Джэнсэн Хуанг пакінуў пасаду генеральнага дырэктара Nvidia пасля 33 гадоў на чале кампаніі. Яго адстаўка адбылася на фоне скандалу вакол меркаваных сувязяў з кітайскай разведкай і паведамленняў пра два пазашлюбныя раманы. Пра гэта паведаміў тэлеканал CNBC.

Часовай кіраўніцай кампаніі стала фінансавая дырэктарка Колет Крэc. Яна працягне адказваць за фінансы Nvidia, пакуль рада дырэктараў шукае пастаяннага пераемніка.
Хуанг заснаваў Nvidia ў 1993 годзе і з таго часу нязменна кіраваў кампаніяй. Пад яго кіраўніцтвам вытворца графічных працэсараў ператварыўся ў аднаго з найважнейшых пастаўшчыкоў абсталявання для штучнага інтэлекту. На піку рынкавая капіталізацыя Nvidia перавышала 4 трыльёны даляраў.
Скандал пачаўся пасля з'яўлення паведамленняў пра магчымыя адносіны Хуанга з прадпрымальніцай Эліс Хуанг. Амерыканскія спецслужбы падазраюць яе ў сувязях з кітайскай разведкай. Паводле інфармацыі СМІ, яна магла дапамагаць пастаўляць амерыканскія чыпы для штучнага інтэлекту кітайскім кампаніям у абыход экспартных абмежаванняў.
8 лістапада Хуанг публічна прызнаў, што здрадзіў жонцы, і папрасіў прабачэння ў сям'і і супрацоўнікаў. Пры гэтым ён не назваў жанчыну, з якой меў адносіны, і адкінуў здагадкі, што паставіў пад пагрозу нацыянальную бяспеку ЗША або сакрэтную інфармацыю Nvidia.
Рада дырэктараў пачала незалежнае расследаванне. У кампаніі тады заявілі, што не маюць доказаў выцеку або кампраметацыі сакрэтных звестак. Аднак 11 лістапада The New York Times паведаміла яшчэ пра адзін меркаваны раман Хуанга — з віцэ-прэзідэнткай Nvidia па пытаннях аховы здароўя Кімберлі Паўэл, якая непасрэдна яму падпарадкоўвалася.
У той жа дзень The Wall Street Journal паведаміла, што рада дырэктараў рыхтуецца абмеркаваць звальненне Хуанга. Паводле Bloomberg, кампанія ўжо прыцягнула знешніх кансультантаў для пошуку новага кіраўніка.
Скандал выклікаў рэзкае падзенне акцый Nvidia. Паводле Reuters, да 12 лістапада кампанія страціла каля 600 мільярдаў даляраў рынкавай капіталізацыі з моманту абвяшчэння пра расследаванне. Пасля паведамлення пра адстаўку акцыі на папярэдніх таргах упалі яшчэ больш чым на 10%.
Сыход Хуанга стварае дадатковую нявызначанасць для Nvidia і ўсёй індустрыі штучнага інтэлекту. Ён асабіста ўдзельнічаў у заключэнні буйных здзелак, развіцці адносін з кліентамі і інвестыцыях у кампаніі, якія набываюць працэсары Nvidia.
Колет Крэc займае пасаду фінансавай дырэктаркі з 2013 года. Рада дырэктараў мае намер разгледзець як унутраных, так і знешніх кандыдатаў на пасаду пастаяннага генеральнага дырэктара.
Кіраўнік Nvidia ў цэнтры новага скандалу: акрамя раману са шпіёнкай, у яго быў раман з падначаленай
Хто такая Эліс Хуанг — меркаваная кітайская шпіёнка, якая завяла раман з кіраўніком Nvidia
Кіраўнік Nvidia Джэнсэн Хуанг прызнаўся, што здраджваў жонцы. Яго каханкай была меркаваная кітайская шпіёнка
Шпіёнскі скандал у Nvidia: кітайская разведка магла выкарыстаць рамантычную сувязь з кіраўніком кампаніі
Цяпер чытаюць
Адвакат Аляксандр Данілевіч: Мяне адвялі ў клетку на КПП і зачыталі ўказ для службовага карыстання пра памілаванне па просьбе Міжнароднага алімпійскага камітэта
Каментары