Грамадства1010

У Мінску з'явіліся «чыстаматы». Што гэта такое і як яны працуюць?

Чысціня — зарука здароўя. І для зручнасці мінчукоў у горадзе з'явілася паслуга, скарыстаўшыся з якой можна пачысціць рэчы, не звяртаючыся непасрэдна ў пральню. Выданне Blizko.by вырашыла пратэставаць навінку. 

«Чыстамат» — гэта аўтаматычны прыёмны пункт хімчысткі. Прылада бескантактная, у тым сэнсе, што ўсё тут адбываецца без удзелу персаналу — вы самастойна здаеце рэчы. Па факце канструкцыя падобная да камеры захоўвання з некалькімі ячэйкамі. Здаўшы сюды рэчы, можна замовіць паслугі хімчысткі, аквачысткі, пральні або мыцця. 

Для Мінска гэта новы від бытавых паслуг. На сённяшні дзень у горадзе прадстаўленыя ўсяго некалькі штук, але ад розных кампаній. Працуюць яны пад брэндамі «Белхімчыстка» і «Акваэкспрэс». Blizko.by скарысталася з паслуг апошняга.

Адзін такі аўтамат стаіць у сталічным ГЦ «Магніт» недалёка ад станцыі метро «Пятроўшчына». Туды журналісты і пайшлі правяраць прынцып дзеяння прылады. Не з пустымі рукамі, а папярэдне падрыхтаваўшыся: прыхапілі з сабой дзве рэчы, якія мелі патрэбу ў хімчыстцы. Прычым адну з іх запэцкалі літаральна за гадзіну-паўтары да здачы ў «чыстамат». 

Такім чынам, для чысціні эксперыменту ў рэдакцыю прынеслі вось гэтую тэніску. Колер чырвоны, стан чысты.

Але гэта часова. Узяўшы бутэлечку соевага соусу, тэрмін прыдатнасці якога падыходзіць да канца ў наступным месяцы…

 прадмет адзення ператварылі вось у гэта: 

«Соевая лужына» неахвотна разлілася па тэнісцы, яе колер і пах змяніліся вельмі хутка.

Другой рэччу, якую сабраліся несці ў «чыстамат», стала байка з капюшонам. На ёй маецца старая тлустая пляма, якая не паддаецца вывядзенню.

З гэтымі рэчамі журналісты і выправіліся да «чыстамата». Прынцып яго працы зразумелы інтуітыўна. Ён пакрокава распісаны на самай прыладзе. Каб здаць рэчы ў аўтаматычны прыёмны пункт, вам трэба:

  • Спачатку націснуць кнопку «Здаць рэчы».
  • А пасля зарэгістравацца ў сістэме, скарыстаўшыся з інструкцый на сэнсарным экране прылады.

Пасля правядзення гэтых маніпуляцый адна з ячэек адчыняецца. 

Усярэдзіне ляжыць вось такі мяшок сіняга колеру. Да яго «горла» прымацаваная пломба. Рэчы складаюцца ў мяшок.

«Апламбаваны» мяшок вяртаецца ў ячэйку. 

Калі яна зачынілася, на тэлефон прыйшла эсэмэска пра тое, што заказ прыняты, але магчымасці аплаціць яго адразу не было. У паведамленні не было ніякай інфармацыі або спасылкі на форму аплаты заказу. Прыйшлося тэлефанаваць у пральню, якая абслугоўвае заказы з «чыстаматаў». Па тэлефоне патлумачылі, што на гэтым этапе місія заказчыкаў паслугі завершаная, усё зроблена правільна. 

А далей гэта працуе так: да «чыстамата» прыязджае кур'ер, які і адвозіць мяшкі з ячэек у пральню, а пасля таго, як там ацэняць ступень забруджання рэчаў, кліент атрымае смс-паведамленне пра кошт паслуг і час выканання заказу. Гэта значыць, у момант здачы сваіх рэчаў у «чыстамат» кліент нават прыкладна не ўяўляе, колькі будзе каштаваць іх хімчыстка.

Эсэмэска пра тое, што тэніска і байка прыехалі ў пральню, прыйшла ў той жа дзень. Там была спасылка на старонку з падрабязнасцямі пра заказ. Перайшоўшы па ёй, можна было зразумець, што ў пральні агледзелі атрыманыя рэчы і зрабілі сваё заключэнне пра маштабы трагедыі.

І вось што там вырашылі па байцы з капюшонам: працэнт зносу — 60%, ступень забруджвання — моцная. Выяўленыя плямы на грудзях, якія спрабавалі заціраць. Паходжанне плям у пральні аднеслі да тлушчу, але паставілі гэта пад пытанне.

Ступень зношанасці тэніскі, якую палівалі соевым соусам, ацанілі ў 60%. Дакладна былі пазначаныя колер і палавая прыналежнасць гаспадара рэчы. Была прысвоена і ступень забруджвання вырабу, яе апісалі як «вельмі моцную».

Пра паходжанне плямаў на гэтай тэнісцы ў пральні не здагадаліся. У графе «Паходжанне плям» змяшчалася ацэначнае меркаванне, што яны з'явіліся там пасля таго, як носьбіт рэчы, прабачце, званітаваў. Аднак гэта дапушчэнне было адзначана пытальнікам. А яшчэ ў апісанні дэфектаў змяшчалася здагадка, што ад рэчы пахне спіртным.

Тут жа, у форме апісання рэчаў, змяшчаецца і папярэджанне ад пральні. Для двух рэчаў яно аднолькавае: «Магчыма няпоўнае выдаленне плям. Магчымае парушэнне цэласнасці ў месцах судакранання з фурнітурай. Магчымае рэшткавае пашарэнне, жаўцізна на вырабе, падкладцы. Магчымае з'яўленне схаваных дэфектаў». 

А цяпер самае цікавае — кошт паслугі. Кошт хімчысткі «соевай» тэніскі склаў 26 рублёў, а байкі з тлустай плямай — 36. Разам агульны кошт заказу — 62 рублі.

Ці можна за гэтыя грошы купіць падобныя, але новыя рэчы? Адкажыце на гэтае пытанне самастойна. 

Дарэчы, у спажыўца ёсць магчымасць адмовіцца ад аказання паслугі, напрыклад, калі кошт працы здаецца вельмі дарагім: рэчы прымаюцца пральняй у працу толькі пасля згоды кліента. 

Журналісты такую згоду далі (выключна для таго, каб эксперымент быў завершаны цалкам). Аплату паслуг пральні можна здзейсніць праз АРІП, што было і зроблена. 

У выніку заказ быў гатовы праз пяць працоўных дзён пасля таго, як рэчы здалі ў «чыстамат».

 Забраць рэчы, дарэчы, атрымалася не адразу — і зусім не таму што з гэтым марудзілі, а праз тое, што сістэма атрымання заказу з «чыстамата» недасканалая — заблытацца вельмі проста.

У дзень, калі заказ быў гатовы, на тэлефон прыйшла эсэмэска. У ёй быў пазначаны нумар заказу і пароль для таго, каб адкрыць патрэбную ячэйку. Але для атрымання заказу чыстамат патрабаваў код заказу (не нумар!). Шляхам падбору варыянтаў журналісты даведаліся, што пароль — гэта і ёсць код. Карацей кажучы, для тых, хто карыстаецца паслугай ўпершыню, той яшчэ квэст. 

У выніку ячэйку ўдалося адкрыць. Усярэдзіне, на вешалках, спакаваныя ў поліэтылен, віселі абедзьве рэчы:

Вынік аказаўся не зусім бездакорным. Праўда, выканаўца, адразу папярэдзіў, што выдаленне плям будзе, магчыма, не поўным. 

Вось так пасля хімчысткі выглядае байка, дзе была тлустая пляма:

Вось што стала з плямай — яно на месцы: 

Тэніска, запэцканая соевым соусам, таксама не стала ідэальна чыстай: 

Ледзь бачныя погляду і рэдакцыйнаму фотаапарату разводы ад плям засталіся на рэчы.

Выснова: любы прыбор, закліканы палегчыць жыццё чалавека, штука, безумоўна, карысная. «Чыстамат» у гэтым сэнсе выдатна падыдзе тым, хто ашчаджае час на паход у пральню.

Здаецца, што яны могуць быць асабліва карысныя для людзей са шчыльным графікам, якім складана знайсці час на мыццё і сушку бялізны. Студэнтам, занятым бацькам ці мінчукам, якія жывуць у раёнах, дзе паблізу няма пральняў. Акрамя таго, падобныя прылады — гэта выдатны варыянт для бізнэсу, напрыклад, для гатэляў, хостэлаў, якія могуць карыстацца «чыстаматамі» для мыцця вялікага аб'ёму бялізны. Карацей кажучы, калі ёсць прапанова, то абавязкова будзе і попыт.

Дарэчы, летась у Мінску з'явіліся першыя аўтаматы, у якія можна здаць у рамонт або на хімчыстку абутак, сумкі, заплечнікі. Blizko.by вывучаў, як працуе і гэты «чаравікамат».

Каментары10

  • чыста матная
    13.06.2025
    дык панаяпраюктуць т.зв. ахрэтэктаршы, а будаўнікам паспрабуй потым пабудуй
  • Омг
    13.06.2025
    > Прынцып яго працы зразумелы інтуітыўна. Ён пакрокава распісаны на самай прыладзе.

    Божа, якія крыварукія дэбілы гэта праектавалі/малявалі?
  • чыста матная
    13.06.2025
    блатота

Цяпер чытаюць

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная16

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Усе навіны →
Усе навіны

Крутога айцішніка, які вярнуўся з Польшчы, кінулі за краты за фінансаванне «экстрэмізму»28

У Беларусь з Расіі завозяць авіябомбы і ракеты12

Нетаньяху: «Неўзабаве вы ўбачыце ізраільскія самалёты ў небе над Тэгеранам»1

Збанкрутавала вядомая сетка фастфуду Döner King2

Трамп вымушана спыняе рэйды супраць імігрантаў у сельскай гаспадарцы і гатэльным бізнэсе3

Навукоўцы знайшлі просты спосаб паспрыяць росту раслін — музыка, але не кожная20

Ryanair будзе штрафаваць пасажыраў, якія парушаюць парадак1

У Гомелі 7 гадоў таму пабудавалі прыбіральню ледзь не за мільён даляраў. Як у ёй цяпер?4

У Дубаі загарэўся 67-павярховы хмарачос3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная16

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць