Культура

Іван Кірчук прэзентаваў сваю новую кнігу. Ён працаваў над ёй 40 гадоў

У «Акадэмкнізе» 14 снежня фалькларыст, пісьменнік і музыка Іван Кірчук прэзентаваў сваю новую кнігу «Кветка Перуна». У выданне, над якім даследчык працаваў ажно 40 гадоў, увайшлі музычныя матэрыялы: ноты і аўдыязапісы, сцэнарыі абрадаў, святаў, казак, гульняў і тэатралізаваных паказаў, якія былі распрацаваны на аснове беларускага фальклору. «Кветка Перуна» ўпрыгожана фотаздымкамі народных абрадаў, зробленымі як самім аўтарам, так і Альфрэдам Мікусам, Уладзімірам Урбановічам і Максімам Шуміліным.

Падчас музычнай імпрэзы Іван Кірчук распавёў наведвальнікам пра старажытныя інструменты, а таксама прадэманстраваў іх у дзеянні. Знайшлося месца і эксперыментам: напрыклад, адзін з майстроў зрабіў дудачку з… ножкі для тэлевізара. Пра тое, якімі інструментамі карысталіся нашы продкі, чытайце ў матэрыяле «Звязды».

— За 40 гадоў я сабраў два ўласныя музеі, якія складаюцца не толькі з вырабаў беларускіх майстроў, але і з музычных інструментаў з розных краін свету. Тут трэба падзякаваць гурту «Троіца», таму што за 25 гадоў існавання мы праехалі сто міжнародных фестываляў ад Малайзіі да Чылі, — распавёў падчас прэзентацыі Іван Кірчук. — Але сёння я дэманструю вырабы беларускіх майстроў, якія дагэтуль працягваюць свой творчы шлях. Я прывёз сюды тыя інструменты, якія заўсёды паказваю сваім студэнтам: не абавязкова набываць дарагія рэчы, можна проста ўзяць тое, што пад рукамі.

Калядныя гукі

Музыка распавёў, што раней людзі ігралі на капытах быкоў, кароў і коз. І сапраўды, іх гучанне нагадвае тупат капытоў па заледзянелай дарозе. Продкі таксама «здабывалі» музыку з высушанай шкарлупіны грэцкіх арэхаў. Лічылася, што такія інструменты адганялі нячысцікаў. Часта яны гучалі ў хатах падчас Калядаў:

— На арэхах варажылі. Трэба было выцягнуць з мяшка жменю арэхаў і падлічыць колькасць: калі цотны лік — выйдзеш сёлета замуж, а калі не цотны — лепш не спадзявацца. Акрамя таго, лічыцца, што гэта першае дрэва, якое накарміла маленькага Ісуса. У старадаўнія часы па два арэхі давалі дзецям, якія ішлі на вячоркі шукаць сябе пару: калі хлопцу спадабалася дзяўчына, трэба было даць ёй арэх, — падзяліўся Іван Кірчук.

Абярэгі ад злых духаў

Справіцца з негатыўнай энергетыкай, або старажытнымі нячысцікамі дапамагала каса, на якой продкі таксама ігралі, і шархуны-бразготкі, якімі ўпрыгожвалі конскую вупраж.

— Гэты інструмент выступаў як абярэг: падчас вяселля шархуны вешалі на коней, і тыя адганялі не толькі нячысцікаў, але і ваўкоў, — распавёў музыка.

Подых продкаў

Вельмі папулярным матэрыялам для стварэння інструментаў была гліна. Людзі лічылі, што маленькія гліняныя птушкі-свістулькі перадаюць прывітанне ад далёкіх продкаў, якія вясной прылятаюць павітацца ды паглядзець, як жывуць іх нашчадкі.

— Гэтых свістулек з розных краін я прывёз даволі шмат. У іх увабраны ўсе стыхіі: з зямлі дасталі, у вадзе зляпілі, у агні абсмалілі, а чалавек, які грае, — удыхае ў іх паветра.

Зрабі сам

Iван Кірчук распавёў, што кожны чалавек пры жаданні можа стварыць музычны інструмент уласнаручна, для гэтага спатрэбіцца толькі чарот — звычайная высушаная трава, у якой неабходна зрабіць дзірачкі.

— Многія з вас памятаюць тэлевізары на ножках: майстар Аляксандр Блахін з Ліды зрабіў такі незвычайны інструмент з ножкі — так што не ўсё трэба выкідваць, — здзівіў наведвальнікаў музыка.

Скрыпка з дзьмухаўцоў 

Існавала і існуе так званая «гусельная дрымота»: калі такі музычны інструмент клалі на цела хворага чалавека, за кошт вібрацый струн чалавек лячыўся. Зараз гэты інструмент таксама распаўсюджаны ў Беларусі:

— Першая песня, якая ў мяне атрымалася з гуслямі, была балада пра цмока. Я запісаў яе ў 1983 годзе ў вёсцы Старыя Юркавічы. Калі я зайшоў у хатку да Ірыны Брагінец, яна сядзела на печцы. Я спытаўся: «Ці ведаеце вы баладу пра цмока?» І яна адразу заспявяла, не дачакаўшыся, уключыў я магнітафон ці не, — падзяліўся гісторыяй фалькларыст.

На працягу чатырох пакаленняў сям’я Жукоўскіх вырабляла скрыпкі, басы і альты. Іван Кірчук сустрэўся з майстрам Усеваладам Жукоўскім у 1995 годзе:

— Тады ён мне сказаў, што нашы беларускія струнныя інструменты лепшыя за італьянскія. На мой запыт чаму, ён распавёў, што ў карпусах італьянскіх скрыпак вулканічны попел, а ў нашых — дзьмухаўцы, таму што іх пакрывалі лакам з гэтых кветак.

Напрыканцы сустрэчы музыка адзначыў, што ўсё пачутае падчас імпрэзы можна будзе знайсці на старонках кнігі «Кветка Перуна»:

— У яе ўвайшлі абрады нашых бабуль і дзядоў, той багаты, мудры матэрыял, які, на жаль, не так добра перадаецца. Тут зафіксаваны і нашы першыя экспедыцыі, абрады, батлейка, казкі. Мне вельмі прыемна, што гэтае выданне пабачыла свет: кожная народнасць мае сваю асаблівасць, але ўсе мы жывём на адной планеце, культуры ўзаемадзейнічаюць. Напрыклад, у афрыканскіх узорах ёсць беларускія арнаменты, а самі афрыканцы спяваюць як нашы валачобнікі: адзін запявае, а астатнія падхопліваюць. Такога, пры жаданні, можна заўважыць шмат, трэба толькі звяртаць увагу.

Каментары

Цяпер чытаюць

Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года39

Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года

Усе навіны →
Усе навіны

Маладыя бацькі ў 100 гадоў. У пары галапагоскіх чарапах упершыню нарадзіліся дзеці

Трамп пракаментаваў падзенне фондавага рынку з-за ўвядзення пошлін4

Еўрапейскі ўніверсітэт залічыў першага студэнта — штучны інтэлект

Мора на майскія: дзе адпачыць і колькі будзе каштаваць2

«Прыехала, каб шэсць гадзін паглядзець тэлевізар». Беларуску са статусам уцекача не пусцілі ва Украіну без візы8

На Ліманскім напрамку ва Украіне абвастраецца сітуацыя1

Журналісты высветлілі, як рэдактара Atlantic дадалі ў чат аб ударах па Емене. Яго зблыталі з чыноўнікам Трампа2

«Традыцыйная жонка» — модны рух, якім захапілася моладзь44

На БТ паказалі затрыманага кіроўцу, які ехаў на бусе з выбухоўкай19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года39

Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць