Літаратура

«Дурныя грошы» і сямейныя фірмы. Колькі зараблялі пісьменнікі ў БССР?

Калі б Шамякін ці Быкаў у 1970‑х гадах жылі на Захадзе, то былі б мільянерамі. Чаму? Бо працавалі б з камерцыйнымі выдавецтвамі і кінастудыямі. А што было ў БССР? «Будзьма» расказвае, як выглядала фінансавае жыццё пісьменнікаў і наколькі адрознівалася ад жыцця «звычайных савецкіх людзей».

Maksim Tank, Pimien Pančanka, Pilip Piestrak
Максім Танк, Пімен Панчанка, Піліп Пестрак на ІІ зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў СССР. Масква, 1954 г. З фондаў БДАМЛМ

Пра капіталы топавых савецкіх пісьменнікаў у СССР хадзілі легенды. Пра Шолахава, напрыклад, узгадваюць адразу дзве гісторыі. Першая тычыцца прыватнага верталёта. Другая — піяніна. Шолахаў не ўмеў граць на інструменце, а выкарыстоўваў яго як «сейф» для гатоўкі. Грошы нібыта пералічвала яго памочніца, якая рэгулярна «дурыла» класіка… 

Пісьменнікі БССР, безумоўна, адносіліся да інтэлектуальнай эліты (некаторыя і да фінансавай). Але іх жыццё было куды больш сціплым, чым у расійскіх калег. Што ж яны мелі ды — на што выдаткоўвалі ганарары?

Ад Chevrolet да маторнай лодкі

Універсальны паказчык дабрабыту савецкага чалавека — аўтамабіль. Першапраходцам тут быў Янка Купала — уласнік Chevrolet Master Deluxe GA, 1937. Рарытэтнае аўто — падарунак 1‑га сакратара ЦК КПБ Панцеляймона Панамарэнкі (зразумела, не з уласнай кішэні). Праўда, класік карыстаўся падарункам зусім нядоўга: з 1939 па 1942 гады. Перад гэтым Купала меў савецкі ГАЗ-М-1, з якога і перасеў на той лімузін.

Liehiendarny šeŭralie Janki Kupaly
Легендарны шэўрале Янкі Купалы перажыў свайго ўласніка. Фота з Вікіпедыі

У паваенныя гады колькасць аўто ў пісьменнікаў павялічылася. Макар Паслядовіч у  1950‑х займеў «трафейны» нямецкі Opel Kadett. Аляксей Зарыцкі прыдбаў «Масквіч», Тарас Хадкевіч, Пятро Глебка і Іван Шамякін — «Волгу», Усевалад Краўчанка — «Победу». Цікава, што пісьменнікі па вайне ўпершыню самі селі за руль, не карыстаючыся паслугамі шафёраў (як Купала). 

Паказчык раскошы — гэта гараж. Калі Быкаў прыдбаў за ганарар ад аповесцяў «Абеліск» і «Дажыць да світання» свой другі аўтамабіль (перасеў з «Жыгулі» на «Волгу»), то адразу занепакоіўся пытаннем бяспекі. Сам прыдумаў замок павышанай складанасці, а ў дадатак — прыстасаванне супраць угону. Дадамо, што ў Быкава была яшчэ… маторная лодка!

Vasiĺ Bykaŭ
Васіль Быкаў сеў за руль позна, але стаў заўзятым аўтааматарам

Звычайна аўтамабілі размяркоўвалі праз Саюз пісьменнікаў, які афармляў заяўкі: у СССР мала было мець грошы, трэба ж дачакацца сваёй чаргі! Так, з дапамогай Саюза «Волгу» (ГАЗ-21, 1960 г.в.) атрымаў Іван Мележ — каб ездзіць на Палессе ды вазіць рукапісы ў маскоўскія выдавецтвы. Дарэчы, правы кіроўцы ў сям’і Мележаў мелі і муж, і жонка.

Дом пісьменнікаў. Д’ябал хаваецца ў дробязях

Размеркаванне кватэр у СССР мела карпаратыўны прынцып. Былі дамы «вучоных», «дактароў», «вайскоўцаў»… Дом пісьменнікаў на Маркса, 36 добра ілюструе становішча творчай інтэлігенцыі. Тут, у самым цэнтры сталіцы, мелі кватэры Васіль Вітка, Янка Маўр, Максім Лужанін, Пятро Глебка, Ян Скрыган, Уладзімір Караткевіч ды іншыя.

Dom, u jakim žyli bielaruskija piśmienniki
Мінск, вул. К. Маркса, 36. Дом, у якім жылі беларускія пісьменнікі. Фота з Вікіпедыі

Але д’ябал хаваецца ў дробязях. За будаўніцтва адказвала Фані Алер, якая ўзначальвала Літфонд. Дама была «партыйнай жанчынай», таму не звяртала ўвагі на побытавы камфорт свайго праекта: кухні ў кватэрах аказаліся маленечкія. Ліфта — наогул не было. Двухпакаёўкі — па 56 квадратных метраў, трохпакаёўкі — 89… Няблага, але — нічога шыкоўнага. 

Затое было месца для кабінетаў ды вялікіх пісьменніцкіх бібліятэк. Кнігі — «дазволеная» форма раскошы для літаратараў. Таму іх куплялі, перакуплялі, дарылі, на іх палявалі па букіністычных крамах, нават у замежжы. Яны ж, кнігі, ставалі першымі «ахвярамі» пасля смерці літаратараў: нашчадкі распрадавалі бібліятэкі направа і налева…

Nil Hilievič
Галоўнае здабытак пісьменніцкіх кватэр — кабінеты і бібліятэкі. Ніл Гілевіч за працай. Фота: pln.by

Сям’я Янкі Маўра першай набыла тэлевізар, таму дзеці іншых пісьменнікаў бегалі да іх глядзець перадачы. І так ва ўсім: цяганне мэблі адбывалася сваімі сіламі (талакой, без грузчыкаў). На святы ці памінкі — мэблю пазычалі ў суседзяў (на зэдліках пад дашкам падпісвалі нумары кватэр). Аўтарамонт, як і хатнія рамонтныя працы — усё самі. Ці гэта раскоша?.. Падумайце самі. 

Парасоны, запальнічкі і… забаронены Playboy

Важны момант, які вылучаў пісьменнікаў сярод звыклых грамадзян — «загранпаездкі». Максім Танк у 1950-я — 1980‑я гады быў самым экспартным беларускім літаратарам. Аб’ездзіў не толькі Польшчу, Югаславію, ГДР, Венгрыю і Югаславію, але і — ЗША, Фінляндыю, Вялікабрытанію, Канаду, Чылі… Абсалютна неверагодная геаграфія для савецкага чалавека!

Maksim Tank
Максім Танк у ЗША, 1960 год. Фота з фондаў БДАМЛМ

У Штатах таксама пабывалі Андрэй Макаёнак, Іван Шамякін, Аркадзь Куляшоў, Яўгенія Янішчыц, Алесь Адамовіч, Пятрусь Броўка, Барыс Сачанка. Зразумела, паездкі адбываліся не за пісьменніцкія прыватныя грошы і не па іхняй ініцыятыве, а ў складзе афіцыйных дэлегацый — як правіла, па лініі ААН. У Нью-Ёрку выдавалі нават невялікія сутачныя ў валюце. 

Кніга Шамякіна «Два месяцы ў Нью-Ёрку» дае ўяўленне пра тыя ваяжы. Топавыя інтэлектуалы БССР абміналі дарагія крамы, шукалі распродажы («сэйлы») ці крамы на ўскрайку. Эканомілі на абедах у рэстаранах, каб складаць цэнт да цэнта, а ў выніку — хоць нешта прывезці дадому.

Што везлі? Заходнія кружэлкі, джынсы, магнітафоны, плэеры, дзіцячыя цацкі, нават парасоны і запальнічкі. Максім Танк, як пішуць, прывозіў цэлыя чамаданы гальштукаў — на падарункі. Кватэры пісьменнікаў пасля паездак пераўтвараліся на кароткі час у «выставы амерыканскіх тавараў».

А яшчэ па вяртанні трэба было напісаць «справаздачу»: дзе быў, з кім бачыўся, пра што пыталіся, ці не шукалі «калегі па цэху» забароненых аўтараў або… часопісы Playboy? Дарэчы, савецкая мытня правярала ўсіх аднолькава: «запрещенку» даводзілася хаваць, безадносна пісьменніцкага статусу. 

Муж — піша. Жонка — робіць усё астатняе… 

З чаго ж складалася пісьменніцкая бухгалтэрыя? Таварам літаратара быў «аўтарскі ліст» — 24 старонкі машынапіснага тэксту. Кошт ліста залежаў ад статусу пісьменніка: жывы класік мог атрымаць за ліст максімальную стаўку, то-бок ад 300 да 800 рублёў! Гэта «дурныя грошы», калі ўлічыць, што сярэдні заробак у 1970-х — 1980-х — гэта 120—150 руб. на месяц.

Сума магла павялічвацца ў залежнасці ад тыража. Калі цябе перакладаюць на расійскую мову і выдаюць у Маскве — ганарар прырастае ў разы. Калі выдаюць па-польску, па-нямецку, па-чэшску… — адпаведна. А яшчэ ёсць кінасцэнары ці, напрыклад, замоўныя выданні: турыстычныя буклеты для замежнікаў. Можна жыць!

