«Верхняя пятля правай часткі варот адарвалася, і вароты ўпалі на старшага лейтэнанта». Belpol даведаўся пра будні «12-й арміі свету»
Пакуль лукашэнкаўскія прапагандысты цешацца, што паводле апытання тысяч неспецыялістаў з 36 краін беларуская армія займае нібыта па сваёй моцы 12-е месца ў свеце, апераджаючы нават ядзерныя дзяржавы, група Belpol атрымала доступ да архіўнай статыстыкі здарэнняў, якія адбыліся ў гэтай арміі цягам аднаго месяца. Былыя сілавікі, аб'яднаныя ў гэтай ініцыятыве, сцвярджаюць, што на ўсю гэтую інфармацыю маюць пацвярджальныя дакументы.

6-я асобная механізаваная брыгада (горад Гродна)
У час устаноўкі жорсткай счэпкі паміж БРЭМ-Ч (браняваная рамонтна-эвакуацыйная машына) і БТС-4 (гусенічны браніраваны цягач), механік-кіроўца БТС-4, не заглушыўшы рухавік і не паставіўшы рычаг пераключэння перадач на нейтральнае становішча, адпусціў педаль счаплення і наехаў на двух вайскоўцаў, якія апынуліся паміж машынай і счэпкай.
У выніку наезду прапаршчык і радавы-кантрактнік атрымалі спалучаныя траўмы галавы, грудзей, жывата, хрыбетніка, лёгкіх.
11-я асобная механізаваная брыгада (горад Слонім Гродзенскай вобласці)
У час пагрузкі на трал БМП-2 (баявая машына пяхоты) пры выраўноўванні машыны яна перакулілася, у выніку чаго радавы тэрміновай службы атрымаў драпіны, падскурныя гематомы абедзвюх цемянных абласцей, пашкоджанні правага локцевага сустава і мяккіх тканак абедзвюх сцёгнаў.
336-я рэактыўная артылерыйская брыгада (горад Асіповічы Магілёўскай вобласці)
На занятках па агнявой падрыхтоўцы, выконваючы першае практыкаванне (кіданне гранаты РГД-5), навучэнец трапіў гранатай у верхнюю частку сценкі агароджы акопа, якая, адскочыўшы, упала ва ўлоўнік гранат. Капітан, які кіраваў заняткамі, закрыўшы вайскоўца на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы, страціў раўнавагу і зваліўся ў левае сховішча, пры гэтым атрымаўшы асколачныя раненні і выбуховую траўму мяккіх тканак левай ягадзіцы і левага сцягна.
11-я асобная механізаваная брыгада (горад Слонім Гродзенскай вобласці)
У час інжынернага абсталявання раёна размяшчэння пры капанні схованкі для тэхнікі з выкарыстаннем ПЗМ-2 (палкавая землярыйная машына) дрэва, якое знаходзілася паблізу сценкі акопа, з-за мяккага грунту і моцнага парыву ветру ўпала на палатку, у якой знаходзіўся вайсковец тэрміновай службы. У выніку вайсковец атрымаў траўмы хрыбетніка. Дрэва ўпала на палатку таму, што яму выкапалі занадта блізка ад яго.
120-я асобная механізаваная брыгада (Уручча, горад Мінск)
У час перамяшчэння на мяжу разгортвання пры ўваходзе на паварот дарогі перакулілася БРДМ (браняваная разведвальна-дазорная машына), у выніку чаго малодшы сяржант, які праходзіў тэрміновую службу, атрымаў спалучаныя траўмы пазваночніка, таза, канечнасцяў.
Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь
Пераадольваючы няроўнасці дарогі на занятках па кіраванні (танка) Т-72, інструктар па кіраванні радавы тэрміновай службы, стукнуўся правым вокам аб прыбор назірання і атрымаў страсенне галаўнога мозга, пералом костак чэрапа і розныя пашкоджанні вока.
120 асобная механізаваная брыгада (Уручча, горад Мінск)
Пры вывадзе машыны са сховішча верхняя пятля правай часткі варот адарвалася, і вароты ўпалі на старшага лейтэнанта, у выніку чаго ён атрымаў траўмы патылічнай і паяснічнай абласцей, правай галёнкі, пашкоджанні мяккіх тканак левага сцягна, левай нагі і грудной клеткі.
2-я інжынерная брыгада (горад Мінск)
Пры абслугоўванні запорнага прыстасавання самазвала МАЗ-551605 міжвольна ўпаў драўляны брусок, які ўтрымлівае задні борт, у выніку чаго радавы тэрміновай службы атрымаў траўму патылічнай часткі галавы.
Акрамя таго, у той жа перыяд у час заняткаў па фізічнай падрыхтоўцы вайскоўцамі атрыманыя 1 пералом, 1 вывіх, 1 траўма. Пры правядзенні гаспадарчых работ — 3 пераломы і 1 колатая рана. У працэсе абслугоўвання тэхнікі — 1 ірваная рана і 1 траўма. Пры выкананні задач ахоўвання і патрулявання — 2 пераломы і 1 укус бадзяжнага сабакі. Пры іншых абставінах — 1 пералом, 2 выпадкі страты прытомнасці і 3 траўмы.
Прапагандысты трыумфуюць: армія Беларусі — 12-я ў свеце. Але ёсць нюанс
Хрэнін у Кітаі заявіў, што адносіны паміж краінамі можна ставіць у прыклад іншым
Позва па SMS — юрысты тлумачаць, што хочуць змяніць у законе. Ёсць важныя моманты
Ці ёсць у беларускіх генералаў план на выпадак нападу Расіі на Беларусь
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Это вообще нонсенс!) Их даже собаки не боятся!....