Два гады таму Марыю Калеснікаву і Максіма Знака асудзілі на гіганцкія тэрміны. Ужо некалькі месяцаў пра іх няма ніякіх звестак
Прадстаўнікоў штаба экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі затрымалі роўна тры гады таму, следства і суд занялі ў суме год.

6 верасня 2021 года ў судзе Мінскага раёна быў вынесены прысуд Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку. Іх прызналі вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: змова з мэтай захопу ўлады, заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо кіраўніцтва ім.
Марыю Калеснікаву затрымалі 8 верасня 2020 года пасля таго, як яна адмовілася выязджаць ва Украіну. Максіма Знака затрымалі 9 верасня 2020 года ў офісе штаба Бабарыкі.
Марыя Калеснікава і Максім Знак былі тварам выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі. Яны далучыліся да яго каманды ў маі 2020 года — прыходзілі на падачу дакументаў у ЦВК, каментавалі бягучыя падзеі.
Суд над Максімам і Марыяй распачаўся 4 жніўня 2021 года. Ён быў закрытым. Ім ставілі ў віну злачынствы па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
— ч. 1 арт. 357 — змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (да 12 гадоў пазбаўлення волі);
— ч. 3 арт. 361 — заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (да 5 гадоў пазбаўлення волі);
— ч. 1 арт. 361-1 — стварэнне экстрэмісцкага фармавання або кіраўніцтва ім (да 7 гадоў пазбаўлення волі).
У выніку Марыю Калеснікаву пакаралі 11 гадамі калоніі, Максіму Знаку далі 10 гадоў.
Двума месяцамі раней, 6 ліпеня 2021 года, Віктар Бабарыка быў асуджаны на 14 гадоў зняволення.
Ад гэтай вясны ад усіх трох няма ніякіх звестак.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары