У Мінску выставілі на продаж сетку з двух дзейных камп'ютарных клубаў. Уласнік ацаніў увесь бізнэс у 330 286 рублёў, што эквівалентна прыкладна 110 тысячам даляраў. Аб'ява з'явілася на спецыялізаванай пляцоўцы B4y.by, піша Office Life.

Сетка працуе ў сталіцы больш за тры гады. Клубы развіваюцца па франшызе з падтрымкай праваўладальніка. Мяркуючы па фотаздымках у аб'яве, яны працуюць пад брэндам Colizeum. Тут рэгулярна ладзяць кіберспартыўныя турніры, тэматычныя мерапрыемствы і гульнявыя ночы, дзякуючы чаму ў клубаў сфармавалася пастаянная аўдыторыя.
У лот уваходзяць два клубы ў розных раёнах Мінска агульнай плошчай 314 квадратных метраў. Першы знаходзіцца на праспекце Пушкіна, займае 158 квадратных метраў і мае 40 камп'ютараў. Другі размешчаны ў жылым масіве на праспекце Ракасоўскага. Яго плошча складае 156 квадратных метраў, а колькасць камп'ютараў — 36.
Разам з абсталяваннем і памяшканнямі новаму ўладальніку перададуць каманду супрацоўнікаў і наладжаныя працоўныя працэсы.
Прадавец сцвярджае, што бізнэс прыносіць стабільную выручку, а яго прыбытковасць пацвярджаецца дакументамі. Падрабязныя фінансавыя паказчыкі і магчымыя ўмовы здзелкі ўласнікі гатовыя абмеркаваць з патэнцыйнымі купцамі асабіста.
Каментары