Арабскія краіны разарвалі адносіны з Катарам, пачынаюць яго блакаду. Ці будзе вайна і што будзе з цэнамі на нафту?
Адносіны разарвалі шэсць краін: ААЭ, Бахрэйн, Егіпет, Емен, Лівія, Саудаўская Аравія.

Раніцай у панядзелак Бахрэйн разарваў дыпламатычныя сувязі з Катарам, абвінаваціўшы суседнюю дзяржаву ва ўмяшанні ў сваю ўнутраную палітыку. Пра гэта паведамляе Reuters.
Бахрэйн закрые транспартныя, марскія і паветраныя зносіны з Катарам на працягу 24-х гадзін, а грамадзянам гэтай краіны даецца 14 дзён на тое, каб пакінуць Бахрэйн. Акрамя таго, усім дыпламатам Катара даецца 48 гадзін на вяртанне на радзіму, адзначае Al Arabiya.
Катар таксама абвінавачваецца ў эскалацыі напружанасці ў СМІ і фінансаванні ўзброеных тэрарыстычных груповак, што можа пагражаць бяспецы Бахрэйна. У Манаме (сталіца Бахрэйна) такія дзеянні палічылі «грубым парушэннем міжнароднага права, не лічачыся з маральнымі каштоўнасцямі і прынцыпамі добрасуседства».
Услед за Бахрэйнам дыпламатычныя адносіны з Катарам разарвала і Саўдаўская Аравія, якая прыме сапраўды такія ж меры ў дачыненні да Катара, як і Бахрэйн. Да іх далучыўся Егіпет, а затым і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ), адзначае Reuters. Каір разрывае дыпламатычныя адносіны з Катарам, абвінаваціўшы краіну ў падтрымцы тэрарыстычных груповак. Егіпет закрывае свае парты і аэрапорты для транспарту Катара.
ААЭ абвінавацілі Катар у «падтрымцы і фінансаванні тэрарыстаў, экстрэмістаў і сектанцкіх арганізацый». Абу-Дабі закрывае шляхі зносінаў з Катарам і дае дыпламатам краіны 48 гадзін на вяртанне на радзіму.
Ісламская ваенная кааліцыя (у ёй знаходзяцца Егіпет, Бахрэйн, ААЭ і інш. краіны) пад кіраваннем Эр-Рыяда спыніла ўдзел Катара ў аперацыі супраць «Ісламскай дзяржавы», паведамляе Al Arabiya.
Катар абвінавацілі ў падтрымцы ІД і групоўкі «Аль-Каіда». У рэальнасці Катар найбольш падтрымлівае не гэтых адкрытых тэрарыстаў, а «Братоў-мусульман», якія выступаюць за ліквідацыю абсалютных манархій у рэгіёне.
Галоўная ў антыкатарскай кааліцыі — Саудаўская Аравія. Егіпет залежыць ад яе фінансава, а Бахрэйн — у вайсковым плане.
Супярэчнасці між Саудаўскай Аравіяй і Катарам выкліканыя самастойнай палітыкай апошняга. Катар мае вялікія грошы як буйны пастаўшчык газу. І ў сілу перакананняў свайго «асвечанага» манарха падтрымлівае прадэмакратычныя рухі і ўмераных ісламістаў у розных краінах ісламскага свету. Акрамя таго, Катар выступае за прымірэнне, а не канфлікт з Іранам. Кансерватыўная, традыцыяналісцкая вярхоўка Саудаўскай Аравіі бачыць ва ўсім гэтым пагрозу.
Катар — малюпасенькая па плошчы дзяржава, у 18 разоў меншая за Беларусь. Яе насельніцтва складае 2,6 млн. Для параўнання: насельніцтва Саудаўскай Аравіі — 33 млн. Але дзякуючы агромністым запасам нафты й газу, Катар мае найбольшы ВУП на душу насельніцтва ў свеце.
Пакуль цяжка прадказаць, ці выльецца канфлікт у вайну. Любыя ваенныя дзеянні прывядуць да скачка цэн на нафту. У той жа час канфлікт без вайны, наадварот, найхутчэй прывядзе да росту паставак нафты на рынак і падзення цэн на яе, бо Эр-Рыяду і Тэгерану цяжэй будзе дамовіцца.
Каментары