«Мы вярнуліся з пекла». Людзі з Алешак прыбылі ва Украіну і дзеляцца эмоцыямі
Украінцы з Алешак перасеклі беларуска-украінскую граніцу на Чарнігаўшчыне. Іх вывезлі падчас гуманітарнай місіі з акупаванага расіянамі горада напярэдадні. Спачатку іх везлі аўтобусамі да расійскай Анапы, адтуль самалётамі — да Беларусі, а потым — аўтобусамі да Украіны, піша Украінская служба Бі-бі-сі.

Першыя словы і эмоцыі
«Мы вельмі хацелі, каб Украіна ў Алешкі прыйшла, а не мы сюды ехалі. Там было вельмі страшна… Мы вярнуліся з пекла», — расказвае Бі-бі-сі Вольга, якая толькі што выйшла з аўтобуса.
Першымі да ўкраінскай мяжы прывезлі хатніх жывёл, якіх людзі забралі з сабой з Алешак. Далей прыехалі аўтобусы з людзьмі.
У сацсетках з'яўляюцца кадры, як людзей перасаджваюць у аўтобусы і ў машыны хуткай дапамогі. Сярод эвакуяваных шмат людзей сталага веку, ляжачых хворых. На мяжы сабраліся родныя, якія чакалі людзей з Алешак.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаў спадзяванне, што гуманітарны доступ да горада застанецца і людзі там змогуць атрымліваць дапамогу.
Ён адзначыў, што такая аперацыя ратавання стала магчымая ў тым ліку дзякуючы таму, што пра гуманітарную катастрофу ў Алешках шмат пісалі.
«Калі ёсць увага свету, ёсць ратаванне людзей. Патрэбныя і наступныя дээскалацыйныя крокі ды рэальнае набліжэнне міру», — сказаў Зяленскі.

Ні Масква, ні Кіеў пакуль што не паведамляюць, колькі людзей выехала ў тую ці іншую краіну.

«Там няма куды вяртацца»
Вольга расказала Бі-бі-сі, што вырашыла выязджаць, бо ў Алешках ужо было немагчыма заставацца праз пастаянныя абстрэлы, разбурэнні, нястачу ежы.
«Мы баяліся за свае жыцці. Там было немагчыма нават як след нармальна пахаваць чалавека. Я не хачу кагосьці хаваць у сябе на агародзе», — расказала жанчына.
Пры гэтым, паводле яе слоў, шмат людзей яшчэ засталося ў горадзе.
«Мне адначасова і радасна, і трывожна. Бо там яшчэ людзі засталіся, за якіх мы таксама перажываем. Яны нас пыталіся — вы вернецеся? А мне здаецца, што там ужо не будзе куды вяртацца. Там такія вялікія разбурэнні. Там няма куды вяртацца», — расказала Вольга.

Вольга расказала, што ў Алешках людзі ездзілі па прадукты 18 кіламетраў па мінах.
«Людзі падрываліся, калечыліся, гінулі дзеля таго, каб выжыць. А тыя, хто не рызыкаваў ехаць, елі траву. Вельмі шмат людзей галадалі», — узгадвае жанчына.
На мяжы Украіны з Беларуссю эвакуяваных чакалі родныя і знаёмыя. Людзі плакалі пры сустрэчы.
«Дзякуй, што ўдалося забраць нашага тату. Мы шчаслівыя, што яму ўдалося выехаць», — кажа Бі-бі-сі адна з жанчын, якая чакала бацьку.
«Першае, што зраблю — гэта пачну шукаць працу. Любую працу, каб пракарміць сваю сям'ю. Я працы не баюся — капаць, саджаць, будаваць», — расказаў Міхаіл, які толькі што выехаў з Алешак.
Ён кажа, што доўга не выязджаў, бо спадзяваўся, што Алешкі вернуцца пад украінскі кантроль.
Што з людзьмі, якія захацелі выехаць у Расію
Жыхароў Алешак, якія выказалі жаданне эвакуявацца ў Расію, спачатку размясцілі ў пункце часовага знаходжання ў акупаваным Сімферопалі.
«Для іх падрыхтавалі пакоі і гарачае харчаванне. Побач працуюць медыкі, псіхолагі і валанцёры. Дактары праводзяць агляды і неабходныя абследаванні», — паведаміла ўпаўнаважаная па правах чалавека ў Расіі Яна Лантратава.

Раней памочнік міністра аховы здароўя Расіі Аляксей Кузняцоў паведаміў, што некалькіх жыхароў Алешак накіравалі ў бальніцы Сімферопаля.
На відэа, апублікаваным Лантратавай, бачна, што прынамсі частку жыхароў размясцілі ў гатэлі «Таўрыя». Некаторыя жыхары Алешак выехалі разам са сваімі хатнімі жывёламі.
Эвакуяваныя людзі прыбылі ў Сімферопаль у анексаваным Крыме ўвечары ў пятніцу, 30 кастрычніка.
Доўгая дарога дадому

Зранку ў суботу чатыры самалёты з эвакуяванымі ўкраінцамі з Алешак прызямліліся ў беларускім Гомелі.
У сацсетках ёсць кадры, як людзям дапамагаюць выйсці з самалёта. На відэа бачна шмат клетак і пераносак з хатнімі жывёламі.
Людзі прыляцелі ў Гомель з расійскага горада Анапа. Міністэрства абароны Расіі паведамляла, што жыхары Алешак ляцелі з Анапы самалётамі Паветрана-касмічных сіл Расіі.
Туды з Алешак яны дабраліся на аўтобусах.
Напярэдадні ў акупаваным расіянамі горадзе Алешкі адбылася гуманітарная аперацыя, ініцыяваная першай лэдзі ЗША Меланіяй Трамп. З Алешак вывезлі людзей, якія цярпелі ад нястачы прадуктаў і лекаў.
Гэта была першая ад пачатку вайны супольная місія Расіі і Украіны пад кіраўніцтвам амбудсменаў Яны Лантратавай і Дзмітрыя Лубінца. У пятніцу ўкраінская і расійская дэлегацыі разам з эвакуяванымі жыхарамі пакінулі горад.
«Гуманітарная дапамога дастаўленая. Калоны раздзяліліся — я еду ва Украіну», — заявіў Дзмітрый Лубінец у пятніцу.
Расійскія ваенкары раней паведамілі з Алешак, што ва Украіну праз Анапу выехалі 17 аўтобусаў з людзьмі, у Расію — чатыры. Але незалежнага пацвярджэння гэтай інфармацыі яшчэ няма.
Лубінец таксама расказаў, што колькасць дастаўленай гуманітарнай дапамогі ў горад «надзвычай вялікая».
Украінскі амбудсмен таксама прапанаваў зрабіць гуманітарныя місіі пад каардынацыяй першай лэдзі ЗША Меланіі Трамп рэгулярнымі.
Чаму не ўсе могуць выехаць
У пятніцу Лубінец апублікаваў відэа з акупаванага горада, дзе яго сустракаюць людзі, якія хочуць выехаць. На відэа жанчыны плачуць.
Жанчыны на відэа кажуць, што шмат людзей не паедзе з Алешак.

Расійская амбудсменка Яна Лантратава таксама апублікавала відэа з Алешак, дзе людзі плачуць і расказваюць пра голад. Лантратава паказала на відэа, як па розныя бакі збіраюцца ахвотныя выехаць у Расію і ва Украіну.
На відэа чуваць людзей, якія кажуць, што не могуць выехаць, бо даглядаюць ляжачых хворых.
Рэжым цішыні пры пасярэдніцтве Меланіі Трамп і Папы
У Алешках Херсонскай вобласці, што знаходзяцца пад расійскім кантролем, на працягу апошніх некалькіх месяцаў склалася сітуацыя, блізкая да гуманітарнай катастрофы.
Горад знаходзіўся пад пастаяннымі абстрэламі, а пакінуць яго было практычна немагчыма, бо большасць дарог замінаваныя. У горадзе амаль няма святла, не працуе водазабеспячэнне, а апошняя прадуктовая крама зачынілася яшчэ ўзімку.

У горадзе на левым беразе Дняпра, дзе да пачатку расійскага ўварвання ва Украіну жылі 24 тысячы людзей, зараз застаецца прыблізна паўтары тысячы чалавек, у тым ліку каля 40 дзяцей.
Пераважна гэта людзі сталага веку і маламабільныя людзі з цяжкімі захворваннямі, а таксама людзі без дакументаў.
Напрыканцы кастрычніка пры пасярэдніцтве Меланіі Трамп і Папы Льва XIV Расія і Украіна дамовіліся пра лакальнае прыпыненне агню, каб жыхары маглі пакінуць горад.
Чакаецца, што рэжым прыпынення агню ў Алешках працягнецца да канца нядзелі, 1 лістапада.
Людзі, эвакуяваныя з Алешак, ужо ва Украіне
Эвакуяваная ў Гомель з Алешак жанчына пра ўкраінцаў і беларусаў: мы адзін народ
Самалёты з жыхарамі Алешак прызямліліся ў аэрапорце Гомеля
Меланія Трамп цяпер бліжэй да Нобелеўскай прэміі міру, чым яе муж — The Telegraph
Z-ваенкар: Ва Украіну з Алешак выязджаюць 17 аўтобусаў, у Расію — толькі 4
Каментары