Дыктатура Лукашэнкі набліжаецца да свайго фіналу, як і любая іншая дыктатура. Але ў спадчыну лукашэнкаўскі рэжым пакіне напаўразбураную краіну, дзе ўсё жывое закатанае ў асфальт, і з рэпутацыяй суагрэсара вайны ва Украіне. Ці дапаможа беларуская мова захаваць незалежную Беларусь? І як трэба вырашаць «моўнае пытанне» ў паслялукашэнкаўскую эпоху, каб не нарабіць яшчэ большай бяды? Пра гэта выданне BG.Media пагутарыла з гісторыкам і палітычным аналітыкам Аляксандрам Фрыдманам.

— Давайце паглядзім на еўрапейскі досвед. Ёсць Ірландыя, дзе пераважае англійская мова фактычна цалкам; ёсць Аўстрыя, жыхары якой размаўляюць на нямецкай мове, але нямецкая мова аўтаматычна не робіць іх немцамі. Хаця Аўстрыя ва многім жыве ў нямецкай культурнай прасторы: многія глядзяць нямецкае тэлебачанне, хапае людзей, якія чытаюць нямецкія газеты, ведаюць нямецкіх музыкаў. Гэта натуральна, бо Германія намнога большая, чым Аўстрыя. Але аўстрыйцы не лічаць сябе залежнымі ад Германіі. У Еўропе ёсць краіны з некалькімі дзяржаўнымі мовамі — тая ж Швейцарыя.
Мова — важны, але не адзіны чыннік захавання незалежнасці дзяржавы.
Мы павінны зыходзіць з рэальнай сітуацыі. А цяпер Беларусь знаходзіцца ў вельмі дрэннай сітуацыі. Моўная палітыка рэжыму Лукашэнкі прывяла да заняпаду беларускай мовы — гэта факт.
Чым адрозніваецца беларуская сітуацыя ад Украіны, дзе сітуацыя была досыць нетрывалая? І цяпер ва Украіне хапае рускамоўных людзей. Але: вырасла маладая генерацыя ўкраінцаў. Я ў Германіі бачу маладых украінцаў з розных рэгіёнаў краіны, якія часткова гавораць на рускай, часткова — на ўкраінскай мовах. У размовах між сабой украінцы аддаюць перавагу ўкраінскай мове. Нацыянальная моўная палітыка дае свой плён.
У Беларусі ўсё выглядае інакш — заняпад беларускай мовы. І калі насамрэч зменяцца абставіны і гэтая дыктатура ляснецца, то Беларусь чакаюць куды больш сур’ёзныя выклікі, чым моўнае пытанне.
Беларусь чакаюць вялікія эканамічныя праблемы, пытанні бяспекі выйдуць на першы план. У такіх варунках паўстане пытанне: ці ў стане краіна выдзяляць дадатковыя грошы на культуру, мову?
Беларусь чакаюць цяжкія часы. І ў такіх умовах трэба паводзіць сябе вельмі асцярожна і стрымана. Руская мова ўкаранілася ў Беларусі, і трэба прызнаць шчыра, што для пераважнай колькасці беларусаў руская мова з’яўляецца роднай. Відаць, для значнай часткі беларусаў Дастаеўскі з Талстым больш блізкія і зразумелыя, чым Быкаў з Караткевічам. Беларусы жывуць у рускамоўнай прасторы, адкуль вельмі цяжка выходзіць.
Пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне з 2022 года я назіраю цікавыя рэчы. Я з рускай культурай звязаны прафесійна. Але не жыву ў рускай культурнай прасторы: я фактычна не гляджу рускія фільмы ў свой вольны час, не слухаю рускую музыку, на расійскім тэлебачанні я гляджу толькі палітыку і расійскую прапаганду, бо мне яе даводзіцца аналізаваць. У мяне няма асаблівай цікавасці да культурніцкага жыцця ў Расіі. Я не кажу, што гэта добра і так трэба сябе паводзіць — проста ў мяне іншыя інтарэсы.
Адначасова я бачу людзей, якія заяўляюць: усё, я выходжу з «рускага міру», я не жадаю з ім мець нічога агульнага, але адначасова глядзяць расійскія серыялы ці забаўляльныя перадачы на расійскім тэлебачанні. То-бок людзі настолькі глыбока сядзяць у рускай прасторы, што выйсці з яе неймаверна цяжка, адмовіцца ад яе надзвычай цяжка, нават балюча.
Нам давядзецца мець справу з грамадствам, у якога нулявы дэмакратычны вопыт, дзе ўсё жывое зачышчана пад корань, якое чакаюць цяжкія эканамічныя выпрабаванні і сур’ёзныя выклікі ў сферы бяспекі. Нешта рабіць у такім грамадстве будзе неймаверна цяжка.
Не трэба мець ілюзій. Усе высілкі лукашэнкаўскага рэжыму і ягонай прапаганды выдаць бел-чырвона-белы сцяг за фашысцкую сімволіку, уся іхняя агрэсіўная лухта падрывае, канешне, рэпутацыю бел-чырвона-белага сцяга.
Але калі чырвона-зялёны сцяг нарэшце будзе заменены на бел-чырвона-белы сцяг, то, думаю, большасць грамадства сустрэне гэта спакойна, або нейтральна, або абыякава. Па прынцыпу: мне ўсё роўна, які сцяг, галоўнае — каб я мог зарабіць свае грошы. Так што вяртанне бел-чырвона-белага сцяга сур’ёзных пратэстаў не выклікае.
З іншага боку, рэзкія змены ў моўным пытанні: напрыклад, руская мова страціць статус дзяржаўнай або пачнецца татальная дэрусіфікацыя, ці выцясненне рускай мовы, як ва Украіне ці краінах Балтыі — для многіх людзей стануць вельмі балючымі. Балючымі таму, што ў гэтай рускамоўнай, рускакультурніцкай прасторы яны існуюць. Гэта можа нанесці грамадству дадатковую шкоду.
Беларусізацыя безумоўна патрэбна, пытанне гэтак нават не стаіць. А кіраўніцтва краіны мусіць размаўляць па-беларуску — гэта відавочна, як усход ды заход сонца.
Давайце возьмем Уладзіміра Зяленскага, які, хутчэй за ўсё, у штодзённым жыцці, па-за камерамі, размаўляе на рускай мове — для яго гэта родная мова. Але Зяленскі як прэзідэнт Украіны, тым больш у сённяшніх умовах, асабліва ў публічнай прасторы, мусіць карыстацца выключна ўкраінскай мовай: прэзідэнт мусіць падаваць прыклад, дэпутаты павінны быць прыкладам, журналісты.
Калі такіх прыкладаў будзе дастаткова шмат — і астатні народ паступова падцягнецца, неабавязкова шукаць радыкальныя крокі. Тым больш што ў Беларусі беларусізацыю рабіць будзе цяжка — з-за асабліва моцных традыцый русіфікацыі і расійскага фактару. Нават калі ў Беларусі пачнуцца сур’ёзныя змены, мы не ведаем, якой у гэты час будзе Расія, як яна будзе рэагаваць.
«Я не этнічны беларус, але з беларускасцю ніколі не парываў». Моўнае пытанне Аляксандра Фрыдмана
«Ніколі не разумела, дзе заканчваецца ўкраінская мова і пачынаецца беларуская». Журналістка расказала пра свой шлях да беларускасці
«Родная мова — мова майго роду і маёй краіны». Ці можа ў чалавека быць роднай тая мова, на якой ён не размаўляе?
«Хай хто-небудзь ужо нарэшце скажа: трэба вывучаць беларускую як замежную мову»
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары