Расійскія трэнеры сцвярджаюць, што дзяржынскі «Арсенал» кінуў іх на 40 тысяч долараў. Клуб пагражае ім крыміналкай
Расіяне кажуць, што спачатку ім плацілі ў канвертах. А калі перайшлі на «белы» заробак, то грошай яны больш не бачылі.

Двое расійскіх футбольных трэнераў сцвярджаюць, што дзяржынскі «Арсенал» кінуў іх на 40 тысяч долараў. Беларуская федэрацыя футбола загадала бакам памірыцца, але клуб пагражае трэнерам крымінальнай справай.
Даніла Драсвяннікаў і Вячаслаў Вашкевіч працавалі ў «Арсенале» з лютага 2024 па снежань 2025 года. Вашкевіч нават выконваў абавязкі галоўнага трэнера. Расіяне сцвярджаюць, што да ліпеня частку заробку ім плацілі ў канвертах. Праблем не было, пакуль клуб не вырашыў перавесці іх на «белы» заробак. Пасля гэтага выплаты нібыта часткова спыніліся: не было ані грошай, ані прэмій, піша Mash.
З пачатку 2026 года трэнераў аформілі на паўстаўкі скаўтамі. «Арсенал» абяцаў закрыць даўгі за мінулы год, але не змог гэтага зрабіць. Тады Драсвяннікаў і Вашкевіч звярнуліся ў БФФ. Паводле іх слоў, клуб завінаваціўся ім па 60 тысяч беларускіх рублёў.
Федэрацыя дала кіраўніцтву «Арсенала» два тыдні на тое, каб памірыцца з расійскімі трэнерамі. Але клуб стаў пагражаць ім крымінальнай справай.
«Кананіры» заявілі, што трэнеры падпісалі з камандай кантракты ў межах супрацоўніцтва «Арсенала» з маскоўскім «Лакаматывам». Паводле дамовы, яны павінны былі шукаць маладых гульцоў у Беларусі і Расіі, але нібыта не выканалі задачы і засталіся жыць на радзіме. У «Арсенале» заявілі, што трэнеры наносяць шкоду іміджу клуба. Таму імі зоймуцца беларускія сілавікі.
Каментары