Гісторыя2323

«Перадсмяротны запавет Каліноўскага перакрэслівае ўсе спробы сшальмаваць яго». Грунтоўны артыкул гісторыка

Піша Васіль Герасімчык.

«Бітва за Каліноўскага», пра якую беларускі гісторык Генадзь Кісялёў казаў яшчэ ў 1959 годзе, цяпер выходзіць на новы ўзровень[1]. Але за мінулыя 155 гадоў пасля павешання 22 сакавіка 1864 года на Лукішскай плошчы ў Вільні «дыктатара Літвы і Беларусі»[2] ў гэтым плане ўжо нічога новага быць не можа. Мяняюцца толькі прозвішчы тых, каму муляе вочы постаць вялікага сына беларускага народа. Напрыклад, у 1928 годзе ім быў Самуіл Хаімавіч Агурскі, у 2019 стаў іншы гісторык. Але хто цяпер акрамя спецыялістаў ведае пра Агурскага? Ці пра тое, што праз зачэпку да Каліноўскага той выступіў супраць беларусізацыі ў БССР і так званых «буржуазных нацыяналістаў», у першую чаргу, прэзідэнта Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага, якога затым давялі да самагубства?[3] Гісторыкі сыходзяць, героі застаюцца.

У пачатку 2019 года на старонках «Настаўніцкай газеты»[4] з’явіўся тэкст, у якім яго аўтар абрынуўся на Кастуся Каліноўскага і паўстанне 1863—1864 гадоў. Гэта быў працяг той дыскусіі, якая разгарнулася вакол памылкі ў падручніку па «Рускай літаратуры» для 8-га класа. Дыскусія — гэта рухавік навукі. Але ў гэтым рэчышчы зусім не да месца адказ прэс-службы Міністэрства адукацыі, у якім зробленыя шматлікія памылкі і скажэнні, у тым ліку змяншэнне колькасці бітваў часоў паўстання ў 10 разоў [5].

На вялікі жаль, і тэкст, змешчаны ў «Настаўніцкай газеце» мае шэраг недакладнасцяў, у першую чаргу звязаных з успрыманнем працэсаў ХІХ стагоддзя. Іх можна было б зменшыць, каб член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі азнаёміўся з новым выданнем, падрыхтаваным Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук пад назваю «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці»[6]. Пра «спрошчаны падыход да складаных праблем і мноства элементарных памылак» у адносінах аўтара тэксту з «Настаўніцкай газеты», які да часу сваёй палітычнай дзейнасці спецыялізаваўся на археалагічным вывучэнні Магілёва і этнаканфесійных працэсах Х—ХVII стст., казаў яшчэ Генадзь Сагановіч[7]

Пакіну для больш дасведчаных гісторыкаў агульныя спрэчныя тэзы, у тым ліку выдаванне за факт таго, што Рэч Паспалітая ў эпоху Асветніцтва ішла ў плане нацыятварэння тым жа шляхам, што і Францыя, і павінна была стаць «нацыяй-дзяржавай». Заўважу толькі адвольнае трактаванне самых нацыятворчых працэсаў. У якасці іх ілюстравання аўтар тэксту, змешчанага ў «Настаўніцкай газеце», спасылаецца на «Катэхізіс літвіна», які, каб падвесці пад сваю «канцэпцыю», датуе пачаткам ХІХ ст. Аднак дакумент, як сведчыць гісторык Алена Філатава, паходзіць з 1830-х гадоў[8]. Магчыма, пры датаванні ў археалогіі культурных слаёў і можна пазначаць прамежак у тры дзесяцігоддзі, але ва ўмовах ХІХ стагоддзя для гісторыі як навуковай дысцыпліны — гэта, мякка кажучы, недакладнасць. Разбор іншых падобных момантаў тэксту з «Настаўніцкай газеты» вымагаў бы вялікай колькасці літар, пазначу толькі тое, што паўстанне 1863—1864 гадоў было нашмат складанейшым і ўплывовым у агульнаеўрапейскім кантэксце, чым мы сёння тое ацэньваем. Напрыклад, падтрымку яму выказвалі левыя арганізацыі па ўсёй Еўропе, у тым ліку рускія сацыял-дэмакраты і Карл Маркс. Кіраўнік паўстанцкімі ўзброенымі сіламі на тэрыторыі Гарадзеншчыны Валерый Урублеўскі, які быў паплечнікам Кастуся Каліноўскага і адным з аўтараў «Мужыцкай праўды», увогуле стаў ля вытокаў Інтэрнацыянала і генералам Парыжскай камуны ў 1871 годзе, за якую змагаліся 600 колішніх паўстанцаў. Галоўнае ж для нас тое, што менавіта ўдзельнікі паўстання і спачуваючыя яму напоўнілі «Беларусь» як ідэю новым сэнсам і запачаткавалі новую беларускую літаратуру. Але я спынюся на тым, што асабліва актуальна сёння.

Аўтар тэксту, змешчанага ў «Настаўніцкай газеце» не мае рацыі, калі кажа, што ніхто з сучаснікаў не называў Кастуся Каліноўскага беларускім героем. А як жа сакратар варшаўскага Нацыянальнага ўрада Ю. Яноўскі (1832—1914), які сказаў, што Каліноўскі быў «адным з найвышэйшых розумаў, якіх стварыла на свет Польшча ў той час, чалавекам, аддадзеным душой і целам ідэі вызвалення народа, праўдзівым апосталам беларускага народа, сапраўдным героем паўстання 1863 года»[9]. А як жа даволі папулярны для свайго часу расійскі літаратар Усевалад Крастоўскі, які ў рамане «Крывавы пуф» (1869—1874) пазначыў, што Каліноўскаму «справы няма да «Кароны», што Літва і Беларусь цалкам адмысловая і самастойная дзяржава»[10]? Прычым Крастоўскага ніяк нельга абвінаваціць у імкненні ператварэння Каліноўскага ў «беларускага незалежніка», а ён ведаў, пра што казаў, бо вучыўся на юрыдычным факультэце ў Пецярбургскім універсітэце адначасова з Каліноўскім і затым праходзіў службу ў родных мясцінах лідара паўстання ў Беларусі і Літве. Аднак аўтар тэксту з «Настаўніцкай газеты» ўсё роўна лічыць Каліноўскага «польскім пасланцам у Беларусі», беларускамоўныя творы для якога былі толькі «тактычным сродкам дзейнасці». Няўжо сюды ж адносіцца і верш да любай дзяўчыны, напісаны перад смерцю?

«Марыська чарнаброва, галубка мая,
Гдзе ж падзелася шчасце і ясна доля твая?
Усё прайшло, — прайшло, як бы не бывала,
Адна страшэнна горыч у грудзях застала…»[11]

Увогуле, перадсмяротны запавет Каліноўскага — «Лісты з-пад шыбеніцы», якія ў арыгінале называліся «Да люду беларускага», — гэта наймагутнейшы аргумент, які перакрэслівае ўсе спробы сшальмаваць імя героя. Гэта зварот да «мужыкоў Беларусаў», дзе Каліноўскі суадносіць сябе з гэтым народам і заклікае: «Прымі, народзе, па шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як з таго света толькі для дабра твайго напісана»[12]. Каліноўскі бачыў гэтае «дабро» ў адпаведнасці са сваім светаўспрыманнем і тым часам, у які жыў. Ён, зразумела, адрозніваецца ад сённяшняга, паколькі час змяніўся. Але ў гэтым асучасніванні галоўная крыніца непрымання Каліноўскага дзейнай уладай, аб чым спакойна заяўляе гісторык ад ідэалогіі, гаворачы пра «непротиворечивую концепцию белорусского государства». Гэта яскравае пацвярджэнне таго, як грэбуюць гістарычнай праўдай у адносінах Каліноўскага ды не толькі дзеля задавальнення палітычнай кан’юнктуры. Але калі перакласці сэнс словаў Кастуся Каліноўскага на сучаснае гучанне, выкарыстаўшы лексікон аднаго з інтэрв’ю на тэлеканале «Беларусь 1», то варта сказаць: Каліноўскі выступаў з пазіцый захавання традыцыйных каштоўнасцяў свайго народа, імкнуўся не дапусціць яго «перапрашыўкі» і фактычна стварыў аналаг «Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі».

Адзін гісторык апелюе, што Каліноўскі не можа быць героем у краіне, у якой 80% насельніцтва — праваслаўныя. А я скажу, што Каліноўскі павінен быць героем у краіне, дзе 80% — беларусы, незалежна ад рэлігійных перакананняў.

Каліноўскі нарадзіўся, калі значная частка насельніцтва была ўніяты. Тры яго родныя браты таксама былі ахрышчаныя па ўніяцкім абрадзе. Гісторык Святлана Марозава зазначала: «За час свайго існавання ўніяцкае веравызнанне істотна пацясніла пазіцыі традыцыйных рэлігій і к канцу XVIII ст. стала канфесійнай дамінантай, ахапіўшы ад 2/3 да 3/4 насельніцтва Беларусі. Уніяцкая царква сама пераўтварылася ў традыцыйны культавы інстытут»[13]. Шкада, што некаторыя пра тое забываюцца. Як і пра тое, што працытаваны ў тэксце з «Настаўніцкай газеты» польскі гісторык Рышард Радзік зазначыў: «Разам з ліквідацыяй уніі ў 1839 г. беларусы былі пазбаўлены таго грамадскага асяроддзя, якое стварала найбольшыя шансы для з’яўлення беларускага нацыянальнага руху»[14].

Як сапраўдны палітык, Кастусь Каліноўскі ў імкненні перамагчы царызм, які грунтаваўся на трох слупах — «праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць» — звяртаўся да спадчыны ўніяцтва, падобна таму, як палітык Аляксандр Лукашэнка, каб перамагчы на першых сваіх выбарах, апеляваў да спадчыны толькі што зніклага СССР і ўз’яднання з Расіяй. Але адна справа, калі з таго часу мінула 3 гады, і зусім іншая — калі прайшло 25.

Аднак дзіўна, калі ў свецкай дзяржаве намагаюцца ў аснову вызначэння нацыянальнай ідэнтыфікацыі яе жыхароў класці рэлігійны чыннік. Гэта проста грэбаванне існаваннем нашага народа на сумежжы і тым самым павелічэнне «лініі разлому».

У любым выпадку, як бы ні ставіўся асабіста аўтар тэксту ў «Настаўніцкай газеце» да Кастуся Каліноўскага, не яму вырашаць, каму быць сапраўдным героем для беларусаў, а каму — не. У Айчыннай гісторыі існуе цэлая традыцыя вывучэння постаці Каліноўскага, якую немагчыма перакрэсліць некалькімі заявамі. Тым больш, што імя Кастуся Каліноўскага ўжо ўпісана ў новую «Гісторыю беларускай дзяржаўнасці» як таго, хто разумеў, што Беларусь мае ўсе ўмовы для самастойнага развіцця[15]. Раю як настаўнікам, так і беларускім чыноўнікам звярнуцца да гэтага акадэмічнага выдання, каб адхінуць усе сумневы: «Ужо ў ходзе паўстання К. Каліноўскі дэклараваў ідэю пра палітычную суб’ектнасць Беларусі ў адносінах з Расіяй і Польшчай. Аб гэтым сведчыць і зварот-пароль паўстанцаў: «Каго любіш?, водгук — «люблю Беларусь!», далей: «Дык узаемна»[16]. Кастусь Каліноўскі названы таксама тым, хто сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю:

«У «Лістах з-пад шыбеніцы» К. Каліноўскі напоўніў сэнсам беларускую нацыянальную ідэю, якая нарадзілася ў полымі вызваленчага руху. Яго заклік змагацца «за свае чалавечае і народнае права, за сваю веру, за сваю зямлю родную» і стаў нацыянальнай ідэяй беларусаў ХІХ — пачатку ХХ ст.»[17].

Час паказаў, што патрэба ў Каліноўскім з’яўляецца ў найцяжэйшыя часіны нашай гісторыі, калі існаванню беларусаў пагражаюць. Тут каштоўнае кожнае імгненне. І пакуль чыноўнікі, у тым ліку і ідэолагі, марудзяць, занятыя чытаннем першых двух тамоў «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці» і чакаюць убачыць на ўласныя вочы ў акадэмічным выданні, што Каліноўскі — сапраўдны беларускі герой, усе спадзевы застаюцца толькі на грамадскую актыўнасць саміх беларусаў.

Можа таму нездарма менавіта цяпер у Вільні знойдзены парэшткі паўстанцаў, забітых у 1863—1864 гадах. Першы сярод іх — Кастусь Каліноўскі, які з’явіўся, быццам з таго свету, каб паглядзець, як мы, беларусы, выканалі яго запавет.

 [1] «Разгарніце кнігі — гэта нават не спрэчка пра Каліноўскага, гэта сапраўдная бітва за Каліноўскага». Кісялёў Генадзь, Новае пра Кастуся Каліноўскага // Полымя. — №7 — ліпень — 1959. — с. 139.

[2] Ратч В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т.1. Вильно, 1867. С. 233

[3] https://novychas.by/poviaz/samuil-ahurski-kravec-kamisar-historyk

[4] https://history.nn.by/?c=ar&i=223302

[5] https://dck8xvlq18iei.cloudfront.net/?c=ar&i=222386

[6] История белорусской государственности. В 5 томах. Т.2. Белорусская государственность в период Российской империи (конец XVIII — начало XX в.). Мн.: Беларуская навука, 2019. 413 с.

[7] Сагановіч Генадзь. Прывід нацыі ў імгле стэрэатыпаў // http://www.belhistory.eu/henadz-sahanovich-pryvid-nacyi-%D1%9E-imgle-stereatypa%D1%9E/

[8] http://www.belhistory.eu/alena-filatava-nacyyanalnae-pytanne-i-palityka-carskaga-%D1%9Eradu-%D1%9E-belarusi-kanec-xviii-pershaya-palova-xix-st/#ftn19

[9] Janowski J.K. Pamiętniki o powstaniu stycyniowem. 3 t. Lwów, 1923; Warszawa. 1925—1933.T. 2. S. 115

[10] Крестовский В. Кровавый Пуф. Хроника Нового Смутного времени Государства Российского. 4 т. СпБ., 1869—1874

[11] http://knihi.com/Kastus_Kalinouski/Maryska_carnabreva,_halubka_maja.html

[12] http://knihi.com/Kastus_Kalinouski/Pismy_z-pad_sybienicy.html

[13] Марозава С.В. «Сваёй веры ламаць не будзем…»: Супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780-1839 гады). Гродна, 2014. С. 3

[14] Цыт. паводле: http://www.belhistory.eu/radzik-ryszard-miedzy-zbiorowoscia-etniczna-a-wspolnota-narodowa-liya-salavej/

[15] История белорусской государственности. В 5 томах. Т.2. с. 223

[16] История белорусской государственности. В 5 томах. Т.2. с. 221.

[17] История белорусской государственности. В 5 томах. Т.2. с. 222.

Каментары23

Цяпер чытаюць

Аляксандру Лукашэнку цяжка далося ўскладанне вянкоў на Мамаевым кургане ВІДЭА12

Аляксандру Лукашэнку цяжка далося ўскладанне вянкоў на Мамаевым кургане ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

У Іспаніі і Партугаліі аднаўляюць падачу электраэнергіі і шукаюць прычыну маштабнага блэкаўту

Amazon пачала выводзіць на арбіту інтэрнэт-спадарожнікі — канкурэнты Starlink1

Макрон: Захад у найбліжэйшыя 8-10 дзён узмоцніць ціск на Расію3

У Іспаніі праз адсутнасць электрычнасці аб'явілі надзвычайнае становішча, сітуацыя застаецца складанай2

Загарэлася расійская нафтабаза пад Наварасійскам2

Памерла Наталля Раманская1

Беларускім топ-чыноўнікам у Валгаградзе раздалі каларадскія стужкі. Марзалюк застаўся з яблыневай ФОТЫ14

«Было падобна, што пачаўся паўнавартасны кантроль». Усіх, хто ехаў з Беларусі ў Расію і назад, правяралі вайскоўцы10

«Здарова, б*я». У сеціва трапіў дзіўны варыянт віншавальнага ВІДЭА акупацыйнага чыноўніка7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандру Лукашэнку цяжка далося ўскладанне вянкоў на Мамаевым кургане ВІДЭА12

Аляксандру Лукашэнку цяжка далося ўскладанне вянкоў на Мамаевым кургане ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць