Беларускія ўцекачы просяць МЗС Літвы паспрыяць у атрыманні візаў іх сваякам
Валанцёрская арганізацыя «Дапамога» і ініцыятыва «Ружовыя хусткі» пачалі збор подпісаў сярод беларусаў, якія ў Літве маюць статус уцекачоў, пад калектыўным зваротам у Міністэрства замежных спраў гэтай краіны.

Аўтары просяць літоўскія ўлады паспрыяць у атрыманні ўязных візаў для блізкіх сваякоў уцекачоў, піша «Радыё Свабода».
Калі такія візіты будуць аднесеныя да гуманітарных выпадкаў, працэдура атрымання візаў можа паскорыцца праз прадугледжанае літоўскім законам пасярэдніцтва МЗС, мяркуюць аўтары звароту.
«Самі ўцекачы ехаць у Беларусь не могуць, некаторым гадамі не ўдаецца пабачыцца з бацькамі ці блізкімі сваякамі, бо ў тых з візітамі ў Літву таксама праблемы — амаль немагчыма атрымаць візу, бо зараз МЗС Літвы дапамагае толькі пры цяжкай хваробе альбо смерці чалавека. Таму наша задумка ў тым, каб візіт блізкіх сваякоў быў прызнаны гуманітарным выпадкам, пры якім МЗС паводле закону аказвае пасярэдніцтва», — распавяла Свабодзе адна з аўтарак звароту, кіраўніца валанцёрскай арганізацыі «Dapamoga» Наталля Калегава.
Аўтары звароту прапануюць свой спіс катэгорый сваякоў, якія пры атрыманні візы маглі б разлічваць на пасярэдніцтва МЗС Літвы, і хочуць ведаць падрабязную працэдуру падачы заявы на візу ў такім выпадку.
«Бо людзям трэба дакладна ведаць, якія будуць патрэбныя дакументы, у якія тэрміны разглядаецца заява, як будуць правяраць кожнага запрошанага ў Літву», — патлумачыла Наталля Калегава.
Яна мяркуе, што на беларускай мяжы бяспека сваякоў не павінна пацярпець:
«На мяжы ў сваяка могуць спытаць толькі, адкуль у яго віза ў Літву. Чалавек адкажа, што ў яго сын ці дачка маюць літоўскія дакументы, яго запрасілі. Усё. Ніхто ж не хавае, што ён едзе да свайго блізкага на сустрэчу, хай сабе ён будзе тройчы «экстрэмістам». Спісы «экстрэмістаў» у іх і так ёсць, а за сустрэчу ў Беларусі яшчэ не садзяць. А тое, што ўдалося нарэшце атрымаць візу, — гэта іншая, цалкам законная справа».
Паводле Калегавай, спіс падпісантаў звароту будзе строга канфідэнцыйны, яго перададуць у МЗС асобным дадаткам і нідзе не апублікуюць.
Подпісы пад зваротам у МЗС Літвы актывісты будуць збіраць да 23 лістапада ў віленскім прытулку «Замак».
-
Каго вышуквае міліцыя? Па 39% — палітычных і аліментшчыкаў. Рэшта — усе астатнія артыкулы ФОТАФАКТ
-
Ціханоўская пачала ўдзел у саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці з сустрэчы з Зяленскім
-
Беларусы начамі стаяць у чарзе, каб уладкавацца на склад Wildberries у «Вялікім камені» з заробкам ад 1500 рублёў
Цяпер чытаюць
Адвакат Аляксандр Данілевіч: Мяне адвялі ў клетку на КПП і зачыталі ўказ для службовага карыстання пра памілаванне па просьбе Міжнароднага алімпійскага камітэта
Каментары