Генпракуратура Расіі папрасіла прыпыніць забарону афганскага руху «Талібан» у Расіі. Адпаведны пазоў ведамства накіравала ў Вярхоўны суд РФ, паведамляе «Інтэрфакс».

Пазоў генпракурора «аб прыпыненні забароны дзейнасці руху «Талібан», уключанага ў адзіны федэральны спіс арганізацый, у тым ліку замежных і міжнародных арганізацый», прызнаных у адпаведнасці з заканадаўствам Расіі тэрарыстычнымі, паступіў і прыняты да разгляду, паведаміў суд.
Судовае паседжанне прызначанае на 17 красавіка. Разгляд пройдзе ў закрытым рэжыме.
Калі суд прыпыніць забарону дзейнасці «Талібана», то пасля ўступлення пастановы ў законную моц рух будзе выключаны са спісу тэрарыстычных арганізацый, адзначае «Інтэрфакс».
У канцы 2024 года Пуцін падпісаў закон, які дае магчымасць прыпыняць статус тэрарыстычных арганізацый у Расіі. У студзені 2025-га МЗС Расіі заявіў, што ідзе працэс «выключэння Талібана» з ліку тэрарыстычных арганізацый.
Нягледзячы на фармальную прысутнасць ісламісцкага руху Талібан, які з 2021 года пасля 20-гадовага перапынку зноў кіруе Афганістанам, у расійскім спісе тэрарыстычных арганізацый, з яго прадстаўнікамі ў расійскіх уладаў існавалі дастаткова цесныя кантакты, у тым ліку на даволі высокім узроўні.
Каментары