У Літве хочуць правяраць на паліграфе іншаземцаў, якія могуць складаць пагрозу нацбяспецы
Урад Літвы ўхваліў прапанову правяраць на паліграфе іншаземцаў, якія могуць складаць пагрозу нацбяспецы. Гэта можа закрануць і беларусаў.

Улады Літвы хочуць правяраць на паліграфе замежнікаў, якія патэнцыйна могуць пагражаць нацыянальнай бяспецы. Прапанову ўжо ўхваліў ўрад, цяпер слова за парламентам.
У новы спіс, акрамя іншаземцаў, увойдуць прадстаўнікі прадпрыемстваў, а таксама асобныя людзі, якія жадаюць стаць сакрэтнымі супрацоўнікамі разведкі, пiша LRT.
Ініцыятарам прапановы стала літоўская разведка, а дакумент на разгляд вынесла Міністэрства абароны.
Цяпер асобы, якія працуюць або прэтэндуюць на працу з сакрэтнай інфармацыяй, але не з'яўляюцца дзяржаўнымі службоўцамі, вайскоўцамі, службовымі асобамі ці работнікамі ведамстваў і ўстаноў, не могуць быць правераныя на дэтэктары хлусні.
Ідэя ў тым, каб дазволіць праверку любых асоб, якія хочуць стаць сакрэтнымі супрацоўнікамі разведкі, а таксама іншаземцаў, якія патэнцыйна складаюць пагрозу нацыянальнай бяспецы.
Працаваць усё будзе так: Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) дае ацэнку пагрозы, якую складае іншаземец для дзяржаўнай бяспекі, і падае заключэнні і інфармацыю Дэпартаменту міграцыі. Калі іншаземец выкліча ў ДДБ падазрэнне, то яму будзе прапанавана прайсці праверку на паліграфе.
Прапанова прадугледжвае, што калі чалавек адмаўляецца прайсці тэст на паліграфе, то дазвол на працу або доступ да сакрэтнай інфармацыі яму не выдаецца або анулюецца. Калі праверку праходзіць іншаземец, робіцца выснова пра тое, што гэта асоба складае пагрозу для бяспекі дзяржавы.
Згодна з дзейным заканадаўствам, праверку на паліграфе могуць праводзіць праваахоўныя органы, вайсковая разведка, ДДБ і Служба спецыяльных расследаванняў.
У 2024 годзе літоўскія ўлады прызналі 598 грамадзян Беларусі пагрозай для нацыянальнай бяспекі. 179 беларусам адмовілі ў выдачы ДНЖ, 232 — не працягнулі дзеянне гэтага дакумента. Дазволы на жыхарства былі скасаваныя для 175 беларусаў. Яшчэ тром не выдалі пастаянны дазвол на жыхарства, дзевяцярых пазбавілі гэтага дакумента.
Сярод прычын, па якіх беларусаў прызнаюць пагрозай — служба ў беларускай арміі або міліцыі ў мінулым, а таксама праца на стратэгічных прадпрыемствах, напрыклад, на БелАЭС.
Каментары