Ivan Mieliež

Іван Шамякін у 29 год (!) ужо атрымаў Сталінскую прэмію: гэта не толькі статус, але і — 25 000 дарэформенных рублёў. Гэта — некалькі гадавых акладаў спецыяліста або некалькі аўтамабіляў. Галоўнае было ўвайсці ў «пул» топавых аўтараў, а пазней — не зніжаць тэмп працы і аб’ёмы напісанага. Вынік: шыкоўная кватэра, дача, аўтамабіль з уласным кіроўцам.

Якуб Колас за «Хату рыбака» і таўшчэзную трылогію «На ростанях» атрымаў яшчэ большыя сумы (50 000 — 100 000 рублёў). Таму пісьменнік мог фінансава дапамагаць блізкім і землякам. Было з чаго! Дадамо, што і старыя творы пісьменніка маглі перавыдаваць зноў і зноў, прычым — на розных мовах. Пералік паспяховых літаратараў можна працягваць: Быкаў, Броўка, Адамовіч… 

Цікава, што жонкі пісьменнікаў пры гэтым працавалі на звыклых працах, а не жылі на ўсім гатовым. Больш за тое: «загадвалі гаспадаркай». Добры прыклад — Уладзіслава Францаўна, жонка Купалы, якая падпісвала за яго дакументы. У выпадку Шамякіна«анёлам-ахоўнікам» была… цешча. Яна гатавала, купляла, мыла, прыбірала, заварвала зёлкі. А галоўнае: усё рабіла — бясшумна.

Uladzislava Lucevič, Aliaksiej Novikaŭ-Pryboj, Janka Kupala
У кватэры Канстанціна Елісеева. Уладзіслава Луцэвіч, Аляксей Новікаў-Прыбой, Янка Купала. Масква, 1930-я. Фота з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

Жонкі часцяком ратавалі пісьменнікаў ад марнатраўства, п’янства ці, прынамсі, стараліся ўратаваць. Забеспячэнне побытавых умоваў, ад «дыеты» да поўнай апекі над дзецьмі і «рэжыму цішыні», было асэнсаванай стратэгіяй. То-бок пісьменніцкія сем’і працавалі як «фірмы». Муж — піша, жонка — робіць усё астатняе. 

Крах «экасістэмы»

Пасля краху савецкай сістэмы пісьменнікі сутыкнуліся з сур’ёзнымі выклікамі. Перамагаў рынак, а не статуснасць і ўзнагароды. Кватэры, гаражы, дачы і бібліятэкі часцяком прадаваліся ніжэй за рынкавы кошт. Архівы — аказваліся на сметніцы… Самі ж пісьменнікі адчулі крыўду на дзяржаву: «экасістэма», створаная адмыслова для іх, рассыпалася.

Але гэта — ужо зусім іншая гісторыя.

Каментары

Цяпер чытаюць

Дональд Трамп заявіў, што Расія і Украіна пагадзіліся на энергетычнае перамір’е

Дональд Трамп заявіў, што Расія і Украіна пагадзіліся на энергетычнае перамір’е

Усе навіны →
Усе навіны

11‑гадовая дачка блізкага да Шэймана бізнэсмена Аляксандра Зінгмана робіць галавакружную кар'еру спявачкі13

Лідарка «Альтэрнатывы для Германіі» запатрабавала выслаць украінскіх мужчын і выставіць Кіеву рахунак за шкоду36

Раман Пратасевіч стаў героем французскага шпіёнскага рамана6

Ультраправыя прывезлі ў Вену ўласную скульптуру Яна III Сабескага. Горад адмаўляецца ставіць афіцыйны помнік свайму вызваліцелю з-за страху ісламафобіі35

СМІ замяняюць беларусам дзяржаву. І інакш пакуль не будзе28

У час удару па ўкраінскім памежным пераходзе там былі еўрапейскія дарадцы па бяспецы і Борыс Джонсан2

Айцішнікаў, якія абслугоўвалі «Белсат», абвінавацілі ў вывадзе 1,8 млн даляраў праз фіктыўныя паслугі15

Трамп запатрабаваў ад Зяленскага спыніць знішчэнне расійскіх НПЗ з-за пагрозы сусветнага дэфіцыту паліва24

У Чэхіі палякі збілі паляка, прыняўшы яго за ўкраінца з-за шапкі ў колерах Верхняй Сілезіі. Хлопец ехаў у велапрабег дзеля хворай на рак цяжарнай партнёркі23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дональд Трамп заявіў, што Расія і Украіна пагадзіліся на энергетычнае перамір’е

Дональд Трамп заявіў, што Расія і Украіна пагадзіліся на энергетычнае перамір’е

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць