У ЗША 18‑гадовы зумер зарабіў $30 мільёнаў на дадатку, які лічыць калорыі па фота ежы
За год мабільны дадатак Cal AI, створаны для вырашэння ўласнай праблемы, вырас да маштабаў кампаніі з гадавым даходам $30 мільёнаў і 30 супрацоўнікамі ў штаце.

Як піша Fortune, шлях да поспеху пачаўся з асабістай мэты Зака Ядэгары. «Я ўсё жыццё быў вельмі, вельмі худы і хацеў пачаць набіраць вагу», — распавядае ён выданню.
Калі хлопец зразумеў, што асноўны прагрэс залежыць ад дыеты, ён пачаў адсочваць калорыі. Аднак выкарыстанне папулярных на той час дадаткаў было, па яго словах, жудасным досведам. Кожны прадукт даводзілася ўводзіць уручную, што вельмі напружвала.
Ён не мог есці ў школьнай сталовай з сябрамі, бо харчаваўся загадзя ўзважанымі порцыямі, і часта прапускаў паходы ў кавярні, бо не ведаў каларыйнасці страў.
Натхнёны развіццём штучнага інтэлекту і маючы навыкі праграмавання, Зак вырашыў стварыць уласны дадатак.
Запуск і імклівы рост
Ядэгары падзяліўся ідэяй са сваім сябрам Генры Лангмакам, з якім пазнаёміўся ў летнім лагеры, дзе вучылі праграмаванню, і двума іншымі знаёмымі з твітара — 24‑гадовым Блэйкам Андэрсанам і 30‑гадовым Джэйкам Касціла. Разам яны вырашылі стварыць мадэль ШІ, якая магла б аналізаваць фота ежы і рабіць усю працу за карыстальніка.
Каманда выдаткавала $2000 на тэставы маркетынг у сацыяльных сетках. Водгукі былі настолькі станоўчымі, што яны вырашылі працягваць.
«Мы пачалі здымаць тыкток-ролікі, супрацоўнічаць з інфлюенсерамі, і ў нас пачаўся выбуховы рост», — кажа Ядэгары.
За першы месяц дадатак прынёс больш за $28 000 даходу, а за другі — ужо $115 000.
Такі імклівы рост не быў выпадковасцю. Па словах Ядэгары, ён працаваў над дадаткам па 40 гадзін на тыдзень — пісаў код, абмяркоўваў новыя функцыі з дызайнерамі і распрацоўшчыкамі — і адначасова паспяваў вучыцца ў старэйшай школе. Пры гэтым ён падтрымліваў выдатную паспяховасць, маючы максімальны сярэдні бал 4.0.
У ліпені 2024 года сузаснавальнікі ўжо праводзілі сумоўі ў Сан-Францыска з патэнцыйнымі першымі 15 супрацоўнікамі.
Як працуе Cal AI
Карыстальнікі Cal AI проста загружаюць фота сваёй ежы, і праграма на аснове штучнага інтэлекту дае ацэнку агульнай колькасці калорый. Па словах Ядэгары, дакладнасць складае 90%.
Дадатак можна спампаваць бясплатна ў Apple App Store і Google Play. Падпіска каштуе $2,49 на месяц або $29,99 на год. За год і чатыры месяцы валавы даход ад Cal AI склаў $30 мільёнаў. У кампаніі працуе больш за 30 чалавек, а колькасць загрузак перавысіла 8,3 мільёна.

Аднак у дадатку ёсць і свае недахопы. У водгуках карыстальнікі скардзяцца на недакладнасці. У інтэрв'ю выданню CNBC Ядэгары тлумачыць, што некаторыя чакаюць ад ШІ немагчымага:
«Яны думаюць, што ў яго ёсць рэнтгенаўскі зрок, і калі сфатаграфаваць міску, ён убачыць ежу, схаваную на дне. Але гэта не так».
Вундэркінд, які пачаў праграмаваць у 7 гадоў
Неабходна заўважыць, што хлопец не пачатковец у свеце тэхналогій. Натхнёны любоўю да Minecraft, ён пачаў вывучаць праграмаванне ў летнім лагеры ва ўзросце 7 гадоў. У 10 гадоў ён ужо даваў урокі па праграмаванні за $30 за гадзіну, а ў 12 — размясціў свой першы дадатак Speed Soccer у App Store.
У старэйшай школе Ядэгары стварыў гульнявы сайт Totally Science, які дазваляў вучням гуляць у анлайн-гульні ў абыход школьных блакіровак. За два гады сайт набраў 5 мільёнаў карыстальнікаў і пачаў прыносіць $60 000 на месяц ад рэкламы. У 16 гадоў Зак прадаў яго за $100 000 і пачаў ствараць мабільныя дадаткі.
Нягледзячы на высокі сярэдні бал і поспехі ў бізнесе, Ядэгары не прынялі ў прэстыжныя ўніверсітэты Лігі плюшчу. Цяпер ён вучыцца ва Універсітэце Маямі, але, па яго словах, не плануе заставацца там больш за год. Спачатку ён паступіў у бізнэс-школу, але потым перавёўся на філасофію.

У сацыяльных сетках Ядэгары дэманструе раскошны лад жыцця генеральнага дырэктара стартапа: вечарынкі «амаль кожную ноч» у асабняку, які ён здымае з сябрамі, і паездкі на заняткі на Lamborghini з нумарным знакам «CAL AI».
У Маямі ён жыве з групай аднадумцаў — маладых і паспяховых прадпрымальнікаў. Разам яны ствараюць супольнасць App Mafia, дзе навучаюць іншых ствараць дадаткі.
Планы на будучыню
Ядэгары плануе кіраваць Cal AI яшчэ два гады, а потым прадаць кампанію або перадаць кіраванне іншаму CEO, каб пачаць новы праект. Ён хоча, каб яго наступнае пачынанне, таксама звязанае са штучным інтэлектам, сфармавала будучыню і стала часткай яго спадчыны.
«Я думаю, што прадпрымальніцтва — гэта крута, таму што ў канчатковым выніку ўзрост не мае вялікага значэння, — кажа ён. — Ты альбо добры ў тым, што робіш, альбо не, а рынак ужо вырашыць, якімі будуць вынікі».
Каментары