16 верасня ў Міністэрства замежных спраў Літвы выклікалі прадстаўніка пасольства Беларусі ў Літве і ўручылі яму ноту рашучага пратэсту ў сувязі з парушэннем дзяржаўнай мяжы і паветранай прасторы Літвы.

У ноце адзначаецца, што ў ноч з 14 на 15 верасня 2026 года сродкамі аб'ектыўнага кантролю быў зафіксаваны беспілотны лятальны апарат, які з боку Беларусі парушыў дзяржаўную мяжу і паветраную прастору Літвы.
Літоўскае МЗС расцэньвае гэты інцыдэнт як грубае парушэнне міжнароднага права і патрабуе ад Беларусі неадкладна даць падрабязнае тлумачэнне таго, што адбылося, а таксама не дапусціць падобных парушэнняў у будучыні.
Літва таксама патрабуе, каб Беларусь забяспечыла эфектыўны кантроль над сваёй тэрыторыяй і паветранай прасторай і не дапускала дзеянняў, якія могуць ствараць пагрозу бяспецы суседніх дзяржаў.
У МЗС Літвы падкрэслілі, што краіна пакідае за сабой права разам з саюзнікамі прыняць усе неабходныя меры для гарантавання нацыянальнай бяспекі, тэрытарыяльнай цэласнасці і бяспекі насельніцтва.
Уночы 15 верасня літоўскія вайскоўцы выявілі аб’ект, які ўвайшоў у паветраную прастору Літвы. Яго збілі італьянскія знішчальнікі НАТА.
Пазней літоўскія ўлады заявілі, што збіты беспілотнік нёс выбухоўку. У Міністэрстве абароны Літвы адзначылі, што гэта быў першы такі выпадак парушэння паветранай прасторы краіны.
15 верасня дарадца прэзідэнта Літвы Дэйвідас Матулёніс заявіў, што з Мінска Вільню не папярэджвалі пра гэты беспілотнік. На наступны дзень прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа паведаміў, што збіты аб’ект быў беспілотнікам расійскай вытворчасці тыпу «Гербера».
Цяпер чытаюць
Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал
Каментары