Грамадства44

«Самага прывабнага саджаеш наперад, і ўсё без палева». Як і за колькі перавозяць у Еўропу нелегальных мігрантаў з беларускай мяжы

«Можна нават у багажніку, яны не супраць», — інструктаваў нас Мурад.

Мігранты ў мінскім аэрапорце. Ілюстрацыйнае фота: AP Photo Hussein Ibrahim

Мігранты штодня штурмуюць мяжу

Дакладная колькасць людзей, якія нелегальна перасякаюць мяжу Беларусі і Еўрасаюза, невядомая. Пагранічныя службы суседніх краін фіксуюць толькі колькасць выпадкаў адмовы ва ўездзе ў ЕС. Гэта значыць, што ў статыстыку трапляюць тыя, хто не здолеў перасекчы мяжу незаўважна.

І такіх выпадкаў цяпер за суткі Польшча, Літва і Латвія, разам узятыя, фіксуюць ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх соцень. Вось статыстыка адвольнага дня — 14 кастрычніка. Латвійскія службы зафіксавалі 77 выпадкаў спроб нелегальнага перасячэння мяжы, польскія — 40 (днём раней —35), а літоўскія — 0.

Колькасць нелегальных мігрантаў у суткі, якіх не пускаюць з Беларусі. Скрыншот: Служба аховы дзяржаўнай граніцы пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літвы

Найбольш спакойнай сітуацыя з мігрантамі выглядае на беларуска-літоўскай мяжы. У некаторыя дні літоўскія пагранічнікі не фіксуюць ніводнай спробы нелегальна перасекчы мяжу.

На мяжы з Польшчай сітуацыя звычайна даволі напружаная. Так, напрыклад, з 3 па 5 кастрычніка на польска-беларускай мяжы зафіксавана 300 спроб нелегальнага перасячэння.

Аднак для мігрантаў трапіць з Беларусі ў Польшчу, Латвію або Літву — гэта не канчатковая мэта, паколькі іх цікавяць не гэтыя краіны Еўрасаюза, а Германія.

Сесці ў аўтобус або на цягнік яны не могуць, паколькі трапілі ў ЕС нелегальна. Для перавозкі такіх пасажыраў арганізатары шукаюць кіроўцаў катэгорыі В на ўласных або арэндных аўто.

Аб'явы размяшчаюць у чатах і на сайтах па пошуку працы. Працадаўцы абяцаюць кіроўцам ад 1500 даляраў за рэйс.

Скрыншот: layboard.com

Шырокая геаграфія

Профіль аднаго з такіх заказчыкаў зарэгістраваны на сайце 5 кастрычніка 2024 года, цяпер з яго размешчана аж 50 вакансій. Краіна знаходжання «працадаўцы» — Харватыя, а нумар тэлефона — турэцкі. Сувязь ідзе праз WhatsApp або Telegram.

Геаграфія краін, дзе патрэбныя перавозчыкі, даволі шырокая. Апроч Польшчы, Літвы, Латвіі, у аб'явах ёсць Эстонія, таксама Харватыя, Сербія і нават Беларусь.

«Наша Ніва» адгукнулася на прапанову пад выглядам чалавека, зацікаўленага ў такой працы.

Першае, што ўдакладняюць, — гэта месцазнаходжанне патэнцыйнага кіроўцы і на якіх нумарах аўто.

Па легендзе кіроўца знаходзіцца ў Літве і мае машыну на літоўскай рэгістрацыі, але пры гэтым часта бывае ў Польшчы.

«Мы перавозім пасажыраў у Латвіі, Літве і Польшчы. Аплата за кожнага пасажыра 200—700 даляраў у залежнасці ад адлегласці», — адказаў нам у тэлеграме чалавек, падпісаны як Мурат.

Як высветлілася, на выбар існуе адразу некалькі маршрутаў. Самы кароткі пралягае па тэрыторыі Латвіі з прыгранічнага гарадка Дагда, ад якога каля 20 км да Беларусі, да Рыгі.

За гэты кароткі маршрут, які не прадугледжвае перасячэнняў мяжы, за чалавека плацяць па 200 даляраў.

