Афнагель расказаў пра вялікі здабытак 2020-га, заўважны па супрацоўніках Унутраных войскаў, якія ахоўвалі калоніі
46‑гадовы Яўген Афнагель удзельнічае ў руху за вызваленне Беларусі з 1996 года. У 2011—2015 яму ўжо давялося прайсці праз вымушаную эміграцыю. Пяць гадоў зняволення пасля 2020‑га далі яму магчымасць пабачыць краіну і працэсы з ёй з іншай перспектывы.

Яўген Афнагель, які выйшаў на свабоду 11 верасня 2025 года разам з вялікай групай палітзняволеных, даў вялікае інтэрв'ю «Нашай Ніве». У ім расказаў пра перажытае і даў свае ацэнкі апошнім палітычным падзеям і персанажам.
Афнагель перакананы, што выйшаў, «дзякуючы якраз блакіроўцы рэжыму і санкцыям»: без гэтага Лукашэнка фіг бы каго адпускаў.
Афнагель высока ацаніў учынак Мікалая Статкевіча, які высадзіў дзверы аўтобуса і выскачыў у нейтральнай зоне, каб не быць дэпартаваным. «Ён сапраўдны лідар. Ён паламаў гульню Лукашэнку, вярнуў суб'ектнасць … беларусам. Мы ж былі таварам — нас абмянялі на зняццё санкцый ЗША з «Белавія». У тавару суб'ектнасці няма. Але ён зрабіў так, што цяпер усе бакі, якія ўдзельнічаюць у гэтым гандлі, павінны ўлічваць як мінімум магчымасць паўтору падобнай сітуацыі».
Былы палітвязень ацаніў таксама цяперашнія працэсы з гістарычнай перспектывы.
«Вялізны здабытак 2020 года — гэта карэннае змяненне стаўлення да Расіі ў беларускім грамадстве, — кажа Яўген Афнагель.
— Сёння, асабліва пасля пачатку вайны ва Украіне, ілюзій на яе станоўчы ўдзел у дэмакратызацыі Беларусі ні ў каго не засталося.
Я гэта бачыў нават у калоніі, мог ацэньваць па дзвюх сацыяльных групах — розныя вязні і супрацоўнікі ўнутраных войскаў, якія нас ахоўвалі. Першыя маглі казаць больш шчыра, другія маглі сваё стаўленне пэўным чынам паказваць (не расказваю падрабязна, каб таксама нікому не нашкодзіць). І ў агульнай масе было бачна, што стаўленне да Расіі ў беларусаў змянілася ў горшы бок.

Мы не пачынаем з нуля. Шмат людзей у турмах, але той мільён беларусаў, які выйшаў на пратэсты ў 2020-м, нікуды не дзеўся. Яны засталіся — хтосьці ў Беларусі, хтосьці за мяжой. Гэта той здабытак, які мы маем, якога не было раней. Нават у калоніі і турме я перасякаўся з вязнямі, якія казалі пра тое, што яны далучыліся да супраціву дзякуючы прыкладу тых, хто змагаўся за свабоду раней. Мяне ў сваю чаргу заўсёды натхнялі і гэтыя людзі, і ўсе беларусы, якія зрабілі 2020 год, якія дапамагалі палітвязням і іх блізкім, падтрымлівалі», — кажа Яўген Афнагель.
Каментары
Вот куда предсказуемо пришла ненависть к Зенону Позняку.