дзіцячай» мове называлі ў нас хлеб. Дзіўна было чуць, як нашы гарадскія равеснікі, звяртаючыся, да бацькі, прамаўлялі гэтае папа. Нам тлумачылі, што слова — гарадское, «рускае». Падрастаючы, цікавячыся гісторыяй ды чытаючы расійскую класіку, я мог сказаць, што слова тое — і не «рускае», і не славянскае, а грэцкае ды з грэцкае мовы перайшло ў лацінскую і французскую. З французскае мовы яно было запазычана расійскімі дваранамі, якія лічылі, што адвечнае расійскае тятя гучыць надта нізка, а вось французскае le papa ўзвышае ці то «облагороживает» іх. А ў дваранаў былі халопы —дваровыя людзі, якія пераймалі і норавы, і манеры, і лексіку паноў. Ад халопаў словы пераходзілі ў вёску. Само сабою, лексіку «благородных» пераймалі і расійскія гарадскія нізы. Так паступова (і гэта можна прасачыць па расійскай літаратуры) папа выцесніў з жывое мовы тятю. А ўжо з расійскімі чыноўнікамі, настаўнікамі ды бацюшкамі гэты папа прыйшоў у Беларусь (у тутэйшых паноў быў, што ні кажы, татусь).
У Заходняй Беларусі падхопленае расійскімі халопамі і прывезенае з Расіі слова «папа» выцесніла наша і не колькі наша — адвечна славянскае «тата» (у Задуб’і — та́то) на вачах майго пакалення. Праўда, я даўно не чуў, каб дзеці прасілі ў дарослых хлеба. Мусіць, па меры таго, як у дзяцей адпадала патрэба прасіць у дарослых папы, першапачатковы сэнс гэтага слова забываўся. І цяпер, калі я, жартуючы, прашу ў дзіцяці падаць мне папы, дзіця не разумее мяне. Як не разумее (у большасці выпадкаў) і слова «тата». Калі я чую гэтае слова з вуснаў дзіцяці, на момант заміраю: нагэтулькі яно бывае нечаканае.
Каментары
— А ти не лізь поперед батька в пекло! — спинила його Зайчиха, шинкуючи на зиму капусту. — Коли говорять тато, мусите слухати звичайненько й не перебаранчати. Запитають щось, тоді й ви говоритимете.
Тато Зайчик відкашлявся, бо він вчора, вгрівшись, напився холодної води й був трошки застуджений. Через хвильку він продовжував далі:
— А Дюдя — то така стара бабуся, невидима людям, як, наприклад, Водяник, чи Лісовик, чи та сусідня бабуня — Відьма, що недавно приносила вам солодкої моркви...
Дюдя стара-престара, вся сива, як молочко, але ж ще має гострі зуби та цупкі руки. Ви її ще не бачили. Та й слава Богу, бо часто трапляється, що хто її зблизька побачить, не лишиться живий. А не бачили ви її через те, що вона ціле літо спить, прокидається ж тільки на зиму. Живе вона у вершечку кам'яної високої гори Гострячки, далеко від нашого лісу. Живе вона дуже пишно в кришталевому Морозенковому палаці.
Щозими, коли до нашого краю могутній Дід Мороз присилає з Північної Сторони одного з своїх синів, Морозенка, тоді тільки прокидається бабуся Дюдя. Вона розбуркує всю челядь й велить чистити та прибирати Морозенків палац. Спросонку челядники часто нароблять не так, як треба, тоді Дюдя починає гніватись. Кличе вона свою старшу дочку Віхолу, таку ж, між нами кажучи, ледачу, як і сама мати, бо Віхола ще дужче любить спати, як сама Дюдя! Ну, а як прокинеться Віхола, то враз закрутить таке, що й світу Божого не видко!..
Звичайно, люди дуже бояться Віхоли, а ще більше — Дюді, бо коли вони гніваються, то й справді стають страшні. Тоді люди замикаються по хатах й носа надвір не витикають.
Нам же дуже боятися Дюді не треба, бо вона може наробити шкоди тільки ледачим зайцям, що не котять швидко бігати. Навпаки, ми повинні пам'ятати, що коли лютують Дюдя та Віхола, то нам в той час менше небезпеки від нашого найстрашнішого ворога — людини. Отож, хоч би як страшно вила Дюдя, ви не лякайтеся. Тільки мусите добре навчитися, як треба вгадувати під час завірюхи напрям в лісі. А для того треба придивлятися, з якого боку буде мох на соснах. Треба також...
(Дюдя
Василь Королів-Старий)
дзіўная крыніца фота.. вы на нешта намяківаеце?