Грамадства77

«Стамілася ад Польшчы — еду ў Германію». Беларуска жыве ў адной краіне, але кожны дзень ходзіць на пары ў іншую

На заняткі Яўгенія збіраецца не спяшаючыся. Звычайна пары ў яе пачынаюцца ў 09.00, таму з дому яна выходзіць у 08.30. Cześć! або Dzień dobry! — вітае знаёмых па дарозе і накіроўваецца да моста цераз раку Одра. Пераходзіць яго і аказваецца ў краіне, дзе вітаюцца ўжо так: Guten Tag!

Выява носіць ілюстрацыйны характар. Фота: www.pexels.com 

Сёмы месяц беларуска вучыцца ды жыве паміж Польшчай і Германіяй. Дакладней, у Польшчы жыве, а ў Германіі вучыцца ва ўніверсітэце. Пра тое, як такое магчыма, студэнтка расказала «Люстэрку».

З Яўгеніяй журналісты размаўлялі напрыканцы верасня, у яе апошнія тыдні летніх канікул: навучальны год у яе нямецкай ВНУ стартуе 12 кастрычніка.

«Вясной і летам адвучылася тут семестр па абмене, — коратка тлумачыць яна. — Зноў падала заяўку, і мне далі магчымасць застацца яшчэ на палову года».

Жэні 21 год, яна з Брэста. Некалькі гадоў беларуска жыве ў Польшчы, дзе паступіла ў адзін з універсітэтаў на поўдні краіны. Яшчэ на першым месяцы заняткаў пачула аб праграме «Эразмус» і вырашыла, што яна ёй цікавая.

«Я хачу вучыцца ў міжнародным кантэксце і пашліфаваць англійскую мову, таму на сайце майго польскага ўніверсітэта падала заяўку, каб узяць удзел у «Эразмусе».

Зрабіла гэта восенню 2025-га, калі была на другім курсе. Для анкеты са спісу навучальных устаноў у Еўропе, з якімі супрацоўнічае яе факультэт, выбрала тры. Установы неабходна было расставіць паводле прыярытэту, пачаць з таго, куды больш за ўсё хацелася б трапіць. Дадала сертыфікат, пацвярджаючы ўзровень англійскай B2, і стала чакаць.

Два тыдні «гугліла» — чытала пра кожны ўніверсітэт. Вывучала іх праграмы, інфармацыю пра выкладчыкаў і нават цэны ў мясцовых крамах. Трэба было зразумець, ці пацягне яна фінансава жыццё ў іншай краіне.

«Тады ж і прыйшла ідэя падысці да выбару не толькі акадэмічна, але і практычна. Я ў Польшчы на міжнароднай абароне і хачу хутчэй атрымаць грамадзянства. Для гэтага трэба пастаянна знаходзіцца ў краіне не менш за сем гадоў, — тлумачыць яна. — Пачала думаць, як бы зрабіць так, каб не страчваць месяцы знаходжання з-за навучання за мяжой. Так і з'явіўся варыянт знайсці ўніверсітэт у горадзе на мяжы».

У спісе былі два ўніверсітэты, якія ёй падабаліся і падыходзілі пад ідэю. Абодва ў Германіі: адзін у Франкфурце-на-Одэры, другі — у Герліцы. Першы цікавіў больш.

«У Герліцы, з таго, што чытала, наогул нейкая дэпрэсуха. Ён знаходзіцца ў Саксоніі, падумала, што гэта такі «забіты» рэгіён. Ды і сам горад меншы, чым Франкфурт, і да Берліна ад яго даўжэй дабірацца, — тлумачыць суразмоўца, чаму паставіла гэта месца на другую пазіцыю. — Трэцім напісала ва ўніверсітэт у Іспаніі. Вырашыла: калі ні ў які з двух іншых не возьмуць, то паеду туды. Хоць адпачну (смяецца). Гэта ў любым выпадку вопыт. Многія палякі ездзяць па абмене ў Іспанію альбо ў Італію, таму што хочуць адпачыць».

«У ВНУ шмат хто, калі даведваецца, што я езджу на пары са Слубіцаў, дзівіцца: «Што ты там робіш?»

Ліст з адказам «Вы праходзіце» Яўгенія атрымала прыкладна праз месяц. На семестр яе запрасілі ў Еўрапейскі ўніверсітэт Віядрына, які знаходзіцца ў Франкфурце-на-Одэры. Заняткі пачыналіся ў красавіку.

