Беларускі правайдар выдаліў свой канал пасля публікацыі «Флагштока»
Службовы тэлеграм-канал беларускага правайдара beCloud, у якім з'яўлялася інфармацыя пра працу або спыненне функцыянавання перадавальнага абсталявання, выдалены. Гэта адбылося пасля публікацыі «Флагштока» пра выхад са строю вышак сотавай сувязі на поўдні Беларусі паблізу мяжы з Украінай, піша выданне.
У сваім матэрыяле «Флагшток» спасылаўся на інфармацыю з гэтага тэлеграм-канала. Цяпер ён недаступны.
Раней «Флагшток» паведамляў, што на поўдні Беларусі каля мяжы з Украінай перасталі працаваць базавыя станцыі А1 і МТС.
Канал «beCloud маніторынг» быў адкрытым, але малавядомым рэсурсам кампаніі-аператара. Ён меў не больш за 40 падпісчыкаў і быў цалкам прысвечаны базавым станцыям сеткі: іх адключэнню, рамонту або ўсталяванню новых.

Кампанія beCloud (Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Беларускія воблачныя тэхналогіі») цесна звязаная з дзяржавай: 51% акцый належыць дзяржаўнай структуры — Нацыянальнаму цэнтру абмену трафікам, а 49% — расійскаму інвестару.
Кампанія з'яўляецца адным з вядучых пастаўшчыкоў воблачных рашэнняў, ІТ-інфраструктуры і хостынгу ў Беларусі. Правайдар аказвае паслугі на базе апорнай сеткі для Адзінай сеткі перадачы даных і Рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі даных. Кампанія, заснаваная ў 2012 годзе, стала першым інфраструктурным аператарам краіны.
beCloud займаецца ў тым ліку праектаваннем, будаўніцтвам, абсталяваннем і эксплуатацыяй апорнай сеткі перадачы даных для Адзінай рэспубліканскай сеткі перадачы даных (АРСПД), адзінай сеткі LTE (тэхналогія высакахуткаснага мабільнага інтэрнэту 4G), а таксама развіццём і тэставаннем высакахуткаснага мабільнага інтэрнэту 5G.
Каментары