Ва Уруччы высекуць сквер пад праваслаўную царкву. Натхняліся раннехрысціянскай архітэктурай Рыма
На скрыжаванні вуліц Русіянава і Нікіфарава ў Мінску плануюць узвесці чарговы праваслаўны храм. У адрозненне ад большасці сучасных праваслаўных святыняў яго архітэктура звяртаецца не да традыцый расійскага дойлідства, а да эстэтыкі познярымскіх маўзалеяў і мартырыяў.

Архітэктурна-планіровачную канцэпцыю новага храма вынесла на абмеркаванне адміністрацыя Першамайскага раёна Мінска.
Заказчыкам выступае праваслаўны прыход храма Святой Мучаніцы Таццяны. У 2022 годзе прыход ужо спрабаваў узвесці храм у гэтым жа раёне, але на іншым участку — па вуліцы Шугаева — і ў іншым выглядзе. Тады праект больш нагадваў класічныя раннехрысціянскія базілікі IV—VI стагоддзяў з характэрным порцікам перад галоўным фасадам.


Новым месцам стаў невялікі сквер на рагу вуліц Русіянава і Нікіфарава — побач з жылымі дамамі і паліклінікай. Як і ў мінулым варыянце, архітэктарам выступіў Віталь Арабей, які працягвае пераймаць узоры раннехрысціянскай архітэктуры.
Паводле плана, храм у Уруччы будзе мець вышыню 16 метраў, даўжыню 22,5 і шырыню 18,6 метра. Ён разлічаны на 210 чалавек і ўключае малітоўную залу, алтар, хоры, рызніцу і дзіцячую пляцоўку на прылеглай тэрыторыі.
Рымскія алюзіі

Архітэктура праектаванага храма заснавана на традыцыях рымскага дойлідства першых стагоддзяў нашай эры, што, паводле тэксту праекта, адпавядае часу і месцу жыцця святой мучаніцы Таццяны. Асноўную ролю пры выбары цэнтрычнай кампазіцыі будынка царквы адыграла архітэктура маўзалеяў і мартырыяў — збудаванняў, дзе хавалі святых, у першую чаргу мучанікаў, а таксама баптыстэрыяў, прызначаных для абраду хрышчэння.
Васьмікутнік з часоў антычнасці лічыўся найбліжэйшай да круга фігурай сярод шматкутнікаў, сімвалам дасканаласці, спакою і вечнасці.


Сярод архітэктурных узораў, якія натхнялі аўтараў праекта, называюцца маўзалей Дыяклетыяна ў Спліце (IV стагоддзе, цяпер Харватыя), базіліка Святога Стэфана ў Рыме (V стагоддзе), базіліка Сан-Вітале ў Равене (VI стагоддзе) і Латэранскі баптыстэрый у Рыме (IV стагоддзе). Праўда, мучаніцкая смерць Таццяны адбылася значна раней — у першай палове III стагоддзя, таму адпаведнасць архітэктуры часу і месцу жыцця святой выглядае даволі ўмоўнай.
Сквер пад знос
Калі архітэктурна гэты праект сапраўды нешта новае для Мінска і вылучаецца на фоне тыповых храмаў у псеўдарускім стылі, то вось падыход да выбару месцаў пад храмы ў РПЦ застаўся традыцыйным.

Новы храм плануюць узвесці на тэрыторыі невялікага сквера, густа засаджанага дрэвамі.
Мяркуючы па характары насаджэнняў, гэтая пляцоўка выкарыстоўваўся прыкладна з 2016 года для кампенсацыйных пасадак — высадкі новых дрэў замест тых, што былі знесены пад іншыя будаўнічыя праекты ў іншых частках горада. Цяпер жа надышла чарга і гэтых дрэў, якія за дзесяць гадоў прыняліся, паспелі падрасці і сфармавалі паўнавартасную зялёную зону.
Паводле праекта, большая частка гэтых дрэў трапляе або пад сам будынак храма, або пад выбрукаваную пляцоўку вакол яго, а таксама пад дарожкі і дзіцячую пляцоўку.


У тлумачальнай запісцы адзначаецца, што размяшчэнне храма ў пешай даступнасці станоўча паўплывае на ўзровень камфорту і экалагічны стан гэтай часткі Мінска. Пры гэтым у праекце не ўдакладняецца, якім чынам высечка большай часткі сквера можа палепшыць экалагічную сітуацыю ў раёне.
Закон і практыка
Згодна з дзеючым генеральным планам Мінска, будаўніцтва культавых збудаванняў забаронена ў ландшафтна-рэкрэацыйных зонах, да якіх належаць усе паркі і скверы. Аднак гэтая норма ні разу не стала перашкодай для будаўніцтва праваслаўных храмаў у зялёных зонах сталіцы.
Апошнія гады Руская праваслаўная царква актывізавала сваю дзейнасць у сферы храмабудаўніцтва, імкнучыся паставіць свае храмы амаль на кожным вольным кавалку зямлі ў Мінску. Паралельна адбываюцца грамадскія абмеркаванні яшчэ як мінімум двух новых храмаў — у тым ліку храма праведнага Іаана Кранштацкага па вуліцы Янкі Брыля, спраектаванага тым жа Віталём Арабеем.
Пры гэтым рэальная патрэба гараджан у новых храмах застаецца невядомай — у Беларусі адсутнічае афіцыйная статыстыка па колькасці вернікаў розных канфесій.
Грамадскае абмеркаванне праекта ва Уруччы пачалося 20 кастрычніка і працягнецца да 3 лістапада ўключна. Заўвагі і прапановы можна дасылаць у адміністрацыю раёна ў пісьмовай форме з пазнакай «грамадскія абмеркаванні».
Каментары