Габрэіца: выявілася, па-беларуску пісалі і чацвёртым алфавітам, і ім карысталіся чарнакніжнікі
Аказваецца, акрамя звыклых нам кірыліцы і лацінкі, а таксама арабіцы, якой пісалі па-беларуску нашы татары, існаваў яшчэ адзін, зусім невядомы, але ад таго яшчэ больш цікавы графічны варыянт — яўрэйскі алфавіт.

Традыцыя запісваць славянскія словы яўрэйскім пісьмом сягае глыбокай даўніны. Яшчэ ў Сярэднявеччы яўрэйскія перапісчыкі і рэдактары рэлігійных тэкстаў рабілі пазнакі (глосы) на мясцовых мовах, каб патлумачыць тыя ці іншыя незразумелыя тэрміны. Гэта былі так званыя «кенаанскія» глосы, якія адлюстроўвалі размоўную мову тагачаснага яўрэйскага насельніцтва славянскіх зямель.
Адзін з найбольш вядомых ранніх прыкладаў выкарыстання яўрэйскага пісьма на Русі — гэта знакаміты «Кіеўскі ліст» Х стагоддзя, знойдзены ў Каірскай генізе, дзе ўпершыню згадваецца назва Кіева, хоць і не па-славянску, а на іўрыце.
Кенаанскія глосы адносяцца пераважна да чэшскіх і іншых заходне– і паўднёваславянскіх зямель, а выкарыстанне яўрэйскага пісьма для запісу менавіта беларускіх тэкстаў доўгі час заставалася малавывучанай тэмай.
Як заўважалі даследчыкі беларускай мовы, яўрэйскіх матэрыялаў для даследавання яе вобмаль, асабліва ў параўнанні з багатай спадчынай беларускіх кітабаў, напісаных арабскай вяззю.
Чарнакніжныя адкрыцці ў калекцыі Уільяма Гроса
Новае святло на гэтую праблему пралілі нядаўнія знаходкі.
Даследчык і пісьменнік Ёэль Мацвееў звярнуў увагу на цікавыя рукапісы з прыватнай калекцыі Уільяма Гроса (Тэль-Авіў), лічбавыя копіі якіх даступныя ў Нацыянальнай бібліятэцы Ізраіля.
Гэтыя дакументы, якія папярэдне датуюцца XIX стагоддзем, з’яўляюцца зборнікамі кароткіх магічных тэкстаў, замоў і замоўных формул.
Што робіць гэтыя рукапісы ўнікальнымі? Сярод тэкстаў, напісаных яўрэйскім курсівам, сустракаюцца цэлыя старонкі і разгорнутыя фрагменты на беларускай мове! Беларускі перакладчык Сяргей Шупа прыводзіць некалькі такіх тэкстаў:
«У чыстым полі стаіць залатая хвоя, а на той хвоі залатое крэсла, на тым крэсле сядзіць залатая панна, як той панне сонца міла і люба, і так калі …»
«… адзін залаты, а другі срэбраны, а трэці што зуб вывалакае, а ў чыстым полі стаіць залатая груша, на той грушы залатое гняздзечка, у тым гняздзечку змяя-царыца просіць вас усіх: і палявых, і махавых, і лесавых, і балатавых, і баравых, і …»
Гэты тэкст, нягледзячы на некаторыя фанетычныя і граматычныя асаблівасці (напрыклад, блытаніну ў склонах), без сумневу, з'яўляецца беларускамоўнай замовай. Пры тым можна нават адшукаць у фальклорных матэрыялах, якіх канкрэтна замоў.
У томе «Замовы» з кніжнай серыі «Беларуская народная творчасць» можна адшукаць замовы ад змеяў і іхніх укусаў:
«На залатым полі стаяла залатая грушка, на залатой ігрушцы залатое гняздзейка, а ў том гняздзейку цар з царыцай словы прамаўлялі, пухліну замаўлялі ад усякага гада — ад чорнага, ад рабага, ад белага».
«Есць на моры, на кіяні выспа, на той выспі стаіць дуб курганаваты, бурганаваты. У том дубі залатое гняздо; у том гняздзе ляжыць змяя, усім змяям царыца. Прашу ж я цябе, змяя-змяіца, усіх змей царыца, унімай жа ты ўсіх сваіх змей-шкурапей, і змей-змеянят, і яшчар-яшчаранят — і балотных, і падкалодных, і лесавых і махавых, і куставых, і палявых і падмежных, і падпешных, і пунявых, і гнаявых. Унімай жа іх, і к етай бурай карові-бадзяцы прыганяй, і з двашэрснай шарсьціны жала вымай, і яд выняй, і раны етыя зажыўляй, і на помач давай. Не ўпрашу ж я цябе, ня будзеш ты ўсіх змей сваіх шкурапей унімаць, і змей-змеянят к етай карові прыганяць, і жала вынімаць, і яд выганяць, і раны зжыўляць, на помач ёй даваць — упрашу святога Міхайлу-архангала. Святы Міхайла сыйдзець з неба на зямлю з сваёю залатою меччу і цябе, змяя-змяіца, сваёю меччу пасячэць і парубіць, і Кузьме-Дзям'яну ў залатую кузню аддасць. Кузьма сваё жэзла распякаець і табе зубы, губы і жала запякаець, і ва векі вяком, амін».
Доўгі пералік змей — гэта не проста мастацкі прыём, а строгая формула, бо лічылася, што для нейтралізацыі яду неабходна назваць кожную без выключэння змяю паводле яе месцапражывання, іначай замова не спрацуе.
Як яўрэі карысталіся беларускай мовай
Знаходка гэтых тэкстаў выклікала дыскусію сярод даследчыкаў аб статусе беларускай мовы ў тагачасным яўрэйскім асяроддзі.
З аднаго боку, Сяргей Шупа адзначае, што ў адрозненне ад кітабаў беларускіх татараў, для якіх беларуская мова была мовай штодзённых зносін і рэлігійнай літаратуры, у гэтых яўрэйскіх рукапісах яна мае хутчэй функцыянальны характар. Гэта мова магіі, замоў, якія, магчыма, запазычваліся ў мясцовага насельніцтва разам з самімі абрадамі. Стандартнай сітуацыяй для яўрэяў таго часу была ідышска-іўрыцкая дыглосія, а беларуская мова, хоць і знаёмая, заставалася мовай «навакольнай».

З другога боку, Ёэль Мацвееў мяркуе, што сітуацыя магла быць больш складанай і глыбокай. Ён спасылаецца на сведчанні магілёўскага рабіна Меера Каца Ашкеназі (XVI ст.), паводле якіх многія беларускія яўрэі ў той час размаўлялі менавіта па-славянску, а не на ідышы.
Мацвееў малюе карціну складанага ўнутранага шматмоўя яўрэйскай грамады: для вывучэння Талмуда і Кабалы выкарыстоўвалася арамейская мова, для малітваў і сур'ёзных кніг — іўрыт (лашон-кодэш), у сям'і для побытавых размоў — ідыш, а вось з «навакольным светам» — славянская мова («райсіш»).
На думку Мацвеева, у невялікіх вёсках і на хутарах яўрэі маглі валодаць мясцовай славянскай мовай нават лепш, чым ідышам. Людзі ж, якія займаліся «кабалістычнымі справамі» і магіяй, знаходзіліся на памежжы паміж пісьмовай культурай штэтла і вуснай традыцыяй беларускай вёскі.
Такім чынам, выкарыстанне беларускай мовы ў магічных тэкстах — гэта не проста механічнае запазычанне, а сведчанне шчыльнага ўзаемадзеяння і веры ў асаблівую эфектыўнасць мясцовага слова ў сакральнай сферы, што пацвярджаецца і наяўнасцю славянскіх тэкстаў у хасідскіх нігунах.
Рукапісы з калекцыі Гроса — гэта яшчэ адзін доказ шматграннасці і ўзаемапранікнення культур на беларускіх землях. Яны не толькі пашыраюць нашыя веды пра гісторыю беларускай мовы і яе графічныя варыянты, але і адкрываюць новыя старонкі ў вывучэнні традыцыйнай культуры і побыту яўрэйскага насельніцтва Беларусі. Застаецца спадзявацца, што далейшыя даследаванні гэтых і, магчыма, іншых, пакуль не знойдзеных рукапісаў, дазволяць больш дакладна акрэсліць ролю і месца «габрэіцы» ў культурным ландшафце нашага краю.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
З пачатку 1990-х гг. у незалежных медыя, якія спрабавалі перайсці на альтэрнатыўны правапіс, масава пачалі выкарыстоўвацца формы габрэ́й (таксама згадваецца ў праекце альтэнатыўнай правапіснай нормы), габрэ́йка, габрэ́йскі, габрай, габрайка, габрайскі, гэбра́й, гэбра́йка, гэбра́йскі. Некаторыя з гэтых варыянтаў укладзены ў аўтарскія ці, як варыянты перакладу, у перакладныя слоўнікі, адзін устояны варыянт дагэтуль адсутнічае. Форма гэбрэі і вытворныя не выкарыстоўваюцца зусім.
З'яўленне форм габрэй і габрай пры грэч. hebrajos не былі належным чынам вытлумачаны з фанетычнага пункту гледжання.