Мост паміж Слубіцамі і Франкфуртам-на-Одэрам, па якім Яўгенія ходзіць на пары. Фота: pixabay.com

«На сайце маёй роднай ВНУ за мной замацавалі куратара, які мне, як у дзіцячым садку, растлумачыў, што я магу жыць у Польшчы альбо ў Германіі. Гэта трэба было пазначыць у заяве, — расказвае суразмоўніца. — Выбрала першае. Далей трэба было адзначыць: я хачу засяліцца ў інтэрнат ці буду здымаць кватэру».

Вясной з поўдня Польшчы Яўгенія пераехала на ўсход — у горад Слубіцы. Ад Франкфурта-на-Одэры да яго прыкладна паўтара кіламетра. Тут ёй выдзелілі пакой у студэнцкім інтэрнаце. У яго засяляюць хлопцаў і дзяўчат з Калегіум Палонікум — гэта сумесны навучальны цэнтр Еўрапейскага ўніверсітэта Віядрына і Універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані. 

Польскі горад Слубіцы, дзе жыве Жэня, лета 2026-га. Фота: асабісты архіў

«Большасць студэнтаў з Польшчы спыняецца на нямецкім баку. А тыя, хто прыязджае стажыравацца па «Эразмусе» ў Еўрапейскі ўніверсітэт Віядрына з іншых краін, атрымліваюць нямецкія візы і павінны жыць у Германіі. Так што месцаў у нас дастаткова, — уводзіць у курс спраў беларуска. — У ВНУ шмат хто, калі даведваецца, што я езджу на пары са Слубіцаў, дзівіцца: «Што ты там робіш?» Даводзіцца тлумачыць».

Пры гэтым з Польшчы дзяўчыне дабірацца на заняткі хутчэй, чым тым, хто жыве ў інтэрнаце ў Германіі. Усяго 20 хвілін пешшу. Ды і кошт яе апартаментаў «аб'ектыўна таннейшы».

«Мая стыпендыя 940 еўра (3,2 тысячы рублёў). За інтэрнат плачу 840 злотых (658 рублёў), а на нямецкім баку, наколькі ведаю, цана ад 250 еўра (858 рублёў). А ў прыватных увогуле 450 (1,5 тысячы рублёў), — дзеліцца назіраннямі яна. — Так, у іх лепшы рамонт, а ў нас «прывітанне, 2000-я», але ўсё роўна, мне здаецца, гэта несувымерна».

Польскі горад Слубіцы, дзе жыве Жэня, лета 2026-га. Фота: асабісты архіў

Блок, дзе жыве беларуска, як кватэра. Тут у кожнага свой пакой з душам і прыбіральняй, а вось кухня агульная.

«Наколькі разумею, кватэра разлічаная на шасцярых, але нас тут толькі трое, — спыняецца на дэталях суразмоўніца. — У інтэрнаце ў Германіі, дзе была, у блоку жыло чацвёра, але ў іх агульны ванны пакой і такая маленькая кухня. Проста не развярнуцца. Пліта на дзве канфоркі і нейкі міні-бар, а не халадзільнік! А ў нас тры вялікія».

«Паліцэйскі з Германіі падумаў, што я школьніца, папрасіў дакументы»

У Германіі Яўгенія стажыруецца па той жа спецыяльнасці, што і ў Польшчы. Заняткі праходзяць на англійскай мове, свой расклад дзяўчына складае сама: выбірае лекцыі, зыходзячы з праграмы роднага ўніверсітэта. Усё гэта не проста так, а каб пазней, калі будзе выпускацца і атрымліваць дыплом, курсы і іх колькасць залічылі.

«Часцей за ўсё пары сабе стаўлю з 09.00 (можна і раней, але ў гэты час я не функцыянальная) да 16.00, — апісвае яна свой расклад. — У дзень звычайна атрымліваецца тры лекцыі — дзве да 12:00, адна пасля. З 12.30 да 14.00 ва ўніверсітэце абед, і заняткаў няма наогул, ні ў каго. Усе збіраюцца ў сталовай і добра бавяць час. Харчаванне, да рэчы, вельмі таннае — за тры еўра (дзесяць рублёў) можна нармальна паесці. Гэта менш, чым было ў мяне ў польскім універсітэце, дзе абед каштаваў дзесьці 30 злотых (23 рублі). Студэнты там не елі, толькі прафесары (смяецца)».

Пасля лекцый план курса беларускі вельмі студэнцкі. Здараецца, дзяўчына ходзіць на дадатковыя курсы нямецкай мовы. Часам з іншымі студэнтамі працуе ў каворкінгу над навучальнымі праектамі ці едзе з сябрамі ў Берлін. На цягніку ад Франкфурта-на-Одэры да сталіцы Германіі каля гадзіны.

«Дадому стараюся вярнуцца дзе-небудзь а шостай-сёмай вечара, каб нармальна прыгатаваць паесці і пазаймацца. Звычайна нам задаюць вельмі шмат чытаць. На лекцыю старонак з 60, і так па трох курсах на тыдзень. Гэта займае шмат часу, — дзеліцца сваім раскладам суразмоўніца. — Плюс стараюся ўсё арганізаваць так, каб заставаўся нармальны рэжым сну».

Меню ў студэнцкай сталовай, дзе абедае Жэня. Кошт абеду для студэнтаў, супрацоўнікаў і гасцей ВНУ адрозніваецца. Напрыклад, у адзін з дзён комплекс чатыры — мясны рулет з бульбяным пюрэ і салатай для студэнтаў каштаваў 3,8 еўра (13 рублёў), для супрацоўнікаў — 6,2 еўра (21 рубель), для гасцей — 8,2 еўра (28 рублёў). Фота: асабісты архіў

У Германію і назад Яўгенія звычайна дабіраецца пешшу, радзей на аўтобусе. З ранку, расказвае, нямала жыхароў Слубіцаў спяшаюцца на іншы бок мяжы на працу, таму на мосце лёгка можна затрымацца ў «заторы» і спазніцца на заняткі.

«А мне б не хацелася, — усміхаецца беларуска. — Да таго ж у аўтобус часта зазіраюць памежнікі, каб праверыць пасажыраў».

Сталовая ў Еўрапейскім універсітэце Віядрына. Фота: асабісты архіў

Большую частку дня Яўгенія праводзіць на нямецкім баку. А ў Польшчы, жартуе, толькі спіць. І хоць пасядзець у кавярні ў Слубіцах танней, чым у Франкфурце-на-Одэры, ва ўстановы яны з сябрамі ходзяць у Германіі.

«Слубіцы, яны як Маладзечна. Праўду кажучы, тут адмыслова няма чаго рабіць, — разважае беларуска. — Увогуле, калі аказваешся на нямецкім баку, гэта адразу заўважаеш. Тут менш шэрых будынкаў і непрыгожых рэклам. Супольнасць у Польшчы больш аднародная, у Германіі ж пастаянна сустракаеш бежанцаў, мігрантаў, а яшчэ адчуваеш сябе вальней нават у простых рэчах. Калі ты выглядаеш інакш альбо ў цябе якое-небудзь незвычайнае адзенне, на цябе не будуць вельмі глядзець. Тут людзі звыклыя да разнастайнасці і больш расслабленыя. І гэта я не кажу пра Берлін. Там наогул іншы свет».

І ўсё ж частку стыпендыі беларуска заўсёды адразу ж мяняе на злотыя, бо прадукты ў асноўным купляе на польскім баку. Так танней.

«У Германіі бяру толькі нейкія мясцовыя рэчы: каўбасы мне ў іх больш падабаюцца, выпечка, — пералічвае Яўгенія. — Тут выгадней займацца касметыкай — яе можна знайсці на добрых акцыях (асабліва ў Берліне), і тэхнікай — для студэнтаў ёсць зніжкі. Немцы, дарэчы, часта ездзяць у наш горад па цыгарэты. Тут яны таннейшыя, і стаяць нават спецыяльныя крамы. У Слубіцах у шматлікіх крамах можна расплаціцца еўрамі. Рэшту дадуць у злотых. Але пералічваюць іх па такім курсе!»

Яшчэ адзін момант, які здзіўляе дзяўчыну не меней, чым курс у мясцовых крамах, — моўнае пытанне. За палову года Жэня сустрэла толькі аднаго чалавека, які размаўляў на «мяшанцы». Гэта быў хлопец— паляк па паходжанні, які з нараджэння жыве ў Германіі.

«Думала, тут усе размаўляюць на дзвюх мовах. Але не, — дзеліцца назіраннямі яна. — Увогуле, ад пастаяннага пераключэння паміж мовамі ў маёй галаве часам калапс, бо часам у дзень размаўляю на польскай, англійскай, нямецкай (у мяне пакуль A2), беларускай і рускай. Часам заходжу ў краму ў Франкфурце: Dzień dobry! Касірка глядзіць на мяне, і я такая: блін, Entschuldigung («Прабачце»). Мясцовыя на гэта рэагуюць нармальна, могуць пасмяяцца ці паставіцца з цікавасцю. Апошняе звычайна ловіш у хлопцаў, якія ў Германіі круцяць кебабы. Ім падабаецца польская. Яны яшчэ большыя паліглоты, чым мы ўсе разам узятыя. На базавым узроўні яны, можа, на дзесяці мовах размаўляюць».

У адрозненні ад іх Жэню розніца паміж дзвюма краінамі ўжо перастала здзіўляць. Беларуска да яе прызвычаілася.

Наперадзе ў яе яшчэ паўгода жыцця паміж краінамі. Пасля гэтага дзяўчына зноў вернецца на поўдзень Польшчы ў родны ўніверсітэт. Працягнуць праграму на трэці семестр, кажа, нельга.

«Але мне вельмі падабаецца такі досвед: стамілася ад Польшчы — іду ў Германію, ці наадварот. Гэта пашырае свабоду дзеянняў, — разважае яна. — Хоць з немцамі я больш размаўляла, па менталітэце яны мне бліжэйшыя. У іх мультыкультурнай супольнасці адчуваю сябе лягчэй. Ды і ўвогуле ў мяне цяпер вельмі разнастайнае кола камунікацыі, у ім людзі з усіх кантынентаў».

Каментары7

  • Адзін з двух
    17.10.2026
    жыве ў адной краіне, але кожны дзень ходзіць на пары ў іншую
    +++
    Розніца паміж словамі «другі» і «іншы» у беларускай мове заключаецца ў іх значэнні і кантэксце выкарыстання. Іх часта блытаюць, бо ў некаторых выпадках яны могуць быць сінонімамі, але паміж імі ёсць выразная мяжа.
    Вось асноўныя адрозненні:

    1. Другі (парадкавы лічэбнік або займеннік)

    Гэта слова выкарыстоўваецца, калі гаворка ідзе пра паслядоўнасць, чаргу або выбар з дзвюх зменных.
    • Парадак пры лічэнні: Ідзе пасля першага.
    • Прыклад: Я жыву на другім паверсе. Гэта ўжо другі кубак кавы за сёння.
    • Адзін з двух (палова пары): Калі прадметаў усяго два.
    • Прыклад: У адной руцэ быў сумка, а ў другой — парасон.
    • Паўтарэнне, наступны падобны:
    • Прыклад: Ён спадзяваўся на другі шанец.
  • Тамаш
    17.10.2026
    Аб чым гэты артыкул? Што тут такого, што набліжае свабоду у Беларусі? Дзяўчына багатых бацькоў, якія працуюць у прыкарытным бізнэсе? Дзяўчына, якая не мае вайсковай павінасці, і можа лёгка вандраваць? Дзяўчына, што вучыцца на факульцеце, куды нават афрыкацы не ідуць вучыцца, бо няма перспектыаы працы, асабліва для іншаземцаў.
  • Gleb
    17.10.2026
    Tamaš, а дзе ў гэтым тэксце напісана на якой факультэце навучаецца дзяўчына? Не магу знайсці.

Цяпер чытаюць

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў3

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў

Усе навіны →
Усе навіны

У суботу па ўсёй Францыі пракаціліся масавыя пратэсты4

Крышціяну Раналду пачне выпускаць мінералку

«Дзякуй за ўсё, Ліндсі!» Зяленскі ўспомніў добрым словам памерлага амерыканскага сенатара3

Еўрапейскія краіны адпрацуюць на вучэннях перакіданне міратворчых сіл ва Украіну1

Назвалі рэальны тэрмін будаўніцтва ў Беларусі другой АЭС5

Рэчыцкая пенсіянерка завяла раман з акцёрам Меншыкавым і ўляцела на 3 тысячы рублёў. Добра, што больш не мела12

Камандуючы НАТА не гаварыў пра ўдары па Беларусі ў выпадку нападу Расіі з яе тэрыторыі. Гэта агучвалася ў ранейшай стратэгіі15

Што зменіцца для беларусаў пасля падпісання новага міграцыйнага пагаднення з Расіяй2

10 000 км за тры тыдні. Беларусы адправіліся ў Турцыю на аўто: што ўбачылі і колькі патрацілі?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў3

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць