Як бы дзейнічаў Шарль дэ Голь, калі б ён быў прэзідэнтам Беларусі?
Адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў біяграфіі аднаго з самых значных лідараў Еўропы ХХ стагоддзя. Які ў крытычны для сваёй нацыі момант стаў «беглым». І які заслугоўвае таго, каб вуліцы і ў Беларусі насілі ягонае імя.

Для ўсяго свету ён быў манументам, але для сваёй дачкі Анны з сіндромам Даўна — проста татам, які спяваў ёй калыханкі. Ён быў беглым генералам, якога ўласная краіна завочна прысудзіла да смерці, але менавіта ён узначаліў Супраціў і вярнуў Францыі гонар. Ён двойчы быў на вяршыні ўлады і двойчы пакідаў яе па ўласнай волі — калі бачыў, што народ яго больш не падтрымлівае. А яшчэ ён пасля Першай сусветнай вайны дапамагаў ствараць маладую польскую армію для барацьбы з бальшавікамі. Як дзейнічаў Шарль дэ Голь — чалавек, які заўсёды ставіў Францыю вышэй за сябе?
Станаўленне генерала: ад цацачных салдацікаў да акопаў Вердэна
Шарль Андрэ Жазэф Мары дэ Голь нарадзіўся ў горадзе Ліль на поўначы Францыі 22 лістапада 1890 года. Вырашальны ўплыў на яго характар аказаў бацька, Анры дэ Голь, ветэран франка-прускай вайны 1870—1871 гадоў. Ён надаваў велізарную ўвагу выхаванню сваіх чатырох сыноў і дачкі: чытаў ім уголас кнігі, а падчас сямейных падарожжаў расказваў пра слаўныя і горкія старонкі гісторыі Францыі.

Малога Шарля з дзяцінства захаплялі вайсковая форма і парады. А дома ён бліскуча камандаваў цацачнай французскай арміяй, якая складалася з калекцыі алавяных салдацікаў, што налічвала каля дзвюх тысяч фігурак. Адначасова ён прагна паглынаў кнігі.
У 15 гадоў, прасякнуты гісторыяй, падлетак ужо ўяўляў, што аднойчы выратуе Францыю. Пазней ён сфармулюе сваё крэда ў знакамітай фразе: «Францыя стваралася мячом» (La France s'est faite à coups d'épée). Таму выбар далейшага шляху быў для яго відавочны — вайсковае вучылішча Сэн-Сір.

Калі ў каледжы Шарль дэ Голь не вылучаўся стараннасцю і часта лунаў у аблоках, то ў прэстыжнай вайсковай школе Сэн-Сір ён заслужыў бліскучую характарыстыку. У ёй значылася: «Мае шмат здольнасцяў, энергіі, руплівасці, энтузіязму, умення камандаваць і прымаць рашэнні». У 1912 годзе малодшы лейтэнант дэ Голь стаў адным з найлепшых выпускнікоў і трапіў пад камандаванне палкоўніка Філіпа Петэна.
У 1914 годзе малады афіцэр апынуўся на фронце Першай сусветнай вайны. Высокаму (амаль 2 метры) дэ Голю прыходзілася нялёгка ў акопах і траншэях. Ужо на пачатку вайны ён двойчы атрымаў кулявыя раненні, але абодва разы вяртаўся ў строй. 2 сакавіка 1916 года, падчас бітвы пры Вердэне, батальён Шарля дэ Голя быў амаль цалкам знішчаны. Сам дэ Голь, паранены штыком, непрытомны трапіў у палон.
Камандаванне, палічыўшы дэ Голя загінулым, пасмяротна ўзнагародзіла яго Ордэнам Ганаровага легіёна, а яго гераічную смерць нават ставілі ў прыклад іншым камандзірам. Але сам дэ Голь нічога пра гэта не ведаў. Апынуўшыся ў лагеры для ваеннапалонных, ён упаў у роспач. Ён хацеў ваяваць і здабываць славу, а не марнаваць час у палоне. З 1916 па 1918 год ён бесперапынна рабіў спробы ўцёкаў, але кожны раз немцы яго лавілі.
Існуе цікавая, хоць і спрэчная версія, што частку свайго палону ў 1916 годзе (ліпень-кастрычнік) ён правёў у лагеры на тэрыторыі сучаснага беларускага горада Шчучын. Хоць населены пункт з такой жа назвай існуе і ў Польшчы, французскі гісторык Марыс Панцье ўпэўнены, што гаворка ідзе менавіта пра наш горад.
У 2022 годзе ў Шчучыне паставілі помнік генералу — побач з цэхам завода «Аўтаправод», 100 гадоў таму ў гэтым будынку была казарма, пераробленая з тартаку князёў Друцкіх-Любецкіх для ўтрымання палонных, сярод якіх, магчыма, быў і Шарль дэ Голь.

Урэшце, за непакорлівы дух і шматлікія спробы ўцёкаў дэ Голя накіравалі ў спецыяльны лагер для «непапраўных» уцекачоў у крэпасці Інгальштат у Германіі.
Вызвалены пасля перамір'я, ён адразу папрасіў накіраваць яго ў Польшчу для падтрымкі палякаў, якія змагаліся супраць Саветаў. Там капітан дэ Голь працаваў інструктарам і вайсковым дарадцам. Вярнуўшыся ў Парыж, у сакавіку 1921 года ён ажаніўся з Івонай Вандру і ўладкаваўся выкладчыкам у Сэн-Сір.
Заўжды халодны і стрыманы, малады капітан тым не менш скараў сваю аўдыторыю, адначасова натхняючы карыкатурыстаў. Працуючы ў вайсковай акадэміі, ён быў яршыстым і крытычным, што многіх раздражняла.

«Палкоўнік Мотарс»: прарок, якога не чулі
У 1929 годзе дэ Голь разам з сям'ёй быў накіраваны на службу ў Ліван, дзе прабыў да 1931 года. Вярнуўшыся ў Парыж, ён атрымаў прызначэнне ў Генеральны сакратарыят нацыянальнай абароны. Гэты перыяд стаў для яго вельмі плённым: ён актыўна ствараў працы па вайсковай тэорыі і па ўласнай ініцыятыве распрацоўваў праекты рэфармавання французскай арміі, настойваючы на стварэнні прафесійных танкавых дывізій.
У сваёй кнізе «Да прафесійнай арміі» (1934) дэ Голь прадказаў, што ў будучай вайне вырашальную ролю адыграюць мабільныя танкавыя войскі. Аднак у вышэйшых вайсковых колах Францыі, якія ўсё яшчэ жылі ўспамінамі пра акопную вайну, яго ідэі палічылі фантазіяй. З яго смяяліся, празваўшы «палкоўнікам Мотарс», а яго былы камандзір, маршал Філіп Петэн, назваў гэтыя погляды «фантасмагорыяй».
Усведамляючы пагрозу, што навісла над Францыяй, дэ Голь абабіваў парогі дзяржаўных устаноў, даходзячы нават да прэм'ер-міністра. Але ўсё было марна. Напярэдадні Другой сусветнай вайны, вайны манеўранай і танкавай, французскае камандаванне рыхтавалася да пазіцыйных баёў на ўзор Першай сусветнай. Праз некалькі гадоў, ужо знаходзячыся ў зняволенні, былы прэм'ер-міністр Леон Блюм з горыччу напіша: «Я вінаваты ў тым, што выступаў супраць ідэй палкоўніка дэ Голя».
Не здолеўшы пераканаць вышэйшае кіраўніцтва, палкоўнік дэ Голь вырашыў на ўласным прыкладзе даказаць сваю рацыю. У 1937 годзе ён узначаліў 507‑ы танкавы полк і неўзабаве ператварыў яго ў адно з самых баяздольных фармаванняў французскай арміі.
Полымя Супраціву
Калі 10 мая 1940 года Германія нанесла па Францыі скрышальны ўдар, дэ Голя прызначылі камандзірам спехам сфарміраванай 4‑й танкавай дывізіі. На працягу мая 1940 года, калі ўвесь фронт вакол развальваўся, менавіта на ўчастку, дзе камандаваў дэ Голь, не было катастрофы. Яго дывізія не проста трымала абарону, але і здолела правесці некалькі паспяховых контрудараў. У канцы мая за праяўленую мужнасць Шарлю дэ Голю прысвоілі званне брыгаднага генерала. З гэтага часу і да канца жыцця яго будуць называць менавіта так — Генерал.
Яго поспехі на фронце былі заўважаныя. 6 чэрвеня дэ Голя прызначылі намеснікам вайсковага міністра. Ужо ў новай якасці, 9 чэрвеня 1940 года, ён адправіўся ў Лондан на сваю першую сустрэчу з Уінстанам Чэрчылем, новым прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі, прыхільнікам барацьбы да канца. Па вяртанні, на фоне хаосу і масавага сыходу мільёнаў бежанцаў на поўдзень, дэ Голь даведаўся, што ўрад збіраецца пакінуць Парыж і шукаць перамір'я.
14 чэрвеня сталіцу занялі нацысцкія войскі. Праз некалькі дзён туды прыехаў і сам Гітлер. 16 чэрвеня прэм'ер-міністр Поль Рэйно, які выступаў за далейшае супраціўленне, падаў у адстаўку. Новы ўрад узначаліў герой Першай сусветнай вайны, маршал Філіп Петэн, які неадкладна пачаў перамовы з нацыстамі аб перамір'і. У выніку краіна была падзеленая на дзве часткі: акупаваную поўнач і так званую «свабодную зону» на поўдні, дзе ўсталяваўся аўтарытарны рэжым Вішы на чале з Петэнам, які пайшоў на супрацоўніцтва з акупантамі. Дэ Голь назваў Петэна і яго паплечнікаў здраднікамі.

Раніцай 17 чэрвеня дэ Голь пакінуў Францыю на борце брытанскага самалёта. Пазней Чэрчыль скажа, што гэты маленькі самалёт вывозіў гонар Францыі. Новы ўрад Вішы завочна прысудзіў «беглага» дэ Голя да смяротнага пакарання.
«Я рызыкаваў больш ніколі не ўбачыць сваю вельмі хворую маці. І я непакоіўся за Івону і дзяцей, якім пагражала нямецкае ўварванне», — пазней згадваў генерал. Яго асцярогі былі не марнымі: жонцы з дзецьмі давялося прайсці праз цяжкія выпрабаванні, перш чым яны змаглі далучыцца да яго ў Лондане праз некалькі тыдняў.
У эміграцыі дэ Голь узяў на сябе місію захаваць годнасць сваёй краіны і выратаваць французскі народ ад ганьбы. Варта разумець, што ніхто не надзяляў яго паўнамоцтвамі выступаць ад імя Францыі. Хто ён такі? Усяго толькі брыгадны генерал, адзін з многіх, які адмовіўся падпарадкавацца загаду.
Увечары 18 чэрвеня генерал дэ Голь увайшоў у студыю лонданскага радыё BBC і выступіў са сваім першым, легендарным зваротам да суайчыннікаў: «Хіба сказана апошняе слова? Хіба знікла надзея? Хіба параза канчатковая? Не! Што б ні здарылася, полымя французскага Супраціву не павінна згаснуць і не згасне!»
Яго звароты па радыё сталі сапраўдным феноменам той вайны. Аднак дэ Голь быў не толькі голасам надзеі, але і стваральнікам арміі. Ён назваў свой рух «Свабодная Францыя». Спачатку да яго далучылася ўсяго каля 1200 чалавек — няшмат для вялікай нацыі, але дэ Голь не здаваўся. Ён звяртаўся па радыё да французаў ва ўсім свеце.

У 1942 годзе рух змяніў назву на «Змагарная Францыя» (La France Combattante). Да сярэдзіны вайны ўжо дзясяткі тысяч «галістаў» ваявалі плячом да пляча з саюзнікамі на ўсіх франтах, у тым ліку ў складзе авіяпалка «Нармандыя-Нёман» у СССР.
Дэ Голь праявіў сябе і як бліскучы палітык. Ён вытрымаў велізарны ціск з боку ЗША і Вялікабрытаніі, якія спрабавалі зрабіць стаўку на іншага генерала, Анры Жыро. Аднак дэ Голь, дзякуючы сваёй палітычнай волі і падтрымцы ўнутранага Супраціву, у выніку стаў адзіным лідарам французскага змагання.

Вызваленне і першая адстаўка
Кульмінацыяй гэтай барацьбы стала 3 чэрвеня 1944 года, калі напярэдадні высадкі саюзнікаў у Нармандыі яго арганізацыя была афіцыйна прызнана Часовым урадам Французскай Рэспублікі. Калі 25 жніўня 1944 года Парыж быў вызвалены, дэ Голь прыбыў у сталіцу як нацыянальны герой. На наступны дзень ён узначаліў грандыёзны парад вызвалення. Падчас шэсця з дахаў пачалі страляць снайперы, але дэ Голь нават не збавіў кроку, прадэманстраваўшы неймаверную вытрымку.
Яго візіт у Маскву ў снежні 1944 года і падпісанне дамовы са Сталіным сталі бліскучым дыпламатычным ходам, які дазволіў яму аказаць ціск на Рузвельта і Чэрчыля. У выніку Францыя, краіна, якая нядаўна капітулявала, атрымала статус дзяржавы-пераможцы, уласную акупацыйную зону ў Германіі і пастаяннае месца ў Радзе бяспекі ААН.

Пасля перамогі дэ Голь заняўся аднаўленнем парадку ў краіне. 15 жніўня 1945 года маршала Петэна асудзілі за здраду дзяржаве. Улічваючы яго сталы ўзрост і былыя заслугі ў Першай сусветнай вайне, дэ Голь замяніў прысуд на пажыццёвае зняволенне.
Адначасова дэ Голь аднаўляў у краіне дэмакратычны лад. Аднак палітычная мадэль, якую адраджалі ў Францыі, — парламенцкая рэспубліка на ўзор даваеннай Трэцяй рэспублікі, — катэгарычна не задавальняла дэ Голя. Ён лічыў яе слабой, вінаваціў у паразе 1940 года і быў прыхільнікам моцнай прэзідэнцкай улады, дзе ў руках кіраўніка дзяржавы сканцэнтраваны максімум паўнамоцтваў.
Сутыкнуўшыся з немагчымасцю рэалізаваць сваё бачанне і не жадаючы ні падпарадкоўвацца партыйным інтрыгам, ні ператварацца ў дыктатара, дэ Голь абраў трэці шлях. 20 студзеня 1946 года ён нечакана падаў у адстаўку і паехаў у свой сямейны маёнтак Каламбэ-ле-Дэз-Эгліз.

«Пераход праз пустыню» і вяртанне да ўлады
На той момант генерал пражыў у шлюбе з Івонай дэ Голь ужо амаль 35 гадоў. Менавіта ёй належаць знакамітыя словы, якія сталі афарызмам: «Прэзідэнцтва — часовае, а сям'я — назаўсёды».
У іх было трое дзяцей: сын Філіп і дзве дачкі — Элізабет і Анна. Нараджэнне Анны спыніла бясхмарнае жыццё гэтай сям’і. Лекары паставілі дзіцяці дыягназ — сіндром Даўна. Небарачка так і не навучылася гаварыць, не магла сама есці і хадзіць, часта білася ў канвульсіях.
Дзіця з такой хваробай можна было здаць у інтэрнат, але будучы прэзідэнт умеў годна прымаць выклікі лёсу. Анна засталася з бацькамі.
Прыклад любові тут падаваў сам кіраўнік сям’і. Анна не магла заснуць без таты, і 40‑гадовы афіцэр планаваў свой дзень так, каб абавязкова пакалыхаць малую і праспяваць калыханку, словы якой прыдумаў сам.
Адданасць бацькі знайшла водгук у сэрцы дзяўчынкі: адзінае слова, якое яна навучылася выразна вымаўляць, было «тата».
У сваіх мемуарах дэ Голь пасля пісаў: «Гэтае дзіця было для мяне Божай ласкай, яно дапамагло мне стаць вышэйшым за людскія зрывы, паглядзець на іх іншымі вачыма».
У 1948 годзе Анна памерла ва ўзросце 20 гадоў, што стала для Шарля дэ Голя страшэнным ударам. Сціплая пахавальная цырымонія скончылася словамі несуцешнага бацькі: «Цяпер яна стала такой, як усе».
Што тычыцца палітыкі, то пасля сваёй адстаўкі ў 1946 годзе дэ Голь не адышоў ад спраў. Ён стварыў уласны палітычны рух «Аб'яднанне французскага народа» (RPF) і некалькі гадоў актыўна змагаўся з рэжымам Чацвёртай рэспублікі. Аднак, расчараваўшыся ў гэтай барацьбе, у 1953 годзе ён прыпыніў дзейнасць RPF і канчаткова адышоў ад грамадскай дзейнасці.

Гэты перыяд, вядомы як «пераход праз пустыню», ён прысвяціў напісанню сваіх знакамітых мемуараў і жыў замкнёным прыватным жыццём у сваім маёнтку. Пазней ён са сваім стрыманым гумарам падвядзе вынікі сваіх палітычных бітваў: «Як кіраваць краінай, у якой 265 гатункаў сыру?»
У 1958 годзе Францыя, якая апынулася на мяжы грамадзянскай вайны, зноў звярнулася да свайго генерала. Ужо чатыры гады ішла крывавая вайна ў Алжыры, які па законе з'яўляўся не калоніяй, а неад'емнай часткай Францыі. Гэта рабіла канфлікт асабліва балючым і складаным. 1 чэрвеня 1958 года Шарль дэ Голь узначаліў урад, атрымаўшы надзвычайныя паўнамоцтвы для вырашэння крызісу.

Прэзідэнт Пятай Рэспублікі: веліч і незалежнасць
Неўзабаве дэ Голь прадставіў праект новай Канстытуцыі, якая ўвайшла ў гісторыю як Канстытуцыя Пятай Рэспублікі. На рэферэндуме французам прапанавалася перазаснаваць дзяржаву, ператварыўшы яе са слабай парламенцкай у моцную прэзідэнцкую рэспубліку. Амаль 80% грамадзян падтрымалі праект, што стала відавочным вотумам даверу генералу. 8 студзеня 1959 года Шарль дэ Голь стаў першым прэзідэнтам Пятай Рэспублікі.

Першыя гады яго кіравання былі прысвечаныя вырашэнню самых балючых праблем. Галоўнай з іх была крывавая вайна ў Алжыры. Паставіўшы прагматызм вышэй за асабістыя імперскія сантыменты, дэ Голь пачаў складаны працэс надання Алжыру незалежнасці, які завяршыўся ў 1962 годзе. Гэты крок выклікаў лютую нянавісць з боку часткі вайскоўцаў, якія стварылі «Сакрэтную ўзброеную арганізацыю» (ААС) і разгарнулі паляванне на генерала. Прэзідэнт перажыў цэлую серыю замахаў, але з чорным гумарам заўважыў, што незадаволены толькі тым, «як дрэнна яны страляюць».
Завяршыўшы алжырскую справу, Дэ Голь узяўся за ўмацаванне сваёй улады. У 1962 годзе ён ініцыяваў рэферэндум аб увядзенні прамых усеагульных выбараў прэзідэнта. Нягледзячы на шалёны супраціў палітыкаў, народ ізноў яго падтрымаў.

Але галоўнай мэтай дэ Голя было адраджэнне велічы Францыі на сусветнай арэне. Яго імкненне да незалежнасці было вынікам зневажальнага досведу Другой сусветнай вайны, калі прэзідэнт ЗША Рузвельт адмаўляўся прызнаваць яго легітымным лідарам і разглядаў Францыю як другарадную дзяржаву. Дэ Голь пакляўся, што такое больш ніколі не паўторыцца. Галоўным інструментам для дасягнення гэтай мэты стала стварэнне ўласнай ядзернай зброі. Ужо ў 1960 годзе Францыя правяла першае паспяховае выпрабаванне атамнай бомбы, увайшоўшы ў элітны клуб ядзерных дзяржаў і атрымаўшы гарантыю свайго суверэнітэту.
Імкнучыся да незалежнасці, ён аднолькава сустракаўся як з лідарам СССР Мікітам Хрушчовым (у 1960 годзе), так і з прэзідэнтам ЗША Джонам Кенэдзі (у 1961-м). Падчас візіту Кенэдзі ягоная жонка Жаклін прашаптала дэ Голю, што ў яе французскія карані, на што генерал пажартаваў: «У мяне таксама, мадам».

Увосень 1964 года ён распачаў грандыёзнае турнэ па Лацінскай Амерыцы, наведаўшы дзесяць краін. Паўсюль ён нёс адно і тое ж пасланне: заклік да незалежнага развіцця. Яго сустракалі велізарныя і захопленыя натоўпы: для многіх у свеце дэ Голь і яго Францыя сталі сімвалам рэальна трэцяга шляху, альтэрнатывы дзвюм звышдзяржавам і пры гэтым — дэмакратыі і культуры.
Другі прэзідэнцкі тэрмін (1965—1969)
Восенню 1965 года Францыя рыхтавалася да першых у сваёй гісторыі ўсеагульных прэзідэнцкіх выбараў. Галоўная інтрыга была ў тым, ці будзе 75‑гадовы генерал зноў вылучаць сваю кандыдатуру. Кажуць, яго жонка Івона, якая ненавідзела Елісейскі палац і путы грамадскага жыцця, была катэгарычна супраць. Але дэ Голь, перакананы ў неабходнасці працягваць сваю місію, усё ж пайшоў на выбары.

Кампанія аказалася нечакана складанай. Упэўнены ў перамозе ў першым туры, дэ Голь атрымаў сапраўдны ўдар: набраўшы менш за 45% галасоў, ён быў вымушаны ісці на другі тур супраць кандыдата ад аб'яднаных левых Франсуа Мітэрана.
І хоць 19 снежня ён усё ж атрымаў перамогу, набраўшы 55% супраць 45% у Мітэрана, гэтыя выбары паказалі, што яго адносіны з французскім народам пачалі мяняцца.
Атрымаўшы новы мандат, дэ Голь з яшчэ большай рашучасцю пачаў праводзіць сваю палітыку нацыянальнай незалежнасці, адкрыта кідаючы выклік амерыканскаму дамінаванню.
Гучным выклікам стала яго «залатая атака» на долар. Дэ Голь лічыў, што ЗША злоўжываюць ім як сусветнай рэзервовай валютай, друкуючы нічым не забяспечаныя грошы для фінансавання сваіх выдаткаў.
У 1965 годзе ён абвясціў, што Францыя патрабуе ад ЗША абмяняць свае доларавыя рэзервы на золата па афіцыйным курсе. Ён нават адправіў карабель ВМФ, загружаны доларамі, у Нью-Ёрк, каб забраць французскае золата. Гэтае рашэнне падарвала давер да долара і ў выніку стала адной з прычын будучага краху Брэтан-Вудскай фінансавай сістэмы.
Не менш рашучым жэстам у барацьбе з гегемоніяй ЗША стаў выхад Францыі з аб'яднанага вайсковага камандавання НАТА ў маі 1966 года. Дэ Голь запатрабаваў вывесці з французскай тэрыторыі ўсе замежныя вайсковыя базы і прымусіў перанесці штаб-кватэру альянсу з Парыжа ў Брусель. У Вашынгтоне гэты дэмарш расцанілі як «удар у спіну». Варта адзначыць, што Францыя вернецца ў вайсковыя структуры НАТА толькі ў 2009 годзе.
Гэтая лінія працягнулася і ў іншых частках свету. У 1966 годзе ў Пнампені дэ Голь рэзка асудзіў амерыканскае ўмяшанне ў В'етнам. У 1967-м, падчас Шасцідзённай вайны, ён дыстанцыяваўся ад Ізраіля і ўвёў эмбарга на пастаўкі яму зброі. А ў ліпені таго ж года выклікаў дыпламатычны скандал, прамовіўшы ў Канадзе лозунг: «Няхай жыве свабодны Квебек!»

Францыя кажа «не»
Аднак да канца 1960‑х гадоў Францыя, здавалася, стамілася ад свайго генерала. Краіна стала ядзернай дзяржавай і перажывала перыяд бурнага эканамічнага росту. Аднак за фасадам дабрабыту хавалася глыбокае расчараванне. Паваеннае пакаленне моладзі, якое не ведала ні вайны, ні акупацыі, адмаўлялася ад каштоўнасцяў спажывецкага грамадства і кансерватыўнай маралі.
Іскрай, што распаліла полымя, стала, здавалася б, дробязь: студэнты запатрабавалі адмяніць забарону на наведванне хлопцамі дзяўчат у інтэрнатах. Малая прычына — вялікія наступствы. Францыя выбухнула ў хаатычным, часам жорсткім руху, поўным утопіі і паэзіі, які ішоў пад лозунгам: «Будзьце рэалістамі, патрабуйце немагчымага!» За некалькі тыдняў студэнцкія пратэсты перараслі ў агульнанацыянальны страйк, які паралізаваў краіну.

77‑гадовы дэ Голь, герой вайны, быў ашаломлены. Ён, які сутыкаўся з жахамі акупацыі, не мог зразумець і прыняць рух, які патрабаваў «права на задавальненне» і ставіў пад сумнеў усе формы аўтарытэту. Для моладзі Шарль дэ Голь быў не героем-выратавальнікам, а сімвалам аўтарытарнай, састарэлай улады.
Адчуваючы, што ўлада выслізгвае з яго рук, генерал апынуўся ў самым глыбокім палітычным крызісе за ўвесь час свайго кіравання. У крытычны момант, 29 мая, дэ Голь здзейсніў геніяльны палітычны манеўр: ён таемна знік з Парыжа, вылецеўшы на вайсковую базу ў Бадэн-Бадэн. Гэты крок выклікаў у краіне шок і страх перад вакуумам улады. Вярнуўшыся на наступны дзень, ён выступіў з жорсткай прамовай па радыё, распусціў парламент і прызначыў новыя парламенцкія выбары.

Яго тактыка спрацавала: масавая дэманстрацыя ў яго падтрымку і аглушальная перамога яго партыі (галістаў) на выбарах у чэрвені, здавалася, аднавілі парадак. Аднак ён адчуваў, што яго сувязь з народам, падарваная майскімі падзеямі, не аднавілася. Ён разумеў, што перамога на выбарах была хутчэй галасаваннем са страху перад хаосам, чым выяўленнем сапраўднага даверу яму асабіста. Каб даказаць сабе і ўсёй Францыі, што ён па-ранейшаму з'яўляецца бясспрэчным лідарам нацыі, ён вырашыў пайсці на сваю апошнюю і самую рызыкоўную палітычную бітву.
Ён ініцыяваў рэферэндум, прызначаны на красавік 1969 года. На галасаванне быў вынесены складаны і не вельмі зразумелы для большасці праект рэформаў, але сапраўдная сутнасць была ў іншым. Дэ Голь ператварыў гэты рэферэндум у пытанне даверу асабіста сабе, публічна заявіўшы:
«Калі большасць з вас мяне не падтрымае, я неадкладна спыню выконваць свае функцыі».
Калі народ адказаў «не», верны свайму слову, у ноч пасля галасавання дэ Голь апублікаваў кароткае камюніке аб сваёй адстаўцы. Ён неадкладна пакінуў Елісейскі палац і назаўжды пераехаў у свой прыватны маёнтак Буасры — дом у мястэчку Каламбэ-ле-Дэз-Эгліз, які быў для яго сапраўднай крэпасцю і месцам адпачынку ад палітыкі.

«Маё палітычнае жыццё скончылася. Івона сказала мне, што я зрабіў для французаў значна больш, чым яны заслугоўваюць», — сказаў генерал пазней сваім блізкім.
Апошнія гады ў Каламбэ
Асноўнай справай яго жыцця ў Каламбэ стала праца над «Мемуарамі надзеі», у якой ён знаходзіў супакаенне. Аднак нават у гэтым зацішшы ён заставаўся фігурай, здольнай выклікаць скандал. У чэрвені 1970 года генерал наведаў Іспанію, дзе сустрэўся са старым дыктатарам Франка. Гэтая сустрэча выклікала буру абурэння; нават яго блізкія паплечнікі прызналіся, што былі шакаваныя.

Увосень таго ж года выйшаў першы том яго «Мемуараў надзеі». Гэтыя мемуары, успрынятыя як палітычны запавет, мелі ашаламляльны поспех. Натхнёны гэтым, дэ Голь з падвоенай энергіяй узяўся за працу над другім томам, праводзячы за пісьмовым сталом цэлыя дні.
У панядзелак, 9 лістапада 1970 года, дэ Голь, як звычайна, працаваў усю раніцу, а потым прагуляўся па парку. Вечарам, каля 19:00, ён сеў у бібліятэцы раскласці пасьянс у чаканні вячэры. Раптам ён ускрыкнуў ад болю і страціў прытомнасць. Разрыў анеўрызмы імгненна забраў жыццё Шарля дэ Голя.
Смерць трымалі ў сакрэце да наступнай раніцы, калі прагучалі знакамітыя словы: «Францужанкі, французы, генерал дэ Голь памёр. Францыя аўдавела». Смерць генерала выклікала эмоцыі ва ўсім свеце. Яго завяшчанне выключала дзяржаўнае пахаванне, таму 12 лістапада ў Каламбэ адбылася вельмі простая цырымонія, пасля якой дэ Голя пахавалі побач з яго дачкой Аннай — той самай, якая так пакутавала. У той жа час у саборы Парыжскай Божай Маці адбылася ўрачыстая служба, на якой прысутнічалі лідары з усяго свету, каб аддаць даніну павагі памерламу генералу і прэзідэнту.

Івона дэ Голь пасля смерці генерала сціпла пасялілася ў доме састарэлых. Яна адышла ў іншы свет праз 9 гадоў пасля мужа.
Створаная дэ Голем Пятая Рэспубліка з яе моцнай прэзідэнцкай уладай калісьці натхніла і Аляксандра Лукашэнку. Пасля візіту ў Францыю Аляксандр Лукашэнка таксама пабудаваў сістэму з магутным кіраўніком дзяржавы, узяўшы за ўзор французскую канстытуцыю.
Але ёсць прынцыповае адрозненне. Дэ Голь свята верыў у дэмакратыю і лічыў, што кіраваць можна толькі калі народ табе давярае. І калі народ сказаў «не» на рэферэндуме 1969 года, ён неадкладна пайшоў у адстаўку, стрымаўшы сваё слова. Ён паказаў, што воля нацыі вышэйшая за волю кіраўніка.
Калі б Шарль дэ Голь быў на месцы Лукашэнкі, у 2020‑м ён адназначна пайшоў бы ў адстаўку. А ў 2022‑м ён бы супраціўляўся вар'яцкім планам Пуціна — чаго б гэта ні каштавала.
Магчыма, таму імя французскага генерала так і не з'явілася на карце Мінска. Вуліца імя дэ Голя была б нямым дакорам, напамінам пра тое, што сапраўдная сіла — не ў тым, каб трымацца за ўладу любой цаной, а ў здольнасці пайсці, калі твой народ сказаў табе «не».
Вацлаў Гавэл таксама адмовіўся выйсці з турмы пры ўмове выезду за мяжу. Але ён быў зусім непадобны да лідараў беларускай апазіцыі
«Цярпенне — найлепшая зброя пераможаных». Конрад Адэнаўэр, або Палітыкі якога тыпу патрэбныя пасля дыктатуры
Легенда пра святога Пятра Міронавіча
Бацькі і дзеці: як выхоўваліся дзеці вялікіх прэзідэнтаў і як склалася іх жыццё
Каментары
Шарль дэ Голь быў дзеячом, але не нашым
Іншая справа дзе савецка-рускі Лукашэнка, а дзе патрыёт Францыі дэ Голь. Абсалютна розныя людзі.
Не ведаю, але дадумваюся, чаму не прапусцілі мой папярэдні каменатр.