Грамадства11

«Наступілі на руку і зламалі тры пальцы, білі электрошокерам у пах» — экс-палітвязень з суполкі «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта»

19-гадовы Уладзіслаў Ефімовіч з Івацэвічаў у 2022 годзе далучыўся да закрытай суполкі «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта», дзе з паплечнікамі дзяліўся відэа расійскай вайсковай тэхнікі і абмяркоўваў партызанскую вайну ў Беларусі. У тым жа годзе Уладзіслава разам з адміністратарамі суполкі затрымалі. Палітвязня асудзілі на 3,5 гады калоніі. Падчас затрымання хлопцу на руцэ зламалі пальцы і шматразова збівалі электрашокерам. На волю Уладзіслаў выйшаў з шэрагам захворванняў. Сёлета ў студзені ён выйшаў з калоніі па памілаванні і з’ехаў з Беларусі.

Уладзіслаў распавёў «Вясне», як пры затрыманні яму зламалі пальцы, а ў аддзяленні ГУБАЗіК білі электрашокерам у пах. Як ён у СІЗА ад адчаю рэзаў сабе вены, як палітвязняў садзяць у ШІЗА за вывучэнне замежных моваў, а таксама, як праходзіла апошняя хваля памілавання.

У 2020 годзе 17-гадовы Уладзіслаў вучыўся ў Слонімскім тэхнічным каледжы на электрыка і падтрымліваў Святлану Ціханоўскую. Разам з сябрамі хлопец паехаў з Івацэвічаў у Мінск на акцыю пратэсту 9 жніўня, бо быў нязгодны з вынікамі выбараў: «На той момант я яшчэ не меў права галасаваць, але прыехаў падтрымаць пратэстоўцаў і паказаць, што я за Ціханоўскую».

Праз тыдзень пасля ўдзелу ў пратэснай акцыі, па дарозе на вучобу да яго падышлі супрацоўнікі мясцовай міліцыі і запрасілі сесці да іх у машыну.

«Дзесьці ўсплыла фатаграфія з акцыі і так яны мяне знайшлі. Міліцыянты мне пагражалі адміністрацыйнай справай, калі я зноў паеду на пратэсты ў Мінск. Яны знайшлі ў маім тэлефоне, што я быў у мясцовай суполцы ў падтрымку Ціханоўскай. Таксама правялі прафілактычную размову з дырэктарам каледжа і ладзілі прапагандысцкія размовы ў актавай зале, нібы выбары былі сумленныя, што нельга выходзіць на вуліцы і трэба падтрымліваць Лукашэнку».

Пасля падзей 2020 года Уладзіслаў больш не праяўляў пратэснай актыўнасці. Але пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ён звязаўся ў Telegram з «Беларускім Гаюном» і планам «Перамога» і прапанаваў ім сваю дапамогу.

«Я такі чалавек, што калі ў майго суседа гарыць дом, я буду дапамагаць тушыць, а не глядзець збоку. Я пачаў здымаць расейскую ваенную тэхніку, якая ўдзельнічала ў вайне. Ездзіў здымаць у розныя гарады: у Бераставіцу, Слонім, Брэст, Пінск, Барысаў. Здымаў, дзе яны базуюцца, дзе трэніруюцца разам з беларускімі вайскоўцамі. Гэтыя відэа затым дасылаў у «Беларускі Гаюн».

«Я хацеў паказаць украінцам, што не ўсе беларусы падтрымліваюць Расію»

У маі 2022 года Уладзіслаў уступіў у закрытую суполку «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта».

«Мяне туды запрасіў арганізатар Алег Дабрынёў, які цяпер за кратамі. Ён жа прыдумаў назву суполкі. У суполцы мы дзяліліся відэаролікамі расійскай ваеннай тэхнікі, якія таксама дасылалі ў «Беларускі Гаюн». Абмяркоўвалі, што будзе, калі расійскія войскі зойдуць на тэрыторыю Беларусі і як мы будзем ім супрацьстаяць — весці партызанскую вайну. Мы планавалі адбіраць зброю ў міліцыянтаў, дзяліліся рэцэптамі кактэйляў Молатава. Абмяркоўвалі, як адключаць электрычнасць на чыгунцы, каб спыняць цягнікі, якія перавозяць расійскую зброю. Але ўсё, што мы рэальна паспелі зрабіць — гэта дасылаць відэа з расійскай ваеннай тэхнікай і расклейваць па горадзе лістоўкі».

Хлопец вёў у тыктоку свой канал, дзе публікаваў розныя відэа на палітычную тэматыку. Таксама сядзеў у чат-рулетцы, дзе размаўляў пра палітыку з рускімі і ўкраінцамі. Там яго заўважыў Алег Дабрынёў і запрасіў у суполку СБНШ. На той момант у суполцы было 35 чалавек. Адміністратарам быў Балахонаў Кірыл, які цяпер таксама за кратамі, кажа суразмоўца.

«Я хацеў паказаць украінцам, што не ўсе беларусы падтрымліваюць Расію. Цяпер беларусы для большасці варожыя. Я хацеў даказаць, што мы не такія. Што ёсць мы, вольныя беларусы, а ёсць тыя, хто падтрымлівае крамлёўскі рэжым. Таксама ёсць беларусы, якія ваююць на баку Украіны. Пра ўсё гэта я вёў канал у Tik-Tok, які дагэтуль дзейнічае».

Пасля ўдзелу ў пратэсных акцыях Уладзіслаў забраў дакументы з каледжу і хацеў з’ехаць з краіны, але яму прыйшла позва ў армію. У кастрычніку 2022 года хлопца прызвалі ў 38-ю асобную дэсантна-штурмавую брыгаду Брэста. Як кажа суразмоўца, у ягонай часці вайскоўцы вельмі мала займаліся прафесійнай падрыхтоўкай, а ў прафесійным сэнсе гэта не армія.

У войску Уладзіслаў працягваў перапісвацца з СБНШ, у навінах не пісалі пра прызнанне іх суполкі «экстрэмісцкай». Напачатку лістапада хлопцу патэлефанавала маці і сказала, што ў яго дома быў вобшук, падчас якога ва Уладзіслава вынялі ўкраінскія грыўні і сцяг Украіны.

«Таксама ад маці я даведаўся, што мне прад’явілі абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса. Тады мяне дапытваў камандзір часці, маўляў, што я такое зрабіў».

«У нашую суполку было аператыўнае ўкараненне». Затрыманне

Уладзіслава затрымалі раніцай 15 лістапада 2022 года, праз тры тыдні тэрміновай службы. Ён нават не паспеў прыняць прысягу. Супрацоўнікі АМАПа і ГУБАЗіКа ў поўным узбраенні прыехалі па хлопца проста ў часць.

«За намі сачылі з 3 лістапада 2022 года. Пра гэта нам пазней сказалі на судзе. У нашую суполку было аператыўнае ўкараненне. Затрымліваць усіх пачалі 5 лістапада. Мяне затрымалі апошняга. Таксама сілавікі налічылі ў мяне 130 каментароў у інтэрнэце. Але пазней на судзе мне гэта не прад’явілі».

Уладзіслаў мяркуе, што гэтыя абвінавачванні, як і ўдзел у пратэснай акцыі ў 2020 годзе, яму хацелі прад’явіць пазней, каб працягнуць яго пераслед.

«Мяне паклалі проста на зямлю, калі я вяртаўся са сталовай. Сілавікі наступілі мне на руку і зламалі тры пальцы. Першае, што яны ў мяне спыталі: «Ну што, Слава Украіне?». Я адказаў станоўча, за гэта атрымаў удар у галаву. Сілавікі называлі мяне нацыстам і маджахедам». 

Пад Баранавічамі на аўтазапраўцы Уладзіслава перасадзілі ў бусік да сілавікоў з трэцяга аддзелу дзясятага упраўлення ГУБАЗіК.

«У бусіку ў мяне пыталі пра гісторыю Другой сусветнай вайны. А таксама ці паеду я «пі*дзіць хахлоў» і ці пайду служыць у ПВК «Вагнер». Я адказаў, што сваіх забіваць не пайду. Сілавікі называлі ўкраінцаў нацыстамі».

Білі электрашокерам у пах і запісвалі «пакаяльнае» відэа

Хлопца прывезлі ў Мінск толькі позна ноччу. Праз увесь дзень яго не кармілі, не давалі піць і не вадзілі ў прыбіральню.

«У аддзяленні ГУБАЗіК мяне дапытваў следчы, які не прадставіўся. У мяне дома знайшлі фуфайку, якую я калісьці даўно прывёз з Украіны. Праз гэта мне сталі казаць, нібы я збіраўся ехаць ваяваць ва Украіну, а ў Беларусі збіраўся ладзіць тэракты. Мне пагражалі, што дадуць пажыццёвы тэрмін. Сілавікі пачалі мяне збіваць і казаць, каб усё распавядаў. А я нават не разумеў, у чым мяне абвінавачваюць. Мне крычалі пагрозы і абразы проста ў вуха, правакавалі. Я не маўчаў і казаў ім у адказ. За гэта мяне пачалі біць па нырках».

Уладзіслава пераапранулі ў памаранчавую кофту і павялі ластаўкай у іншы пакой запісваць «пакаяльнае» відэа. Сілавікі здзекваліся з хлопца і прымушалі казаць хлусню. Нібы ён прыняў іслам і з’яўляецца маджахедам, падтрымлівае нацыяналістычныя ўкраінскія батальёны і збіраецца ехаць на вайну.

«Спачатку яны казалі, каб я паўтарыў на камеру іхнія словы. Я быў у вельмі шокавым стане і не мог запомніць. За гэта яны мяне збівалі і смяяліся. Я ўжо проста не вытрымліваў ад болю. У выніку сілавікі набралі словы для відэа на маніторы, і я іх зачытваў, стоячы ў кайданках. У канцы відэа я мусіў сказаць: «Абяцаю быць годным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь».

Як распавядае Уладзіслаў, за тое, што ён ад болю не мог з першага разу прачытаць тэкст для «пакаяльнага» відэа, супрацоўнікі ГУБАЗіК некалькі разоў прымянялі электрашокер. Білі ў раён паху, каб было балючай.

«У мяне там былі такія эмоцыі, што ад болю аж слёзы на вачах былі. Зламаныя пальцы моцна апухлі. Я не мог нічога ясна сказаць і пачаў заікацца».

Пазней на судзе хлопец заявіў, што пры затрыманні яму зламалі пальцы, а падчас допыту білі па нырках. Дзяржаўны адвакат, якая прысутнічала пры збіцці Уладзіслава ў РУУСе, на судовым пасяджэнні сказала, што яго ніхто не збіваў, распавядае суразмоўца.

Тры дні са зламанымі пальцамі без лекавання

Ноччу таго ж дня Уладзіслава адвезлі на Акрэсціна, дзе ён прабыў трое сутак. Там хлопцу прад’явілі абвінавачванні, але віну ён на той момант не прызнаў. Уладзіслаў сядзеў у камеры № 6, куды звычайна саджаюць палітычных. Гэта маленькае аднамеснае памяшканне, але разам з Уладзіславам у камеры знаходзіліся 12 вязняў.

«Там немагчыма было ні спаць, ні паесці. Падчас сну мы клаліся, як даміно. Адзін чалавек спаў седзячы ў крэсле. Яшчэ адзін увогуле стаяў. Пазней мы з імі мяняліся месцамі.

Як мне распавялі падчас следства пасля майго затрымання, з 35 удзельнікаў групы сілавікі затрымалі 17 чалавек. У групе было два адміністратары — Алег і Кірыл. Аляксандр Рукойць і я былі актыўнымі ўдзельнікамі суполкі. Таму нашыя чатыры крымінальныя справы вылучылі ў асобную вытворчасць. Таксама адміністратарам быў Мікіта Бруй, але ягоную справу разглядалі асобна ад нашай».

Тры дні з моманту затрымання Уладзіслаў правёў са зламанымі пальцамі без аніякай медычнай дапамогі. У яго моцна апухла рука і ўздуўся жывот.

«Павел Белавус пісаў мне малявы на беларускай мове»

«Толькі калі мяне перавялі на Валадарку, мне нарэшце дапамаглі. Там быў малады доктар, які наклаў мне шыну. Ён добра ставіўся да ўсіх палітычных. Як мне пазней распавялі, ён скончыў жыццё самагубствам».

Як распавядае суразмоўца, яго змясцілі ў «добрую камеру», дзе былі прыязныя сукамернікі. Але ў камеры не хапала ложкаў і Уладзіславу давялося спаць проста на стале.

«Мяне там называлі «крепящий». Гэтай той, каму бракуе спальнага месца на ложку, і ён вымушаны спаць на падозе ці на стале».

У камеры Уладзіслаў быў «дарожнікам» — тым, хто адказвае за сувязь паміж вязнямі ў розных камерах. Сплеценыя з нітак адзення вяроўкі — дарогі — працягваюць паміж вокнамі камер. Праз іх Уладзіслаў перадаваў цыдулкі іншым палітзняволеным. Так, пэўны час ён ліставаўся з Паўлам Белавусам, які моцна падтрымліваў хлопца сваім бадзёрым настроем і часам перадаваў яму паштоўкі. За працу «дарожнікам» Уладзіслава шматразова адпраўлялі ў ШІЗА.

«Сукамернікі параілі напісаць яму, што, маўляў, Паша мяне падтрымае. Ён пісаў мне «малявы» на беларускай мове і казаў, што ўсё будзе добра».

«Ад болю не мог схадзіць у прыбіральню»

Зімою ў СІЗА на Валадарцы ва Уладзіслава пачаў моцна балець жывот. Ад болю хлопец не мог ані сядзець, ані ляжаць. Лекар выдаў яму толькі адну таблетку, якая не дапамагла. Урэшце, калі ўся камера пачала гучна абурацца, Уладзіслава забралі на хуткай дапамозе ў шпіталь. Там яму дыягнаставалі запаленне нырак.

«Ад болю я не мог нармалёва схадзіць у прыбіральню. Але мяне не шпіталізавалі, а вярнулі ў камеру. Ніякага асобнага харчавання, ні добрага лекавання. Мне рабілі нейкія ўколы і давалі таблеткі. Але ўсё адно, у калонію я паехаў з хворымі ныркамі. І на волю выйшаў разам з гэтай хваробай».

Ад адчаю Уладзіслаў казаў надзірацелям, што калі яго нармальна не палечаць, то ён будзе пісаць скаргі ў ААН. У адказ яму толькі пагражалі суткамі ў ШІЗА.

«Цягам двух тыдняў я рэгулярна пісаў заявы, што ў мяне дрэнны псіхічны стан, з’явілася дэпрэсія і мне патрэбны псіхолаг. Але адміністрацыя ніяк не рэагавала. У СІЗА працавала маладая прыгожая псіхолаг Крысціна. Наглядчыкі думалі, што я пішу заявы, каб проста пагутарыць з прыгожай дзяўчынай».

Суразмоўца распавядае, што яму выпісалі супакаяльныя таблеткі, якія Уладзіслаў збіраў, каб пазней прыняць адразу вялікую дозу і скончыць жыццё самагубствам. Таксама ён выменьваў на цыгарэты ў іншых вязняў так званую тэрапію — таблеткі для хворых на СНІД. Паводле словаў Уладзіслава, гэтыя таблеткі маюць моцны расслабляючы эфект і ўздзейнічаюць на сон.

Тэрапія складаецца з дзвюх таблетак. Блакітную трэба піць раніцай, а перламутравую — перад сном. Ад іх сняцца вельмі яскравыя сны, якія ты хочаш. Адна таблетка каштавала два пачкі цыгарэт. Пасля прыёму тэрапіі я сніў, як правадыр аўстралійскага племені індзейцаў жаніў мяне на ягонай дачцэ. А таксама, як я ў Мінску ў кайданках збягаю ад міліцыянтаў. Бо я амаль заўсёды думаў пра пабег».

Адной ноччу Уладзіслаў парэзаў сабе на руцэ вены і з’еў 8 штук прыхаваных таблетак. Сукамернікі адразу выклікалі прадольную і хлопца адвезлі да дзяжурнага лекара.

«Мяне вяла маладая прадольная Лера. Ёй было недзе 24 гады. У кабінеце лекара, калі яна ўбачыла мае парэзаныя рукі, то пачала плакаць».

Праз некалькі дзён хлопец ачуняў і яго выклікалі да псіхіятра. Там ён сказаў, што безвынікова пісаў шмат заяваў на прыём да псіхолага. Лекар адказаў, што пра заявы Уладзіслава нікому казаць нельга, іначай гэта прынясе шкоду рэпутацыі псіхіятра, распавядае былы палітвязень.

Уладзіславу ў СІЗА пісалі шмат лістоў падтрымкі, але ніводны ён не атрымаў. Перад самым этапам у калонію супрацоўнікі ізалятара паказалі хлопцу вялікі пачак карэспандэнцыі на яго імя. Аднойчы яму не аддалі харчовую перадачу, бо яна была не ад сваякоў, а ад незнаёмай жанчыны.

«Тады я яшчэ не ведаў, што ёсць людзі, якія дапамагаюць палітычным».

«Думалі, што дадуць «хімію» і адразу з’едзем у Польшчу»

У Мінаблсудзе сёмага ліпеня Уладзіслава Ефімовіча асудзілі на 3,5 гады калоніі паводле двух крымінальных артыкулаў: ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) і ч. 1, 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

«Мы з хлопцамі думалі, што нам дадуць «хімію» і мы адразу з’едзем у Польшчу ці ў Літву. А тут суддзя зачытвае прысуд, што мне тры і шэсць узмоцненага рэжыму. У мяне нуль эмоцый. Бацькі адразу пачалі плакаць. Я сказаў канваіру, каб мы хутчэй вярталіся ў СІЗА. Каб там спакойна ўсё абдумаць».

«Палітычныя не мусяць жыць у калоніі лепей за ўсіх»

Восенню Уладзіслава павезлі этапам у Магілёўскую калонію, дзе пачалося самае складанае, распавядае хлопец. Сярод 37 вязняў у этапе ён быў адзіны палітычны. Іншыя вязні смяяліся, што «палітычныя скончыліся». За больш чым два гады ў калоніі Уладзіслаў правёў у штрафным ізалятары 45 сутак.

Ужо на другі дзень у калоніі на Уладзіслава пачалі пісаць рапарты аб парушэннях па надуманых прычынах, каб узмацніць на яго ціск. Рэжымнік па прозвішчу Лук’янцаў сказаў Уладзіславу, што «палітычныя не мусяць жыць у калоніі лепей за ўсіх».

«У рапарце было напісана, нібы ў мяне не супадае опіс рэчаў з тымі, якія насамрэч маю. Я прывёз з сабою 10 блокаў цыгарэт. Лук’янцаў назваў мяне барыгай, сказаў, што гэта для мяне вельмі шмат і забраў у мяне 4 блокі. Таксама ў мяне забралі малюнкі і паштоўкі. Нават красоўкі адабралі».

Начальнік калоніі казаў Уладзіславу, што той «пайшоў супраць бацькі і здрадзіў радзіме», і пазбавіў яго перадачы. А на трэція суткі адправіў хлопца на пяць сутак у ШІЗА.

«Днявальны правакаваў мяне на бойку. Ён мне сказаў: «Я вас бчбшнікаў ненавіджу. Зараз табе ўя*у». Я яму адказаў: «Бей». Ён адразу паклікаў опера, мяне паставілі на расцяжку і адправілі за гэта ў ШІЗА».

Палітычным у калоніі забаранялі наведваць спартовыя секцыі, гуляць у футбол і хадзіць на коўзанку. Адзінае, куды было можна — у царкву і бібліятэку.

У калоніі перыядычна ладзілі музычныя канцэрты. Як кажа Уладзіслаў, «спявалі людзі з волі». Таксама ў выступах прымалі ўдзел і самі вязні. Прыязджалі артысты з розных культурніцкіх установаў, якія спявалі і гралі на музычных інструментах.

«Толькі на Дзень заснавання калоніі палітычных прымусова вадзілі на канцэрты».

Вечарам пасля праверак Улазіслава і іншых палітвязняў адпраўлялі на нарад у кухню чысціць бульбу.

«Той бульбы было вельмі шмат: 60 бакаў на 20 вязняў. Мы пачыналі прыкладна а 20 гадзіне. Бывала, што вярталіся толькі а пятай раніцы. Пасля адразу пад’ём. Праўда, пасля начнога дзяжурства можна было спаць да 16 гадзіны. Але ўсё адно, тым, у каго жоўтыя біркі «экстрэмістаў», абавязкова трэба было прачынацца на абед».

У ПК № 15 ёсць сваё ўнутранае тэлебачанне з адным каналам «ПК-15». Па ім паказваюць фільмы і розныя перадачы. Увесь кантэнт кантралюе супрацоўнік калоніі. Таксама ёсць навіны калоніі: у іх распавядаюць, каго з вязняў памілавалі, а каго адправілі ў ШІЗА. Па гэтым тэлебачанні паказвалі і Уладзіслава, калі яго адправілі ў ШІЗА.

Ад холаду ў ШІЗА спаў пад батарэяй і атрымаў апёкі цела

У камеры ШІЗА а 21 гадзіне адбой, а пятай пад’ём. Цягам усяго дня нельга ляжаць. За вязнямі увесь час назіраюць праз камеры відэаназірання. Пастаянна грае беларускае радыё, а раніцай уключаюць дзяржаўны гімн, распавядае Уладзіслаў.

«За месяц да памілавання ў студзені я сядзеў у адзіночнай камеры ШІЗА. Было вельмі цяжка, думаў, што з’еду з глузду. Часам я троху размаўляў сам з сабою, каб супакоіцца. Таксама дапамагалі рэгулярныя адцісканні.

Зімою ў камеры было вельмі халодна. Не было нават майткоў. На мне была так званая «сцякляшка» (форма для вязняў у ШІЗА, якая зроблена з тонкага сінтэтнычнага матэрыялу) і кіцель. Рулон туалетнай паперы быў замест падушкі, а ручніком падчас сну я накрываў галаву, каб не надзьмула скразняком».

Праз пастаянны холад у ШІЗА Уладзіслаў часта прыціскаўся да металічнай батарэі. Аднойчы ён заснуў каля яе і атрымаў апёкі другой ступені на нагах і на ягадзіцах. На скуры з’явіліся пухіры, якія лопнулі і пачалі гнаіцца. Супрацоўнікі сварыліся на Уладзіслава нібы ён гэта зрабіў адмыслова, каб больш не трапляць у штрафны ізалятар.

«Калі ў камеры ШІЗА падлога была драўляная, там яшчэ больш-менш было цёпла. Але пазней паклалі кафлю і стала зусім невыносна. Да таго ж там увесь час скразняк. Хаця б выдавалі матрасы, каб было па-чалавечы. Як там адсядзець 15 сутак запар, я ўвогуле не ўяўляю.

Аднойчы мяне выклікаў маёр, аператыўнік 2, 11, 14 атрадаў ПК № 15 Арлоў Юрый Аляксандравіч. Ён жорстка абыходзіцца з палітвязнямі. Тады затрымалі яшчэ аднаго хлопца па справе «СБНШ». Аператыўнік хацеў, каб я распавёў штосьці пра затрыманага хлопца. Я яму нічога не сказаў, за гэта мяне чарговы раз закрылі на некалькі сутак у ШІЗА».

Уладзіслаў чуў пра тое, што Наваполацкая калонія № 1 лічыцца ў Беларусі ледзь не самай жорсткай. Але, як распавядае хлопец, у магілёўскай ПК № 15 ён увесь час жыў у атмасферы прэсінгу, страху і зазнаваў здзекі з боку адміністрацыі калоніі.

«Аператыўнік 10 і 13 атрадаў Кіслякоў Дзмітрый Мікалаевіч чамусьці адразу мяне не ўзлюбіў і пастаянна збіваў з ужываннем электрашокера. На каталіцкае Раство і Новы год мяне закрылі ў ШІЗА. А я тады якраз торт зрабіў, каб адсвяткаваць. 31 снежня да мяне ў камеру заходзіць рэжымнік і гэты Кіслякоў. Яны паставілі мяне ў калідоры на расцяжку, пачалі біць па нагах, каб я іх шырэй расставіў. Сказалі, што калі ўпаду, то яны мяне паб’юць яшчэ мацней. А потым Кіслякоў кажа: «А чаго гэта мы сюды прыйшлі. З надыходзячым цябе». І ударыў мяне электрашокерам».

«За вывучэнне польскай мовы — 10 сутак ШІЗА»

Як распавядае Уладзіслаў, у магілёўскай калоніі палітвязням негалосна забаронена вывучаць польскую, чэшскую, латышскую мовы. А таксама ўкраінскую, бо гэта «мова ворагаў». Пры гэтым англійскую вывучаць не забаронена. Хлопец меў падручнік па чэшскай і польскай мовах і цішком вучыўся. На ноч кнігу са сшыткам хаваў пад матрац. Аднойчы да Уладзіслава прыйшоў аператыўнік і сказаў аддаць падручнік. Суразмоўца мяркуе, што хутчэй за ўсё яго здаў хтосьці з атраду. За гэта на наступны дзень Уладзіслава адправілі ў ШІЗА на 10 сутак. Афіцыйная нагода — нібы хлопец не павітаўся належным чынам з супрацоўнікам адміністрацыі.

«Аператыўнік мне сказаў тады: «Напэўна, хочаш с’я*ацца ў Польшчу? А ну-ка скажы што-небудзь па-польску. Ты б яшчэ эсперанта вывучыў».

Суразмоўца кажа, што ён не адзіны, каго адпраўлялі ў ШІЗА за вывучэнне моваў. Так, у сёмым атрадзе палітзняволены вывучаў турэцкую мову. Яму дапамагаў практыкавацца іншы вязень родам з Турэччыны. Калі адміністрацыя пра гэта даведалася, то абодвух адправілі ў ШІЗА, распавядае Уладзіслаў.

У той жа час, у бібліятэцы можна было браць падручнікі па вывучэнні партугальскай, французскай і іншых моваў. Але калі падчас праверкі такія кнігі знаходзілі ў палітвязняў, то забіралі і вярталі ў бібліятэку.

«У калоніі былі курсы «ЕШКО». Можна было запісацца і табе прыносяць тэчку з вучэбнымі матэрыяламі. А ў клубе на камп’ютарах з дыскаў можна было слухаць аўдыёзаняткі. Палітычным гэта ўсё было забаронена. Толькі звычайных вязняў пускалі вучыцца. Таксама нам нельга было вучыцца ў «хабзе». «Суіцыднікі», «нападзенне на супрацоўніка» — ім можна было. А нам «экстрэмістам» з 10 прафулікам — нікуды нельга».

У канцы 2024 года ў бібліятэцы правялі праверку на наяўнасць «экстрэмісцкай літаратуры» і некаторыя кнігі вынялі, распавядае Уладзіслаў. 

«Хто твой прэзідэнт?». Памілаванне

У кастрычніку 2024 года Уладзіслава выклікалі да адміністрацыі калоніі пісаць прашэнне аб памілаванні.

«Я зайшоў у кабінет, а там сядзелі губазікаўцы. Яны спыталі, ці планую я працягваць пратэсную дзейнасць. Затым спыталі: «Хто твой прэзідэнт?». Я адказаў, што Аляксандр Рыгоравіч. Тады яны яшчэ перапыталі: «Не Ціханоўская?». Яны мне далі падпісаць хадайніцтва аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Там жа трэба было каротка апісаць, за што мяне пасадзілі ў турму. Таксама губазікаўцы сказалі, каб пасля памілавання ні ў якім разе не звязваўся з «Вясной». Не тэлефанаваў і не пісаў ім».

Сілавікі забралі паперы і з’ехалі, а хлопец чакаў рашэння яшчэ тры месяцы. За гэты час па памілаванні ўжо выйшлі некалькі іншых палітвязняў, з якімі Уладзіслаў падпісваў хадайніцтва. Хлопец ужо не спадзяваўся на вызваленне, але 20 студзеня 2025 года па яго прыйшоў днявальны.

«Днём я вяртаюся са сталоўкі, і тут мяне спыняе днявальны клуба. Я думаў, што зараз зноў будзе чарговае пакаранне. Ён мяне павёў да нейкага палкоўніка, які прыехаў з Дэпартаменту выканання пакаранняў. Я мусіў напісаць яму адрас, куды накіруюся па вызваленні. Затым мне сказалі, што сёння еду дамоў, і што ў мяне ёсць пяць хвілінаў на зборы. Рашэнне аб памілаванні было падпісанае 17 студзеня, але выпусцілі мяне толькі 20».

На складзе Уладзіславу не аддалі паштоўкі, у якіх былі напісаныя вершы па-ўкраінску. А таксама ягоныя малюнкі і рабочыя сшыткі для вывучэння польскай і чэшскай моваў. Перад самым вызваленнем хлопца разам з трыма іншымі палітвязнямі, якія таксама чакалі памілавання, закрылі на тры гадзіны ў ШІЗА. Затым зняволеных вывелі на КПП. Уладзіславу сказалі, што ён цягам трох дзён мусіць стаць на ўлік у мясцовай міліцыі.

«У міліцыі мне паведамілі, што ў мяне няма прэвентыўнага нагляду, але ёсць прафілактычнае назіранне. Я мог выязджаць за межы Беларусі да шасці месяцаў, папярэдне напісаўшы заяву. Каб паехаць у іншы горад, таксама трэба было пісаць заяву.

Кожны панядзелак і чацвер мне трэба было прыходзіць на праверку ў міліцыю. Таксама мне сказалі, што я ў іх на асобным рахунку, таму да мяне дамоў у любы час дня маглі прыязджаць з праверкамі. Яны правяралі мой смартфон, таму я завёў асобны апарат адмыслова для такіх праверак.

Цягам пяці гадоў я мусіў хадзіць у міліцыю на гэтыя праверкі і абавязкова ўладкавацца на працу. Калі не ўладкуюся, то пагражалі, што дадуць прэвентыўны нагляд і адправяць зноў на зону».

«Адкрыў ваеннік і ахранеў»

Па вызваленні Уладзіслаў паехаў у ваенкамат забіраць ваенны білет. Там ён сутыкнуўся з беспарадкам і грубымі памылкамі ў сваіх дакументах. Хлопцу нават прыдумалі ваенную спецыяльнасць.

«Адкрыў ваеннік і ахранеў. У білеце было напісана, нібы я год служыў у войску. Хаця я прабыў у часці толькі тры тыдні. Таксама там было пазначана, нібы я прыняў прысягу і атрымаў спецыяльнасць «стралок»

Але я толькі адзін раз трымаў аўтамат у руках. Толькі калі я ім прынёс дакументы з суда, яны ўсё выправілі. Камісарыят проста абалдзеў. Яны першы раз такое бачылі. Аказваецца, чалавек адначасова сядзіць і служыць. Вось такая Беларусь, краіна для жыцця», — кажа былы палітвязень.

На волі Уладзіслаў сутыкнуўся з далейшым ціскам з боку сілавікоў. Да яго дамоў без папярэджання прыязджалі сілавікі з праверкамі, а ў міліцыі пагражалі новым затрыманнем. У выніку ён вырашыў з’ехаць з краіны.

«У Беларусі у мяне ўвесь час быў непакойны сон. Я пастаянна адчуваў сябе ў небяспецы. Там няма права голасу. Тут я магу спакойна лайкаць, што хачу, пісаць каментары, выказвацца. На акцыі на Дзень волі я нарэшце змог падыйсці да Святланы Ціханоўскай і абняць яе. Тут я са сваімі», — дзеліцца суразмоўца.

Цяпер хлопец знаходзіцца ў Літве і займаецца аднаўленнем здароўя і адаптацыяй у новым месцы.

Каментары1

  • скотный двор
    07.04.2025
    Скотный двор лукашенко во всей, своей красе.
    Играет и переливается всеми красками.

Цяпер чытаюць

Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года26

Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года

Усе навіны →
Усе навіны

Еўрапейскі ўніверсітэт залічыў першага студэнта — штучны інтэлект

Мора на майскія: дзе адпачыць і колькі будзе каштаваць2

«Прыехала, каб шэсць гадзін паглядзець тэлевізар». Беларуску са статусам уцекача не пусцілі ва Украіну без візы7

На Ліманскім напрамку ва Украіне абвастраецца сітуацыя1

Журналісты высветлілі, як рэдактара Atlantic дадалі ў чат аб ударах па Емене. Яго зблыталі з чыноўнікам Трампа2

«Традыцыйная жонка» — модны рух, якім захапілася моладзь41

На БТ паказалі затрыманага кіроўцу, які ехаў на бусе з выбухоўкай19

«Якая дзяржава!» Караеў знайшоў нагоду для гонару за чыноўнікаў6

Сілавікі накрылі кол-цэнтр у Мінску, які разводзіў на грошы расейцаў9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года26

Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць