Андрэй Федарэнка напісаў эсэ пра Янку Брыля, але яно больш чым проста пра Брыля ці літаратуру
Янка Брыль — класік, гонар нашай літаратуры, філосаф, гуманіст, інтэлектуал, непераўзыдзены майстар кароткай прозы, аўтар незлічонай колькасці выдатных тэкстаў, якія сталі вершамі ў прозе або нагадваюць, паводле трапнага выказвання Анатоля Сідарэвіча, «паэзію японскага складу». Разам з тым гэта, бадай, самы загадкавы беларускі пісьменнік, пачынаючы ад яго біяграфіі і канчаючы тым, што ён адзіны вядомы — прынамсі, мне — празаік, да творчасці якога нельга прыкласці звыклую літаратурную мерку. Так пачынае сваё эсэ, апублікаванае ў «Літаратурнай Беларусі», Андрэй Федарэнка. Аднака гаворку ён пераводзіць на базавае, фундаментальнае.

Нельга, напрыклад, сказаць, вось гэта ў яго мацней, а гэта слабей, тут ён піша цікава, а тут сумна. І «віной» таму акурат форма яго твораў — кароткі жанр.
Добра ацэньваць раман, аповесць, апавяданне. А як ацаніць цыкл кароткіх, адбітых зорачкамі мініяцюр, замалёвак, дзённікавых запісаў? Як падступіцца да асобнага афарызма, думкі, дэталі, назірання, хай сабе яны і па-мастацку ёмкія? Прытым даволі аднастайны алгарытм падачы матэрыялу: устаў — пабачыў — успомніў — запісаў (што нават паслужыла з’яўленню ў пісьменніцкім асяродку бяскрыўднай показакі: а, Брыль! усё піша, як устаў, паглядзеў у акно, хораша ўспомніў, як некалі з Максімам / Танкам / і Валодзем / Калеснікам вымахалі тую лугавіну над Нёмнам звонкімі адкляпанымі косамі, а потым уволю, пацешна пілі з трохлітровікаў сырадой).
Апавядальна-гутарковы стыль, запісы ад першай асобы і ў цяперашнім часе, падкрэсліванне, што ўсё было на самой справе, што гэта голы факт, чыстая праўда… А як ацэньваць чыстую праўду, па якіх крытэрыях?
І яшчэ адзін апазнавальны знак Брылёвай прозы — гэта аж залішні аптымізм. Узнёсласць, жыццярадаснасць так і струменяць крыніцай, нібы стараючыся напоўніцу рэалізаваць Купалава: «Трэба даць песень пявучых, бадзёрых!».
— А навошта мне твой смурод? — не зусім карэктна, па-простаму ўпікае Іван Антонавіч кагосьці за вельмі шчырую споведзь. — Давай лепш весялейшае!
І то праўда. З гэтым не паспрачаешся.

2
Загадка, хто ж такі Янка Брыль, як і што ён піша, узнікла ў самым пачатку яго творчай дарогі, па меры сталення расла разам з ім, мацнела, — але і цяпер няма ёй адгадкі, як не было і пры яго жыцці.
К. Сіманаў успамінае, як некалі ў прысутнасці Сталіна зайшла размова пра аповесць Брыля «У Забалоцці днее», якую хвалілі і казалі, што яна добрая. Сталін недаверліва распытваў:
— А чаму добрая? Там што, усе сяляне добрыя? Усе калгасы перадавыя? Ніхто ні з кім не спрачаецца? Класавай барацьбы няма? Усё добра, таму і аповесць добрая? Так? А ў мастацкім плане? Як мастацкая рэч гэта таленавітая кніга?
Сам не мог ацаніць. І толькі калі яго пераканалі, што кніга сапраўды напісана па-мастацку, ён згадзіўся з вылучэннем яе на прэмію імя яго самога. Ды што Сталін — наш усімі любімы У. Караткевіч у сваім эсэ пра Я. Брыля «Мой друг і мая зямля», згадаўшы і пахваліўшы аповесць «Ніжнія Байдуны», усё ж не ўтрымаўся:
— Ніякая гэта не аповесць.
Польскі перакладчык «Ніжніх Байдуноў» Ян Гушча таксама называў гэтую рэч у пасляслоўі не аповесцю, а «хутчэй кнігай свабодных гавэндаў» (гутарак).
Канечне, аўтара чапляла гэта. Бо вырвалася ў адказ ім абодвум:
— Пры ўсёй павазе да маіх беларуса і паляка я тут не задумваюся: напісаў, як на ўсе грудзі выдыхнуў!
І яшчэ неаднойчы даводзілася яму абараняцца і апраўдвацца:
— Нехта піша інакш, чым я, чым мне хацелася б. Ну і што?
Або такое, кінутае на адрас Янкі Скрыгана:
— У кожнага з нас свая мелодыя стылю. Чаму ж ты хіліш, каб я спяваў абавязкова так, як ты?
І крыху нават задзірлівае, да ўсіх патэнцыйных чытачоў звернутае:
— Гавару як хачу, і нікуды вы не дзенецеся, будзеце слухаць мяне, плысці са мною, куды я хачу!

3
Янка Брыль яшчэ здаўна, са школы, быў адным з самых маіх любімых беларускіх, ды і не толькі беларускіх, пісьменнікаў. Спачатку я з захапленнем чытаў «Ліпку і клёнік», «Зялёную школу», пазней «Memеnto mori», «Птушкі і гнёзды», «Я з вогненнай вёскі»… Канечне, тады ўсё гэта мне не проста падабалася — я ўвогуле лічыў кожнае надрукаванае слова Святым Пісаннем, а ўсіх гэтых народных і вялікіх Мележаў, Коласаў, Брылёў, Шамякіных, Чорных, Быкавых — Апосталамі, крытыкаваць якіх святатацтва. І ўжо дакладна не мог я нават уявіць, што аднойчы апынуся ў сітуацыі, калі трэба будзе даваць ацэнку творчасці менавіта Я. Брыля.
Я працаваў ў часопісе «Полымя», толькі што перайшоў у аддзел прозы. З Іванам Антонавічам быў, канечне, знаёмы, але рэдагаваў яго ўпершыню. Ну што значыць рэдагаваў? — проста прачытаў яго невялікую, менш за аркуш, чарговую нізку абразкоў-мініяцюр на жнівень (па няпісанай традыцыі ў кожнага народнага быў свой месяц, калі ім гарантавалася публікацыя: у Шамякіна — студзень, у Барадуліна і Навуменкі — люты, у Быкава — чэрвень, у Брыля і Панчанкі — жнівень, у Танка — верасень і г. д.).
Чысты тэкст. Лёгка чытаецца. Усё таленавіта, дасціпна, праўдзіва, мудра. Але разам з тым не пакідала адчуванне, што ўсё ўжо нібыта знаёмае. Як пісаў Талстой пра Вронскага, калі той пачаў раскохваць (слова Я. Брыля) Ганну: «Усё ў ёй падабалася яму, але ўжо столькі разоў падабалася!»
Маё рэдактарства звялося да выпраўлення пары абдруковак, прапушчаных і лішніх знакаў прыпынку, таксама, як цяпер помню, падкрэсліў словы ластачка і радзіска і напісаў на палях слоўнікавыя ластаўка і радыс. Але і гэтыя заўвагі не хацелася рабіць. Я ўжо ведаў, мякка кажучы, пра скептычнае стаўленне Івана Антонавіча да любой рэдактуры, памятаў яго дасціпны і з’едлівы афарызм:
— Тэлеграфны слуп — гэта добра адрэдагаваная сасна!
Калі прыйшоў Іван Антонавіч, я паказаў яму гранкі: «Вельмі чыста!» Ён узяў, але глядзець не стаў. Прысеў з краю стала, як самы звычайны аўтар. Працоўны дзень канчаўся. Мы былі адны ў вялікім кабінеце. І раптам вельмі ціха ён спытаў:
— А як вам увогуле? У цэлым?
Я зніякавеў. Гэтае звычайнае ў вуснах любога іншага пісьменніка пытанне стала для мяне поўнай нечаканасцю. Канечне, я ўжо даўно не лічыў пісьменнікаў, нават народных, апосталамі, а іх творчасць Святым Пісаннем. І тым не менш аўтарытэт Брыля для мяне быў настолькі высокі, а сам ён, як асоба, настолькі недатыкальны, што знаходзіўся як бы па-над чалавечымі пачуццямі, нават па той бок дабра і зла, а не тое што літаратурных ацэнак узроўню «падабаецца — не падабаецца». Няўжо і ён такі ж, як мы, звычайныя смяротныя? Няўжо і ў яго бывае такая знаёмая кожнаму, хто піша, няўпэўненасць?
Аднак трэба было нешта казаць. І я сказаў, чамусьці хаваючы вочы:
— Як заўсёды ў вас.
Ён прамаўчаў. Я паспяшаўся дадаць:
— У вас хіба можа быць інакш?
Іван Антонавіч працягваў сядзець і маўчаць. Я нават не зразумеў, чаго ён чакае. Прайшла бясконцая хвіліна ўзаемнага маўчання. Нарэшце ён устаў, развітаўся і пайшоў. І як толькі за ім зачыніліся дзверы, да мяне нарэшце дайшло, што я нарабіў. Трэба было сказаць: «Як заўсёды ў вас — выдатна». А другі сказ: «У вас хіба можа быць кепска?» А так, у маім варыянце, атрымлівалася, што няма аб чым гаварыць і няма чаго абмяркоўваць.
Акрамя таго я ўспомніў, як цёпла заўсёды Янка Брыль да мяне ставіўся, як ён хваліў маю аповесць «Вёска», называў еўрапейскім раманам; як, калі я ляжаў у 10‑цы з вачыма, праз жонку перадаваў мне прывітанні, суцяшаў яе, сцвярджаючы, што праблемы з вачыма ў пісьменніка — гэта звычайная з’ява, лічы, прафесійнае захворванне, вартае павагі, і гэтым можна нават ганарыцца, як, напрыклад, Бунін ганарыўся тым, што правае плячо ў яго вышэй за левае ад доўгага пісання
А я не знайшоў для яго некалькі добрых слоў. Неабавязкова хвалебных, тым больш ільсцівых, а проста — нармальных, чалавечых. Цалкам ім заслужаных, дарэчы. Ці, калі на тое пайшло, хаця б давёў да граматычна-правільнага завяршэння тое, што сказалася.
Так, — пачаў я думаць. Адбылася недарэчнасць, выйшла непаразуменне. Прыкрае, але якое можна выправіць. Можа, сказаў я сабе, не знайшлося патрэбных слоў, бо гэта проста ўрывак, невялікая, вырваная з кантэксту падборка. Трэба прачытаць яе ў кніжцы, дзе сярод іншых абразкоў і мініяцюр яна стане на сваё месца і будзе зусім па-іншаму ўспрымацца?
І я даў сабе зарок — набыць кнігу, як толькі яна выйдзе, уважліва, з алоўкам пачытаць, калі спатрэбіцца — вывучыць на памяць, але знайсці словы, вусныя, а яшчэ лепш пісьмовыя, і тым самым пастарацца загладзіць віну перад цудоўным чалавекам і выдатным пісьменнікам.
4
Часта варта толькі захацець, а там усё само складзецца. Кніга патрапіла да мяне надзіва хутка, яшчэ да таго, як з’явілася ў кнігарнях. У выдавецтве «Мастацкая літаратура» частку ганарару «плацілі» кнігамі, можна было самому выбіраць. І вось сярод іншай класікі — Гарэцкі, Зарэцкі, Колас — я нечакана ўбачыў новенькі зборнік Я. Брыля «З людзьмі і сам-насам». Яго толькі што выдалі ў той жа «Мастацкай літаратуры». Сімпатыны зграбны томік. Малафарматны, як аўтар любіць. Кнігу прыемна было трымаць у руках. Шчыльная белая папера. Выразны якасны друк. Складзена па прынцыпе дзённіка, па гадах — ад 1996‑га да 2003-га. Усярэдзіне ўсё традыцыйна: кароткія, адбітыя зорачкамі запісы на адзін — два абзацы, рэдка на старонку. Была там і падборка, рэдагаваная мной у «Полымі».
Само сабой, я адразу ж ухапіў жаданую кнігу, а дома, не марудзячы, прыступіў да вывучэння яе. Адразу мушу прызнацца, што чытач з мяне, у адрозненне ад таго ж Янкі Брыля, якога М. Стральцоў называў «прафесійным чытачом», зусім не прафесійны. Я здаўна прытрымліваюся думкі, што кнігі ўвогуле нельга чытаць, іх можна толькі перачытваць. Таму спачатку, каб даць кнізе час прывыкнуць да сябе, а сабе да яе, я проста знаёмлюся з ёю, пагладжваю па вокладцы, марудна перагортваю старонкі, прабягаю тэкст па дыяганалі, выхопліваю ключавыя словы і сказы, праглядаю то з сярэдзіны да канца, то з канца да сярэдзіны, то «па-японску» — зверху ўніз, спыняюся ў любым месцы, дзе разгарнулася.
Так, бегаючы вачыма і пальцамі па кнізе Я. Брыля, раз-пораз натыкаўся на старыя знаёмыя словы, апісанні і падзеі. Напрыклад, мільгала ўсё так жа часта, як і раней, слова «хораша» ў рускім значэнні «хорошо», яшчэ часцей — «пацешна» ў значэнні «забаўна». Каршун замест коршака, кляваў замест дзяўбаў. Знайшлося месца і касьбе:
«…як мы ўтрох, наш Міша, Валодзя і я, да снедання палажылі старому Калесніку добрую лугавіну над Серваччу — зноў прыгадалася тая раніца, той росны луг, спраўныя косы, маладыя сілы і дружба наша светлая…»
Было ўсё тое ж замілаванне жыццём, прыродай і сабой:
«Заходзіць сонца — цэлы бяздымны пажар, далёка за рэдкімі дрэвамі. Яшчэ ўсё салавей. А ўдзень ляцелі невысока два жоравы, курлыкалі — хоць ты бяжы за імі».
Была тая самая, што і на працягу ўсяго жыцця, асалода ад фізічнага працэсу — запісвання:
«Неяк песенна на душы. Нават запісваць прыемна».
Але вось памалу я перайшоў да звычайнага храналагічнага — старонка за старонкай — чытання. Тонкім, на нітачку завостраным алоўкам падкрэсліваў, рабіў выпіскі, праводзіў стрэлачкі, ставіў «галкі» і выносіў заўвагі на шыракаватыя, бы знарок для гэтага пакінутыя палі. Кніга шчацінілася закладкамі розных колераў і памераў. Выпісак назбіралася багата. Аўтар выступаў перад намі, чытачамі, у якасці ўніверсальнага апавядальніка, якія ёсць у любой мужчынскай кампаніі, своеасаблівага Несцеркі, толькі не таго народна-класічнага жартаўніка, а проста разумнага, назіральнага, пажыўшага на свеце чалавека, часам з’едлівага, часам сціплага, які любіць і ўмее пагаварыць і ў якога за плячамі бяздонны мех гісторый на ўсе тэмы і на ўсе выпадкі жыцця.
Вось, да прыкладу, гісторыя гумарыстычная. Неяк на выступленні ў яго спыталі, ці лічыць ён сябе вялікім пісьменнікам.
— Лічу, — спакойна адказвае ён. — І ўсё жыццё ад гэтага пакутую. Метр восемдзесят сем см і ў сярэднім 105 кг. Ні вопраткі гатовай, ні абутку не знайсці. — Тут яго спынілі смехам і воплескамі.
Альбо такое.
«Адказваючы на адно з пытанняў: які мой твор найлепш мне падабаецца, само сказалася: «Вайна і Мір», — але ж успомніў, што гэта не я напісаў. Разам са слухачамі весела засмяяўся».
«Купіў у магазіне істужку да машынкі, а незнаёмы вясёлы мужчына спытаўся:
— Мемарыялы будзеце пісаць?
Пра мемуары. Ведае, што ў модзе».
«У канцы семдзесят дзявятага ў Браціславе мяне пазнаёмілі з тамашнім карэспандэнтам, здаецца, «Камсамольскай праўды», сказаўшы, што гэта з паходжання беларус. Даволі пажылы таварыш ветліва сказаў у нейкай меры па-зямляцку, што ён яшчэ ў школе зачытваўся «Палескімі рабінзонамі» і іншымі маімі творамі. Прыйшлося з усмешкай падзякаваць».
Вось Янка Брыль тонкі лірык:
«Як далёкі, ледзь чутны хвалююча доўгачаканы погрымак, вяшчун вельмі патрэбнага дажджу, адчуў я стрыманы водгалас мастацкага слова… Каб жа яно прыйшло, вярнулася і да мяне!» (Тут унутраная рыфма проста напінае тэкст, як ветразь, і рухае яго: хвалююча — чаканы — вяшчун — дажджу — адчуў…)
Вось ён драматычны бытапісальнік:
«Днямі мне расказалі, што той вусаценькі незаконны сын нашага партызана і хутаранскай цёткі, які так хораша вытанцоўваў на свяце вёскі, ужо задушаны ў сваёй мінскай кватэры, хутчэй за ўсё сябрамі, якія ведалі, што ў яго з’явіліся «вялікія грошы» на нейкую пакупку.
Яшчэ праз 2 дні ў знаёмага — пахаванне. Два юначкі запрасілі яго 14-гадовую, адзіную дачку на матацыкл, на штосьці там наскочылі, зубаскалячы, самі абодва жывыя, а яна — насмерць. Столькі такога і страшнейшага, і без вайны, а боль адчуваюць толькі родныя, у каго яны ёсць…»
Тут ён сам сябе асуджае за гаварлівасць:
«Старому чалавеку трэба трымацца прыстойнасці ды лішне не вякаць».
«Адзін зануда — яшчэ нічога, а вось уявім некалькі іх на доўгай лаве, сядзяць, сапуць і паныла, важна маўчаць. Ажно табе няёмка стане быць залішне балбатліва-вясёлым у кампаніі».
А то яму, наадварот хочацца выказацца:
— Пазаўчора падумалася, учора запісаў: трохі пагрэцца графаманіяй, а сёння прымяніў гэта на практыцы, перапісаўшы дзве мініяцюры.
І адразу ж сам сябе стрымлівае:
— Столькі за век нагаварыў, што хочаш нешта, хай сабе і дарэчы, расказаць, а боязна: відаць, я ўжо гэта расказваў?
— Запісы, зацемкі, споведзі… Ратуй нас, літаратурны сэнс, ад старэча-недалужнага стрыптызу, а тым больш — ад бяззуба-чорнай зласлівасці.
То ідуць цэлыя абоймы імёнаў і прозвішчаў, а то раптам:
«Учора неяк ясней убачылася пошлая дробязнасць літаратарскай паўсядзённасці, чаго ў маіх запісах нямала. Ужо цяпер трэба праполваць ды адсейваць тое, што не цікава, непатрэбна ўяўнаму чытачу, а калі падумаць шырэй — каму будзе зноў жа цікавай, а то і патрэбнай, тая важданіна з мноствам імёнаў, з накідамі вобразаў людзей, у якіх і тады, калі яны існавалі са сваімі непамернымі прэтэнзіямі, не было за душой нічога сапраўднага…»
Хапала ў кнізе і старога, і новага, што было асабіста мне найбольш карысным. Я пачынаў тады пісаць сваю «Сечку», і мяне цікавіла ўсё на гэтую тэму. І вось я вывуджваў у Я. Брыля:
1) — словаспалучэнне «таму назад» — замест ніколі мне не зразумелага, абсечанага «таму». (Два гады таму… Каму?)
2) — украў, а не скраў;
3) — у час, а не падчас;
4) — інверсіі; «упікнуў даўняга прыяцеля, што той, бываючы часта ў Мінску, не зойдзе ў госці, а той пачаў апраўдвацца:
— Забыўсё, Ванечко, твой домер нома.
У іхняй вёсцы пра Беларусь можна пачуць Бералусь, пра Лаўрына — Раўлын, пра Рап’ёва — Япрова…»
Ёсць такое і ў нашых палескіх вёсках.
5) — маладая дыктарка: «з-за гэтага каштавала туды паехаць». Карэспандэнт радыё Свабода: тады яму апранулі кайданкі. А потым яшчэ лепш, аж боязна, што не павераць: ён апрануў боты. Усё роўна ж ад аднаго надзяваць».
6) — «Белорусский писатель, пишущий на русском языке. Гэта якраз тое, чаго не толькі для нашай літаратуры, але і для ўсяго народа дамагаецца сучасная ўлада».
7) — горкае, на 100 адсоткаў спраўджанае прароцтва:
«Кнігазбораўскі» аднатомнік Наталлі Арсенневай. <…> І трывожная думка, між іншым, чытаючы, што і да нашага «Кнігазбору» яшчэ, чаго добрага, начальнікі дабяруцца — такое, як гэты смела-апальны том, выдаўцам не даруецца, так не пройдзе».
І ўсё-ткі найбольш у кнізе кранаюць не так людзі і іх стасункі, як прырода і браты нашы меншыя. Тут Я. Брыль дасягае бездакорнасці. Столькі цяпла, святла, дабрыні, паэзіі, такое ўсё шчымліва-кранальнае, што пачынаеш разумець, чаму ў аўтара такі шчаслівы пісьменніцкі лёс, чаму яго чытаюць і перачытваюць і так часта называюць любімым пісьменнікам, чаму яго проза ніколі не састарэе, пакуль будзе існаваць наша мова.
Тут пра сабаку:
«Стары Шарык, што прыбіўся да нас з залясной вёскі, што ўжо павольны і глухаваты і неахвотна гаўкае — ён вельмі баіцца грымотаў. Ціснецца, просіцца ў хату, да людзей».
Тут і пра кошку (цяпер бы напісалі котку):
«Гарадская бомжастая кошка з сучаснай ментальнасцю мацярынства. Унізе зрабілі ёй логава, а яна сваю чацвёрку кацянят разносіць па адным пад дзверы на другім паверсе, каля каторых ёсць дыванчыкі. Занясуць ёй зноў малых наніз, а яна неўзабаве назад разнясе».
Салаўі.
«Пайшоў у наш надрэчны гаёк з балоцістым ровам высекчы заказаныя жонкай кіёчкі і спыніўся там адразу, і смяяцца захацелася, узняўшы вочы на яшчэ рэдкую лістоту вершняку, смяяцца радасна ад двубоя, калі сказаць па Караткевічу, двух салаўёў, так блізка і так захоплена, у смелай ці азартнай блізасці да чалавека».
(Толькі б я прыбраў тут слова вершняку: па-першае, рэгіянальна-размоўнае, па-другое, проста лішняе — адцягвае ўвагу, прымушае спыніцца і ўяўляць гэты вяршняк.)
Ластаўкі.
— Пагаварыць паселі? — спыніўшыся ў роснай траве, пытаюся ў трох ластавак на белай раме навонкі расчыненага акна.
І яшчэ.
«І гэта ж трэба разумець, як дзве ластаўкі, блізка седзячы на драціне, на фоне блакіту, проста сабе шчасліва маўчаць».
Дзятлы.
«У спёку на край поўненькай бочкі сеў-прысеў дзяцел… Калісьці з гэтай лавы я назіраў, як… зладзейкавата кляваў клубніцы… спачатку клюнуў глыткоў з дзясятак вады, а потым вырашыў і купнуцца».
«Дзятлу, праходзячы панурым халодным ранкам каля яго сасны:
— Дзяўбі, дзяўбі! Гэта табе не шпакам памагаць на верхнім голлі нашых салодкіх чарэшань!»
«Дзяцел прызямліўся на градзе, патупаў сярод клубнічнай лістоты і малатком сваім ці долатам не дзёўб, а гулліва хапаў — адну за адной — першыя спелыя ягады. Калі я весела прыкрыкнуў на яго з-пад ліпы, пярэсты зладзейчук не адразу ўцяміў, што да чаго. Прыйшлося грукнуць кулаком па стальніцы».
Жабкі.
«Каля студні — выварка з вадою. Сухмень штодня, штоночы такая, што жабы скачуць у тую высакаватую пасудзіну, шукаючы паратунку. Тры раніцы выплёхваў іх з вываркі, ужо і разгірачаных ад холаду. Потым пашэнціла ўбачыць, як адна сядзела на краечку вываркі, задаволена адпачываючы. Трэба ж дадумацца. З бяды».
Некалі я пісаў пра І. Пташнікава, які пашкадаваў гадзюку. Брыль — жабку. Стары Шамякін плакаў, гледзячы па тэлевізары зіму, і калі спыталі, што здарылася, адказаў, выціраючы вочы: «А ўявіце, як цяпер чукчам у ярангах!» Вось гэты дар умець шкадаваць усё — і абстрактнае, і канкрэтнае, вось гэты такі нямодны цяпер гуманізм і складае, па-мойму, аснову літаратуры і з’яўляецца адной з галоўных разгадак яе ірацыянальнай, містычнай сутнасці.

5
Калі б у мяне спыталі, як некалі ў дзяцінстве, пра што гэтая кніга, я шчыра адказаў бы:
— Пра ўсё. Пра ўсё на свеце.
Так яно і было. Разам з тым ні эсэ, ні рэцэнзіі, ні нават проста водгуку не атрымлівалася. Нешта замінала, не давала разгарнуцца. Мудрая думка, трапная дэталь, бліскучы афарызм, таленавітая замалёўка, светлыя і змрочныя абразкі… Некаторыя самі па сабе з’яўляліся завершанымі творамі, маленькімі шэдэўрамі, іншыя нагадвалі чарнавікі, накіды, як бы падручны матэрыял да вялікага цэльнага рамана. А ўсяму разам па-ранейшаму не хапала нейкага стрыжня, ніткі, на якую ўсё гэта можна было б нанізаць. Адбылося тое самае, што некалі з часопіснай падборкай. Сабраныя ў кнігу, пад адну вокладку, размешчаныя побач творы выглядалі яшчэ больш хаатычнымі, разрозненымі, чым некалі ў «Полымі». Штучна счэпленыя між сабой, яны нагадвалі стракатую коўдру, або вось калі хутка ехаць праз лес, і пачынае стракатаць у вачах, — адчуванне калейдаскопа, надта імклівая змена, і ўсё адно за адным, без папярэджання, без падрыхтоўкі, без развіцця і заканчэння.
Вельмі дарэчы праскочыла тут аўтарскае:
«Калі мне было і 50, і 60 гадоў, я рабіў штосьці як на адчэпнае, як прыблізнае».
Вось менавіта прыблізнае. І ўвесь час проста фізічнае адчуванне адсутнасці рэдактара, унутранага ці рэальнага, жывога, які б з гэтага неверагодна багатага, але хаатычна рассыпанага матэрыялу склаў бы раман-аўтабіяграфію, а яшчэ лепш раман-псеўдааўтабіяграфію, г. зв. раман-аўтафікшн, якія цяпер у такой модзе. А тое, што такі твор — вялікі, цэласны — хацелася напісаць, сведчаць многія радкі.
— Ці будзе час, каб наймацней пашкадаваць, што таго чагосьці, што мог і павінен быў зрабіць, — ты не зрабіў? Напрыклад, даштукоўваць цэласць апавядання пра сваё жыццё? (Вылучана мной. — А. Ф.)
Я не ведаў, як быць. А тут яшчэ ў часопісе «Дзеяслоў», нібы з дакорам мне, маўляў, вучыся, як трэба пісаць, выйшла грунтоўная рэцэнзія А. Сідарэвіча пад назвай «Чаканае і нечаканае» на гэтую ж кнігу Я. Брыля. Наш масціты крытык усё, што трэба, заўважыў, усё, што не трэба, падкрэсліў, расклаў па палічках. Растлумачыў, што лейтматыў, славуты стрыжань, на якім усё трымаецца, якога я шукаю і не знаходжу — гэта праявы паэзіі жыцця. Або, інакш, усё трымаецца на адным прыгожым слове, якое можна адшукаць у Ластоўскага і ў Караткевіча, менавіта на багавейлівасці.
«Багавейлівасць перад усімі праявамі жыцця — мусіць, так можна было б акрэсліць асноўную танальнасць кнігі».
І я астыў. Як, мабыць, любы б на маім месцы, калі б збіраўся нешта напісаць, а потым убачыў, што гэта ўжо напісана іншым, і лепш за цябе.

6
Так выйшла, што наступны раз да кнігі «З людзьмі і сам-насам» я дабраўся праз доўгіх восем гадоў. Ужо даўно Майстар пакінуў нас, але мая віна перад ім не знікла. Наадварот, цяпер я ўжо быў абавязаны перад яго памяццю скончыць задуманае, так ці інакш давесці яго да ладу. Не атрымліваецца эсэ, рэцэнзія, водгук, дык напішы хаця б Слова (а шкада, што знік такі жанр, як Слова).
На гэты раз стрыжнем, рухавіком маёй працы павінна была стаць тэза, пазычаная ў А. Сідарэвіча. Кніга Я. Брыля — не творчы хаос, не стракатасць, не калейдаскоп, не мільгаценне ў вачах, а — паэзія, апяванне і ўсхваленне самых розных праяў жыцця. Або так: сістэма яго пісьма, стылю, падачы матэрыялу — у адсутнасці сістэмы. Ён сам разумее гэта і як бы ганарыцца гэтым, прыводзячы ў доказ Талстога.

«Кніга напісана па талстоўскім прынцыпе: што ярчэй успамінаецца, не задумваючыся пра літаратурныя каноны, свабодна ў адступленнях і падрабязнасцях…»
Я зноў узяўся за храналагічнае чытанне. Стараючыся прапускаць тое, на чым раней спыняліся вочы і што я павыпісваў. І адразу ж на мяне абрынуўся зусім іншы тэкст. Не паэзія, а самая што ні на ёсць проза. Калі ўмоўна першую частку можна было назваць аптымістычнай, дык другая адназначна, спрэс была песімістычная.
«…Сёння ўжо ў мяне пісьменніцкага звання не адбярэш, што зроблена мною — зроблена, а толькі вось зноў я жыва адчуў той балючы страх, які наведваў мяне ў самым пачатку юнацтва, страх, што без літаратуры, без майго з ёй удзелу я — нішто… Чаму ж мне і сёння стала так горка і страшна, як быццам у мяне зноў анічога няма, нават надзеі, як у пачатку?»
«Дзеля патрэбнага часам супакаення ад залішняга самаедства ўспомнім чалавечую складанасць і вялікіх, у каго мы вучымся».
«…Святло твайго ліхтарыка ў патайной сцішнаце вышуквае і знаходзіць даўно знаёмыя, вядомыя табе твае грахі, спыняецца на тым ці іншым з іх, каб ты зноў пакусаў, пажаваў сам сябе, хоць і не ўпершыню, але са свежым болем бездапаможнасці ў адчаі прызнання віны…»
«Калі б які злосны разумнік сказаў мне, што я мала і слаба пішу, можна было б адказаць: — Я ведаю гэта і сам… з той розніцай, што мне гэта балюча».
Нейкая аж празмерна жорсткая спавядальнасць, зусім не ўласцівая такому жыццярадаснаму, з мудрай хітрынкай у вачах аўтару. Кусаць сябе, жаваць сябе, свежы боль, балюча… Прызнаваць віну… Самаедства… Але адкуль яно ўзялося, гэтае самаедства?
Пры амаль святым жыцці, пры такой духоўнай, ды і фізічнай, цноце (нпр., Янка Брыль, паводле яго прызнання, «ніколі ў жыцці не піў адзін»)? Пры такой неверагоднай літаратурнай кар’еры — ад Сталінскай прэміі да Ленінскай і да Народнага, а каб пажыў крыху даўжэй, не сумняваюся, што і Нобелеўскай. Здавалася б, жыві, пішы і радуйся.
Але не. Аўтар працягвае вярэдзіць сабе і нам, чытачам, душу.
«Пасмяротны Поўны збор твораў. На тое, каб пакараць маю памяць доказамі, колькі непатрэбнага і шкоднага я напісаў?»
«Мала і не на ўсю сілу мной зроблена, і лепш ды больш ужо не зробіцца».
З нататніка Р. Раждзественскага:
«Буддийский ад. Самая страшная казнь, самое жуткое наказание: человеку много раз подряд прокручивают его собственную жизнь, бесконечно повторяя страницы упущенных возможностей». «У нейкай меры гэта знаёма і мне», — прызнаецца Іван Антонавіч.
Ох, ужо гэтыя вялікія! Даўно і не мной заўважана, што ў іх вялікае ўсё: і талент, і грахі, і пакуты сумлення… А пачні разбірацца — высветліцца, што 50 гадоў назад месца ў транспарце не саступіў. Дзяўчынку, суседку па парце, у школе пакрыўдзіў — за каснічок тузануў. І вось пакуты сусветнага маштаба. Бяссоныя ночы. Самаедства. У нашым выпадку яшчэ і пад рэфрэн — напісана мала, напісана кепска, не так, як хацеў і мог бы.
«Літаратарам-прафесіяналам я стаў дзякуючы ўваходу ў савецкую рэчаіснасць, то па наіўнай шчырасці, то з патрыятычнага абавязку вучачыся стаць, быць савецкім пісьменнікам, бо іншым быць і не мог».
«Бывае ў маіх паводзінах трохі, а то і больш за трохі, ранейшай прысавецкай боязі ды асцярожнасці, у тым ліку і ў запісах. Лаўлю сябе на гэтым, дакараю…»
«Востра адчулася, што маё ў той ці іншай меры аўтабіяграфічнае, перш за ўсё «Птушкі і гнёзды», трэба было напісаць з усёй безагляднай шчырасцю, чаго я не зрабіў на ўсю моц, а з той асцярожнасцю, аглядкай, з тым страхам, які абумоўліваў і мой сацрэалізм…»
Дык вось у чым, аказваецца, справа! Вось што перашкаджала пісаць напоўніцу; вось з чым звязаны творчыя пакуты — з немагчымасцю пазбавіцца савецкасці, выблытацца з пут сацрэалізму. Усё жыццё верыў, хацеў стаць савецкім пісьменнікам, не ўяўляў сабе іншага, стаў ім — а тут наце, перабудова, галоснасць, трэба перакваліфікоўвацца…
Памятаю, здаецца, 1988 год. Паўнюткая зала Дома літаратараў. Людзі стаяць у праходах і фае. На сцэне адзін Я. Брыль за столікам, заваленым запіскамі. Ён іх разгортвае, уголас зачытвае і з задавальненнем, хоць і коратка, адказвае. Адна з іх — «Што такое сацрэалізм?»
— Аднойчы гэтае ж пытанне задалі Горкаму. На што ён адказаў: «А чорт яго ведае! (Зала грымнула смехам і апладысментамі.) Здаецца, гэта каб добра было напісана і за савецкую ўладу».
Далей, памятаю, Іван Антонавіч дадаў, што, маўляў, ёсць добрая літаратура і кепская, а ніякіх -ізмаў няма, — прыкладна так. Казаў ён гэта дабрадушна, з усмешкай, і было відаць, што сапраўды вельмі мала яму справы да нейкага сацрэалізму. У зале панавала атмасфера любові, пашаны да славутага пісьменніка; вельмі многа было моладзі.
Атрымліваецца, ужо ў 1988 годзе сацрэалізм быў для аўтара цалкам бяскрыўдны і мала значыў. Думаю, у 2003-м, калі выдавалася кніга «З людзьмі і сам-насам» — яшчэ менш. Набяруся смеласці і скажу: сацрэалізм мала што значыў нават у далёкія гады напісання «Птушак і гнёздаў». Менавіта тады, у час нібыта татальнага панавання сацрэалізму, ствараліся шэдэўры І. Мележа, М. Стральцова, В. Быкава, нарэшце, усе без выключэння творы нашага літаратурнага куміра У. Караткевіча… І наадварот, калі прыйшла такая чаканая свабода ад цэнзуры, ці многа нарадзілася літ. геніяў, якія, па ідэі, павінны былі б узыходзіць, як грыбы пасля дажджу?

Мне здаецца, усе гэтыя размовы пра сацрэалізм, савецкасць — так, пусканне чытачам пылу ў вочы. Не вельмі пераканаўчае самаапраўданне. Я чамусьці ўпэўнены, што «самаедства» Я. Брыля мае не столькі палітычныя, сацыяльныя прычыны, колькі творчыя. І калі ўжо на тое пайшло, яго слабае месца не ў сацрэалізме, а ў яго любімай кароткай форме, той самай славутай малой «дзённікавай» прозе, якая сваёй падманнай лёгкасцю збіла з толку не аднаго пісьменніка. Дарэчы, «Птушкі і гнёзды» па вялікім рахунку таксама нагадваюць шэраг счэпленых паміж сабой кароткіх эпізодаў; раманна-эпічнага дыхання, напрыклад, «Людзей на балоце», там не адчуваецца.
Дык вось, з аднаго боку — уяўная лёгкасць: глядзі ў вакно і пішы, што бачыш, з другога — надта жорсткія рамкі кароткай прозы, спавядальны стыль, патрабаванне «праўды і толькі праўды» — усё гэта абядняе пісьменніка, абмяжоўвае не горш за любыя ізмы. Ужо не кажучы пра няўдзячнасць малой формы — надта многа душы і часу яна забірае і надта мала дае на выхадзе. Пішаш, пішаш, азірнешся — амаль нічога няма.

7
І яшчэ адзін цікавы момант. Ён добра паказвае, як гэтак званая праўда ў мастацкай літаратуры можа прынесці твору больш шкоды, чым карысці. Парадаксальным чынам самымі праўдзівымі чамусьці атрымліваюцца выдуманыя рэчы, і наадварот, спісаныя з жыцця часта выглядаюць бляклымі прыдумкамі. Мабыць, менавіта таму многія пісьменнікі ў сталым веку пачынаюць як бы саромецца сваіх ранейшых «жыццёвых» сюжэтаў і апраўдвацца за іх. Напрыклад, Іван Аляксеевіч (Бунін) у старасці горача пераконваў, што ўсе свае творы выдумляе, а не бярэ з жыцця. Нешта падобнае адбываецца і з Іванам Антонавічам (Брылём).
«Калі я выходзіў у дачнікі, вельмі няпроста, як аказалася, было знайсці пячніка. Насваталі аднаго ў не вельмі далёкай вёсцы. Калі яму сказалі, каму гэта ён спатрэбіўся, пячнік-аматар ледзь не ўсклікнуў:
— А, Брыль! Наш галоўны ілгун!
Грубку і пліту рабіць ён адмовіўся…»
Гэта не канец абразка. Цікава, як Іван Антонавіч адрэагаваў на такое, здавалася б, не зусім ганаровае званне. «Неяк на юбілейна-сямейным застоллі, ужо праз цэлых 19 гадоў, нам весела ўспомніўся той пячнік, з ягоным «галоўны ілгун»».
Нечакана дакладная дата, роўна 19, хаця прасцей было б акругліць да 20, паказвае, што Іван Антонавіч неадночы ўспамінаў языкастага пячніка, і ўспамінаў з прыемнасцю, не без гонару.
Другі падобны запіс:
«Васіль Зуёнак, якому я падпісаў свой кнігазбораўскі том, пры наступнай сустрэчы нават ухвальна здзівіўся:
— А колькі ж вы ўсяго запомнілі!
Не хапіла духу адказаць: а колькі ж я дадаў героям ды сітуацыям выдумкі, свайго. Бо ёсць жа гэта, дый нямала, і ў гэтым ужо мая патаемная радасць: патрапляць у тон, прыдумляць адпаведнае». (Вылучана мной. — А. Ф.)
Калі б я прачытаў такое ў якогась іншага пісьменніка, дык увагі не звярнуў бы, прыняў бы за літаратурнае какецтва. Але Брыль прывучыў нас верыць яму безаглядна. І таму яго прызнанне нават крыху бянтэжыць. Прымушае задумацца. Сёе-тое пачынае здавацца не такім адназначным. Самі сабой з’яўляюцца пытанні. Напрыклад, гэты яго дзіўны наказ-запавет: рукапісы апошніх гадоў адкрыць толькі праз пяць гадоў пасля смерці. Чаму праз пяць? Што можа змяніцца за пяць гадоў? Альбо бярэ спакуса інакш зірнуць на блытаніну ў яго біяграфіях. Паводле адной, у 1941 годзе Янка Брыль уцёк з нямецкага палону, вярнуўся ў Беларусь і далучыўся да савецкага партызанскага руху. Паводле другой, са слоў беларускага дзеяча А. Адамовіча, Янка Брыль не ўцякаў з палону, а быў адпушчаны за лаяльнасць, некаторы час жыў у акупаваным Мінску, працаваў у гістарычным музеі, друкаваўся ў «Беларускай газеце».

Любому іншаму савецкаму пісьменніку не тое што падобных фактаў, а толькі чутак пра такія факты хапіла б, каб як мінімум зламаць жыццё, а то і паплаціцца ім. Янка ж Брыль, на наша беларускае шчасце, быў народжаны ў сарочцы і выйшаў сухім з вады. Сам ён ніколі нідзе ні пісьмова, ні вусна не аспрэчваў і не пацвярджаў гэтага. І яно зразумела. Урэшце, ніводнаму пісьменніку яшчэ не зашкодзіла пэўная ўласная загадкавасць, містыка, тайна — не рэальная, дык хоць выдуманая, — куды староннім уваход забаронены. Цалкам магчыма, што і запавет друкаваць рукапісы праз пяць гадоў пасля смерці таксама маленькая хітрасць, нявінны пісьменніцкі прыём, каб падагрэць чытацкую цікавасць да будучых публікацый.
8
І ў той раз не адужаў я сваёй працы. Нічога ўцямнага напісаць не змог. Зноў давялося надоўга адкласці кнігу.
Ішлі гады. Кніга ляжала на паліцы. Час ад часу я браў яе, гартаў, перачытваў некаторыя найбольш любімыя старонкі, потым клаў на месца. Я ўжо даўно змірыўся з тым, што не дасца яна мне, адмовіўся ад жадання нешта пра яе пісаць. Яна зрабілася для мяне проста прыемным успамінам, ледзь не сімвалам, як засушаная кветка з гербарыя.
Так прайшло ні многа ні мала 23 гады. Калі я набыў кнігу і пачаў з ёю важдацца, мне было крыху за 40, а цяпер — за 60. Неяк у чарговы раз я пераглядваў, ледзь разбіраючы, свае старыя, алоўкам зробленыя выцвілыя заўвагі і падкрэсліванні. І раптам па рэдактарска-карэктарскай звычцы пачаў заўважаць, што падкрэсленыя сказы, у якіх ёсць слова малако, акрамя таго, што часта паўтараюцца, дык яшчэ і з пэўнай перыядычнасцю — прыкладна раз на дзесяць старонак.
«Прынёсшы з пасёлка малако…», «Вось я прынёс з пасёлка ранішняе малако…», «Днямі, калі я выйшаў па малако…», «На лавачцы каля хатняй сцяны, як заўсёды ўранку, бялеюць слоікі з сырадоем…», «Апроч паходаў па малако, двойчы ўжо хадзіў надвячоркам і на праходку…», «Па малако ў пасёлак я штодня прыходжу ў сем з мінутамі…», «Уранні я ішоў з пасёлка з малаком…», «Прачытаўшы раненька (апавяданне Б. Акуджавы, — А. Ф.) перад выхадам у пасёлак па малако, адчуў малітвенна-чысты настрой», «Адзін з дачных суседзяў, едучы з вёскі, падвозіць мяне з малаком ад пасёлка…», «Дзень ад’езду. Па малако я пайшоў раней звычайнага…», «З дачным суседам, за паўтара км штодзённай няспешнай хады з пасёлка з малаком…», «І што ж, вяртаючыся з малаком, зноў застопарыліся…», «Сабака… ніяк не паддаецца на ўпрошванне падысці да лаўкі, дзе я прысеў з малаком, пад маю далонь…»
І так рэфрэнам — не менш 30 згадак на 300 старонак. На працягу амаль 10 гадоў, якія ахоплівае кніга. Кожнае лета, кожную раніцу ў любое надвор’е чалавек ходзіць з лецішча ў пасёлак па малако туды і назад. Ясна, што гэта не проста паход, гэта цэлая вандроўка. Нечаканыя сустрэчы, успаміны, уражанні, думкі… З кожнага пахода абразок, замалёўка, мініяцюра…

У адным месцы так прама і сказана — гэта калі Іван Антонавіч расказваў жонцы, як халаднаватай, толькі шэсць градусаў, раніцай «чорны пацешны каток кемліва прымасціўся да цёплага слоіка з малаком», на што жонка ўсміхнулася, як быццам трошкі кпліва:
«Во, будзе і мініяцюра!..»
І калі я ўсё гэта сабе ўявіў, раптам у галаве нібы нешта перакулілася. Дык гэта ж і ёсць… стрыжань, на якім усё трымаецца! Гэтыя паходы па малако, вандроўкі ў пасёлак і назад і ёсць сюжэт! Той самы, якога я так шукаў і хацеў. Дык што ж, атрымліваецца… раман? Разбіты па гадах — раздзелах, і счэплены сюжэтам — паходамі па малако?
Гэта было так відавочна, што я аднаго не мог узяць у толк: чаму не заўважаў гэтага раней? Бо, як кажа беларуская прымаўка, яшчэ не дарос? Падрасцеш — усё зразумееш, вучылі дарослыя ў дзяцінстве. А кніга, атрымліваецца, цярпліва чакала майго сталення і разумення.
Літаратуразнаўцы раяць перачытваць класіку кожныя дзесяць гадоў: тэкст адзін, а чытач змяняецца. Я прыблізна так і рабіў. Першы раз мне кінулася ў вочы аптымістычная, жыццярадасная, лірычна-паэтычная частка; другі — песімістычная, драматычная, сабраная з роздумаў, пакут, трывог; на трэці — адчуў цэльнасць, і стрыжань, і сюжэт, і раманны каркас…

Але няўжо і гэта яшчэ не ўсё? Няўжо пры кожным новым перачытванні будзе адшуквацца чарговае адкрыццё? Што мяне чакае праз наступныя 8—10 гадоў?..
Пажывем — пабачым.
Перадрук з альманаха «Літаратурная Беларусь», ліпень 2026 года
Цяпер чытаюць
Колькасць ахвяр выбуху ў маскоўскім элітным рэстаране на юбілеі генерала, які камандаваў наступам на Кіеў з Беларусі ў 2022-м, вырасла да пяці чалавек
Каментары
Трэба яшчэ і Андрэя Федарэнку прачытаць.
Дарэчы, Янка Брыль для мяне з дзяцінства стаіць адасоблена сярод іншых пісьменнікаў Беларусі.