Усяго патроху

Скандал у індустрыі гульняў — доўгачаканую GTA 6 злілі ў сеціва незадоўга да афіцыйнай прэзентацыі

За некалькі дзён да вялікай прэзентацыі Grand Theft Auto VI у сеціве пачалі з'яўляцца відэа з яшчэ не выдадзенай гульні. Матэрыялы распаўсюджваюцца пад імем CyberLeek, а хто насамрэч стаіць за ўцечкай, пакуль невядома.

Фота: rockstargames.com/VI

Grand Theft Auto VI — працяг адной з самых паспяховых серый відэагульняў у гісторыі. Папярэдняя частка, GTA V, выйшла яшчэ ў 2013 годзе.

Падзеі GTA VI адбываюцца ў выдуманым амерыканскім штаце Леаніда, прататыпам якога стала Фларыда. Галоўны горад — Вайс-Сіці, мясцовы аналаг Маямі, які ўжо з'яўляўся ў папярэдніх гульнях серыі.

Галоўных герояў двое — Джэйсан Дзюваль і Люсія Камінас. Пасля няўдалага злачынства пара апынулася ў цэнтры вялікай крымінальнай гісторыі і мусіць дзейнічаць разам. Кампанія-распрацоўшчык Rockstar абяцае найбольш маштабную і дэталёвую версію свету Grand Theft Auto за ўсю гісторыю серыі.

Рэліз GTA VI прызначаны на 19 лістапада 2026 года на PlayStation 5 і Xbox Series X/S. 27 жніўня Rockstar планавала паказаць вялікую анлайн-прэзентацыю гульні на Netflix. Але за дзевяць дзён да яе планы кампаніі пачаў псаваць невядомы.

18 жніўня ў інтэрнэце з'явіліся два відэа, якія выглядалі як запісы гульнявога працэсу GTA VI. Іх апублікаваў невядомы чалавек або група людзей пад назвай CyberLeek.

На першым відэа Джэйсан знаходзіцца каля дома і гуляе ў баскетбол. На другім ездзіць па горадзе, сутыкаецца з машынамі, уступае ў бойку і прыцягвае ўвагу паліцыі.

CyberLeek на гэтым не спыніўся. У той жа дзень у сеціве з'явілася поўная карта штата Леаніда.

У наступныя дні сталі з'яўляцца новыя відэа.

Да 23 жніўня ў сеціве з'явілася як мінімум дзесяць ролікаў. На іх Джэйсан б'ецца з іншымі персанажамі, крадзе і кіруе аўтамабілямі, рабуе запраўкі і крамы, уцякае ад паліцыі і наведвае стрып-клуб. Аматары гульні таксама пабачылі ролік з палётамі на самалёце.

Асабліва паказальным стаў ролік, у якім Джэйсан стрэламі выводзіць на сцяне слова LEEK — адсылку да назвы CyberLeek. Гэта стала важнай прыкметай таго, што ў аўтара выцека мог быць не проста набор загадзя скрадзеных відэаролікаў, а доступ да працоўнай версіі гульні.

Rockstar афіцыйна не пацвярджала сапраўднасць апублікаваных матэрыялаў. Аднак копіі відэа сталі выдаляць з інтэрнэту пасля скаргаў на парушэнне аўтарскіх правоў, што стала ўскосным сведчаннем іх сапраўднасці.

Фота: rockstargames.com/VI

«Гэта не спроба зарабіць»

Адначасова з першымі выцекамі 18 жніўня CyberLeek апублікаваў маніфест, у якім патлумачыў свае матывы і выставіў патрабаванні гульнявой індустрыі.

Хакер выступае супраць лічбавых папярэдніх заказаў гульняў, платнага доступу да кантэнту, які ўжо знаходзіцца ў самой гульні, і практыкі, калі набытая гульня можа перастаць працаваць пасля адключэння сервераў. На яго думку, аднакарыстальніцкія гульні павінны заставацца даступнымі афлайн, нават калі кампанія больш не падтрымлівае іх серверы.

Аўтар пагражае, што Rockstar можа быць не апошняй кампаніяй, супраць якой будуць праводзіцца такія атакі.

Але ёсць дэталь, якая моцна псуе вобраз барацьбіта за правы гульцоў. Разам з выцекамі CyberLeek пачаў актыўна рэкламаваць уласную крыптавалюту CYBERLEEK у сетцы Solana. Яе рэклама і QR-коды з'яўляюцца непасрэдна на відэа з выкрадзенымі матэрыяламі GTA VI.

Сам CyberLeek сцвярджае, што грошы патрэбныя для нейкага сакрэтнага праекта і інфраструктуры для будучай барацьбы з гульнявымі карпарацыямі. У маніфесце ён асобна настойвае, што гэта «не спроба хутка зарабіць».

Скрыншот гульні. Фота: rockstargames.com/VI

Rockstar шукае крыніцу ўцечкі

20 жніўня Take-Two Interactive, мацярынская кампанія Rockstar Games, звярнулася ў федэральны суд у Нью-Ёрку. Яна хоча атрымаць ад Microsoft і Discord інфармацыю, якая можа дапамагчы вызначыць асобу CyberLeek.

Гаворка ідзе не толькі пра імя або электронную пошту. Ад Microsoft патрабуюць, сярод іншага, IP-адрасы, з якіх рэгістраваліся акаўнты і адбываліся апошнія ўваходы, нумары тэлефонаў, звесткі пра звязаныя акаўнты і OneDrive, а таксама ідэнтыфікатары Windows-прылад.

Запыт тычыцца таксама трох Discord-сервераў, якія маглі быць звязаныя з распаўсюджваннем выцечак. Microsoft і Discord павінны перадаць запатрабаваныя звесткі да 4 верасня.

Ананімная крыніца, знаёмая з дзеяннямі кампаніі, расказала Bloomberg, што цяпер у Rockstar «ўсе кінутыя на гэтую справу»: кіраўніцтва спрабуе высветліць паходжанне ўцечкі і знайсці таго, хто за ёй стаіць.

Нягледзячы на скандал, Rockstar не збіраецца пераносіць запланаваную прэзентацыю гульнявога працэсу або тэрмінова мяняць маркетынгавую стратэгію GTA VI.

Паводле крыніцы Bloomberg, кіраўніцтва і многія супрацоўнікі Rockstar раззлаваныя тым, што адбылося. Асаблівае раздражненне выклікае тое, што гэта ўжо другая буйная ўцечка GTA VI пасля ўзлому ў 2022 годзе.

Пасля той атакі Rockstar істотна ўзмацніла меры бяспекі. Распрацоўшчыкаў абавязалі працаваць у офісах пяць дзён на тыдзень і адмовіліся ад дыстанцыйнай працы. Каманда GTA VI больш не магла карыстацца працоўнымі інструментамі і атрымліваць доступ да версій гульні па-за офісам. Аднак нават гэтыя меры не змаглі прадухіліць новы выцек.

Сама GTA VI тым часам яшчэ не завершаная, хоць распрацоўка ўжо набліжаецца да фінальнай стадыі. Rockstar працягвае рыхтаваць гульню да запланаванага рэлізу 19 лістапада.

Каментары

Цяпер чытаюць

Каледж хацеў засудзіць студэнта і спагнаць з яго 13 тысяч рублёў — але юнак даў адпор сістэме1

Каледж хацеў засудзіць студэнта і спагнаць з яго 13 тысяч рублёў — але юнак даў адпор сістэме

Усе навіны →
Усе навіны

Арменія збіраецца ў найбліжэйшы час падаць заяўку на ўступленне ў ЕС5

«Усе, хто хацеў, працу знайшлі». Як жывуць беларускія айцішнікі ў Латвіі4

Вялікабрытанія і Францыя перадаюць Украіне сакрэтныя даныя для вытворчасці крылатых ракет SCALP. Для Крымскага моста?11

Мужчына думаў, што знайшоў добрую вакансію на нафтавай платформе ў Нарвегіі, але страціў грошы

«Кладзём на сумленне!» Чым жыве Вадзім Галыгін12

«Украіна іншая і свайго не аддасць». Зяленскі павіншаваў краіну з Днём незалежнасці5

Арцыбіскуп Кандрусевіч вярнуўся да службы пасля месяца лекавання2

«Палёт замест пяці гадзін заняў дзесяць». Сям’я футбаліста Аляксандра Глеба не без прыгод даляцела да Стамбула12

На рынку ёсць незвычайная альтэрнатыва студыям і брэжнеўкам. Што такое бізнэс-апартаменты, якія ў іх плюсы і мінусы1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каледж хацеў засудзіць студэнта і спагнаць з яго 13 тысяч рублёў — але юнак даў адпор сістэме1

Каледж хацеў засудзіць студэнта і спагнаць з яго 13 тысяч рублёў — але юнак даў адпор сістэме

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць