Свет1717

«Няма ніякіх дзяржаўных грошай, ёсць толькі грошы падаткаплатнікаў». Чым Тэтчэр адрозніваецца ад Наталлі Качанавай

«Людзям падабаецца адчуванне моцнай рукі ўрада», — казалі пра яе. І сапраўды, Маргарэт Тэтчэр, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі з 1979 па 1990 год, увайшла ў гісторыю як увасабленне непахіснасці і радыкальных пераўтварэнняў. Яе называлі «Жалезнай лэдзі» — мянушка, якую яна з гонарам прыняла. Яна была палітыкам перакананняў, жанчынай, якая выкараніла сацыялізм з брытанскай сістэмы і змяніла твар сваёй краіны. І была непрымірымай праціўніцай СССР. Дзякуючы ёй заходняя сістэма даказала і сваю маральную, і сваю матэрыяльную перавагу над савецкай. Расказваем, чаму могуць павучыцца ў Тэтчэр сённяшнія беларускія палітыкі і што адрознівае Тэтчэр ад персанажаў лукашэнкаўскага двара.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр, 1985 год. Фота: Hulton Archive / Getty Images

Дачка свайго бацькі

Каб зразумець Маргарэт Тэтчэр, трэба пачаць з яе дзяцінства ў невялікім правінцыйным мястэчку Грэнтэм, дзе яна, Маргарэт Хільда Робертс, нарадзілася 13 кастрычніка 1925 года. Яе бацька, Альфрэд Робертс, валодаў дзвюма крамамі — бакалейнай і тытунёвай — і быў для дачкі галоўным героем і прыкладам для пераймання.

Ён быў не проста прадпрымальнікам, а чалавекам з цвёрдымі прынцыпамі: строгі прапаведнік-пратэстант і ўплывовая фігура ў гарадку. Ён быў дэпутатам гарадской рады і нават займаў пасаду мэра Грэнтэма ў 1945—1946 гадах.

«Ён быў чалавекам вельмі цвёрдых поглядаў на тое, што правільна і што няправільна, — успамінала Маргарэт. — Гэта былі традыцыйныя каштоўнасці, але яны вытрымалі выпрабаванне часам».

Маргарэт Тэтчэр у тры гады разам са сваёй старэйшай сястрой Мюрыэл. Фота: Getty Images

Менавіта ад бацькі, чалавека, які сам стварыў свой дабрабыт, яна засвоіла прынцып, які лёг у аснову яе будучай эканамічнай палітыкі: няма ніякіх «дзяржаўных грошай», не «дзяржава дае» — ёсць толькі грошы, заробленыя цяжкай працай канкрэтных людзей, яны самі павінны і вырашаць, на што іх траціць.

«Чалавек не мае большага абавязку, чым забяспечыць дах над галавой і ежу на стале сваёй сям'і», — казала яна, паўтараючы словы бацькі.

Цікава, што пра сваю маці яна мала згадвала. На яе найбольш паўплываў бацька, які натхніў яе старацца, паступіць у гімназію і, пазней, пайсці ў вялікую палітыку.

Былая бакалейная крама Альфрэда Робертса — бацькі Маргарэт. Здымак 1975 года. Фота: Daily Mirror / Mirrorpix / Mirrorpix via Getty Images

У школе Маргарэт вылучалася стараннасцю і амбіцыямі. Атрымаўшы стыпендыю на навучанне ў прэстыжнай мясцовай гімназіі, яна дэманстравала поспехі не толькі ў вучобе. Яе пазашкольныя заняткі ўключалі ігру на фартэпіяна, хакей на траве і плаванне. У апошні год вучобы яе абралі старастай школы.

Аднакласнікі лічылі яе «зоркай», хоць аднойчы яе памылковая парада па ачыстцы паркету ледзь не прывяла да атручвання хлорам. Менавіта ў школе праявілася знакамітая рыса Маргарэт: яна заўсёды ўедліва распытвала запрошаных лектараў, прымушаючы аднакласнікаў з ухмылкай пераглядацца між сабою.

Разам з аднакласніцамі ў 1941 годзе. Маргарэт стаіць у верхнім радзе першая злева. Фота: Manchester Daily Express / SSPL / Getty Images

Оксфард і першыя крокі ў палітыцы

Паступіўшы ў 1943 годзе ў Оксфардскі ўніверсітэт, Маргарэт сканцэнтравалася на вывучэнні хіміі. Яна была стараннай студэнткай і ў 1947 годзе атрымала дыплом бакалаўра з адзнакай другой ступені (second-class honours). Пазней яна, як кажуць, ганарылася тым, што стала першым прэм'ер-міністрам з вышэйшай навуковай адукацыяй — нават больш, чым тым, што яна была першай у гісторыі Вялікабрытаніі жанчынай-прэм'еркай. У цэлым, у Оксфардзе яе ведалі як сур'ёзную і нават крыху замкнёную дзяўчыну. Яе першы хлопец успамінаў, што яна была «вельмі ўдумлівай і з ёй было вельмі цікава размаўляць».

Але сапраўдным яе пакліканнем была палітыка. Яшчэ падчас вучобы яна актыўнічала ў гэтай сферы і ў 1946 годзе дасягнула першага поспеху, стаўшы прэзідэнткай Кансерватыўнай асацыяцыі Оксфардскага ўніверсітэта.

Менавіта ў той перыяд на яе светапогляд велізарны ўплыў зрабіла праца эканаміста Фрыдрыха Хаека «Дарога да прыгоннага права». Гэтая кніга, якая асуджала дзяржаўнае ўмяшанне ў эканоміку як першы крок да аўтарытарызму, заклала інтэлектуальны падмурак для яе будучай двайной бітвы: супраць таго, каб Брытанія заставалася «сацыяльнай дзяржавай» і супраць крайняй версіі дзяржаўнага кантролю за жыццём людзей — таталітарным Савецкім Саюзам.

Пасля ўніверсітэта Маргарэт працавала хімікам-даследчыкам, затым вывучала права, але яе мэта заставалася нязменнай — трапіць у парламент. 

Маргарэт Тэтчэр у 1950 годзе. Фота: Chris Ware / Keystone Features / Getty Images

Сваё палітычнае хрышчэнне Маргарэт, яшчэ пад дзявочым прозвішчам Робертс, прайшла ў 1950 годзе. Ёй было ўсяго 24 гады, калі яна стала самай маладой жанчынай-кандыдаткай на парламенцкіх выбарах. Яна смела пайшла ў дэпутаты па заведама пройгрышнай для кансерватараў акрузе. Гэтая безнадзейная, здавалася б, задума, як часта бывае з безнадзейнымі, але прынцыповымі справамі, прывяла яе да самай вялікай удачы, якая шчасліва вызначыць яе лёс. 

Менавіта падчас гэтай кампаніі яна пазнаёмілася з будучым мужам Дэнісам Тэтчэрам — паспяховым і заможным мясцовым бізнэсоўцам, які быў старэйшы за яе на 10 гадоў і разведзены. Пасля аднаго з партыйных мерапрыемстваў мужчына прапанаваў падвезці Маргарэт дадому. Гэтая сустрэча стала паваротным пунктам: у 1951 годзе яны пажаніліся, і менавіта падтрымка Дэніса дазволіла ёй працягнуць палітычную барацьбу.

Важна разумець, што Дэніс забяспечыў ёй не толькі маральную падтрымку, але і тое, што было крытычна неабходна для жанчыны ў палітыцы ў той час, — фінансавую свабоду. Ён быў заможным чалавекам, валодаў уласнай кампаніяй, якую пазней выгадна прадаў нафтавай карпарацыі. Грошай у сям'і не бракавала, і, як адзначалі сучаснікі, «усё, што было патрэбна Маргарэт для прасоўвання яе палітычнай кар'еры, яна атрымлівала». Гэта дазволіла ёй не думаць пра заробкі і цалкам аддацца таму, што яе вабіла.

Маці і палітык: «Я проста рабіла сваю справу»

У жніўні 1953 года яе жыццё змянілася з нараджэннем двайнят — Кэрал і Марка. На пытанні пра тое, як ёй удавалася спалучаць кар'еру і сям'ю, Тэтчэр адказвала ў сваім фірмовым стылі: «Я проста рабіла тое, што павінна была рабіць». Яна амаль здзіўлялася, чаму ёй увогуле задаюць такія пытанні. «Мноства жанчын спалучаюць, і я спалучала», — казала яна. Гэта была частка яе вобразу — непахіснай жанчыны, якая не скардзіцца і не шукае апраўданняў, а проста вырашае праблемы.

Яна ахвотна дзялілася дэталямі, якія малявалі яе як традыцыйную гаспадыню, нягледзячы на палітычную загружанасць. «У асноўным я займаюся гатаваннем, — тлумачыла яна. — Я люблю гатаваць, сама хаджу ў краму і на выхадных заўсёды нагатоўліваю з запасам».

Яна падкрэслівала, што яе графік дазваляе праводзіць час з дзецьмі: «Парламенцкія канікулы супадаюць са школьнымі, таму я магу шмат бачыць дзяцей, браць іх з сабой, а падчас сяродчвэрцевых канікул яны прыязджаюць у Палату грамад і абедаюць са мной».

Маргарэт Тэтчэр са сваімі дзецьмі, 1961 год. Фота: Getty Images

Як адзначалі біёграфы, нараджэнне двайнят, з аднаго боку, было вялікім выпрабаваннем, а з другога — дазволіла Тэтчэр «закрыць пытанне» нараджэння дваіх дзяцей за адзін раз. Яна прайшла праз этап цяжарнасці і догляду за немаўлятамі ў адзін канцэнтраваны перыяд, пасля чаго магла з новай сілай вярнуцца ў палітычную барацьбу, не адкладаючы кар'еру на доўгія гады з-за нараджэння наступных дзяцей.

Для публікі яна стварала карцінку ідэальнай сям'і. Але яна не хавала, што ёй удаецца так добра трымаць лад у доме дзякуючы хатняй гаспадыні і ўдаламу выбару месца пражывання: «Я б не змагла так рабіць, калі б жыла не за 35 хвілін ад Вестмінстэра. І ў мяне выдатная няня-эканомка, і гэта вельмі дапамагае». Гэта была шчырая, але рэдкая згадка пра тое, што яе поспех у сумяшчэнні роляў быў забяспечаны не толькі яе асабістымі якасцямі, але і фінансавымі магчымасцямі сям'і.

Больш за тое, Тэтчэр сутыкалася з дадатковым ціскам, невядомым яе калегам-мужчынам. Як адзначалі назіральнікі, жанчыне-палітыку значна цяжэй. Людзі заўсёды абмяркоўвалі яе абутак, прычоску, уборы. На тое, як яна выглядала, звярталі ўвагу не менш, чым на тое, што яна казала. Гэта была дадатковая праблема, якая патрабавала часу і высілкаў, якіх мужчынам-палітыкам прыкладаць не трэба. Таму яе знакамітая фраза «Я проста рабіла тое, што павінна была рабіць», была не адно дэманстрацыяй цвёрдасці, але і спосабам пазбегнуць дыскусіі пра тыя высілкі, якія ёй даводзілася прыкладаць на ўсіх франтах — ад выхавання дзяцей да выбару касцюма.

Маргарэт Тэтчэр разам з мужам Дэнісам і дзецьмі ў 1976 годзе. Фота: Central Press / Getty Images

Узыходжанне да ўлады

У 1959 годзе Тэтчэр нарэшце стала членам парламента. Яе талент быў заўважаны адразу: ужо праз два гады яна атрымала пасаду малодшага міністра. Яе першая прамова ў Палаце грамад была сустрэтая ўсеагульным ухваленнем, але на прапановы аб хуткім кар'ерным росце яна адказала стрымана: «Спачатку я паспрабую быць вельмі добрым шараговым дэпутатам. Прынамсі, пакуль гэтыя двое [дзеці] не падрастуць, я не змагу ўзяць на сябе больш палітычных абавязкаў».

Тым не менш, яе рост быў імклівым. Ужо за два гады, у 1961-м, яна атрымала сваю першую ўрадавую пасаду — малодшага міністра (афіцыйна — Парламенцкага сакратара) у Міністэрстве пенсій. Гэта была пачатковая, але важная прыступка ва ўрадавай іерархіі. Пасля таго як кансерватары перайшлі ў апазіцыю ў 1964 годзе, яна працягвала набіраць вопыт, працуючы на розных пасадах у «ценявым кабінеце».

Парламенцкі сакратар Міністэрства пенсій Маргарэт Тэтчэр. Фота: Evening Standard / Hulton Archive / Getty Images

Калі ж у 1970 годзе ўрад узначаліў Тэд Хіт, Тэтчэр атрымала сваю першую сапраўды высокую пасаду — міністра адукацыі і навукі. Менавіта на гэтай пасадзе яна праявіла сябе як «вельмі рашучы міністр» і ўпершыню сутыкнулася з масавай грамадскай крытыкай пасля рэалізацыі непапулярнага рашэння ўрада аб адмене бясплатнага малака для школьнікаў ва ўзросце ад сямі да адзінаццаці гадоў. Гэтая мера, накіраваная на скарачэнне бюджэтных выдаткаў, прынесла ёй з'едлівую мянушку Thatcher, the Milk Snatcher (Тэтчэр, выкрадальніца малака).

Міністр адукацыя Маргарэт Тэтчэр падчас наведвання школы, 1971 год. Фота: Evening Standard / Hulton Archive / Getty Images

Пазней апублікаваныя дакументы Кабінета міністраў паказалі дзіўную дэталь: насамрэч Тэтчэр была супраць гэтай палітыкі, але была вымушаная падпарадкавацца ціску з боку Міністэрства фінансаў. Гэты эпізод настолькі моцна яе ўразіў, што яна, па некаторых звестках, нават разглядала магчымасць сыходу з палітыкі.

У сваёй аўтабіяграфіі яна падсумавала гэты досвед так: «Я засвоіла каштоўны ўрок. Я атрымала максімум палітычнай нянавісці за мінімум палітычнай выгады». Гэты скандал не зламаў яе, а наадварот, загартаваў яе рашучасць.

Да 1973 года ўрад Тэда Хіта апынуўся ў эпіцэнтры ідэальнага шторму. З аднаго боку, арабскія краіны-экспарцёры нафты ўвялі нафтавае эмбарга, што прывяло да чатырохразовага росту сусветных цэн на паліва і выклікала ў Брытаніі шакуючую інфляцыю. З другога — магутныя прафсаюзы, імкнучыся кампенсаваць гэты рост цэн, патрабавалі рэзкага павышэння заробкаў. Урад апынуўся ў пастцы. Кульмінацыяй стала прайграная канфрантацыя з шахцёрамі, якая прывяла да ганебнага «трохдзённага працоўнага тыдня».

У выніку эканамічнага хаосу кансерватары прайгралі двое ўсеагульных выбараў у 1974 годзе, што паставіла крыж на кар'еры Хіта. І тады менавіта Тэтчэр стала галоўным кандыдатам у лідары сваёй палітычнай сілы і 11 лютага 1975 года афіцыйна зрабілася старшынёй Кансерватыўнай партыі і лідаркай апазіцыі.

Маргарэт Тэтчэр падчас кангрэсу Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі, 8 лютага 1975 года. Фота: Acache Philippe / Gamma-Rapho via Getty Images

Усведамляючы важнасць публічнага вобразу, Тэтчэр адразу пачала працаваць над сваім іміджам. Пасля таго як адзін з крытыкаў параўнаў яе голас са скрогатам каціных кіпцюроў па школьнай дошцы, яна пачала браць урокі ў выкладчыка сцэнічнага маўлення з Нацыянальнага тэатра.

Менавіта ў гэты перыяд апазіцыйнай барацьбы нарадзілася яе самая знакамітая мянушка. У пачатку 1976 года Тэтчэр выступіла на адным з партыйных мерапрыемстваў з прамовай па замежнай палітыцы Britain Awake, у якой раскрытыкавала Савецкі Саюз, заявіўшы, што ён «імкнецца да сусветнага панавання». Газета Савецкай арміі «Красная звезда» у адказ апублікавала артыкул, у якім назвала яе «Жалезнай лэдзі».

Тэтчэр з гумарам прыняла гэты вобраз. «Я стаю перад вамі сёння ў маёй вячэрняй шыфонавай сукенцы колеру чырвонай зоркі… Жалезная лэдзі Заходняга свету», — заявіла яна. Гэты ярлык стаў сімвалам яе цвёрдасці.

Шлях да прэм'ерства і адносіны з каралевай

Стаўшы лідарам Кансерватыўнай партыі, Маргарэт Тэтчэр чакала свайго шанцу на працягу чатырох гадоў, узначальваючы апазіцыю. Гэты шанец ёй даў адзін з самых змрочных перыядаў у пасляваеннай гісторыі Брытаніі — так званая «Зіма незадаволенасці» (Winter of Discontent) 1978—1979 гадоў.

У спробе стрымаць інфляцыю лейбарысцкі ўрад Джэймса Калагана паспрабаваў абмежаваць рост заробкаў, што выклікала гнеў магутных прафсаюзаў. Краіна была паралізаваная масавымі забастоўкамі работнікаў дзяржаўнага сектара. Горы непрыбранага смецця на вуліцах, перабоі ў працы бальніц і нават спыненне працы далакопаў у некаторых рэгіёнах ператварылі сімпатыю да працоўнага руху ў раздражненне і страх. Гэты хаос пахіснуў веру многіх людзей у тое, што лейбарысцкі ўрад увогуле здольныя кіраваць краінай.

На гэтым фоне Кансерватыўная партыя на чале з Тэтчэр атрымала пераканаўчую перамогу на ўсеагульных парламенцкіх выбарах 1979 года, што зрабіла яе першай жанчынай — прэм'ер-міністаркай у гісторыі краіны. Тэтчэр пачала змаганне з уплывам прафсаюзаў, якія, на яе думку, падрывалі эканоміку. У адказ на крытыку і заклікі змяніць курс яна прамовіла сваю знакамітую фразу: «Можаце разварочвацца, калі хочаце. Лэдзі не зварочвае». Гэтая непахіснасць стала сутнасцю «тэтчэрызму».

Прэм'ер-міністарка Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр і каралева Вялікабрытаніі Лізавета ІІ. 1979 год. Фота: Getty Images

Будучы прэм'ер-міністаркай, Тэтчэр штотыдзень сустракалася з каралевай Лізаветай II, каб інфармаваць яе пра ўрадавыя справы, і іх адносіны сталі прадметам пільнай увагі. Паводле сведчанняў, Маргарэт Тэтчэр ставілася да каралевы з велізарнай пашанай, можна сказаць, з піетэтам. Яе асабісты шафёр расказваў, што кожны раз, калі яны ехалі на аўдыенцыю да каралевы, выязджалі з Даўнінг-стрыт настолькі рана, настолькі з запасам, што потым былі вымушаныя гадзіну чакаць на стаянцы на ўзбочыне, каб прыбыць дакладна ў прызначаны час, не раней і не пазней.

Казалі, што падчас сустрэч Тэтчэр гаварыла значна больш, чым любы іншы прэм'ер, прымушаючы каралеву ў асноўным слухаць. Існуе нават гісторыя, што яна рабіла рэверанс ніжэй, чым хто-небудзь іншы, што, як мяркуюць некаторыя, сама каралева, якая мела рэпутацыю чалавека даволі прамалінейнага, магла лічыць і залішнім. З-за рознасці характараў і стыляў яны, хутчэй за ўсё, так і не сталі блізкімі.

«Шокавая тэрапія»

Але сутнасць яе прэм'ерства была не ў стылі, а ў радыкальным змесце яе палітыкі. Каб зразумець маштаб яе рэвалюцыі, трэба вярнуцца ў 1945 год, калі пасля вайны лейбарысты пачалі будаваць у Брытаніі «дзяржаву ўсеагульнага дабрабыту», «сацыяльную дзяржаву». Лейбарысты нацыяналізавалі ключавыя галіны эканомікі: Банк Англіі, вугальную прамысловасць — на тыя часы галоўную крыніцу энерганосьбітаў, чыгунку, электрастанцыі. У выніку дзяржаўны сектар склаў амаль траціну ўсёй эканомікі краіны. Спачатку гэтая мадэль дазваляла аднаўляць краіну, але ў 1970‑я гады яна прывяла да стагнацыі.

Маргарэт Тэтчэр ў 1981 годзе, фота: Geoff Bruce / Central Press / Hulton Archive / Getty Images

Тэтчэр прапанавала новую антыкрызісную палітыку, якая атрымала назву «неакансерватызм». Яе сутнасць заключалася ў адмове ад прамога дзяржаўнага рэгулявання і вяртанні да свабоднага рынку. Урад спыніў друкаваць грошы на неэфектыўныя сацыяльныя праграмы, узяўшы інфляцыю пад жорсткі кантроль. Для скарачэння бюджэту былі прынятыя вельмі непапулярныя меры: зрэзаныя датацыі дзяржпрадпрыемствам, скарочаная дапамога дэпрэсіўным рэгіёнам, зніжаныя выдаткі на адукацыю і сацыяльную сферу. Адначасова былі зніжаныя прамыя падаткі на даходы, але павышаныя ўскосныя, што стымулявала прадпрымальніцтва. Дзяржава адмовілася ад кантролю цэн.

Наступствы гэтай «шокавай тэрапіі» былі балючымі. За першыя два з паловай гады тысячы фермаў збанкрутавалі, прамысловая вытворчасць упала, а колькасць беспрацоўных вырасла на 1,5 мільёна чалавек, дасягнуўшы найвышэйшага з часоў Вялікай дэпрэсіі 1929‑-1933 гадоў узроўню. Крытыкі казалі, што Тэтчэр нанесла больш эканамічнай шкоды краіне, чым гітлераўскія бомбы. На яе аказваўся каласальны ціск з патрабаваннем «развярнуцца на 180 градусаў» і вярнуцца да дзяржаўных выдаткаў, але яна выстаяла. Яе знакамітая фраза «Лэдзі не зварочвае» стала неафіцыйным дэвізам урада.

Паралельна Тэтчэр разгарнула маштабную прыватызацыю, імкнучыся стварыць «народны капіталізм», дзе кожны мог стаць акцыянерам. З малатка пайшлі такія гіганты, як British Telecom, British Airways, British Gas і нафтавы гігант British Petroleum. Таксама ўрад пачаў масавы продаж сацыяльнага жылля яго жыхарам, што дало магчымасць мільёнам брытанцаў стаць уласнікамі.

Асабліва жорсткай была яе барацьба з прафсаюзамі, у якіх яна бачыла галоўную перашкоду для мадэрнізацыі. Яе ўрад прыняў шэраг законаў, якія істотна абмежавалі паўнамоцтвы прафсаюзаў. А кульмінацыяй стала забастоўка шахцёраў 1984—1985 гадоў — найбуйнейшы сацыяльны канфлікт у пасляваеннай гісторыі Брытаніі. Пасля года супрацьстаяння прафсаюз пацярпеў паразу: шматлікія нерэнтабельныя шахты былі зачыненыя, а ўплыў трэд-юніёнаў назаўсёды аслаб.

Сутыкненні з паліцыяй каля штаб-кватэры Нацыянальнага саюза шахцёраў у Шэфілдзе. 13 красавіка 1984 года. Фота: John Rogers / Daily Express / Hulton Archive / Getty Images

І гэтыя жорсткія, непапулярныя меры пачалі даваць вынік. Дзяржаўны сектар, які ў Беларусі лічыцца апорай «стабільнасці», у Брытаніі ўпершыню ў гісторыі стаў рэнтабельным. Інфляцыя была пераможаная, а дэфіцыт бюджэту — ліквідаваны, прычым без знешніх крэдытаў на «падтрыманне штаноў». Да 1985 года брытанская эканоміка пачала расці тэмпамі, якія апярэджвалі тэмпы іншых краін Захаду. Рост вытворчасці і колькасці працоўных месцаў у новым, прыватным сектары прывёў да павышэння ўзроўню жыцця.

Тэтчэр даказала на практыцы, што адмова ад датацый для стратных прадпрыемстваў і балючае, але неабходнае скарачэнне сацыяльных праграм — гэта не разбурэнне эканомікі, а шлях да яе аздараўлення. Яна змяніла Брытанію, ператварыўшы яе з «хворага чалавека Еўропы» ў дынамічную рынкавую эканоміку.

Замежная палітыка: змаганне з «імперыяй зла»

Маргарэт Тэтчэр імкнулася адрадзіць статус Вялікабрытаніі як вялікай дзяржавы, і яе фірмовыя жорсткасць і рашучасць сталі характэрнымі рысамі брытанскай дыпламатыі.

Калі Рональд Рэйган назваў СССР «імперыяй зла», многія еўрапейскія лідары палічылі гэта занадта радыкальнай ацэнкай. Але не Тэтчэр. Яна стала яго галоўным і самым надзейным саюзнікам у Еўропе. Іх саюз быў не проста палітычным, а глыбока ідэалагічным. Яна стала адной з самых верных еўрапейскіх прыхільніц амерыканскай праграмы Стратэгічнай абароннай ініцыятывы («Зорныя войны»).

Прэм'ер-міністарка Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр і прэзідэнт ЗША Рональд Рэйган, 1981 год. Фота: Getty Images 

У той час як у многіх еўрапейскіх краінах ішлі масавыя пратэсты супраць размяшчэння амерыканскіх ядзерных ракет, Тэтчэр без ваганняў дазволіла размясціць больш за 160 крылатых ракет у Вялікабрытаніі, лічачы ядзерны парытэт адзіным эфектыўным сродкам стрымлівання.

«Ядзерная зброя — гэта самае паспяховае стрымліванне, якое мы ведаем», — заяўляла яна.

Гатоўнасць адстойваць інтарэсы краіны любымі сродкамі яе ўрад прадэманстраваў у 1982 годзе, калі дыктатарская Аргенціна захапіла Фалклендскія (Мальвінскія) астравы — брытанскую заморскую тэрыторыю, якая была прадметам спрэчак на працягу паўтара стагоддзя.

2 красавіка аргенцінскія войскі высадзіліся на астравах. У адказ Тэтчэр без ваганняў адправіла да берагоў Аргенціны вайсковую эскадру. Пасля жорсткіх баёў, у якіх і Брытанія страціла некалькі караблёў, 15 чэрвеня аргенцінскі гарнізон капітуляваў. Эфект быў ашаламляльным: рэйтынг Тэтчэр, які перад тым на фоне эканамічных цяжкасцяў упаў да рэкордна нізкіх 23%, рэзка ўзляцеў, забяспечыўшы ёй упэўненую перамогу на выбарах 1983 года.

Партрэт Маргарэт Тэтчэр на вокладцы аргенцінскага часопіса. Яе называюць «піраткай, ведзьмай і забойцай». Вялікі надпіс абвяшчае: «Вінаватая». Фота: SSPL / Getty Images

Не меншую цвёрдасць Тэтчэр праявіла і ў пытанні Паўночнай Ірландыі. Яна жорстка адказвала на тэрор Ірландскай рэспубліканскай арміі (ІРА), якая імкнулася да аб'яднання Ірландыі. У 1981 годзе яна не пайшла на саступкі арыштаваным баевікам, якія абвясцілі галадоўку з патрабаваннем прызнаць іх палітычнымі зняволенымі; усе дзесяць удзельнікаў галадоўкі загінулі. Гэты бескампрамісны крок ператварыў яе ў галоўную мішэнь для ІРА.

Помста не прымусіла сябе чакаць. 12 кастрычніка 1984 года, падчас з'езда Кансерватыўнай партыі ў Брайтане ІРА здзейсніла адзін з самых дзёрзкіх тэрактаў у гісторыі краіны. Магутная бомба, закладзеная ў «Гранд-гатэлі», выбухнула ноччу.

Маргарэт Тэтчэр разам з мужам Дэнісам пакідаюць «Гранд-гатэль» пасля тэракта. Фота: John Downing / Getty Images

Тэтчэр цудам выжыла. У момант выбуху яна не спала, а працавала ў гасцёўні свайго нумара над прамовай, з якой павінна была выступіць на канферэнцыі на наступны дзень. Выбуховая хваля знішчыла яе ванны пакой, але гасцёўня і спальня засталіся некранутыя. Яна і яе муж Дэніс не атрымалі ніводнай драпіны. Захаваўшы неймавернае самавалоданне, яна пераапранулася і разам з мужам і памочніцай прабралася праз руіны. Пасля гэтага іх даставілі ў паліцэйскі ўчастак Брайтана.

Ужо а 4‑й гадзіне раніцы, пакідаючы паліцэйскі ўчастак, яна дала экспромтам інтэрв'ю карэспандэнту BBC, у якім спакойна і цвёрда заявіла: «Канферэнцыя працягнецца, як звычайна».

Тым не менш, менавіта пры ёй быў дасягнуты прарыў: у 1985 годзе было падпісана англа-ірландскае пагадненне, якое пацвярджала, што Паўночная Ірландыя застанецца часткай Вялікабрытаніі, пакуль гэтага жадае большасць яе жыхароў. Гэта значна знізіла напружанасць у рэгіёне.

Аднак яе замежная палітыка не была і дагматычнай. Тэтчэр адной з першых заходніх лідараў разгледзела ў Міхаіле Гарбачове рэфарматара. Пасля іх першай сустрэчы ў Лондане ў снежні 1984 года яна вымавіла сваю знакамітую фразу: «З гэтым чалавекам можна мець справу». Яна фактычна «пазнаёміла» яго з Захадам і пераканала скептычна настроенага Рэйгана, што з Гарбачовым можна весці дыялог. Яна стала своеасаблівым мостам паміж Масквой і Вашынгтонам.

Міхаіл Гарбачоў разам з жонкай Раісай і Маргарэт Тэтчэр разам з мужам Дэнісам, 17 снежня 1984 года. Гарбачоў тады яшчэ не быў кіраўніком СССР. Фота: Terry Disney / Express / Getty Images

Тэтчэр усяляк падтрымлівала «перабудову», але не з сімпатыі да камунізму, а таму што бачыла ў ёй інструмент мірнага і кантраляванага дэмантажу савецкай сістэмы. Яе стратэгія заключалася ў тым, каб дапамагчы Гарбачову рэфармаваць СССР да такой ступені, каб ён перастаў існаваць як таталітарная імперыя. Тэтчэр ужо ў 1988 годзе, за год да падзення Берлінскай сцяны, першай адкрыта заявіла аб заканчэнні «Халоднай вайны».

Цікава, што калі СССР пачаў развальвацца, яна выступала за захаванне абноўленага Саюза і нават заклікала прэзідэнта ЗША Джорджа Буша-старэйшага аказаць Савецкаму Саюзу фінансавую дапамогу.

Гэтая ж логіка — страх перад некантраляванымі пераменамі і парушэннем балансу сіл — вызначыла яе катэгарычна негатыўную пазіцыю ў дачыненні да аб'яднання Германіі. Яе светапогляд быў глыбока сфармаваны досведам Другой сусветнай вайны, і яна панічна баялася адраджэння магутнай, дамінуючай Германіі ў цэнтры Еўропы. Яна лічыла, што гэта непазбежна парушыць пасляваенны парадак і паставіць пад пагрозу бяспеку Вялікабрытаніі.

Тэтчэр спрабавала пераканаць прэзідэнтаў ЗША і Францыі заблакаваць гэты працэс і нават адкрыта казала Гарбачову: «Мы не хочам аб'яднанай Германіі». Яе недавер быў настолькі глыбокім, што яна арганізавала ў сваёй рэзідэнцыі семінар з гісторыкамі. Падчас дыскусіі Тэтчэр апісала «нямецкі нацыянальны характар», выкарыстоўваючы, па словах аднаго з удзельнікаў, «гапарскія» стэрэатыпы. Яна казала, што немцам уласцівыя адначасова «агрэсіўнасць, імкненне ўмешвацца, дамінаваць, эгаізм, комплексы непаўнавартасці і сентыментальнасць».

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр і канцлер ФРГ Гельмут Коль. Фота: Régis BOSSU / Sygma via Getty Images

Калі запісы гэтай размовы зліў у прэсу яе дарадца, гэта выклікала вялікі шум. Нямецкі канцлер Гельмут Коль асабіста запэўніваў Тэтчэр, што будзе інфармаваць яе пра ўсе свае намеры, нават пра тыя, «якіх не будзе ведаць яго ўласны кабінет». Так ён спрабаваў сфарміраваць у ёй давер да Германіі.

Адстаўка Маргарэт Тэтчэр

За гады кіравання Маргарэт Тэтчэр на чале Кансерватыўнай партыі выйгравала парламенцкія выбары тройчы. Пазіцыі яе пахіснуліся толькі ў 1990 годзе.

Пасля 11 гадоў ва ўладзе стыль кіравання Тэтчэр станавіўся ўсё больш аўтарытарны, яна ўсё менш прыслухоўвалася да парадаў калег. Апафеозам гэтай упартасці стала ўвядзенне супольнага збору (Community Charge), які імгненна атрымаў у народзе з'едлівую назву «падушны падатак» (poll tax). Гэта было не проста павелічэнне падаткаў, а поўная замена наяўнай сістэмы. Замест старога падатку на нерухомасць, памер якога залежаў ад кошту жылля, уводзіўся адзіны фіксаваны збор з кожнага дарослага чалавека. Тэарэтычна гэта павінна было зрабіць мясцовыя ўлады больш падсправаздачнымі, але на практыцы гэта азначала, што герцаг у замку цяпер павінен быў плаціць столькі ж, колькі прыбіральшчыца ў маленькай кватэры.

У Лондане падчас пратэстаў супраць увядзення новага падатку, 31 сакавіка 1990 года. Фота: Richard Baker / In Pictures via Getty Images Images

Гэтая відавочная несправядлівасць выклікала сацыяльны выбух. Па ўсёй краіне пачаліся масавыя пратэсты, якія перараслі ў вялікія беспарадкі, а мільёны людзей проста адмаўляліся плаціць. Для многіх калег па партыі непахісная адмова Тэтчэр адмяніць гэты катастрафічны закон стала апошняй кропляй. Яна ператварылася з гаранта перамогі ў галоўную электаральную перашкоду, і менавіта гэта прывяло да бунту ўнутры партыі і яе непазбежнага падзення.

Раскол у партыі паглыбляўся і з-за пытанняў еўрапейскай інтэграцыі. Праеўрапейскае крыло партыі на чале з такімі ўплывовымі фігурамі, як намеснік прэм’ер-міністра Джэфры Хау, лічыла, што Вялікабрытанія павінна актыўна ўдзельнічаць у стварэнні эканамічнага і валютнага саюза. Тэтчэр, наадварот, была зацятым еўраскептыкам і бачыла ў еўраінтэграцыі прамую пагрозу брытанскаму суверэнітэту. Апошняй кропляй стала яе знакамітая прамова ў парламенце, дзе яна адказала на прапановы аб далейшай інтэграцыі катэгарычным «Не, не, не!».

Для Джэфры Хау гэта стала апошняй кропляй. У лістападзе 1990 года ён падаў у адстаўку і выступіў у парламенце са знішчальнай прамовай, абвінаваціўшы прэм'ер-міністра ў тым, што яна падрывае пазіцыі Вялікабрытаніі ў Еўропе. Выступ гэтага звычайна спакойнага і лаяльнага паплечніка стаў сігналам да дзеяння для яе апанентаў унутры партыі.

Падчас галасавання за пасаду лідара партыі Тэтчэр не набрала дастатковай большасці для перамогі ў першым туры. Адчуўшы, што страціла падтрымку кабінета, яна прыняла балючае рашэнне пайсці ў адстаўку.

Прэм’ер-міністарка Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр выходзіць з сваёй рзідэнцыі на Даўнінг-стрыт, 10, каб падаць каралеве сваю заяву аб адстаўцы. 22 лістапада 1990 года. Фота: Tom Stoddart Archive / Getty Images

Апошнія гады і спадчына

Пасля сыходу з пасады прэм'ер-міністра Маргарэт Тэтчэр не пакінула палітычнага жыцця адразу. Яна яшчэ два гады заставалася членам Палаты грамад, а ў 1992 годзе ў 66 гадоў прыняла рашэнне перайсці ў верхнюю палату брытанскага парламента — Палату лордаў. Тады ж яна атрымала пажыццёвы тытул баранэсы, а ў 1995 годзе каралева Лізавета II узнагародзіла яе найвышэйшым рыцарскім ордэнам Вялікабрытаніі — Ордэнам Падвязкі. У наступныя гады Тэтчэр займалася дабрачыннасцю, пісала кнігі і час ад часу выступала з ацэнкай падзей у свеце і ў сваёй краіне.

Баранэса Маргарэт Тэтчэр і сэр Джон Мэйджар (прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі ў 1990‑1997 гадах). Фота: Indigo / Getty Images

Маргарэт Тэтчэр памерла 8 красавіка 2013 года ў 87 гадоў. Рэакцыя брытанскага грамадства на гэтую навіну стала самым яскравым сведчаннем таго, наколькі глыбокі след яна пакінула. На вуліцы выйшлі не толькі яе прыхільнікі, каб ушанаваць памяць, але і яе праціўнікі, якія адкрыта святкавалі яе смерць на імправізаваных вечарынах. Гэты глыбокі раскол прадэманстраваў, што нават праз дзесяцігоддзі яе спадчына заставалася не проста гісторыяй, а жывой і балючай рэальнасцю. Тым не менш, большая частка краіны з пашанай правяла сваю былую прэм'ер-міністарку ў апошні шлях.

За час свайго кіравання Тэтчэр змяніла амаль усе аспекты брытанскага жыцця. Яна кінула выклік уласнай краіне і зрабіла ўсё, каб зламаць псіхалогію заняпаду, якая ўкаранілася ў Брытаніі з часоў Другой сусветнай вайны і распаду каланіяльнай імперыі. Яе эканамічныя рэформы з'яўляюцца класічным і найбольш удалым прыкладам рэалізацыі неакансерватыўнай дактрыны. Разам з прэзідэнтам ЗША Рональдам Рэйганам яна стала адной з заснавальніц ідэалогіі, якая аказала магутны і ўстойлівы ўплыў на палітыку краін Захаду.

Яе замежная палітыка прынесла Вялікабрытаніі высокі міжнародны аўтарытэт, якога, як лічаць многія, не меў ніводзін брытанскі палітык з часоў Уінстана Чэрчыля. Яе палітычнае крэда можна выказаць адной простай, але рэвалюцыйнай фразай, якую яна часта паўтарала: «Няма ніякіх дзяржаўных грошай, ёсць толькі грошы падаткаплатнікаў». У гэтых словах — уся сутнасць яе рэвалюцыі, якая змяніла Брытанію і брытанцаў.

Каментары17

  • Якія падаткі , выбары на маскоўскай мове ?
    18.10.2025
    "«Няма ніякіх дзяржаўных грошай, ёсць толькі грошы падаткаплатнікаў». Чым Тэтчэр адрозніваецца ад Наталлі Качанавай" . Якія падаткі , выбары на афра- азіцкай маскоўскай мове ? якія падаткі , выбары ў Туркменістане , Егіпце, Маскоўскай імперыі ? Жадаеце выбараў ? пачынай ў хаце на тытульнай мове размаўляць , імёны Беларускія, Ўніяцтва і г.д. Праз эвалюцыю будуць выбары
  • мясцовы2
    18.10.2025
    На яе кейсе не тое што беларускія палітыкі могуць ды й мусяць вучыцца, але і ўсе астатнія еўрапейскія, і можа нават некаторыя амерыканскія палітыкі мусяць вучыцца, і раўняцца на яе.
  • Андрэй
    18.10.2025
    Тэтчэр сёння лічылася бы "ультра правай".
    Потым настала эра сацыялістаў і яны пачалі расказваць пра тое што дзяржава ўсім усё абавязана. Ну і пра гендэрную роўнасць.
    Тэтчэр ды Года Мэер бы гэтых гендэрна роўных засмяялі.
    Пры іх у Пуціна не было бы шанцаў.

Цяпер чытаюць

У Пецярбургу затрымалі коміка з Пінска. Ён тры гады хаваўся пасля прысуду за жарт пра міліцыянтку3

У Пецярбургу затрымалі коміка з Пінска. Ён тры гады хаваўся пасля прысуду за жарт пра міліцыянтку

Усе навіны →
Усе навіны

У Турцыі забіты ўладальнік тэлеграм-канала «Утро Дагестан»2

Зяленскі: Пуцін мяне ненавідзіць. У мяне аналагічнае стаўленне да яго3

Экскурсавода з Ружанскага замка адправілі за краты — падобна, за Гаюн4

Паказаны імаверны шлях Пуціна да Будапешта18

Блогерка правярае чысціню і якасць прадуктаў у мінскіх крамах. Падабаецца гэта не ўсім13

«Цэны як у сталовай». Мінчанка паабедала ў рэстаране пяцізоркавага гатэля ў цэнтры сталіцы і была шакаваная5

Француза асудзілі да 30 гадоў за забойства жонкі. Ні цела не знайшлі, не было сведак, як і не было прамых доказаў4

Трамп прапанаваў і Расіі, і Украіне абвясціць сябе пераможцамі8

Якая адна рыса робіць менеджара выдатным? Адказ вас здзівіць6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Пецярбургу затрымалі коміка з Пінска. Ён тры гады хаваўся пасля прысуду за жарт пра міліцыянтку3

У Пецярбургу затрымалі коміка з Пінска. Ён тры гады хаваўся пасля прысуду за жарт пра міліцыянтку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць