Свет2525

«Мы так і па Мінску пройдземся». У Варшаве адбыўся вялікі гей-прайд, было шмат бел-чырвона-белых сцягоў ФОТЫ

У Варшаве 14 чэрвеня прайшоў Парад роўнасці. У вясёлкавай калоне асобаў ЛГБТК+ і людзей, якія выйшлі іх падтрымаць і выказацца супраць дыскрымінацыі, ішло каля сотні беларусаў пад БЧБ-сцягамі. «Белсат» узяў удзел у шэсці і паразмаўляў з суайчыннікамі. Перадрукоўваем гэты рэпартаж.

Беларускія нацыянальныя бела-чырвона-белыя сцягі развіваюцца ў натоўпе на Парадзе роўнасці, што прайшоў у цэнтры Варшавы. 14 чэрвеня 2025 года. Варшава, Польшча. Фота: Белсат

Парад роўнасці стартуе а 14-й са Сьвентакшыскага парку, адурманенага салодкім водарам ліпы.

«Слухай, ну водар жа кахання!» — заўважае першы беларус, якога сустракаем. Ён просіць называць яго Базылём Шэрым. Разам з ім шукаем у вясёлкавым моры выспачку з БЧБ-сцягамі. Яна ўтвараецца за паўсотню метраў ад галавы калоны. Наперадзе вісіць вялізная расцяжка: «Адказам ёсць любоў» («Odpowiedzią jest miłość») — дэвіз сёлетняга прайду ў Варшаве.

«А справа ж не ў сцягах!»

«Усё шыкоўна! Свабодныя людзі, свабодная краіна, можна сябе свабодна адчуваць. Мы прыйшлі падтрымаць людзей, якія свабодна выказваюць сваю пазіцыю, і абараніць іх ад розных неадэкватаў, якія лічаць, што сцягі могуць належаць толькі ім. А справа ж не ў сцягах — справа ў свабодзе волі», — гаворыць Базыль Шэры, які нядаўна прыехаў у Польшчу, адбыўшы тэрмін у лукашэнкаўскай калоніі.

Чалавек з роварам, які стаіць на ходніку, спрабуе здымаць на тэлефон беларусаў, якія гуртуюцца ў сярэдзіне калоны. Па-расейску выкрыквае штосьці абразлівае на іх адрас. Пасля настойлівай просьбы не правакаваць, адказвае са злосцю (не цытуем) і з'язджае.

«Людзі ўсе розныя і ўсе — фантастычныя. Беларусы — таксама. І калі раптам гучыць мова нянавісці, то адказ на гэта — толькі любоў. І мне здаецца, гэта вельмі добры адказ на жыццё ўвогуле, няважна «гетэра» ты ці не, а можа, недзе пасярэдзіне. Любоў і каханне — гэта заўсёды моцны адказ», — дзеліцца з намі думкамі беларуская паэтка іспанскага паходжання Анхела Эспіноса, якая ідзе ў калоне побач са сваім сябрам.

Удзельнікі Парада Роўнасці танчаць і спяваюць у калоне, якая рушыць па цэнтру горада. 14 чэрвеня 2025 года. Варшава, Польшча. Фота: Белсат

«Галоўнае, што мы ёсць!»

Вясёлкавая калона рушыць па Сьвентакшыскай і паварочвае налева — на Маршалкоўскую. Налічваем крыху больш за дзясятак бел-чырвона-белых сцягоў з Пагоняй і іх вясёлкавых варыяцыяў.

Вялікага БЧБ-сцяга, падобнага да таго, які быў разгорнуты на прайдзе ў Вільні, тут няма.

Праваабаронца, феміністка і квір-актывістка Наста Базар, якая крыху пазней далучаецца да шэсця, тлумачыць, што справа не ў тым, што хтосьці баіцца разгортваць вялікі БЧБ-сцяг. Проста палотнішча, якое неслі, напрыклад, падчас Параду роўнасці ў Варшаве два гады таму, яна асабіста прывозіла з Кракава, а сёлета проста «не змагла гэта арганізаваць».

«У Варшаве ёсць вялікі сцяг у БАП «Да волі», але ж вы ведаеце — ён занадта даўгі. Таму вось так. Але галоўнае, што мы ёсць!» — сцвярджае Наста Базар.

«Ці БЧБ-сцяг у руках небінарнай асобы губляе сваю вартасць і годнасць, калі ўжо выклікае з боку некаторых такую нянавісць?» — пытаемся ў Насты.

«Не, проста мы вельмі доўга жылі ў сістэме таталітарызму і аўтакратыі. І людзі прывыклі, што павінен быць нехта, супраць каго можна аб'яднацца. Зараз чамусьці стала зручна аб'ядноўвацца супраць тых, хто не можа даць адпор, але чамусьці не супраць галоўнага агрэсара — Лукашэнкі. Мы яму фізічна нічога зараз не можам зрабіць, таму зручна гнабіць сваіх. На жаль. Я лічу, што прычына толькі ў гэтым», — кажа Наста Базар.

Зазначае таксама, што нянавісць і «нармалізацыя гвалту» за 5 гадоў рэпрэсіяў і тры гады вайны ва Украіне выйшла на нейкі новы ўзровень.

Удзельніцы Парада роўнасці танчаць і спяваюць у калоне, якая рушыць па цэнтру горада. 14 чэрвеня 2025 года. Варшава, Польшча. Фота: Белсат

«Проста звычайныя людзі, і іх вялізная колькасць»

Перад намі дзяўчына нясе плакат з цытатай Караткевіча: «І калі мне скажуць, што я не такі, як усе, я адкажу: я — які ёсць, і гэтага досыць, бо ў маім сэрцы каханне, і каханне не хлусіць».

Акрамя беларускіх нацыянальных сцягоў заўважаем у калоне і ўкраінскія жоўта-блакітныя, і польскія дзяржаўныя сцягі. Ніхто нікому не забараняе. А ў руках дзяўчынкі Насты — дачкі былой палітзняволенай Антаніны Канавалавай, якая ўдзельнічае ў шэсці разам з мамай, — сцяг міру.

«Пануе неверагодная атмасфера. Усе такія прыгожыя і так ярка ўбраныя! Ведаеш, такое ўражанне, што ты выйшаў у 2020 годзе: ваду раздаюць, сцяжкі раздаюць, усе пасміхаюцца», — дзеліцца ўражаннямі Антаніна Канавалава.

Беларускія нацыянальныя бела-чырвона-белыя сцягі развіваюцца ў натоўпе на Парадзе Роўнасці, што прайшоў у цэнтры Варшавы. 14 чэрвеня 2025 года. Варшава, Польшча. Фота: Белсат

Кожны беларус, лічыць былая палітзняволеная, мае свой выбар, і гэты выбар ніхто не мае права ў яго адбіраць.

«Хопіць ужо дыктатуры. Дыктатар у нас жыве ў Рэспубліцы Беларусь на дадзены момант. А тут кожны мае права на сваю думку і на свой выбар. А мы — за мір і каб не было дыктатур. Мы за тое, каб ніхто не сварыўся. Вораг у нас — там. І чым больш мы сварымся, тым больш перамог у нашага ворага», — кажа Тоня Канавалава, якая не хавае, што сярод яе сябровак, палітзняволеных, ёсць дзяўчыны з «нетрадыцыйнай арыентацыяй», і ім патрэбная падтрымка.

«Тут проста звычайныя людзі, і іх вялізная колькасць», — дадае Антаніна.

«Мы так і па Менску пройдземся»

Паварочваем на Сенатарскую і набліжаемся да Банкавай плошчы. На вочы трапляе плакат з надпісам «Не бойся кахаць», які ўздымае ўгару адна з удзельніц шэсця. Яшчэ адна дзяўчына трымае кардоніну, на якой напісана «Шукаю хлопца!», але праз момант перадае яе маладому чалавеку, які пачынае з ёй танчыць.

Заўважаем у беларускім сектары шэсця славутага вадалаза пад вясёлкай, якога нясе ягоны аўтар, мастак Міхась Мішук.

«Ну, вадалаз не той персанаж, які змагаецца за нейкія глабальныя штукі. Гэта проста персанаж, які абазначае мяне — эмігранта, якога нясе плынь жыцця. І вось я ўсплываю ў розных месцах гэтага свету. Гэта мой персанаж. І, ствараючы яго, я магу выказваць думкі, якія мне падаюцца нармальнымі і добрымі. Можна з імі спрачацца, а можна выказваць іншыя думкі. У гэтым — свабода», — гаворыць Міхась.

«Так, толькі твае вадалазы пастаянна ў меншасці», — заўважаем. «Таму я тут. А ў Варшаве іх ужо трыста. Так што трохі лягчэй», — смяецца Міхась Мішук.

«Я веру і спадзяюся, што мы так і па Менску пройдземся. З вадалазікам», — падхоплівае спадарожніца мастака Лера.

«Без ЛГБТ-падтрымкі не пабудуем дэмакратыі»

Калі калона пад спевы і танцы паварочвае на Кракаўскае прадмесце і пачынае набліжацца да прэзідэнцкага палацу, заўважаем, што становіцца больш паліцыянтаў. Кардоны атачаюць сам Бельведэр і касцёлы непадалёк. Але ўсё праходзіць мірна і спакойна. Перад палацам прэзідэнта шэсце спыняецца, арганізатары і палітыкі агучваюць патрабаванні да ўладаў.

Удзельнікі прайду патрабуюць роўных правоў ды абароны ад дыскрымінацыі і выключэння, права на шлюб і грамадзянскія сем'і. Патрабуюць адкрытага і бяспечнага грамадства для кожнага чалавека, у тым ліку абароны ад мовы нянавісці і злачынстваў на глебе нянавісці.

Сярод патрабаванняў гучыць і заклік да ўладаў аб спрашчэнні візавых працэдураў.

Калі вясёлкавая рака выцякае зноў на Сьвентакшыскую, замыкаючы кола, зноў гучыць і паўтараецца дзясяткі разоў лозунг «Адказам ёсць любоў». Скандуюць прадстаўнікі супольнасці ЛГБТК+, скандуюць людзі, якія прыйшлі падтрымаць удзелам у маршы вясёлкавых асобаў, скандуюць дзеці, якія трымаюць за руку сваіх татаў і мамаў, скандуюць беларусы.

Ужо на самым фінішы нос у нос сутыкаемся з былым палітвязнем Вадзімам Ермашуком (блогер Vadimati), які трымае ў руках БЧБ-палотнішча. Стомлены, сонечны і шчаслівы, прызнаецца.

Удзельнікі Парада Роўнасці. 14 чэрвеня 2025 года. Варшава, Польшча. Фота: Белсат

«Слухай, я ўпершыню на такой акцыі, і мне вельмі спадабалася. Ніякіх правакацыяў! Я нават сторыс запісаў, маўляў, ну дзе ж вашыя правакацыі. Бо пагрозы былі ў розных групах.

А я сказаў адразу: я вазьму сцяг, маю права яго прадстаўляць, бо ў мяне іншага выбару няма пасля таго, што зрабілі са мной у турме. Але ўсё прайшло спакойна і весела. Я так лічу: без ЛГБТ-падтрымкі мы не пабудуем дэмакратыі», — сцвярджае Вадзім Ермашук.

Варшаўскі «Парад роўнасці» ладзіцца з 2001 года Фондам валанцёрскай роўнасці (Fundację Wolontariat Równości). Прайд адбываецца пад патранатам і матранатам Еўрапейскай камісіі, прэзідэнта Варшавы Рафала Тшаскоўскага, віцэ-спікеркі польскага Сенату Магдалены Бейят, міністра ў справах роўнасці, Міністэрства інфарматызацыі.

Каментары25

  • Марыя
    15.06.2025
    Малайцы беларусы, паказалі ўсім гамафобам дулю.
  • Андрусь
    15.06.2025
    Было весела вельмі. Прыйшлося патанчыць пад Брытні Спірс:)
  • Гарамбуш
    15.06.2025
    Вопрос к тем кто против лгбт + бчб флага. Вы в 2020 году выходили против лукашенко, что бы построить свою диктатуру или всё-таки за демократию, где нет ненависти к тем, кто не такой как ты?

Цяпер чытаюць

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная16

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп вымушана спыняе рэйды супраць імігрантаў у сельскай гаспадарцы і гатэльным бізнэсе3

Навукоўцы знайшлі просты спосаб паспрыяць росту раслін — музыка, але не кожная20

Ryanair будзе штрафаваць пасажыраў, якія парушаюць парадак1

У Гомелі 7 гадоў таму пабудавалі прыбіральню ледзь не за мільён даляраў. Як у ёй цяпер?4

У Дубаі загарэўся 67-павярховы хмарачос3

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Лукашэнка парэкамендаваў беларусам не налягаць на бульбу13

Ізраільцянам прыходзяць шпіёнскія паведамленні ад карэспандэнткі АНТ10

Усплёскі заказаў піцы каля Пентагона маглі сведчыць пра будучую атаку на Іран9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная16

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць