Пенсіянер ужо 22 гады выплачвае кампенсацыю п’янаму раварысту, якога збіла ягоная дачка. Стаміўся і просіць Лукашэнку ўмяшацца
Адказваць за аварыю фінансава Аляксандру Паўлючкову прыйшлося як уласніку машыны.

На сітуацыю звярнула ўвагу блогерка Марыя Вашчук. Яна апублікавала ў Threads відэазварот пенсіянера да Лукашэнкі.
Адбылося ўсё яшчэ 22 гады таму — 11 ліпеня 2004 года. Дачка Аляксандра Паўлючкова ехала на «Фордзе» таты, было ўжо цёмна. Раптам жанчына пабачыла раварыста, які ехаў насустрач. Бацькі кажуць, што яна вырашыла аб’ехаць мужчыну, але адбылося сутыкненне.
Раварыст рукой зачапіў лабавое шкло, а роварам — правае крыло. На месца аварыі выклікалі ДАІ і хуткую. Калі прыехаў бацька — уладальнік машыны — раварысту ўжо аказвалі першую дапамогу. Высветлілася, што пацярпелы быў моцна п’яны.

Пенсіянеры дэманструюць паперу, у якой раварыст напісаў, што ў дзень аварыі выпіў разам з сябрам чатыры бутэлькі гарэлкі — а пасля без флікера паехаў па цёмнай дарозе Кобрын—Камянец са Стрыгава на Тэўлі (гэта вёскі ў Кобрынскім раёне).
У дакументах пазначана, што раварыст атрымаў адкрыты пералом правай прамянёвай косці, пералом першай і другой пясцевых касцей левай кісці, вывіх правай локцевай косці і закрытую чэрапна-мазгавую траўму.

У той час Аляксандр Паўлючкоў яшчэ працаваў. Ён — як уласнік аўтамабіля — выплаціў пацярпеламу нейкую кампенсацыю. Кажа, што 700 рублёў, але незразумела, што за сума маецца на ўвазе — ці то 700 тысяч, ці то ён ужо ўлічыў будучую дэнамінацыю.
Апроч таго, раварыст атрымаў страхоўку — па полісе абавязковага страхавання Паўлючкова.
Крымінальную справу ў дачыненні да дачкі Аляксандра тым часам спынілі ў сувязі з прымірэннем бакоў. Гэта значыць, што яна ўсё ж прызнала сваю віну.
Аднак раварыст не спыніўся і пайшоў у суд з грамадзянскім пазовам, каб атрымаць большую кампенсацыю. І перамог.
Уласнік машыны кажа, што з яго пачалі вылічваць 70% заробку на карысць пацярпелага, пасля ўдалося ўсё ж дамагчыся зніжэння да 20%.

Раварыст атрымаў бестэрміновую трэцюю групу інваліднасці (страту здароўя пазначылі 60%).
Ужо 22 гады пацярпелы атрымлівае як пенсію па інваліднасці, так і кампенсацыю ад Аляксандра Паўлючкова. Сам Аляксандр за гэты час паспеў выйсці на пенсію — з яе таксама вылічваюць грошы на карысць пацярпелага.

А калі выйдзе так, што пацярпелы перажыве Аляксандра, дык плаціць яму прыйдзецца ўжо чатыром дзецям Паўлючкова (у межах атрыманай ад бацькі спадчыны).
Пры гэтым Аляксандр лічыць, што пацярпелы жыве звычайным жыццём — нават працуе. Ён таксама сцвярджае, што ўжо пасля аварыі раварыст стаў удзельнікам іншай крымінальнай справы — моцна збіў чалавека ў вясковай краме, а пасля адбываў хімію.
Разам з жонкай Аляксандр абураецца тым, што вымушаны на ўсім эканоміць, у той час як раварыст шмат гадоў атрымлівае і зарплату, і пенсію, і грошы ў якасці кампенсацыі за аварыю 22‑гадовай даўніны.
Пенсіянер лічыць такую сітуацыю несправядлівай, просіць Аляксандра Лукашэнку ўмяшацца і вызваліць Аляксандра ад выплат пацярпеламу раварысту.
Цяпер чытаюць
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
«Да лейтэнанта прыехала маладая жонка, пабачыла, што адбываецца ў зоне, і застрэлілася». Выйшла заключная частка ўспамінаў Рыгора Бярозкіна пра ГУЛАГ і савецкі Мінск
Каментары