Велізарныя чароды шпакоў, якія прыляцелі ў Рым на зімоўку, пакрываюць памётам вуліцы, тратуары і аўтамабілі. Жыхары хаваюцца пад парасонамі, накрываюць плёнкай бялізну і перастаўляюць машыны далей ад дрэў.

Кожны вечар каля 17‑й гадзіны ў рымскім раёне Праці-Фіскалі пачынаецца гонка за бяспечнай паркоўкай. Шпакі злятаюцца на дрэвы і антэны, дзе праводзяць ноч. Пакінутая пад імі машына да раніцы аказваецца цалкам пакрытая памётам.
Каб схадзіць у супермаркет, людзі выбіраюць даўжэйшы маршрут або раскрываюць парасон. Ён патрэбны і на прагулцы з сабакам.
Акрамя смуроду і аглушальнага птушынага шуму, ёсць яшчэ адна небяспека: пакрытыя памётам тратуары становяцца слізкімі. На аўтамыйках за ачыстку такіх машын просяць больш грошай.
Каб адагнаць шпакоў, з вокнаў грукаюць каструлямі, дзьмуць у дудкі і нават граюць на флейтах.
Арнітолаг Франчэска Барберыні тлумачыць Fanpage: у Рыме зімуе больш за чатыры мільёны шпакоў. Горад прываблівае іх цяплом, сховішчамі і адносна невялікай колькасцю драпежнікаў. Днём яны могуць карміцца ў навакольнай сельскай мясцовасці, а ўвечары вяртаюцца на супольную начлежку.
Спецыяліст раіць накрываць машыны чахламі: кіслы птушыны памёт можа пашкодзіць фарбу.
Улады спрабуюць перанакіраваць чароды ў зялёныя зоны з дапамогай запісаў трывожных птушыных крыкаў і святла, накіраванага на кроны. Але, паводле жыхароў, шпакі адлятаюць, а потым вяртаюцца.
Цяпер чытаюць
Адвакат Аляксандр Данілевіч: Мяне адвялі ў клетку на КПП і зачыталі ўказ для службовага карыстання пра памілаванне па просьбе Міжнароднага алімпійскага камітэта
Каментары