Грамадства1010

Беларус тыдзень купляў латарэйныя білеты замест абедаў. Колькі выйграў?

Андрэй з Мінска зладзіў чэлендж: не хадзіў у сталовую тыдзень, каб на зэканомленыя грошы купляць латарэйныя білеты. Колькі грошай патраціў і колькі выйграў, хлопец расказаў журналісту Myfin.

Фота: архіў героя

«Жонка сказала, што я дурненькі. Адказаў ёй: «Выйграю кватэру — ты нічога не атрымаеш»

Першае пытанне Андрэю — з чаго раптам прыйшла ідэя купляць білеты замест ежы. Хлопец тлумачыць, што любіць дробныя фінансавыя эксперыменты. Пару гадоў таму на працягу года адкладаў усе манеткі з рэшты. Тэставаў страхавое накапленне. Адкрываў невялікія дэпазіты ў банках.

— У мяне звычайная сярэдняя зарплата, купіць умоўны біткойн я не магу, таму «забаўляюся» на дробныя сумы. Калі вырашыў купляць латарэйкі, жонка пасмяялася і сказала, што я дурненькі. Я дакладна так жа пасмяяўся і адказаў, што калі выйграю кватэру, тая будзе толькі маёй.

— У мяне дакладна не было мэты ўзбагаціцца. Гэта ўсяго толькі забава.

Каб гэта ніяк не адбівалася на фінансах, якраз і вырашыў, што зэканомлю на абедах. Тыдзень браў у офіс ссабойкі (ежу з дому), хоць не люблю цягаць з сабой кантэйнеры. Атрымалася, што тыдзень не хадзіў у сталовую з калегамі і крыху сумаваў без іх у абед.

Першапачаткова планаваў купляць латарэйныя білеты кожны дзень на працягу месяца, але зразумеў: разнастайнасці не так шмат. Калі б праводзіў эксперымент месяц — давялося б купіць кучу аднолькавых білетаў. Ды і не падабалася перспектыва кожны дзень стаяць у чэргах.

— Мяне ніколі не прывабліваў удзел у падобных розыгрышах, таму досведу ў мяне не было.

Толькі памятаю, як мама на пачатку 2000‑х скупляла ў Мінску латарэйкі «Балет», у іх трэба было сабраць слова БАЛЕТ. Купляеш білецік, сціраеш срэбную плёнку — і табе дастаецца літара. Збіраеш поўнае слова — атрымліваеш грошы. Да гэтага часу памятаю, што мама сабрала некалькі камплектаў слова «БЛЕТ», літара «А» ёй ніяк не траплялася.

Што здзівіла хлопца цяпер — па-першае, тое, што ў нас прадаюцца імгненныя латарэі (ён думаў, што іх даўно няма). Па-другое, калі хацеў купіць на пошце «Суперлато» з розыгрышам у найбліжэйшыя выхадныя, такіх не аказалася: усё разабралі. Прыйшлося купляць білецікі на гульню, якая павінна была прайсці толькі праз два тыдні.

На што таксама звярнуў увагу Андрэй — дзе б ён ні здзяйсняў куплю, усюды яму прапаноўвалі самому выбраць, які менавіта з аднолькавых білетаў ён купіць. Часам перад ім ставілі цэлую скрынку аднолькавых «кардонак» і прапаноўвалі нырнуць рукой.

— Гэта значыць, прадаўцы не выбіралі за мяне.

Яшчэ адзін сюрпрыз стаў не надта прыемным.

— Я ўбачыў на вітрыне латарэйку, на якой намалявана навагодняя елка. Яшчэ здзівіўся: цяпер верасень, прычым тут елка? Аказалася, што розыгрыш — у снежні, то-бок вынікі я даведаюся толькі бліжэй да 2026 года.

Накупіўшы латарэек, Андрэй склаў іх у папку і на час забыўся пра іх. Не сцёр ахоўны слой там, дзе можна было маментальна даведацца вынік. Не правяраў «Суперлато», хоць з моманту правядзення тыражу прайшлі тыдні. Кажа, не даходзілі рукі:

— Гледзячы праўдзе ў вочы, я разумеў, што на гэтым не зарабіць. Гэта ўсяго толькі забава. Як кажуць — just for fun (толькі дзеля забавы). Ні на якія істотныя прызы не разлічваў.

Колькі патраціў і колькі выйграў

За пяць працоўных дзён Андрэй купіў 17 латарэек:

«Суперлато» — 3 шт., па 5 рублёў (усяго 15 рублёў);

«Мінілато» — 2 шт., па 3,5 рубля (7 рублёў);

«Міг удачы» — 2 шт., па 4,5 рубля (9 рублёў);

«Бонус плюс» — 2 шт., па 2,5 рубля (5 рублёў);

«Страйк» — 2 шт., па 3 рублі (6 рублёў);

«Белавежская пушча» — 2 шт., па 4 рублі (8 рублёў);

«Святочная» — 2 шт., па 3 рублі (6 рублёў);

«Спортлато» — 2 шт., 10 рублёў за ўсе стаўкі.

Усяго патрачана: 66 рублёў.

«Мінілато» аказалася «пустым», затое ў «Белавежскай пушчы» ўдалымі для Андрэя сталі абодва білеты, кожны прынёс яму па 4 рублі.

Яшчэ адна перамога — у «Суперлато», 5 рублёў 90 капеек. Вынікі Андрэй правяраў у інтэрнэце, каб не траціць час на прагляд перадачы па ТБ.

Што з астатнімі выігрышамі? Уласна, нічога.

Усе астатнія імгненныя латарэйкі аказаліся без прыза.

У «Спортлато 6/49» Андрэй адгадаў 1 лічбу з 6 у першым раўндзе, а таксама 2 лічбы з 6 у другім раўндзе. Гэта добра, але недастаткова для перамогі. У «Спортлато 5/36» не адгадаў увогуле нічога.

— Нават неяк засмуціўся, калі сціраў ахоўны слой і чарговы раз разумеў: прыза няма. Да гэтага думаў, што ўдалымі для мяне будзе хаця б палова білетаў. Ніякага асаблівага задавальнення атрымаць не ўдалося, бо пройгрышаў аказалася зашмат для мяне. Хтосьці скажа, што трэба гуляць шмат, каб перамагаць. Аднак я купіў не пару латарэек, а сямнаццаць. З іх чатырнаццаць «пустыя».

Хоць я яшчэ не праверыў «Святочную» латарэю, бо розыгрыш будзе толькі ў снежні. У «Святочнай» ёсць шанец атрымаць імгненны прыз, але і тут у маім выпадку промах.

Падвядзём вынік

Колькі латарэек купіў Андрэй: 17 штук.

Сума пакупкі: 66 рублёў.

Колькі білетаў аказаліся выйгрышнымі: 3 штукі.

Агульная сума выйгрышу: 13,9 рубля (4 + 4 + 5,90).

— Калі я казаў жонцы, што, магчыма, выйграю кватэру — вядома ж, я жартаваў. І ўсё ж я думаў, што выйгрыш складзе хаця б 40% ад укладзеных грошай. Па сутнасці, удалося адбіць крыху больш, чым 20%.

На гэтым эксперымент я скончу і працягваць не буду. Мой досвед кажа, што лепш траціць грошы на абеды, чым на латарэі.

Каментары10

  • Глупства
    02.10.2025
    Калі хацеў павялічыць шанц на выйгрыш - трэба было браць аднолькавыя латарэйныя білеты - гэта ж відавочна.
  • %
    02.10.2025
    Гэта вядомы з дагістарычных часоў лахатрон. Ніколі не гуляйце з дзяржавай, каталамі, напарстнікамі Вынікі вядомы - ПАРАЗА
  • ))
    02.10.2025
    "молодец" поддержал своим лукашиским рублем дурика-борова Димку лукашенко ( он тоже в этой теме лотерей...))))

Цяпер чытаюць

«Не хачу чуць «спердаляй да Украіны» толькі таму, што размаўляю з бацькамі па тэлефоне на рускай». Беларусы дзеляцца, чаму вяртаюцца з Польшчы6

«Не хачу чуць «спердаляй да Украіны» толькі таму, што размаўляю з бацькамі па тэлефоне на рускай». Беларусы дзеляцца, чаму вяртаюцца з Польшчы

Усе навіны →
Усе навіны

Тысячагадовыя фібулы знайшлі ў Брэсцкай вобласці. Іх стварылі венеды і готы5

У мінскім метрапалітэне пракаментавалі інцыдэнт з абсыпаннем фарбы на станцыях метро

Пад Магілёвам хлопец забіў сужыцельку з-за рэўнасці да малодшага брата

Сямейную пару з Гомеля адправілі ў калонію за палітыку. Муж ужо быў палітвязнем, але да яго прыйшлі зноў

Даляр апусціўся ніжэй за 2,9 рубля ўпершыню за два з паловай гады1

Беларуска знайшла працу для свайго трохмесячнага сына. Немаўлятка знялося ў расійскім серыяле4

На вайне ва Украіне загінуў рэжысёр шоу «Арол і Рэшка»5

Якія прафесіі будуць запатрабаваныя ў Беларусі найбліжэйшыя пяць гадоў5

Дарадца прэзідэнта Літвы не выключае, што дрон у Беларусь маглі запусціць актывісты3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Не хачу чуць «спердаляй да Украіны» толькі таму, што размаўляю з бацькамі па тэлефоне на рускай». Беларусы дзеляцца, чаму вяртаюцца з Польшчы6

«Не хачу чуць «спердаляй да Украіны» толькі таму, што размаўляю з бацькамі па тэлефоне на рускай». Беларусы дзеляцца, чаму вяртаюцца з Польшчы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць