Беларусь абыдуць з флангу
Мінск, канечне, можа трохі пагрэць рукі на газавай вайне Расіі з Украінай. Але хіба што зусім трохі. А праз некалькі год металу ў голасе Крамля заўважна паболее.
Мінск, канечне, можа трохі пагрэць рукі на газавай вайне Расіі з Украінай. Але хіба што зусім трохі.
Зразумела, ваяваць на два франты «Газпрому» (чытай: Крамлю) было б недарэчы. Таму Беларусі, здаецца, даюць адносна лагодную, палітычную цану на газ у 2009 годзе. «Здаецца» — бо адпаведная папера не падпісаная. І пра «боскую цану» мы можам меркаваць толькі са слоў Аляксандра Лукашэнкі пасля снежаньскай сустрэчы з Мядзведзевым.
Выглядае на тое, што Масква хоча спачатку даціснуць беларускае начальства ў шэрагу важных для яе пытанняў, а потым ужо канчаткова вызначыцца з цаной. Карацей, раніцай — саступкі, увечары — газ.
Саступкі могуць быць такія: Беларусь падпісвае дамову пра адзіную сістэму супрацьпаветранай абароны, эканамічны мемарандум (змест яго не надта афішуецца, але ў агульных рысах гаворка ідзе пра зручнейшыя ўмовы для расійскіх капіталаў, тавараў ды іхнага рубля на нашай тэрыторыі).
Што да прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, то тут Мінск па-майстэрску цягнуў рызіну і тэхнічна адкінуў пытанне як мінімум да красавіка, калі пачнецца новая парламенцкая сесія. Але і ў гэтым пытанні будуць даціскаць, пра што сведчыць свежая заява Сяргея Шамбы, міністра замежных спраў Абхазіі. Ён лічыць, што наступнай такі крок зробіць менавіта Беларусь.
Прызнанне ж мяцежных грузінскіх тэрыторый самастойнымі дзяржавамі хай сабе і не тарпедуе, але можа азмрочыць працэс нармалізацыі дачыненняў Мінска з Захадам.
Такім чынам адносна танны газ абернецца выдаткамі на заходнім кірунку.
Вайна з Украінай змусіла «Газпром» павялічыць транзіт праз Беларусь. Аж на 26 мільёнаў кубоў за суткі, як пыхліва адзначаюць дзяржаўныя СМІ. Аднак яны змоўчваюць, што з гэтага аб’ёму 20 мільёнаў расійцы пампуюць праз сваю ж нітку Ямал — Еўропа. Ну а «Белтрансгаз» калі і заробіць нешта на дадатковым транзіце, дык гэта каціныя слёзы.
Звыш таго, на думку мінскага палітолага Андрэя Фёдарава, калі айчынныя ўлады надта будуць шчыраваць у сэнсе прапановы сваіх паслуг на фоне газавай вайны з Украінай, то наша паўднёвая суседка «можа пакрыўдзіцца, што мы карыстаемся з яе цяжкага становішча». Вось вам і яшчэ адзін магчымы палітычны мінус.
А галоўнае — транзітныя козыры ў беларускага начальства неўзабаве выб’юць.
Зараз і ў Маскве, і ў Еўропе ў адзін голас кажуць: чарговая газавая вайна лішні раз паказала, як важна найхутчэй пракласці дзве трубы па марскім дне: «Паўночны паток» цераз Балтыку ды «Паўднёвы паток» цераз Чорнае мора.
Былы германскі канцлер, а цяпер кіраўнік камітэта акцыянераў аператара праекта Nord Stream AG Герхард Шродэр абяцае Пуціну, што «Паўночны паток» запусцяць да кастрычніка 2011 года. Дарэчы, некаторыя аналітыкі выказваюць нават такую думку:
Расіі па-свойму выгадны цяперашні канфлікт з Украінай, бо гэта дапаможа выбіць з ЕС грошы на новы газаправод.
Між тым Аляксандр Лукашэнка некалі назваў «Паўночны паток» самым дурным праектам у гісторыі Расіі. У свой час Беларусь актыўна піярыла ў якасці болей таннага ды бяспечнага варыянта (Балтыка ж нашпігаваная мінамі другой сусветнай вайны) пракладку другой ніткі Ямал — Еўропа цераз сваю тэрыторыю.
Цяпер гэтыя рэкламныя прапановы аціхлі. Стала зразумела, што ў Масквы цвёрды намер абагнуць трубамі абодвух праблемных транзіцёраў — як Украіну, так і Беларусь. Бо з апошняй таксама былі ўжо красамоўныя нафтагазавыя абвастрэнні, калі Мінск і шалёнае мыта на транзіт нафты ўводзіў, і пагражаў выставіць астранамічныя рахункі за вайсковыя паслугі…
Такіх сюрпрызаў расійская кіроўная эліта не хоча. Таму, звыш двух газаправодаў, вырашылі пабудаваць яшчэ і нафтаправод БТС-2 у абыход Беларусі. Паказальна, што Пуцін падпісаў адпаведнае рашэнне 1 снежня летась: менавіта ў той дзень, калі скандальна сарваўся саміт Лукашэнка — Мядзведзеў. То бок,
кожны новы канфлікт толькі ўмацоўвае стратэгічную лінію Расіі на тое, каб максімальна аслабіць залежнасць ад беларускага транзіту.
Праз некалькі гадоў, калі расійскія нафта і газ пойдуць у Еўропу па новых трубаправодах, танальнасць размовы з Мінскам можа значна змяніцца, металу ў голасе Крамля заўважна паболее. Плюс надыдзе час ўступлення ў сілу дамовы пра еўрапейскую цану на газ для нашай краіны (кантракт Беларусі з «Газпромам», нагадаю, прадугледжвае паэтапны пераход на цалкам рынкавыя цэны да 2011 года).
І гэтая перпектыва аб’ектыўна падштурхоўвае Беларусь да нармалізацыі дачыненняў з Захадам. Бо выпрошванне ў Масквы зніжак не дае вялікага выйгрышу, а разам з тым яшчэ мацней прывязвае да яе.
Фактычна мы з Еўропай у адной лодцы перад тварам пагрозы з боку «энергетычнай імперыі».
Бяда ж у тым, што выпрошваць у Масквы — болей звыклая схема для айчыннага начальства. І гэты вір засмоктвае.
Каментары