З Масквы. Блог Алеся Чайчыца2424

Джуд Лоў як іміджмэйкер Беларусі

Кароткамэтражка з галівудзкім акторам у галоўнай ролі стварае вобраз Беларусі як краіны адважных і разумных людзей.

А вы ўжо бачылі кароткамэтражку зь Мікалаем Халезіным і Джудам Лоў?

Я лічу, што гэта выдатная і вельмі карысная для Беларусі рэч. Вы ўявіце сабе: галівудзкая зорка першае велічыні бясплатна ангажуецца на карысьць Беларусі, а фільм пра Беларусь вісіць на сайце Guardian, аднае з найбольш уплывовых брытанскіх газэтаў.

Якая іншая ўсходнеэўрапейская краіна, якая Летува ці Славаччына могуць такім ганарыцца?

Беларусь — адна з найбольш невядомых у сьвеце краінаў Эўропы. У адрозьненьне ад Расеі, Польшчы, Украіны, нават краінаў Балтыі,

Беларусь дагэтуль ня мае свайго месца ў сьвядомасьці тыповага заходніка, свайго месца ў заходняй культуры.

Большасьць людзей на Захадзе ня ведаюць і краіны такой, «Беларусь»: пра яе няма фільмаў, кнігаў; няма вядомых людзей, якія б асацыяваліся зь ёй (бо вядомыя за мяжою беларусы збольшага працягваюць асацыявацца з Расеяй або Польшчай).

Беларускай пасьляваеннай дыяспары, Радзе БНР, за дзесяцігодзьдзі асьветніцкай работы атрымалася закінуць хаця б саму думку пра незалежную Беларусь у галовы заходніх полісімэйкераў — але поле для працы засталося вельмі вялікае.

І праца гэтая лукашэнкаўскай уладай і лукашэнкаўскімі дыпляматамі робіцца вельмі дрэнна. Ад няздольнасьці, а часткова, можа, і наўмысьне, бо злачынцы любяць цемру і цішыню. Невядомасьць Беларусі — гэта адна з тых рэчай, якія рэжыму былі і застаюцца выгоднымі: калі пра Беларусь ня ведаюць, значыцца, і цікавасьці да яе праблемаў (то бок, да дыктатуры) меней.

Вы ўяўляеце сабе, які скрыгат зубоў стаіць у амбасадзе Беларусі ў Лёндане кожны раз, калі зьяўляецца такі ролік, ці калі Кевін Спэйсі пад бел-чырвона-белым сьцягам маршыруе пад будынкам брытанскага парлямэнта?

Размарозка адносінаў Лукашэнкі з Захадам — гэта калі Лукашэнка і ягоныя слугі пачынаюць зноў нягегла спрабаваць піярыць Беларусь як краіну, дзе нібыта робяць добрыя трактары і дзе нібыта добры інвэстыцыйны клімат. Якія палітвязьні? Якое махлярства на выбарах?

У 2009 ці 2010 годзе намаганьнямі лукашэнкаўскіх піаршчыкаў выйшаў цэлы разварот пра Беларусь у Financial Times — вядома, пра інвэстыцыйныя магчымасьці, а не пра перасьлед іншадумцаў. Рэжым потым зладзіў усім назіральнікам халодны душ у ноч зь 19 на 20 сьнежня 2010 года, калі былі жорстка зьбітыя і арыштаваныя сотні мірных дэманстрантаў. Дзяржава прадэманстравала, так бы мовіць, сапраўдную вартасьць свайго клапатліва стваранага перад гэтым дружалюбнага іміджа.

А вось такія ролікі, ды ўвогуле дзейнасьць Свабоднага тэатра, ствараюць на Захадзе вобраз Беларусі як краіны, дзе пануе дыктатура, але дзе ёсьць шмат адважных людзей, якія перад ёй не скараюцца. І гэты вобраз куды больш праўдзівы і куды больш прывабны, чым той, іншы, з трактарамі і «Белазамі».

Каментары24

Цяпер чытаюць

Зяленскі пра магчымыя перамовы ў Маскве: Гэта складана, там шмат украінскіх дронаў12

Зяленскі пра магчымыя перамовы ў Маскве: Гэта складана, там шмат украінскіх дронаў

Усе навіны →
Усе навіны

Літоўскія памежнікі пасадзілі адразу чатыры кантрабандныя дроны з Беларусі1

У Калінкавічах дарожнікі закідалі аўтамабіль бітумнай крошкай6

Гараць НПЗ у Саратаве і нафтахімічны завод у Ніжнякамску5

Аградроны на беларускіх палях: як беспілотнікі змяняюць сельскую гаспадарку3

У БДМУ прагназуюць конкурс сярод тых, хто паступае на мэтавыя месцы

ЗША зноў нанеслі маштабныя ўдары па Іране. Цэны на нафту тут жа падскочылі3

Вы мыеце гэтыя хатнія рэчы занадта рэдка3

Вынік апошняга матча за выхад у чвэрцьфінал мундыялю вырашыла серыя пенальці6

У Варшаве ўладальніца крамы паказала дызлайкі ўдзельнікам антыўкраінскага мітынгу. Пасля таго яе краму разграмілі33

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі пра магчымыя перамовы ў Маскве: Гэта складана, там шмат украінскіх дронаў12

Зяленскі пра магчымыя перамовы ў Маскве: Гэта складана, там шмат украінскіх дронаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць