Улада99

Галоўны прарасійскі палітык Беларусі Сяргей Лушч: быў «валхвом» паганскай секты, жонка не сцярпела сяброў-неанацыстаў

Сяргей Лушч, фота «Наш Гомель»

Апошнім часам у эфірах расійскіх ток-шоу ўсё часцей гучыць думка, што крызіс у Беларусі і наступнае ўзмацненне пазіцый у палітыкаў з еўрапейскімі поглядамі — гэта вынік адсутнасці прарасійскіх партый і ў прынцыпе адсутнасці палітычнай работы з беларусамі, лаяльнымі Маскве. 

Супадзенне ці не, але 19 кастрычніка група асоб, якая доўгія гады кармілася з рук маскоўскіх фондаў, заявіла аб жаданні стварыць палітычную партыю «Саюз», якая б рухала беларусаў да глыбейшай інтэграцыі з Расіяй. 

Узначаліў «прэзідыум» арганізацыйнага камітэта па стварэнні партыі 37-гадовы Сяргей Лушч.

«Наша Ніва» нагадвае, што за персанаж прэтэндуе на ролю галоўнага прарасійскага палітыка ў Беларусі.

Некалі Лушч ужо трапляў на нашы старонкі: у 2016-м мы абурыліся тым, што асобу з вельмі спрэчнай біяграфіяй запрасілі на БТ у «Клуб рэдактараў» абмеркаваць свежы нумар «Нашай Нівы». 

Чытайце: Ад неанацызму і змагання з «юда-хрысціянскай акупацыяй» да студыі Давыдзькі: спецматэрыял пра кіраўніка «Румола» Сяргея Лушча

Пасля ўдзельнік таго выпуску Павел Якубовіч у кулуарах пляваўся, што разам з ім — шматгадовым рэдактарам лукашэнкаўскай газеты — за стол пасадзілі чалавека, які ніколі ў жыцці не кіраваў ніякім медыя.

Напэўна, падобныя ўражанні Сяргей мог бы выклікаць і на пасяджэнні любога іншага «клуба» па прафесійных інтарэсах, бо даць Лушчу нейкую здольнасную характарыстыку няпроста.

У публічнай сферы няма ніякай інфармацыі пра яго рабочую дзейнасць, а сам ён таямніцы не выдае: «Гэта вас не датычыць», — адказаў ён «Нашай Ніве» на пытанне, ці працаваў хоць дзе-небудзь.

Інтэрнэт жа памятае Лушча з пачатку 2010-х як удзельніка бясконцых мерапрыемстваў у Расіі кшталту «ўстаноўчага сходу арганізацыі «Права-кансерватыўны Альянс», ці «падпісання дэкларацыі аб стварэнні «Рускага інтэрнацыянала».

Там ён выступаў ад імя «Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Русь», якое сам жа і заснаваў у 2004-м. 

Можна выказаць здагадку, што прагу да стварэння самаробных структур з ухілам у «правы кансерватызм» Лушчу прышчапіў ягоны ідэйны і духоўны настаўнік, грамадзянін Расіі Уладзімір Галякоў, які сам сябе называў — і гэта не жарт — «Народны гаспадар, жрэц усіх славян, вярхоўны волхв усея Русі Уладзімір Багуміл ІІ Галяк, Ярк Воўк Схорон Еж Словен Жрэцкага войска славянскага народа».

«Багуміл ІІ» у цэнтры, пад свастыкай

Неяк так выйшла, што ў сярэдзіне 2000-х Сяргей Лушч трапіў пад уплыў гэтага лідара рэлігійнай секты «Схорон Еж Словен» і нават падняўся там па кар'ернай лесвіцы, стаўшы нечым кшталту «жраца» ў беларускім філіяле. Атрымаў новае імя — «Волхв Вячаслаў».

Саму ідэалогію секты можна акрэсліць як неапаганскую, антысеміцкую і неанацысцкую, яна грунтуецца на некалькіх «святых» кнігах, напісаных «Багумілам», спасылкі на якія мы пакідаць не будзем, бо маем сумневы ў законнасці такой літаратуры.

Секта нясе традыцыйныя для неанацысцкіх суполак на постсавецкай прасторы ідэі аб абранасці «славянскай нацыі» і шкодніках-жыдах.

«На славянскай зямлі толькі адзін народ — славяне, астатнія — намі не забітыя», — вось звычайная вытрымка з прамовы духоўнага лідара «Схорон Еж Словена».

Удзельнікі секты пакланяюцца камяням, якія паліваюць півам, а таксама ўтыкаюць у свае алтары халодную зброю, што сімвалізуе ахвярапрынашэнне.

Падчас вітанняў ці абрадаў сектанты выкідвалі рукі ў нацысцкім вітанні і ў нашым старым матэрыяле ёсць прамыя фотасведчанні, што Сяргей Лушч ва ўсім гэтым удзельнічаў.

Чытайце: Ад неанацызму і змагання з «юда-хрысціянскай акупацыяй» да студыі Давыдзькі: спецматэрыял пра кіраўніка «Румола» Сяргея Лушча

Прагны да дэталяў чалавек і сёння лёгка знойдзе сумесныя фота Лушча з адкрытымі нацыстамі ды зробіць высновы аб палітычных перспектывах гэтай асобы ў Беларусі — самай пацярпелай ад нацыстаў краіне.

Вось, напрыклад, сумесныя фота з нейкім татуяваным маладым чалавекам, якія Лушч змяшчаў у сваім інстаграме: 

А вось фота са старонкі таго самага «татуяванага маладога чалавека», які мае акаўнт у інстаграме @gizma88, дзе 88 — лічбавы субкультурны код «Хайль Хітлер». 

Радаснае фота ў Асвенціме, цацкі са свастыкай — вось кола кантактаў Лушча. 

У часы свайго «валхавання» ў «Схорон Еж Словене» Лушч займаўся супольнымі праектамі з праваслаўнай царквой. Абмяркоўваў са святарамі праблемы «духоўнасці» і ў той жа час трымаў пад руку «Ярк Воўка» і трэс сякерай пад словы «Адсякайце ад сябе іншародных людзей».

А яго сябры — гэтыя людзі са свастыкамі на цацках і ў душы, — раздавалі георгіеўскія стужкі ў Мінску да ўгодкаў Перамогі ў вайне, называючыся актывістамі «Румола» — яшчэ адной арганізацыі, якой кіраваў Лушч. Яна кармілася пры «Рассупрацоўніцтве» і падобных арганізацыях, а актывістамі сталі сектанты «Схорон Еж Словена».

Лагатып «Румола», дарэчы, ідэнтычны лагатыпу іншых філіялаў «Схорон Еж Словена» ў Расіі. Расшыфроўваецца як «Русь молодая».

Той самы аматар свастык раздае дзецям «сімвалы перамогі»

Так выйшла, што праз свае радыкальныя хобі Лушч разышоўся з жонкай: яна сышла пасля таго, як іх кватэра стала прахадным дваром для сектантаў «Схорон Еж Словена». 

Вольга, так зваць жанчыну, расказала пра гэта «Нашай Ніве». 

«Ён ездзіў у Расію, прывозіў адтуль дзіўныя кантакты і літаратуру. Дакладныя цытаты і назвы кніг я не ўспомню, але там было нешта пра нейкія «непаўнавартасныя», на думку аўтараў, віды крыві, штосьці яшчэ падобнае, — кажа Вольга, былая жонка.

— Потым нейкія таварышы Сяргея [з Расіі] прыязджалі ў нашу кватэру, мяне гэта выбешвала. Выглядалі яны як людзі, ад якіх звычайна вы адыходзіце ў бок, калі апынаецеся побач. Гэта былі вар'яты, яны неслі нейкае трызненне, я перастала разумець, што адбываецца.

Наколькі я ведаю, ад іх ён і набраўся ідэй стварыць нейкае сваё таварыства. Але тады з'явіўся інтарэс да Сяргея з боку спецслужб, а ягоныя ідэі сталі неяк трансфармавацца ў бок інтэграцыі. І нават калі мы разышліся, спецслужбы яшчэ нейкі час дзёргалі мяне і прасілі тую-сюю інфармацыю пра яго дзейнасць, але я тады не лічыла магчымым і патрэбным яе прадастаўляць».

Былая жонка кажа, што яны з маці Сяргея — настаўніцай віяланчэлі ў адной з мінскіх музычных школ — спрабавалі ўплываць на яго, але ўсё было марна, шлюб разваліўся. Сяргей быў пад моцным уплывам сяброў.

Лушч з сябрам — на майцы стылізаваная лічбамі «88»: абрэвіятура нацыстаў па восьмай літары алфавіта — «H». Азначае «Heil Hitler»

Вольга расказала, што Лушч усё ж такі працаваў — нейкі час ён быў праграмістам на МАЗе. З горам напалам, закідваючы і аднаўляючыся, скончыў БДУІР. 

Больш сказаць пра новаспечанага палітыка і няма чаго — самыя істотныя моманты яго біяграфіі адлюстраваны і задакументаваны ў матэрыяле «НН» яшчэ за 2016 год. 

За гэтыя чатыры гады Лушч запомніўся хіба што тым, што спрычыніўся да арганізацыі «Несмяротнага палка» ў Мінску. Ну і паспрабаваў стаць кандыдатам у дэпутаты ў 2019 годзе, але не сабраў нават палову ад патрэбных 1000 подпісаў у сваю падтрымку.

Але адметна, што ён увайшоў у абойму тэлевізійных «экспертаў» па палітычных тэмах, гэта Лушч часам тлумачыць з экрана вашым бацькам, што ёсць добра, а што кепска для Беларусі.

Разам з гайдукевічамі і дзерманамі ён часам выступае на «Спутніку» і АНТ, гаворачы тое, што хацелася б пачуць рэдактарам гэтых медыя.

А тэлевядучы Дзмітрый Бачкоў зачасціў з запрашэннем Лушча ў сваю студыю — з ім як з «экспертам» ён абмяркоўвае канстытуцыйную рэформу ў Беларусі, пакуль у турмах і ізалятарах сядзяць сотні палітвязняў.

Анонс праграмы «Аб'ектыўна» на АНТ. Лушч — першы справа

Каментары9

Цяпер чытаюць

Раніцай Вербнай нядзелі расіяне ўдарылі дзвюма балістычнымі ракетамі па цэнтры Сум. Дзясяткі загінулых32

Вайнаабноўлена32

Раніцай Вербнай нядзелі расіяне ўдарылі дзвюма балістычнымі ракетамі па цэнтры Сум. Дзясяткі загінулых

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка пракаментаваў знікненне Анжалікі Мельнікавай38

Застаюцца апошнія тыдні, каб пералічыць 1,5% падаходнага на беларускую справу

Жанчына нарадзіла чужое дзіця. Якую памылку зрабілі ў клініцы падчас ЭКА3

Лукашэнка: Украіне ў ЕС няма чаго рабіць. Чаго яна туды лезе?32

Есці ўчарашняе можна ці шкодна? Бульба, рыс і макарона ў халадзільніку6

Амаль лета. Праз пару дзён месцамі да +23°С

У Мінску прадаюць невялікі шарык марожанага за 60 рублёў. Што не так з гэтым дэсертам?7

Віцэ-прэм’ер, Карпенка, Дзермант і камуністы адзначылі «Дзень Сонца нацыі» ў пасольстве КНДР15

У Салігорску ратавальнікі знялі рудога ката з дрэва, дзе той прасядзеў трое сутак

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раніцай Вербнай нядзелі расіяне ўдарылі дзвюма балістычнымі ракетамі па цэнтры Сум. Дзясяткі загінулых32

Вайнаабноўлена32

Раніцай Вербнай нядзелі расіяне ўдарылі дзвюма балістычнымі ракетамі па цэнтры Сум. Дзясяткі загінулых

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць