Грамадства

Як фермер-веган-палітвязень з Драгічынскага раёна трымаецца сваіх прынцыпаў у турме

Сяргей Салоха — індывідуальны прадпрымальнік, уладальнік асабістай падсобнай гаспадаркі па вырошчванні ягад у Драгічынскім раёне. Са жніўня мінулага года яго трымаюць у СІЗА, а 10 сакавіка 2021 асудзілі на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму па артыкуле «масавыя беспарадкі», піша «Брэсцкая Вясна».

Падчас суда Сяргей распавёў, што адразу пасля ўзяцця пад варту абвясціў галадоўку. З 2013 года ён перайшоў на расліннае харчаванне, і ежу ў СІЗА складана назваць адпаведнай такому ладу жыцця і прынцыпам Сяргея.

Блізкія ў лістах прасілі, каб палітвязень спыніў галадоўку, бо гэта небяспечна для жыцця, на што аднойчы атрымалі адказ: «Калі жыць у няволі, то навошта наогул так жыць».

Галадоўку ў СІЗА-7 Сяргей пратрымаў 11 дзён, але ў наступным усё ж вырашыў спыніць. Для бяспечнага выхаду з галадання мужчыну патрэбныя была садавіна і пэўныя прадукты, але, са слоў блізкіх, перадаць іх тады так і не ўдалося: «Выходзіў з сітуацыі ён як і чым мог».

Для Сяргея Салохі харчаванне мае асаблівае значэнне. Пасля заканчэння 9 класаў будучы прадпрымальнік працягнуў вучобу ў Драгічынскай сельскагаспадарчай прафвучэльні, і тады ў яго пачаліся праблемы са здароўем: пастаянна балела рука, потым з'явіліся сутаргі. Два гады дактары прызначалі яму сур'ёзнае медыкаментознае лячэнне, але гэта не дапамагала. З часам рука амаль цалкам атрафавалася, нічога цяжэй за шарыкавую ручку ў той момант Сяргей ужо трымаць не мог. Дактары хацелі нават ампутаваць руку, але Сяргей адмовіўся ад аперацыі і пазней цалкам аднавіўся сваімі сіламі. Таксама, са слоў блізкіх, з дапамогай усвядомленага падыходу да сілкавання палітвязень вылечыўся ад варыкозу вен. «Ён прарабіў шлях немаленькі ў гэтым плане», — кажуць яны.

Сяргей Салоха. Фота з яго сацыяльных сетак, 2016

З-за таго, што палітвязень адмаўляўся прымаць неадпаведную яго перакананням ежу, яго ў СІЗА-7 адправілі да псіхолага. Там Сяргею задавалі шмат пытанняў, адзін з іх быў пра спробы самагубства. Мужчына шчыра сказаў, што «неяк адзін раз у дзяцінстве, з-за кахання да дзяўчыны». Пасля мужчыну выклікалі да начальства СІЗА, паставілі на ўлік як «схільнага да суіцыду». Хоць падобных дзеянняў у ізалятары Сяргей не рабіў, і падкрэсліваў, што той эпізод быў «у дзяцінстве».

Потым Сяргей быў сведкам вуснага канфлікту сукамерніка і работніка СІЗА-7. Сутнасць спрэчкі была ў тым, што ў ізалятары не выдаюцца паперы з правамі асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай. Салоха расказваў на судзе, што палічыў работніка несправядлівым, заступіўся за таварыша. Так мужчына атрымаў ад СІЗА характарыстыку «схільны да экстрэмізму».

Наогул Сяргей спрабаваў уздзейнічаць на ўмовы, у якіх знаходзіцца, законнымі спосабамі. Прасіў яго перавесці ў камеру, дзе менш або наогул няма тых, хто паліць. Мужчына спрабаваў вырашыць пытанне з выдачай дадатковага нажа для нарэзкі хлеба, бо за адведзены час гэта не ўсе паспявалі зрабіць. Яшчэ ён рабіў спробы даведацца ў работнікаў СІЗА правы асоб, якія знаходзяцца пад вартай, і калі не атрымаў тлумачэнняў, прасіў сябра выслаць яму гэтыя правы лістом (сябар выконваў просьбу, аднак пазней аказалася, што замест гэтага Сяргею перадавалі… чыстыя лісты). У выніку мужчыну часта пераводзілі з камеры ў камеру, такім чынам аказваючы на яго ціск.

Цяпер сваякі адзначаюць, што Сяргей Салоха адаптаваўся да турэмнага жыцця, па лістах прыкметна, што настрой у яго лепшы: «Цяпер ён у добрым стане. Харчаванне яго змянілася, вядома, але мясныя прадукты як ён не еў, так і не есць. Адзінае, казаў, што часам, калі няма садавіны і агародніны, а таксама грошай на рахунку, даводзіцца есці турэмную ежу. Напісаў, што ў апошні час наогул есць мала, бо ў яго маларухомы лад жыцця».

Сяргей на плантацыі чарніц

Згодна з СААЗ, мінімум садавіны і агародніны — які трэба ўжываць кожны дзень, — не менш за 400 г, без уліку бульбы. Пастанова ад 25.03.2021 аб устанаўленні нормаў харчавання асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай у СІЗА, ІЧУ і ЦІП абвяшчае, што гародніны на аднаго чалавека на суткі мае быць 120 г капусты, 40 г буракоў, 30 г морквы, 40 г цыбулі і 20 г агуркоў/зеляніны/таматаў. Усё гэта складае толькі 0.55 ад мінімальнай нормы. Садавіна адсутнічае наогул. Па сутнасці, асновай рацыёну, даступнага для Сяргея, з'яўляецца толькі бульба. Харчаванне ў СІЗА значна пагаршае здароўе любога чалавека. Для зняволенага з раслінным тыпам харчавання знаходжанне ў месцах пазбаўлення волі можа стаць пытаннем выжывання.

Найлепшы спосаб дапамагчы Сяргею — перавесці грошы на турэмны рахунак, бо практычна ўвесь яго рацыён складаецца з «атаваркі» ў краме.

Падрабязная інструкцыя, як гэта зрабіць, і рэквізіты для СІЗА-6 Баранавічы можна знайсці тут.

Таксама Сяргею Уладзіміравічу Салоху можна напісаць ліст з падтрымкай па адрасе: 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 у, СІЗА-6.

Каментары

Цяпер чытаюць

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі43

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

42% правільных адказаў. Навукоўцы праверылі, што перадавыя ШІ ведаюць пра Беларусь і што ім недаступна9

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах10

Развітанне з Янам Памедорам Рэуцкім пройдзе ў Варшаве

Памёр вядомы хірург, былы галоўны анколаг Мінска

Улад Калячонак дэбютаваў за «Нью-Джэрсі» і адразу закінуў шайбу5

Трамп прапанаваў замену кіраўніку NVidia Хуангу2

Маштабны збой закрануў Outlook, Teams, Copilot і іншыя сэрвісы Microsoft4

Памятаеце, «Арэшнік» упаў на гаражы пад Кіевам? Украінцы расказалі, якая сістэма дазволіла адхіліць ракету ад ваеннай цэлі21

Дзве траціны людзей з атлусценнем «тоўстыя, але здаровыя». Навукоўцы просяць дактароў глядзець не толькі на індэкс масы цела7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі43

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць