Гісторыя1515

Беларускія камуністы пры СССР ганарыліся тым, што яны змагары. Пры Лукашэнку сэнс гэтага слова перакруцілі

Слова «змагар», якое з'явілася праз патрэбу ў новай тэрміналогіі пры камуністах, было аднолькава ўспрынята ўсімі палітычнымі лагерамі і насіла выключна пазітыўны сэнс. Змагарамі называлі выбітных савецкіх дзеячаў і пісьменнікаў, гэтае імя надавалі газетам, арцелям, калгасам і помнікам, але пры Лукашэнку яно стала інструментам дыскрэдытацыі нацыянальных сіл. 

Слова «змагар» мела выключна пазітыўны сэнс для беларускіх камуністаў

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі новыя палітычныя і ідэалагічныя рэаліі патрабавалі новай лексікі. Бальшавікі хацелі, каб кожны грамадзянін стаў актыўным «борцом» за камунізм, але як гэта сказаць па-беларуску, было незразумела. Былі словы біцца, змагацца і бароцца, але адпаведны гэтым словам і новым рэаліям назоўнік трэба было яшчэ прыдумаць.

Слова «змагар», відаць, было прыдуманае Вацлавам Ластоўскім, які быў вельмі прадуктыўным на ніве словастварэння ў 1920-я гады. Прынамсі адной з першых крыніц, дзе можна адшукаць гэтае слова, быў ягоны Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік, які быў выдадзены ў 1924 годзе і які быў раскрытыкаваны калегамі-мовазнаўцамі за змяшанне аўтарам беларускай мовы з уласнымі наватворамі.

«БОРЕЦ м. змагар, змаганьне; барацьбіт, дужбіт. Змагарна, пабедна, дасьцігаючы пабеду змаганьнем. Наперад, змагарна наперад да волі цярэбячы троп.» — пісаў Ластоўскі ў сваім слоўніку.

У Беларуска-расійскім слоўніку, складзеным у 1925 годзе Міколам Байковым і Сцяпанам Некрашэвічам, які сярод іншых жорстка крытыкаваў слоўнік Ластоўскага, слова «борец» было перакладзена як 'барацьбіт', 'змаганьнік', 'змагар'.

У 1934 годзе, ужо пасля таго, як Ластоўскі, Некрашэвіч і цвет беларускай навуковай інтэлігенцыі былі рэпрэсаваныя па сфальсіфікаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі», сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства Іван Шпілеўскі ў сваім нарысе пісаў, што нацдэмы паўводзілі замест агульнапрызнаных і інтэрнацыянальных сацыялістычных тэрмінаў наватворы: «пролетарыят» — 'бясхатнік, бабыль'; «коммунизм» — 'грамадзейства'; «пропагандист» — 'пашыршчык'; «революция» — 'пярозрынь' і г. д.

Усе гэтыя слоўцы, вядома, не перажылі 1920-я гады, калі былі прыдуманыя, каб закрыць лакуны без прамых запазычанняў з іншых моў, а вось змагар неяк застаўся па-за ўвагай і працягнуў актыўна пашырацца ў савецкай Беларусі.

Можа быць, яго не заўважылі таму, што выглядаў ён цалкам натуральна: паводле дзейнай у беларускай мове словаўтваральнай мадэлі, калі бралася аснова дзеяслова (або назоўніка) і дадаваўся суфікс -ар, як пісар, друкар, мысляр.

Нататка ў газеце «Звязда» за кастрычнік 1934 года пра арцель «Большэвіцкі змагар»

Так у канцы 1931 года газета «Голас селяніна», орган Ельскага райкама КП(б)Б і райсавета, змяніла назву на «Большэвіцкі змагар».

З канца 1930 года таксама выходзіў орган Бягомльскага райкама КП(б) Беларусі і выканкама, газета «Калгасны змагар», назва якой была зменена на «Савецкі патрыёт» толькі ў 1938 годзе.

У 1930—1935 гадах беларускія камуністы выдавалі для моладзі Заходняй Беларусі нелегальную газету «Малады змагар». 

Перадавіца бягомльскай раёнкі «Калгасны змагар» за 1936 год з партрэтам Сталіна

Мноства прыкладаў ужывання гэтага тэрміна і ў савецкай беларускай літаратуры:

«змагары супраць фашызму — партызаны»
«[Серго Арджанікідзэ] змагар за комуністычнае будучае народа»,
«[Якуб Колас] палымяны змагар за інтарэсы працоўнага люду»,
«Вялікі змагар за шчасце народаў [Колас пра Горкага]»,
«змагар за Савецкую ўладу»,
«змагар за роўнасць між людзьмі»,
«Змагар за народную справу»,
«змагар — камсамолец»,
«непахісны змагар за народную справу [Тарас Шаўчэнка]»,
«палымяны змагар за партыйнасць [Дзям'ян Бедны]»,
«свядомы грамадзянін, змагар за народныя правы [Настаўнік у разуменні Я. Коласа]»,
«нястомны змагар за мір і бяспеку народаў [Леанід Брэжнеў]»,
«Вялікі змагар… Заняў сваё месца Ў радах змагароў [Пятро Глебка пра Леніна]».

Ельская раёнка «Большэвіцкі змагар» за 1936 год

Як бачна, тэрмін «змагар» не меў негатыўнай канатацыі ў беларускіх камуністаў і за савецкім часам ужываўся выключна з станоўчым сэнсам. Змагаром мог быць той, хто змагаецца за нешта пазітыўнае. Адным і тым жа тэрмінам сябе называлі і камуністы, і нацыяналісты. 

Перадавіца бягомльскай раёнкі «Калгасны змагар» за 1935 год

Дарэчы, той самы Мікола Байкоў, які праходзіў па той жа справе, што Ластоўскі і Некрашэвіч, але пазбег фізічнай расправы, у час вайны працаваў у рэдакцыі акупацыйнага часопіса з назвай «Малады змагар», якая дакладна паўтарае назву даваеннай газеты беларускіх камуністаў. 

Гэты факт ніяк не сапсаваў рэпутацыю слова.

Пасля вайны з'яўляюцца калгасы з назвай «Змагар». Помнікі «змагарам за ўладу Саветаў» ставяцца ў 1967 годзе ў Бабруйску, у 1982 годзе — у цэнтры Магілёва (праўда, больш ён вядомы, як «Аксана, якая бяжыць з Лаўсана»).

Артыкул пра мемарыяльны комплекс «Змагарам за Савецкую ўладу» на Савецкай плошчы ў Магілёве, змешчаны ў Зборы помнікаў гiсторыi і культуры Беларусі (1986)

«Весці Акадэміі навук БССР: Серыя грамадскіх навук» за 1988 пісалі, разбіраючы пару «змагар — змаганец», што стылістычна абодва словы нейтральныя, але лексема змагар больш уласціва сучаснаму ўжыванню.

«Змагар — слова, якое цягам усяго ХХ стагодзьдзя лунае ў беларускім паветры і не знаходзіць сабе прытулку. Мы дапасоўваем яго да розных прозьвішчаў, ставім яго побач з сапраўднымі патрыётамі, але, як толькі наважваемся перанесьці гэта на паперу, змагар зьнікае. Іншая справа — множны лік: змагары», — пісаў у «Слоўніку Свабоды» беларускі бард Сяржук Сокалаў-Воюш. 

І сапраўды, рэжым Аляксандра Лукашэнкі ператварае гэтую назву ў ідэалагічнае клішэ для сваіх праціўнікаў, якія змагаюцца супраць яго, ператвараючы яго ў здзеклівае і пагардлівае, а пасля 2020 года слова становіцца ледзь не сінонімам «ворагаў народа», «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». 

Характэрная карыкатура з дзяржаўнай газеты «Мінская праўда», дзе слова «змагар» з'яўляецца ў кантэксце тэрарызму

Тэрмін шырока ўжываецца нават у рускамоўных прамовах чыноўнікаў і матэрыялах дзяржаўных выданняў, яго падхапілі і прарасійскія сілы. Гэтае слова, прасякнутае сілай змагання, цалкам выцесніла з лексікону Лукашэнкі і яго атачэння больш лагоднае клішэ «свядомыя».

Беларускі рэжым паказвае ўнікальную здольнасць ператвараць станоўчыя паняцці ў інструменты дыскрэдытацыі — і адначасова дэманстратыўна ганарыцца тым, што ва ўсім свеце лічыцца негатыўным, напрыклад, «дыктатурай».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары15

  • -
    06.09.2025
    Усе ўсё разумеюць і так)
  • .
    06.09.2025
    Калі прапаганда, афіцыёз двойчы патапталіся па слову. Спачатку як пра нешта добрае, пасля як пра нешта дрэннае.
  • feafania
    06.09.2025
    Мне мянты вось аднойчы таксама паскардзіліся, што іх ня трэба называць абразьлівымі прозьвішчамі тыпу "мент", "мусар". На што я ім адказала: м-янт (бо я выкарыстала мянты) - гэта скарачэньньне ад міліцыянт, а суфікс -ар надзвычай прадуктыўны ў беларускай мове (з прыкладамі), а раз яны супрацоўнікі МУС, значыць яны мусАРы. Ім прышлося пагадзіцца.

Цяпер чытаюць

Міліцыя рассылае самакатчыкам эсэмэскі аб парушэнні імі правілаў дарожнага руху1

Міліцыя рассылае самакатчыкам эсэмэскі аб парушэнні імі правілаў дарожнага руху

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп паабяцаў не пакінуць без адказу рашэнне ЕС аштрафаваць Google на 3,5 мільярда даляраў2

У Мінску адкрыецца яшчэ адзін будаўнічы гіпермаркет Mile

МЗС Польшчы заклікала польскіх грамадзян пакінуць Беларусь4

Беларусы ў сацсетках хваляцца хатнімі ўраджаямі кавуноў ФОТЫ

Украінскі беспілотнік вывеў са строю найбуйнейшы НПЗ «Раснафты»2

У самым цэнтры Мінска адкрылі ліванскі рэстаран

Украінскі пракурор спаліўся, калі яго жонкі — цяперашняя і былая — пахваліліся ў шоу «Супермама» занадта дарагім жыццём22

Большасць загінулых пры крушэнні фунікулёра ў Лісабоне — іншаземцы

Трамп вырашыў перагледзець міжнародную дамову, якая забараняе прадаваць магутныя баявыя дроны1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міліцыя рассылае самакатчыкам эсэмэскі аб парушэнні імі правілаў дарожнага руху1

Міліцыя рассылае самакатчыкам эсэмэскі аб парушэнні імі правілаў дарожнага руху

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць