Колькасць ахвяр абрушэння даху начнога клуба ў Дамініканскай Рэспубліцы ўзрасла да 184 чалавек, паведамляе газета Diario Libre.

Паводле слоў кіраўніка выратавальнай службы Хуана Мануэля Мендэса, у ратавальнікаў засталося да 20 гадзін, каб знайсці выжылых, піша Бі-бі-сі.
Сярод загінулых — вядомы 51-гадовы бейсбаліст Актарыа Дотэль. Яго дасталі з-пад завалаў, але ён памёр па дарозе ў бальніцу.
Прэзідэнт краіны Луіс Абінадэр прыбыў на месца трагедыі і выказаў спачуванні сем’ям загінулых.
Дах начнога клуба Jet Set у Санта-Дамінга раптоўна абрынуўся ноччу з 8 на 9 красавіка падчас выступлення вядомага выканаўцы мерэнгі Рубі Перэса. Паводле слоў яго дачкі, сам музыка таксама апынуўся пад заваламі — знайсці яго пакуль не ўдалося.
Мясцовыя СМІ паведамляюць, што ў клубе на момант абрушэння магло знаходзіцца каля тысячы чалавек.
Па словах Хуана Мануэля Мендэса, колькасць ахвяр можа яшчэ ўзрасці — пад заваламі застаецца шмат пацярпелых, і ён выказаў надзею, што многіх удасца выратаваць. У пошуках удзельнічае каля 400 ратавальнікаў.
Jet Set — папулярны начны клуб у сталіцы Дамініканскай Рэспублікі, дзе па панядзелках ладзяцца канцэрты танцавальнай музыкі.
На выступ Рубі Перэса прыйшлі таксама вядомыя ў краіне палітыкі, спартоўцы і іншыя знакамітасці.
Сярод загінулых — губернатарка правінцыі Монте-Крысці Нэльсі Крус, яна памерла ў бальніцы ад атрыманых траўмаў.
На відэазапісах, зробленых у клубе незадоўга да абрушэння даху, відаць, як людзі сядзяць за столікамі перад сцэнай, некаторыя танчаць.
На адным з відэа, апублікаваным у сацсетках, чуваць, як нехта, паказваючы пальцам на столь, кажа, што нешта ўпала са столі. На запісе таксама бачна, што Рубі Перэс зірнуў у той самы бок, куды паказваў глядач.
Менш чым праз 30 секунд раздаецца моцны грукат, пасля чаго на відэа застаецца толькі чорны экран. Чутны жаночы голас: «Тата, што з табой здарылася?»
Як распавёў мясцовым СМІ адзін з музыкантаў, што выступаў разам з Рубі Перэсам, дах абрынуўся каля першай гадзіны ночы 8 красавіка.
«Я падумаў, што гэта землятрус», — сказаў ён.
Дамініканская Рэспубліка з’яўляецца адной з самых папулярных у турыстаў краін у Карыбскім моры. Паводле звестак уладаў, летась яе наведалі каля 11 мільёнаў турыстаў.
Каментары