Бразілец прадаў усю маёмасць і праехаў 2000 кіламетраў дзеля жанчыны. Але яго чакала жорсткае расчараванне
Бландзінка Жэсіка Алівейра з фермы так зачаравала мужчыну, што той не адчуў падвоху.

49‑гадовы будаўнік Эдымар Марцінс з Бразіліі так закахаўся ў жанчыну, якая была згенераваная штучным інтэлектам, што прадаў усё, што меў, каб пераехаць да яе.
Эдымар расказаў бразільскаму тэлебачанню TV Mirante, што з 2020 года сачыў у сацсетках за профілем бландзінкі Жэсікі Алівейра і лічыў яе сапраўднай. Ён прадаў усю маёмасць, каб аплаціць дарогу да яе,— паміж горадам Імператрыс, дзе жыў мужчына, і Белу-Арызонці больш за 2000 км.
У профілі Жэсікі было больш за 300 тысяч падпісчыкаў. Яна называла сябе разведзенай, шукала мужчыну для жыцця на ферме і абяцала яму фінансавую дапамогу. Профіль таксама рэкламаваў інтэрнэт-краму.
Эдымар не адчуў разводу, бо грошай у яго ніколі не прасілі, наадварот, профіль нават прапаноўваў аплаціць паездку.
Праўда раскрылася, калі ў Белу-Арызонці мужчына так і не змог знайсці каханую і пайшоў на мясцовае радыё. Там яму сказалі, што гэта фэйк, а відэа зробленыя ШІ.
Эдымару дапамагалі мясцовыя жыхары, а мэрыя Белу-Арызонці дала ежу, начлег і білет у Аўгусцінопаліс, дзе ён нарадзіўся. Цяпер ён жыве ў сваякоў у Імператрысе. Але кажа, што не шкадуе і хоча зноў паехаць шукаць каханне.
Каментары