Беларус, які жыве ў Тэхасе, тлумачыць, чаму рашэнні Трампа зразумелыя многім амерыканцам
Беларус Андрэй жыве ў горадзе Х’юстан амерыканскага штата Тэхас і працуе ў вялікай энергетычнай кампаніі. Тэхас — традыцыйна «чырвоны штат», дзе большасць падтрымлівае рэспубліканцаў. Сам Андрэй не фанат Трампа. Але разумее, чаму многім падабаецца яго палітыка. Ён дзеліцца сваім бачаннем, чаму рашэнні Трампа зразумелыя амерыканцам.

«Шмат хто хацеў бы, каб вытворчасць вярнулася ў Штаты, але мала хто хоча працаваць на заводзе»
Андрэй жыве ў ЗША амаль 30 гадоў. У Тэхас ён пераехаў з іншага штата ў 2001-м, знайшоўшы там працу.
Тэхас хоць і рэспубліканскі штат, але сюды пераязджаюць і дэмакраты — напрыклад, супрацоўнікі IT з Каліфорніі, таму што іх кампаніі пераводзілі свае аперацыі ў Тэхас праз больш спрыяльныя ўмовы падаткаабкладання.
«Трэба разумець, што вялікія гарады ў Тэхасе заўсёды галасавалі за дэмакратаў — той жа Х’юстан, Осцін, Далас. Гэтым разам таксама. Але ў сельскай мясцовасці і малых гарадах з вялікай перавагай звычайна перамагаюць рэспубліканцы.
У гарадах звычайна жыве больш эмігрантаў — афраамерыканцаў, лацінасаў. І гэта адна з прычын, чаму дэмакраты перамагаюць у гарадах. А ў прыгарадах і сельскай мясцовасці жывуць белыя амерыканцы, якія прытрымліваюцца больш кансерватыўных поглядаў», — тлумачыць ён.

Андрэй дзеліцца, што ў яго ёсць знаёмыя, якія галасавалі за Трампа, і ён не чуў, каб нехта з іх расчараваўся.
«Я чуў, што асоба Трампа шмат каму не падабаецца, але калі паглядзець на палітыку, якую ён прапаноўваў, то гэта набор рашэнняў, якія падабаюцца тыповаму рэспубліканцу».
З нядаўніх нашумелых рашэнняў Трампа — увядзенне дадатковых тарыфных ставак на тавары з іншых краін. Беларус, які жыве ў ЗША, у гэтым кроку дзіўнага не бачыць — Трамп яшчэ 30 гадоў таму выказваў падобныя думкі.
«Ён лічыць, што з тарыфамі заводы і фабрыкі вернуцца ў Злучаныя Штаты. Так гэта ці не — вялікае пытанне. Шмат хто хацеў бы, каб вытворчасць вярнулася ў Штаты, але мала хто хоча працаваць на заводзе.
Але Трамп даволі стары чалавек, ён крыху захрас у 1980-х гадах, мне падаецца. Жалязякі рабіць ці вопратку шыць не ўдасца, хутчэй за ўсё, у Злучаных Штатах, бо будзе каштаваць даражэй. Але ён, думаю, калі ўводзіць тарыфы, не хоча, каб людзі плацілі больш. Ён хоча за кароткі час знішчыць канкурэнтаў і прымусіць кампаніі перанесці вытворчасць у Злучаныя Штаты. Але для гэтага неабходныя вялікія інвестыцыі, і гэта зойме не тры месяцы, а некалькі гадоў».
Да таго ж эканоміка Злучаных Штатаў лічыцца постындустрыяльнай, а значыць няма сэнсу шыць красоўкі ў тым жа Тэхасе, калі выгадней гэта рабіць у В’етнаме.

На кампаніі, дзе працуе Андрэй, новыя тарыфныя стаўкі адбіліся нямоцна.
«У бізнэсе, у якім я працую, ёсць нейкія пастаўкі з Канады, але неістотныя. Пераносіць вытворчасць з Канады ў Злучаныя Штаты ці мяняць пастаўшчыка мы не станем».
«Шараговага амерыканца значна больш цікавяць вынікі бейсбольных гульняў і кошт хлеба, яек і бензіну»
Што да Кітая, то і рэспубліканцы, і дэмакраты лічаць яго галоўным замежнапалітычным праціўнікам.
«Яны нейкім чынам хацелі б абмежаваць магчымасці для Кітая і зрабіць так, каб у супрацьстаянні перамаглі Злучаныя Штаты, — дзеліцца назіраннямі Андрэй. — Трамп лічыць, што кепска плаціць вялікія грошы кітайцам. Але, вядома, ніхто не хоча і плаціць 2500 даляраў за айфон — вось і Трамп ужо зняў мыты з электронікі».
З прыходам Трампа істотна змянілася замежная палітыка Штатаў. Закрылася USAID, спынена фінансаванне «Голасу Амерыкі» і пад пытаннем лёс «Радыё Свабоды». ЗША адракаецца інструмента мяккай сілы ў некаторых рэгіёнах. Але шараговага амерыканца мала цікавіць прасоўванне дэмакратыі недзе далёка за мяжой, тлумачыць Андрэй.
«Шараговага амерыканца значна больш цікавяць вынікі бейсбольных гульняў і кошт хлеба, яек і бензіну. Таму тут, думаю, Трамп знойдзе вельмі мала супраціву ўнутры Злучаных Штатах, таму што гэта больш цікавіла амерыканскія эліты, а не шараговых жыхароў.
Трамп і яго каманда — гэта ізаляцыяністы, таму гэтыя дзеянні вельмі лагічныя з іх пункту гледжання».

А што амерыканцы думаюць пра Дэпартамент эфектыўнасці ўрада (DOGE) з Іланам Маскам, які спрабуе скараціць упраўленцаў і выдаткі?
«Сапраўды выдаткі трэба скарачаць. Больш чым 25% выдаткаў бюджэту Злучаных Штатаў здзяйсняюцца за кошт пазыкаў. Даводзіцца ўжо шмат дзесяцігоддзяў павялічваць дзяржаўны доўг. І гэта павінна спыніцца.
Але калі паглядзець на бюджэт, вялікая яго частка — гэта пенсійныя выдаткі, медыцына, абарона. А скарачаць іх няма палітычнай волі. Таму скарацілі «Радыё Свабода». Але праблемы дэфіцыту бюджэту гэта не вырашыць. Усё тое, што Маск парэзаў, — гэта нейкія капейкі. Спачатку Маск хацеў скараціць выдаткі на два трыльёны даляраў, потым казаў пра адзін трыльён. На самой справе скарацілі на 200 мільярдаў».
Самыя папулярныя рашэнні Трампа
Найбольш папулярныя рашэнні Трампа, дзеліцца назіраннямі беларус, — гэта ўзмацненне кантролю над мяжой і дэпартацыя нелегальных мігрантаў.
Нядаўна ў Штатах быў скандал наконт высылкі грамадзяніна Сальвадора Абрэга Гарсіі ў турму на радзіму. Суд штата Мэрылэнд прызнаў гэту дэпартацыю незаконнай, бо ў Сальвадоры мужчыну пагражае пераслед мясцовых банд. Вярхоўны суд з гэтым пагадзіўся. Адміністрацыя Трампа таксама прызнала, што мела месца адміністрацыйная памылка. Але само рашэнне яны лічаць правільным — Гарсія звязаны з крымінальнай бандай MS-13 (адной з самых жорсткіх міжнародных арганізаваных злачынных груповак, у ЗША лічыцца тэрарыстычнай арганізацыяй).
«Цяпер палітычны скандал — дэмакраты патрабуюць вярнуць гэтага чалавека.
Меркаванне, якое я чуў, — ці гэта тая гара, на якой дэмакраты хочуць загінуць? Тое, што Трамп робіць, магчыма, супрацьзаконна, але ж гэта публіцы падабаецца. Таму ён яшчэ раз парве дэмакратаў, калі яны будуць адстойваць гэтага чалавека. Ён можа сказаць: вось яны не змагаюцца за амерыканскіх грамадзян, а я змагаюся», — тлумачыць мужчына.

Але ЗША — краіна мігрантаў. Як Трампу ўдаецца лавіраваць у гэтай тэме?
«Я б адказаў, што пакуль негатыў Трампа факусуецца на самых непрыемных катэгорыях мігрантаў. Напрыклад, удзельніках злачынных груповак», — заўважае Андрэй.
А што не так з дэмакратамі?
Беларус разумее, чаму многія галасавалі за Трампа. Палітык прапануе лёгкія рашэнні і ўмее ачараваць людзей.
«Ён добры акцёр і шоўмен, ён вельмі сапраўдны, ён падаецца людзям сваім.
Ён што думае, тое і кажа — і гэта вельмі імпанавала людзям».
Сам Андрэй мяркуе, што палітыка Трампа можа зрабіць Штаты больш аўтарытарнымі.
«Наколькі ўдасца ў Трампа перамагчы ў барацьбе з судамі ці нейкімі інстытуцыямі, цяжка сказаць, але думаю, што часткова перамогі ў яго будуць. Мне асабіста падаецца тое, што ён робіць, небяспечным. Але можна меркаваць, што шырокая амерыканская публіка да такога меркавання яшчэ не прыйшла. Трамп вельмі непрадказальны.
Думаю, многія разважалі: «Мы бачылі Трампа версію 1.0», — і чакалі нечага падобнага. Але версія 2.0 вельмі моцна адрозніваецца.
Рэспубліканцам падабаецца, але я чытаў, што сярод незалежных выбаршчыкаў, значная частка якіх галасавала за Трампа, яго папулярнасць моцна знізілася».
Пры гэтым палітыку дэмакратаў суразмоўца таксама лічыць шкоднай і памылковай.
«Адбываецца разбалансаванне сістэмы — самыя экстрэмальныя галасы справа і злева больш чуваць. І, напрыклад, калі зараз паглядзець, хто з’яўляецца лідарамі супраціву — гэта персанажы з вельмі лявацкімі поглядамі, якія маюць кепскую рэпутацыю сярод большасці выбаршчыкаў. Напрыклад, Берні Сандэрс, які ў свой час ездзіў у Савецкі Саюз, Элізабет Уорэн. Калі гэта той супраціў, які спыніць Трампа, магчыма, нас будуць чакаць яшчэ большыя праблемы, калі нехта такі пераможа на наступных выбарах.
З кожным электаральным цыклам маем усё горшы стан. Магчыма, пасля Трампа маятнік кінецца ў экстрэмальна лявацкую пазіцыю».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«У яго што, не было чорнага касцюма?» Трампа крытыкуюць за праяўленне непавагі на пахаванні Папы Францішка
У Белым доме назвалі «вельмі прадуктыўнай» кароткую сустрэчу Трампа і Зяленскага
«Суседзяў турбуе толькі аўтарынак». Беларус з Тэхаса расказаў пра настроі ў штаце, дзе «кожны сабака за Трампа»
Беларус расказаў, як новыя гандлёвыя тарыфы ЗША адбіліся на працы яго завода ў Тэхасе
Каментары
примерно тоже самое, что и у нас 30 лет назад. проблема в том, что у нас, в отличие от них, выбор у людей отняли.. слишком молодая была "демократия".
а ТАМ - пока нет, но тоже хотели бы.
Бязглуздзіца нейкая. Клікаць афраамерыканцаў эмігрантамі - гэта не ведаць гісторыю ЗША. Тады ўжо ўсіх амерыканцаў, у тым ліку белых, трэба эмігрантамі клікаць. Тое ж пра hispanics - шмат хто з іх нарадзіліся і выраслі ў ЗША, у адрозненне ад героя артыкула.
Казаць, што белыя ў большасці за Трампа - таксама скажаць рэчаіснасць. Гэта залежыць не столькі ад колеру скуры. Нейкае спрошчанае ўяўленне. Уплыў Тэхаса, верагодна.
Ну і апафіёз - далей у артыкуле, што Трамп не знойдзе супрацьстаяння. ЗША падзеленыя літаральна напалову. А рэйтынгі яго ляцяць уніз нават сярод рэспубліканцаў, асабліва з-за замежнай палітыкі.