Самы высокі тарыф — за перавозку з Рыгі да польскага горада Губін, што на самай мяжы з Германіяй. Працягласць маршруту — каля 1150 км. За дастаўку аднаго пасажыра абяцаюць 650—700 даляраў.

Адметна, што пункты адбору ў Літве не прапаноўваліся. Магчыма, гэта звязана з тым, што асноўны паток мігрантаў цяпер ідзе праз беларуска-латвійскую і беларуска-польскую мяжу.

Ехаць — строга па абазначаных кропках

Іншы варыянт маршруту — Сувалкі-Губін. Гэта значыць, што яшчэ адзін хаб з нелегальнымі мігрантамі знаходзіцца недзе ў Сувалках. Стаўка — 350—400 даляраў за чалавека. Мігрантаў трэба забраць у Польшчы і даставіць іх да мяжы з Германіяй.

Менавіта польскі горад Губін і з'яўляецца канчатковай кропкай, куды трэба дастаўляць мігрантаў, якія нелегальна трапляюць з Беларусі ў ЕС.

Злева нямецкі горад Guben, а справа праз раку — польскі Gubin. Скрыншот: Google street view

Горад, як відаць на фота, падзелены ракой, па якой і праходзіць мяжа паміж Польшчай і Германіяй. Для мігрантаў, як патлумачыў Мурат, галоўнае — апынуцца на тэрыторыі Германіі. Але праз мост з польскага Губіна ў нямецкі Губен яны нібыта дабіраюцца ўжо асобна.

«Працадаўца» папярэджвае, што ехаць з мігрантамі трэба будзе строга па абазначаных кропках. Наперадзе нібыта будзе ехаць машына суправаджэння, якая сочыць за сітуацыяй на дарозе. Мурад у сваю чаргу абяцае быць на сувязі з суправаджальнікам, таму калі што, адразу скажа «Стоп», калі трэба будзе спыніцца.

Суразмоўца запэўнівае, што калі ехаць строга па кропках, якія ён будзе дасылаць, то паездка з верагоднасцю 99% скончыцца поспехам.

«Трапляюцца ў асноўным самыя «разумныя», якія самі ўсё ведаюць, і аматары папіць кавы на запраўках», — запэўнівае ён.

Інструктаж з доляй падману

Але на ўсякі выпадак інструктуе, як сабе паводзіць, калі спыняць пагранічнікі або паліцыя.

Галоўнае, як кажа Мурад, — не казаць, што атрымліваеш за гэта грошы, бо ў такім выпадку могуць прыцягнуць да адказнасці, паколькі не плаціш падаткі, а значыць, незаконна ўзбагачаешся.

Маўляў, проста кажы, што машына мая, каго хачу, таго і вязу, а дакументы ў пасажыраў не правяраеш, бо ты ж не паліцэйскі. Самі мігранты нібыта таксама праінструктаваныя, як сябе паводзіць і што казаць.

«Клапатлівы» працадаўца, канечне, трошкі не дагаворвае, бо незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць — гэта не той выпадак. Падобныя паездкі падпадаюць ужо пад крымінальную адказнасць за садзейнічанне ў арганізацыі незаконнага перасячэння мяжы, за што пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Мігранты згодныя ехаць у багажніку

Максімальны заробак з рэйса можа быць калі 3000 даляраў, калі, напрыклад, везці адразу пяць чалавек з Рыгі да мяжы з Германіяй. Або каля 1500-2000, калі везці з Сувалак да Губіна.

Мурат кажа, што мігранты звычайна невысокага росту, без рэчаў і без праблем гатовыя ехаць у багажніку, калі гэта не седан або купэ.

«Калі багажнік у салоне, яны па два чалавекі сядаюць. Ім абы дабрацца да Германіі. У машыне таксама ўсе прыгінаюцца, іх бачна не будзе. Самага прывабнага саджаеш наперад, і ўсё без палева», — запэўнівае Мурат. 

Скрыншот перапіскі

Інфармацыя пра перавозку нелегалаў у багажніку выглядае абсалютна праўдзівай. Пра такія выпадкі неаднаразова паведамлялі польскія службы. 

Адметна, што часта перавозчыкамі мігрантаў з'яўляюцца грамадзяне Беларусі і Украіны, часам яны дзейнічаюць разам.

Як ідзе разлік?

Па словах Мурата, разлік за дастаўку мігрантаў адбываецца ў крыптавалюце адразу пасля завяршэння рэйса.

«Скідваеце відэа, што яны на канчатковай кропцы, офіс грошы разблакуе, і я зраблю перавод. Займае гэта ад 30 хвілін да гадзіны».

Па словах Мурата, па завяршэнні рэйса можна адразу накіроўвацца ў наступны, паколькі, пакуль няма снегу, людзей так шмат, што можна ездзіць хоць кожны дзень. Пазней, маўляў, таксама будуць пасажыры, але менш.

Як часта ловяць перавозчыкаў?

Навіны пра затрыманні перавозчыкаў нелегальных мігрантаў, дзе фігуруюць грамадзяне Беларусі, з'яўлюцца рэгулярна. Так, у кастрычніку 2024 года стала вядома пра затрыманне групы з 11 чалавек, якія арганізоўвалі дастаўку мігрантаў. Злачынная сетка складалася з грамадзян Польшчы, а таксама грамадзян Украіны, Беларусі, Расіі і Грузіі, якія пражываюць у Польшчы і іншых еўрапейскіх краінах. Апошнія часта выступалі ў ролі кіроўцаў, паколькі за свае паслугі яны звычайна бяруць менш, чым грамадзяне ЕС.

Прычым заўважаны беларусы ў перавозцы мігрантаў не толькі ў блізкіх да нас краінах. Так, у пачатку года стала вядома пра суд над трыма беларусамі ў Харватыі. Паводле матэрыялаў справы, нелегальных мігрантаў абвінавачаныя дастаўлялі з Харватыі да мяжы са Славеніяй і Італіяй.

Усяго з пачатку міграцыйнага крызісу, арганізаванага рэжымам Лукашэнкі з лета 2021 года, у Літву, Польшчу і Латвію не пусцілі больш за 198 тысяч нелегальных мігрантаў. Большасць з іх спрабавалі трапіць у Еўрасаюз пра Польшчу — амаль 135 тысяч чалавек.

Каментары4

  • Гумманісты
    19.10.2025
    Шызоідны нямецкі гуманізм - прычына нелегальнай іміграцыі.
  • Jacek
    19.10.2025
    Меня одного настораживает, что из прочитанного выходит, что на литву поток спецом перекрыли, хотя там граница довольно протяженная и менее укрепленная, чем польская. И тут все последние новости, связанные с литвой, странные совпадения.
  • SK
    19.10.2025
    Jacek, маеце рацыю

Цяпер чытаюць

«Самага прывабнага саджаеш наперад, і ўсё без палева». Як і за колькі перавозяць у Еўропу нелегальных мігрантаў з беларускай мяжы4

«Самага прывабнага саджаеш наперад, і ўсё без палева». Як і за колькі перавозяць у Еўропу нелегальных мігрантаў з беларускай мяжы

Усе навіны →
Усе навіны

Блогерка правярае чысціню і якасць прадуктаў у мінскіх крамах. Падабаецца гэта не ўсім13

«Цэны як у сталовай». Мінчанка паабедала ў рэстаране пяцізоркавага гатэля ў цэнтры сталіцы і была шакаваная5

Француза асудзілі да 30 гадоў за забойства жонкі. Ні цела не знайшлі, не было сведак, як і не было прамых доказаў4

Трамп прапанаваў і Расіі, і Украіне абвясціць сябе пераможцамі8

Якая адна рыса робіць менеджара выдатным? Адказ вас здзівіць6

Трамп сказаў Зяленскаму, што пакуль не мае намеру пастаўляць Кіеву ракеты «Тамагаўк»16

Зяленскі гэтым разам ездзіў да Трампа з картамі Расіі3

На аўкцыёне карціну Шагала прадалі за 3 мільёны даляраў4

79‑гадовую пенсіянерку ў Столінскім раёне шукалі 4 дні і знайшлі жывой5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Самага прывабнага саджаеш наперад, і ўсё без палева». Як і за колькі перавозяць у Еўропу нелегальных мігрантаў з беларускай мяжы4

«Самага прывабнага саджаеш наперад, і ўсё без палева». Як і за колькі перавозяць у Еўропу нелегальных мігрантаў з беларускай мяжы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць