Вайна

Украінцы прайшлі 15 кіламетраў пад зямлёй у тыл расіян. Што вядома пра аперацыю «Вялес»

На Купянскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы выкарысталі супраць расійскай арміі яе ж тактыку — пранікненне ў тыл праз падземныя газаправоды. Падчас аперацыі «Велес» яны прасунуліся пад зямлёй больш як на 15 кіламетраў, а частку расіян адрэзалі ад забеспячэння і прымусілі здацца ў палон. Аперацыя працягваецца ўжо каля паўгода.

15‑кіламетровая зона, якую зачысцілі ўкраінскія вайскоўцы падчас аперацыі «Велес». Скрыншот відэа «Хартыі».

Расійскія вайскоўцы не раз выкарыстоўвалі падземныя камунікацыі для абыходу ўкраінскай абароны. Так было пад Аўдзееўкай і ў Курскай вобласці. Падобную тактыку расіяне ўжывалі і каля Купянска на Харкаўшчыне, дзе магістральны газаправод праходзіць пад ракой Аскол.

З лета 2025 года расійскія вайскоўцы выкарыстоўвалі газаправод, які праходзіць пад ракой Аскол, каб перабірацца на яе правы бераг. Яны выходзілі з трубы на поўнач ад Купянска, назапашвалі сілы ў навакольных лясах, а затым спрабавалі пранікнуць у горад.

Украінскія войскі наносілі ўдары па газаправодзе і бралі яго выхады пад агнявы кантроль. Аднак цалкам пазбавіць расіян магчымасці карыстацца падземным маршрутам было складана. Урэшце ўкраінцы самі пачалі прасоўвацца па газаправодзе, каб выцесніць адтуль праціўніка.

Так пачалася аперацыя «Вялес», якую ажыццяўляе групоўка пад камандаваннем 2‑га корпуса Нацыянальнай гвардыі Украіны «Хартыя». Сваю назву аперацыя атрымала назву ў гонар бога падземнага свету ў славянскай міфалогіі, якога таксама звязвалі з мудрасцю і хітрасцю.

Баі ў газаправодзе пад Купянскам

Як піша  «Украінская праўда», украінскія вайскоўцы спусціліся ў магістральную газавую трубу дыяметрам каля 1,2 метра і пачалі выцясняць адтуль расіян. На асобных участках даводзілася весці стралковыя баі непасрэдна пад зямлёй. Паводле суразмоўцы выдання, з баямі ўкраінцы прайшлі некалькі кіламетраў.

Прадстаўнік «Хартыі» Уладзімір Дзегцяроў расказаў, што аперацыя доўжыцца ўжо каля паўгода. Пры гэтым вайскоўцы не проста перамяшчаюцца па трубах, але і вядуць там паўнавартасныя баі з выкарыстаннем цяжкага ўзбраення і робатаў.

Для гэтага спатрэбілася асаблівая падрыхтоўка. У навучальным цэнтры «Хартыі» нават пабудавалі трэнажор, які імітуе падземны тунэль. На ім байцы вучыліся дзейнічаць і ваяваць у цеснай прасторы. Пад зямлёй няма спадарожнікавай навігацыі і стабільнай радыёсувязі, а забеспячэнне людзей патрабуе складаных інжынерных рашэнняў.

Аперацыя не абмяжоўваецца дзеяннямі пад зямлёй. Яны скаардынаваныя з атакамі на паверхні і ўдарамі беспілотнікаў. Акрамя брыгады «Хартыя», у ёй удзельнічаюць штурмавы полк «Р.У.Г.», полк беспілотных сістэм «Лава», падраздзяленні ўкраінскай ваеннай разведкі, у тым ліку легіён «Свабода Расіі» і Рускі добраахвотніцкі корпус, а таксама брыгада беспілотных сістэм «Ахілес».

Расіяне паспелі абсталяваць пад зямлёй склады, бліндажы і месцы для адпачынку. Паводле расійскіх палонных, ваду, ежу і іншыя прыпасы дастаўлялі да пазіцый на невялікіх калясках. На асобных участках газаправода выкарыстоўвалі нават электрасамакаты.

Падчас наступлення ўкраінцам удалося заблакаваць адну з расійскіх груп у газаправодзе. Яе ўдзельнікі апынуліся адрэзанымі ад асноўных сіл, а ўдары ўкраінскіх беспілотнікаў ускладнялі спробы наладзіць забеспячэнне.

Як паведамляе «Суспільне Харків», некаторыя з палонных расіян расказалі, што правялі ў блакадзе каля паўтара месяца. Запасы ежы ў іх скончыліся, а ваду даводзілася збіраць з лужын у трубе, фільтраваць і кіпяціць. Калі пачалі заканчвацца і боепрыпасы, група пагадзілася здацца.

Расійскі вайсковец, узяты ў палон падчас спецаперацыі «Вялес» на Купянскім кірунку. Фота: корпус «Хартыя» / Telegram

Першыя вынікі аперацыі «Вялес»

Паводле прадстаўнікоў «Хартыі», правядзенне аперацыі дазволіла пазбавіць расійскія войскі падземнага маршруту, якім яны больш за год карысталіся для пранікнення на правы бераг Аскола. Пры гэтым баявыя дзеянні працягваюцца, а ўкраінскім вайскоўцам даводзіцца ўлічваць існаванне іншых падземных камунікацый у раёне Купянска.

27 кастрычніка пра ход аперацыі і яе першыя вынікі прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму далажылі галоўнакамандуючы УСУ Міхаіл Драпаты, камандзір «Хартыі» Ігар Абаленскі і намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Павел Паліса.

Паводле агучаных звестак, украінскія вайскоўцы прасунуліся пад зямлёй больш як на 15 кіламетраў, знішчылі звыш 100 расійскіх салдат і ўзялі ў палон яшчэ 30. 

У вячэрнім звароце 27 кастрычніка Зяленскі назваў «Вялес» трэцяй знакавай аперацыяй украінскіх войскаў у 2026 годзе. Першым было наступленне дэсантна-штурмавых войскаў, падчас якога, паводле яго слоў, было вызвалена больш за 800 квадратных кіламетраў тэрыторыі ў Запарожскай і Днепрапятроўскай абласцях. Другой — аперацыю «Вівальдзі» на Данеччыне, дзе ўкраінскае камандаванне вярнула пад кантроль больш за 200 квадратных кіламетраў.

На думку Зяленскага, «Вялес» умацоўвае ўкраінскія пазіцыі і паказвае, што расійскай арміі пакуль не ўдалося дасягнуць пастаўленых перад ёй мэт пад Купянскам.

Каментары

Цяпер чытаюць

У Вілейскім раёне 18‑гадовая бяспраўніца трапіла ў смяротную аварыю. Загінула і яна, і двое яе пасажыраў

У Вілейскім раёне 18‑гадовая бяспраўніца трапіла ў смяротную аварыю. Загінула і яна, і двое яе пасажыраў

Усе навіны →
Усе навіны

Толькі адзін чалавек з 1000 апытаных не ведае, што такое «Еўраопт»

Трамп-малодшы ездзіў з расійскім алігархам на паляванне ў Манголію7

Што за любоўны скандал паміж Кацярынай, Ігарам і Карынай абмяркоўвае ўсё Гродна?20

Кірыл Маскевіч стаў двухразовым чэмпіёнам свету па грэка-рымскай барацьбе2

Чаму хлопчык, для якога бацька напісаў «Віні-Пуха», зненавідзеў гэтую кнігу2

Іван Краўцоў расказаў, колькі зарабляе9

«Скарачалі і сеньёраў». Былая супрацоўніца PandaDoc расказала пра звальненні ў кампаніі8

Адданага ябацьку, які абражаў Святлану Ціханоўскую ў Threads, кінулі за краты24

Андрэй Пачобут вяртаецца ў Беларусь на пастаяннае жыхарства ў снежні22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Вілейскім раёне 18‑гадовая бяспраўніца трапіла ў смяротную аварыю. Загінула і яна, і двое яе пасажыраў

У Вілейскім раёне 18‑гадовая бяспраўніца трапіла ў смяротную аварыю. Загінула і яна, і двое яе пасажыраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць