Мова5757

Алег Трусаў: Лупіце на трасянцы!

Алег Трусаў нястомна ўзначальвае Таварыства беларускай мовы ўжо 13 гадоў. У гэтым чалавеку спалучаецца цвёрды характар і вера ў тое, што немагчымага няма.

«Наша Ніва»: Што рабіць, каб упусціць мову ў сваё жыццё?

Алег Трусаў: Размаўляць 25 гадзін у суткі па-беларуску. Трэба спаць і бачыць беларускамоўныя сны. І ўсё будзе добра.

«НН»: А якім быў Ваш шлях да беларускай мовы?

АТ: Няпросты. Нарадзіўся я ў Амсціславе на мяжы з Расіяй, бацька ў мяне з Расіі, нацыянальнасць у мяне запісана рускі, бо маці мая, хоць і з беларускай шляхты, але нарадзілася ў Чалябінску.

Першым штуршком была мая настаўніца беларускай мовы.
Яна стварыла ў школе тэатр, дзе мы ставілі «Пінскую шляхту», чытаў я са сцэны вершы па-нямецку і па-беларуску, так паціху далучыўся да беларускай мовы.
Ну і, канечне, вялікі ўплыў на мяне зрабіў Якуб Колас, бо ў 8-м класе дзяўчаты на дзень чырвонага войска падарылі мне «Новую зямлю».
Я хварэў, не было чаго рабіць, і пасля таго, як я свядома прачытаў гэты твор, нешта змянілася.

«НН»: Цяжка было перайсці на беларускую мову ў савецкі час?

АТ: Вядома. Маглі «плюнуць у твар», маглі абразіць.

Мая бабуля, якая вучылася з Аркадзем Куляшовым, аднойчы заплакала і сказала: «Унучак, што ты робіш? Цябе за гэтую мову заб’юць!» Яны памяталі 1930-я гады. Большая частка людзей чаму не размаўляе? Бо ў іх сядзіць генетычны страх.

«НН»: У якіх традыцыях Вас выхоўвалі?

АТ: Калі мне было 4 гады, то бацькі развяліся, мяне пачала гадаваць бабуля, але яна заўсёды была на працы, таму гадавала мяне прабабуля, так што я чалавек ХІХ стагоддзя і вельмі рады,

што мяне выхавалі ў старых шляхецкіх традыцыях, як гараджаніна, навучылі паважаць сябе. Вучыўся на выдатна, школу скончыў з залатым медалём, універсітэт з ленінскай стыпендыяй, аспірантуру на выдатна, абараніў кандыдацкую дысертацыю ў найлепшай доктарскай радзе Савецкага Саюза «па блату».
Бо вельмі добрая дысертацыя была.

«НН»: Што б Вы параілі тым людзям, якія вырашылі пераходзіць на беларускую мову, але вагаюцца?

АТ: Па-першае, нельга вагацца.

Я ж выкладчык, дацэнт і сваім студэнтам кажу: «Лупіце на трасянцы!» Адразу немагчыма добра гаварыць. З цягам часу вы гэтыя словы заменіце на беларускія.
Па-другое, заўжды перад сном хвілін 40 чытайце на беларускай мове, слухайце беларускую музыку. І тады мозг будзе ўсю ноч думаць па-беларуску.

Беларуская мова робіць чалавека мацнейшым. Наша мова багацейшая за расейскую. Беларускі слоўнік Піскунова ў два разы большы, чым самы вялікі слоўнік расейскай мовы.

«НН»: А вось як паводзіць сябе, калі пачынаюць кпіць з беларускай мовы?

АТ: Трэба заўсёды адказваць жартам і ніколі не крыўдзіцца. На кожную кпіну ёсць вельмі добры жарт. Калі пытаюцца, ці з БНФа ты ці яшчэ адкуль, трэба адказаць: «Я з бронзавага веку». Хай гэты чалавек чэша патыліцу.

«НН»: З чаго звычайна складаецца Ваш дзень?

АТ: З працы. Але перыядычна мяняю від дзейнасці, бо мне неабходна папрацаваць фізічна. Ці дровы пасекчы, ці снег пачысціць. Я не люблю спорту, лепш 5-6 складаных калодак раскалю.

«НН»: Чым стала для Вас ТБМ за час яго існавання?

АТ:

ТБМ займае траціну майго дня, а тое і палову. Часта прыходзіцца працаваць у суботы, прыходзіць у нядзелю, калі тут нікога няма.
Гэтая праца цалкам бясплатная і валанцёрская, грошы, як і ўсе іншыя, зарабляю ў іншых месцах. Я зараблю грошы заўсёды тымі спосабамі, якія мне цікавыя. Калі нецікава і грошы вялікія, я працаваць не буду. Некалькі тысяч даляраў на чорны дзень я маю, а больш і не трэба. Нельга рабіць з грошай культу. Калі б я не займаўся навукай, то даўно б быў мільянерам. Я ўмею прыцягваць грошы, мяне прабабка навучыла.

«НН»: Вось Вы ўзначальваеце ТБМ 13 гадоў, не стаміліся?

АТ: Стомленасць, канечне ж, ёсць. Але самае галоўнае тое, што няма ахвотных забраць гэтую справу. Я б без пытанняў аддаў, але такіх няма. Я кажу звычайна,

калі вы хочаце заняць маё месца, то павінны кожны месяц знайсці 10 мільёнаў. Вось калі знойдзеце такую суму, я вам аддаю пячатку і ўсё.
Тут жадаючыя знікаюць. Мала быць проста валанцёрам, ты яшчэ павінен быць фінансавым менеджарам.

«НН»: Неаднаразова сутыкалася з меркаваннем, што ТБМ не паспявае за сучаснымі тэндэнцыямі і выклікамі сёняшняга часу.

АТ:

Яны проста брэшуць. Калі нехта так кажа, то хай яны прыйдуць і ўступяць у ТБМ і пакажуць, як трэба рабіць.
Прыходзяць такія, месяц папрацуюць і сыхо-дзяць. Усе могуць пацяўкаць і казаць, дзе і што кепска, а прыйсці і зрабіць — не кожны можа. Самому прыходзіцца пісаць на сайт, падпісваць «наш карэспандэнт», каб прозвішча шмат не мільгала.

«НН»: Шмат звяртаюцца з прапановамі ці па дапамогу?

АТ: Вельмі шмат. Але я кажу: ты гэта прапаноўваеш — ты гэта і зрабі, а я потым пагляджу на цябе ці сур’ёзны ты чалавек. З 10 чалавек другі раз прыходзіць толькі чалавекі 2-3. Па дапамогу звяртаюцца шмат. Пытаюць, як дабіцца садка беларускамоўнага, як вывучыць беларускую мову, пытаюць пра курсы і вельмі дзівяцца, што яны бясплатныя. Грошы мы не бяром, толькі ахвяраванні. Мы спіс ахвярадаўцаў друкуем у газеце «Наша слова», але толькі калі чалавек хоча, бо, напрыклад, прадпрымальнікі не хочуць, каб іх афішавалі. Яны нам моцна дапамагаюць.

«НН»: А ціск ёсць?

АТ:

Бывае ціск з боку вышэйшай улады, бывае — мясцовая перашкаджае. І агенты прыходзілі, і выбухоўку шукалі, рознае было. Але мы адзіная арганізацыя, якую ўлада ведае і з якой лічыцца.
Любіць — не любяць, а паважаць — паважаюць. Бо менавіта ТБМ перапісваецца з міністрамі. Мы гэтую перапіску не хаваем, а друкуем у «Нашым слове». І мы адзіныя, хто віншуе з прызначэннем усіх чыноўнікаў. Вось прызначылі Святлова, а на заўтра я яму ліст і цытату Лукашэнкі, як трэба беларускую мову любіць. Такіх цытат у мяне штук дзесяць.
Прызначылі новага кіраўніка КДБ, а я яму адразу — каляндарык з Каліноўскім і віншаванні.
Там таксама розныя людзі ёсць. Наша задача — не давесці нацыю да расколу, не давесці яе да грамадзянскай вайны. Таму я вельмі асуджаю нашых ультрадэмакратаў, якія тут з рэжымам ваююць.
Рэжым, дзякуй Богу, не расейскі, не кітайскі, не польскі, а свой, таму яго можна любіць, можна не любіць, але нельга давесці да нейкіх стрэлаў.

«НН»: Як не апусціць рукі ў нашых умовах?

АТ: Апускаюць рукі толькі гультаі. Пісаць, чытаць, раз-маўляць, маляваць, што Бог даў, тым і карыстацца. Для мяне самае вялікае шчасце — гэта быць здаровым і працаваць.

«НН»: Падзяліцеся, калі ласка, тымі правіламі і запаветамі, якімі карыстаецеся ў жыцці?

АТ:

Першае — вера ў Бога. Гэта самае галоўнае. Другое — павага да старэйшых. І трэцяе — павага ўвогуле да ўсіх людзей.
Лепш за 10 прыказанняў ніхто не прыдумаў. І яшчэ трэба любіць і паважаць сябе. Бо хто не любіць сябе, той ніколі не будзе паважаць іншых.

***

Алег Трусаў нарадзіўся ў 1954 у Амсціславе. Археолаг і грамадскі дзеяч. Кандыдат гістарычных навук (1981). Старшыня Таварыства беларускай мовы імя

Ф. Скарыны (ТБМ). Дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага ўніверсітэта культуры. Жанаты, мае дачку.

Каментары57

Цяпер чытаюць

Беларускую мову на ЦТ выбірае ўсё меншая доля выпускнікоў школ. Калі 20 гадоў таму яе здавала амаль палова, цяпер — толькі кожны шосты7

Беларускую мову на ЦТ выбірае ўсё меншая доля выпускнікоў школ. Калі 20 гадоў таму яе здавала амаль палова, цяпер — толькі кожны шосты

Усе навіны →
Усе навіны

Украінцы заявілі пра знішчэнне чыгуначнага моста цераз Паўночна-Крымскі канал4

У Тэхасе пасля аварыі грузавіка, які перавозіў вуллі, на свабоду вырваліся два мільёны пчол1

Доктар расказаў, хто ў Беларусі хварэе на адзёр

Былая палітзняволеная Карына Праташчык, якая зацяжарала яшчэ ў калоніі, нарадзіла ў Германіі сына2

Ад заўтра трошкі даражэе бензін8

Пуцін заявіў, што УСУ б’юць па Расіі, каб раскачаць грамадства24

Лаўроў заявіў, што Расія гатова аднавіць перамовы з Украінай7

Чаму ў некаторых мужчын пасля 50 гадоў пеніс можа стаць карацейшым на пяць сантыметраў12

У Гомелі мужчына збіў 86‑гадовага дзеда, каб адчуць «задавальненне ад чужых пакут»3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускую мову на ЦТ выбірае ўсё меншая доля выпускнікоў школ. Калі 20 гадоў таму яе здавала амаль палова, цяпер — толькі кожны шосты7

Беларускую мову на ЦТ выбірае ўсё меншая доля выпускнікоў школ. Калі 20 гадоў таму яе здавала амаль палова, цяпер — толькі кожны шосты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць