Культура22

Памерла Кацярына Панчэня

Кацярына Аляксееўна была галоўнай захавальніцай «Юраўскага карагода» ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна. Гэты абрад унесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. У лістападзе ёй споўнілася б 82 гады, піша «Будзьма».

Кацярына Панчэня з гуртам «Міжрэчча» на фоне сваёй хаты ў Пагосце, 2017 год

Кацярына Аляксееўна Панчэня нарадзілася 30 лістапада 1941 года, калі яе бацька быў на фронце. Вёску некалькі разоў палілі фашысты, таму маці будучай спявачкі разам з чатырма дзецьмі некаторы час жыла ў сваякоў у вёсцы Іванава Слабада Лельчыцкага раёна. Пасля вайны сям’я вярнулася ў Пагост.

Чаўнакі ад кроснаў Кацярыны Панчэні ў яе хаце, 2017 год

Любоў да роднай культуры Кацярына засвоіла ў сям’і. Песні пераймала ад бабулі, маці, цёткі і хроснай. Вучылася жаночым рамёствам: ткацтву, вышыўцы.

Кацярына Панчэня дэманструе гасцям вышыўку ўласнай работы, 2014 год

Знакамітая хата Кацярыны Аляксееўны ў Пагосце, дзе яна гасцінна прымала ўсіх, хто цікавіўся традыцыйнай культурай, нагадвала райскі сад праз разнастайнасць вышываных і тканых вырабаў. Яе бацька, Аляксей Кузьміч, быў вядомым у ваколіцах гарманістам. У бацькоўскай хаце часта збіраліся аднавяскоўцы, ладзілі вячоркі. Там Кацярына чула ад старэйшых мясцовыя паданні, казкі, якія хутка запамінала. Была здольнай таксама да танцаў. Брат і сястра, два сыны Кацярыны Аляксееўны таксама гралі на гармоніку. Нявестку-ўкраінку яна навучыла спяваць беларускія песні і запрасіла ў свой гурт «Міжрэчча».

Кацярына Панчэня з гуртам «Міжрэчча» падчас святкавання Юр’я ў Пагосце, 6 мая 2015 год

Кацярына Аляксееўна адвучылася 4 класы і ў 14 год пайшла працаваць у калгас. Рана выйшла замуж, нарадзіла шасцярых сыноў. Частка дзяцей памерла ў маленстве. Адзін сын патануў, ратуючы ўласнае дзіця. У канцы жыцця ў жанчыны застаўся толькі адзін жывы сын.

У 1980 годзе Кацярына Аляксееўна стала загадчыцай сельскага клуба ў Пагосце і стварыла аўтэнтычны фальклорна-этнаграфічны гурт «Міжрэчча», які выконваў песні сваёй мясцовасці. Гурт гастраляваў па ўсёй Беларусі і ў суседніх краінах. А яшчэ выступаў у Берліне і Дрэздэне, што для калектыву з сельскага клуба, пагадзіцеся, зусім нетыпова. Запрашалі ў Амерыку, але праз стан здароўя лекары не рэкамендавалі Кацярыне Аляксееўне лётаць самалётам.

Кацярына Панчэня захоўвала песні і абрады роднай вёскі. Гурт «Міжрэчча» шмат здымаў фалькларыст Васіль Ліцьвінка для перадачы «Запрашаем на вячоркі». Гэтыя запісы захоўваюцца ў архіве Белтэлерадыёкампаніі. Кацярына Аляксееўна ўдзельнічала таксама ў здымках фільмаў «Паданні тураўскай зямлі», «Карагод», «Вялесавы ўнукі», «Гу, весна» (1997 г.) і «Код предків» (2020 г.). Спадзяёмся, што калі-небудзь відэа будуць агульнадасяжнымі. А пакуль спявачку можна пабачыць у дакументальных фільмах «Дачка Прыпяці» і «Кола часу» (2012 г.), «Юраўскі карагод» (2022 г.), а таксама на аматарскіх відэа.

Кансультантам падчас стварэння вялікай часткі названых фільмаў была журналістка і грамадская экспертка па нематэрыяльнай культурнай спадчыне Рэгіна Гамзовіч. Яна сябравала з Кацярынай Панчэняй, часта яе наведвала. 

Абрад «Юраўскі карагод», які ў Пагосце праводзяць па праваслаўным календары 6 мая, спачатку ўнеслі ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі (2004 г.), а потым — у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO (2019 г.).

Карагод на полі падчас святкавання Юр’я ў Пагосце, 6 мая 2015 года

Падчас Юр’я ў Пагосце часта было больш журналістаў, чым галоўных выканальніц абраду, жанчын з гурта «Міжрэчча», такую ён меў папулярнасць. Прыязджала таксама багата аматараў фальклору і проста знаёмых Кацярыны Панчэні. Патрапіўшы раз, хаця б выпадкова, у яе хату, кожны мог быць упэўнены, што яго заўсёды прымуць як дарагога госця. Асабіста я была ў Пагосце разоў пяць, рабіла рэпартажы з розных святаў. Ведаю людзей, якія ездзілі туды, каб проста пабачыць Кацярыну Аляксееўну, нечым дапамагчы (напрыклад, выкапаць бульбу), і для іх гэта была цудоўная магчымасць далучыцца да беларускага вясковага жыцця, калі ўласныя бабулі і дзядулі рана памерлі ці з імі не было эмацыянальнага кантакту.

Бадай, Кацярына Аляксееўна была адной з самых вядомых носьбітак традыцыйнай культуры ў Беларусі. Песні з Пагоста спявалі розныя фальклорныя гурты гарадской моладзі. Тамашні абрад гукання вясны на Саракі з падкіданнем печаных птушак на абрусе ці посцілцы аднаўляецца на штогадовай імпрэзе, якую грамадская арганізацыя «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» ладзіць у Вязынцы.

Кацярына Панчэня з аднавяскоўцамі, 2015 год

Пагосцкім клубам Кацярына Аляксееўна кіравала больш за 30 гадоў. У 2010-я паступова адышла ад спраў, выйшла на пенсію, але працягвала захоўваць традыцыі роднай вёскі. Да васьмідзесяцігоддзя ў 2021 годзе Жыткавіцкі райвыканкам ушанаваў яе званнем ганаровай грамадзянкі. 

Кацярына Панчэня, 2017 год

У канцы лета ў жанчыны здарыўся інсульт. Яе забралі ў лякарню. Яна была ў прытомнасці і ў гуморы. Аднавяскоўцы з усмешкай казалі, памятаючы пра моцны характар Кацярыны Аляксееўны, што цяпер яна наводзіць у шпіталі свае парадкі. Прагноз быў добры, але 4-га верасня Кацярыны Панчэні не стала. Светлая памяць!

Каментары2

  • Удзячны беларус
    05.09.2023
    Вечная ёй памяць! Няхай яна спачывае зь мірам і ўваскрэсьне ў славе. Дзякуй, Кацярына, за захаваньне аўтэнтычных традыцый нашайюе багатае беларускае культуры. Нізкі паклон!
  • Квас
    05.09.2023
    вечная памяць!

«Ведаеце, як каментуе ваша затрыманне апазіцыя? «Арыштаваны памагаты рэжыму». Турэмная споведзь лідара прафсаюзаў Ярашука2

«Ведаеце, як каментуе ваша затрыманне апазіцыя? «Арыштаваны памагаты рэжыму». Турэмная споведзь лідара прафсаюзаў Ярашука

Усе навіны →
Усе навіны

На аўкцыёне карціну Шагала прадалі за 3 мільёны даляраў3

79‑гадовую пенсіянерку ў Столінскім раёне шукалі 4 дні і знайшлі жывой5

У Кітаі працягваюцца жорсткія чысткі ў арміі: паляцела галава другога чалавека ў войску3

«Я думаю, Пуцін хоча завяршыць вайну». Трамп сустрэўся ў Белым доме з Зяленскім23

Філосаф Мацкевіч прапануе стварыць варыянт беларускай рускай мовы, каб зблізіць яе з беларускай131

Польскі суд адмовіўся выдаваць Германіі абвінавачанага ў падрыве «Паўночнага патока»4

Аляксандр Азараў закрывае фонд Bypol4

У «Беларуснафце» расказалі, як вырашаюць праблему чэргаў на АЗС6

У мінскай Камароўкі з'явіўся канкурэнт. Якія цэны на гэтым «сакрэтным» рынку?5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ведаеце, як каментуе ваша затрыманне апазіцыя? «Арыштаваны памагаты рэжыму». Турэмная споведзь лідара прафсаюзаў Ярашука2

«Ведаеце, як каментуе ваша затрыманне апазіцыя? «Арыштаваны памагаты рэжыму». Турэмная споведзь лідара прафсаюзаў Ярашука

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць