Як Фядыніч адкрыў аўтобус Статкевічу на мяжы і як Вінярскі таксама выйшаў, каб застацца ў Беларусі. Новыя падрабязнасці
Новыя падрабязнасці таго, што адбывалася на мяжы пры дэпартацыі палітвязняў у Літву 11 верасня расказвае «Новая газета. Европа».

Даўжэй за ўсіх з Мікалаем Статкевічам знаходзіўся Максім Вінярскі, расказвае выданне. Максім быў затрыманы ў студзені 2021 года і прысуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі за «масавыя беспарадкі». А ў мінулым годзе затрымалі яго родную сястру Алену Церашкову — маці чацвярых дзяцей, сківічнага хірурга і двухразовую чэмпіёнку Беларусі па таэквандо. Алену асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі».
Да канца тэрміну Максіму Вінярскаму заставаўся месяц, калі яго з калоніі № 3 даставілі ў СІЗА КДБ. Ён разумеў, што іх будуць вывозіць пад канвоем, і варыянтаў пазбегнуць выдварэння з роднай краіны няма. Але ўсю ноч ён пра гэта думаў і вырашыў дзейнічаць па абставінах. Як і Мікалай Статкевіч.
— Калі нас вывезлі з Беларусі, — кажа Максім, — на нейтральнай паласе канваіры ў масках хутка выскачылі з аўтобуса і зніклі. Аўтобус паехаў у бок Літвы, дзверы былі зачыненыя. Мікалай пачаў біць па дзвярах аўтобуса.
Кіроўца-гэбіст закрычаў штосьці наконт паломкі і шкоды, але Мікалай быў упарты. Утрымаць яго ў аўтобусе і перавезці на літоўскі бок наўрад ці было магчыма.
І тут падышоў Генадзь Фядыніч, які кіраваў прафсаюзам радыёэлектроннай прамысловасці, і проста павярнуў аварыйную ручку над дзвярыма. Сціснутае паветра пачало выходзіць, і заставалася толькі адчыніць дзверы простым фізічным намаганнем.
Статкевіч адчыніў дзверы, і Максім Вінярскі выйшаў з аўтобуса ўслед за ім. Яны пайшлі да беларускай мяжы. Насустрач ім выбегла маладая памежніца з крыкам «Вам сюды нельга! Ідзіце ў Літву!»
Статкевіч пачаў тлумачыць, што ён грамадзянін Беларусі, і яго ніхто не можа не ўпусціць у краіну грамадзянства. Памежніца адказала: «А як вы можаце даказаць, што вы грамадзянін Беларусі? У вас няма дакументаў, а без дакументаў вас ніхто не ўпусціць у Беларусь».
— Потым, — працягвае Максім Вінярскі, — з боку Беларусі прыйшоў нейкі мардаварот у цывільным. Ён загадаў памежніцы вяртацца на пост, а нас пачаў пераконваць у тым, што ў нас няма іншага выйсця, і мы абавязаныя ісці ў Літву, паколькі ў Беларусь нас усё роўна не пусцяць. А ў Літве нас ужо чакаюць, там свабода і сябры. У Беларусі ж, калі будзем упірацца, нічога добрага не будзе. Статкевіч яго і слухаць не хацеў.
Мы стаялі каля той бетоннай дугі, якая трапіла ва ўсе сусветныя медыя. Мікалай хацеў сесці. Спытаў мардатага: «Я магу тут прысесці?» Той адказаў: «Не, нельга, гэта ўжо беларуская тэрыторыя». І тады Мікалай схапіўся за сэрца і сказаў: «Ой, кепска мне, не магу стаяць…» І спакойна сеў.
Тады мардаварот у цывільным паклікаў амерыканца. З боку памежнага паста прыйшоў, верагодна, супрацоўнік пасольства — мы пра яго ведаем толькі тое, што яго завуць Кевін. Больш ніякай інфармацыі пра сябе ён не паведаміў. Кевін таксама пачаў пераконваць нас ісці ў Літву і нават прапанаваў свой мабільны тэлефон, каб мы пазванілі родным.
Я пазваніў маме. Мама сказала, што ўжо другі год жыве ў якасці маці двух палітзняволеных і што калі са мной зноў нешта адбудзецца, яна не перажыве гэтага. І ў сястры Алены, якая адбывае тэрмін на «хатняй хіміі», могуць узнікнуць новыя праблемы. Я не мог на іх напляваць. Я прыняў рашэнне ісці ў Літву.
Маці Максіма — 79 гадоў. І апошнія пяць гадоў яна правяла ў зборы перадач і пасылак, паездках у СІЗА і калоніі, клопаце пра ўнукаў, калі пасадзілі яшчэ і дачку.
Статкевіч жа, разумеючы, што будзе далей, папрасіў Максіма Вінярскага перадаць вельмі важныя і асабістыя словы жонцы Мікалая Марыне Адамовіч. Максім перадаў.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Вось, што піша сведка падзей Зянон Пазьняк:
https://pazniak.info/page_da_pyitannya_pra_rejyimnuyu_quotapazyitsyiyuquot