Музейная экспазіцыя, прысвечаная старадаўняму хатняму побыту, у найбліжэйшы час адкрыецца ў драўляным лямусе ў Гродне, які быў пабудаваны без адзінага цвіка ў XVII стагоддзі, а цяпер лічыцца самай старажытнай жылой і гаспадарчай пабудовай у Беларусі, паведамляе Sputnik.

Старадаўні драўляны лямус знаходзіцца на тэрыторыі Брыгіцкага манастырскага комплексу па вуліцы Карла Маркса ў Гродне. З 2019 года доступ на тэрыторыю адкрыты, кожны ахвотны можа агледзець лямус звонку.
Цяпер тут завяршаецца чацвёрты этап рэстаўрацыі. Над афармленнем унутранай прасторы старажытнага будынка і стварэннем музейнай экспазіцыі працавалі больш за чатыры гады.
Як расказаў пробашч Брыгіцкага касцёла Антоній Грэмза, плануецца адкрыць музейную экспазіцыю да канца года. У памяшканнях пакажуць старажытны побыт.
Экспанаты збіраліся падчас экспедыцый па вёсках. Цяпер ідзе падрыхтоўка экспанатаў і арганізацыя работы над стварэннем выставачнай прасторы.
Рэстаўрацыя драўлянага лямуса пачалася ў 2016 годзе. Яна праводзілася пры ўдзеле польскіх рэстаўратараў і пад кантролем Міністэрства культуры, бо будынак уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Яму прысвоена нулявая, то-бок найвышэйшая катэгорыя каштоўнасці.
Падчас першых трох этапаў рэстаўрацыі спецыялісты прыбралі сляды сучасных дапрацовак і рамонтаў, якія з'явіліся ў XX стагоддзі. Спачатку тут быў інтэрнат для манашак, затым — склады. У савецкі час — кабінеты псіхіятрычнай бальніцы.
Так, у лямусе замянілі вокны, прагнілыя фрагменты драўляных сцен, пачысцілі і апрацавалі адмысловымі ахоўнымі растворамі, зрабілі аўтэнтычны дах з гонты — тонкіх асінавых пласцінак.
Драўляны лямус на тэрыторыі Брыгіцкага манастырскага комплексу лічыцца самай старажытнай гаспадарчай і жылой пабудовай на тэрыторыі Беларусі. Ён быў пабудаваны ў першай палове XVII стагоддзя па незвычайнай тэхналогіі — без адзінага цвіка. Элементы канструкцыі будынка звязаныя драўлянымі клінамі.
Лямусам у тыя часы называлі гаспадарчую пабудову. Першы паверх выкарыстоўваўся для захоўвання прадуктаў і гаспадарчага інвентару, другі паверх — як жылы. Вядома, што першапачаткова на другім паверсе размяшчаўся духоўнік сясцёр-манашак. А калі быў пабудаваны цагляны корпус, тут маглі размяшчацца работнікі, якія абслугоўваюць манастыр.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
1769 г. У айчыннай літаратуры ў якасці даты пабудовы памылкова падаецца XVII ст.