Z-ваенкар: Ва Украіну з Алешак выязджаюць 17 аўтобусаў, у Расію — толькі 4
Расійскі Z-ваенкар Уладзімір Раманаў, які прысутнічае ў часова акупаваных Алешках на Херсоншчыне, адкуль праводзіцца эвакуацыя насельніцтва, напісаў у сваім тэлеграм-канале, як размяркоўваецца колькасць жыхароў па выбары краіны, у якую яны хочуць выехаць.

Па словах Раманава, з акупаваных Алешак ва Украіну выязджаюць 17 аўтобусаў, а ў Расію — 4.

Праўда, ён сам сумняецца, што пра гэта будуць гаварыць афіцыйна:
«Па тэлевізары хутчэй за ўсё пакажуць больш нашых аўтобусаў, але ў іх будуць глуха заштораныя вокны», — напісаў Z-ваенкар, намякаючы, што большасць аўтобусаў будуць пустыя.

Неўзабаве гэты пост быў радыкальна падкарэктаваны — тэкст пра размеркаванне жыхароў Алешак быў з яго цалкам выдалены.
Раней прэм'ер-міністр Украіны Сяргей Карэцкі паведаміў, што 527 чалавек вырашылі выехаць з Алешак на тэрыторыю, падкантрольную ўраду Украіны.
Аднак пазней ён зняпраўдзіў гэтую інфармацыю і дадаў, што афіцыйныя даныя будуць паведамленыя пасля заканчэння працэсу эвакуацыі.
Паводле яго слоў, далей жыхары Алешак «складаным маршрутам» трапяць на тэрыторыю Беларусі ў Гомель, а з Беларусі перасякуць мяжу Украіны.
Людзей спачатку даставяць да расійскай Анапы ў Краснадарскім краі, а адтуль самалётам — да Гомеля. Далей маршрут пралягае праз пункт пропуску «Новая Гута» на украінска-беларускай граніцы да Кіева.
Пералёт з Анапы да Гомеля чакаецца 31 кастрычніка. Эвакуяваных будзе суправаджаць украінская дэлегацыя. Тым, хто вырашыць застацца на месцы, раздадуць гуманітарную дапамогу.
Алешкі, якія знаходзяцца пад расійскім кантролем, на працягу апошніх месяцаў апынуліся ў сітуацыі, блізкай да гуманітарнай катастрофы. Горад пастаянна абстрэльваюць, а магчымасці выехаць адтуль амаль няма, бо большасць дарог замініраваныя.
У канцы кастрычніка пры пасярэдніцтве Меланіі Трамп Расія і Украіна дамовіліся пра лакальнае спыненне агню, каб даць жыхарам магчымасць пакінуць горад. Рэжым цішыні пачаў дзейнічаць 27 кастрычніка і, паводле дамоўленасці, павінен працягвацца да 1 лістапада.
Украінская дэлегацыя прыбыла ў Алешкі, людзі плачуць ад шчасця
У Гомелі праходзіць аперацыя дастаўкі жыхароў Алешак ва Украіну
Эвакуяваных жыхароў Алешак будуць перапраўляць ва Украіну праз Беларусь
У Алешках пад Херсонам пачаўся рэжым цішыні
Меланія Трамп заявіла, што дамаглася гуманітарнага перамір'я ў Алешках
Каментары